Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Стаўцеся па-чалавечы да людзей”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае абсалютную нецярпімасць да карупцыі. Аб гэтым ён заявіў пры вырашэнні кадравых пытанняў адносна кіраўнікоў мясцовай вертыкалі.

“Барацьба з карупцыяй — гэта непахіснае маё патрабаванне і мае дзеянні з першага дня майго прэзідэнцтва. Не таму, што я хачу паказацца такім крутым. Пытанне не ў гэтым, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Карупцыя з’ядае ўсё. Нашы людзі, якія прывыклі да справядлівасці, ніколі не даруюць начальнікам крадзяжу, казнакрадства, хабарніцтва і іншых карупцыйных праяў”.

“Колькі б я ні гаварыў, але пастаянна мы адпраўляем у следчы ізалятар дзясятак-паўтара начальнікаў у год. Гэта ненармальна”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што лічыць карупцыю недапушчальнай з’явай і ніколі не стане на абарону тых, хто ў гэтым замяшаны. “Я неяк сказаў: “Мужыкі, лепш бядней, але на волі”, — адзначыў ён.

Прэзідэнт Беларусі, звяртаючыся да кіраўнікоў мясцовай улады, таксама падкрэсліў, што ў перыяд маючых адбыцца ў Беларусі электаральных кампаній работа выканаўчай вертыкалі павінна ажыццяўляцца эфектыўна і без збаўлення абаротаў.

“Будучы год — гэта год сур’ёзны. У нас пачынаецца палітычная вакханалія, якая прадоўжыцца мінімум паўтара года. І выбары парламента, і прэзідэнта. Яны ніколі не дабаўлялі стабільнасці і спакою ў нашым грамадстве. Нам трэба ва ўласцівай манеры прайсці гэты этап, не скінуўшы абароты. Народ нам гэта не даруе. Палітычная кампанія — гэта экзамен. Таму нам давядзецца здаваць і адзін, і другі экзамен, і даваць справаздачу перад народам. Нашы людзі ўмеюць запатрабаваць. Да гэтага трэба быць гатовымі і дакладна кіраваць тымі працэсамі, якія будуць у сферы вашага ведання”, — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што новыя кіраўнікі — гэта маладыя перспектыўныя кадры. “Гэта вельмі добра. Адзінае, аб чым я вас папрашу: каб вы, прыйшоўшы на работу, не займаліся паднашэннем нейкіх папер. Вы — кіраўнікі, і ў рот глядзець, нават начальству, забараняецца. Вы павінны прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць. Таму што намеснікі старшынь аблвыканкамаў і кіраўнікі мясцовых органаў улады — гэта наша асноўнае звяно, ад якога залежыць развіццё краіны”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Пры ўзгадненні назначэнняў новых кіраўнікоў мясцовай вертыкалі Аляксандр Лукашэнка падрабязна цікавіўся сітуацыяй у тым ці іншым рэгіёне.

Што тычыцца кандыдатуры Івана Рабкаўца на пасаду старшыні Пінскага гарвыканкама, прэзідэнт пацікавіўся, чаму ён прыняў рашэнне памяняць работу ў Мінску на Пінск. “Гэта дэпутат ад Пінска. Ён сказаў, што любіць гэты горад, сваю малую радзіму, і разумее, што можа прынесці больш карысці менавіта там”, — адказала кіраўнік Адмі-ністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава, якая прадстаўляла новыя кадры.

“Калі так, я толькі вітаю, калі чалавек вяртаецца на сваю малую радзіму, каб навесці там парадак. Хоць я не магу сказаць, што Пінск — дрэнны горад. Але ён вельмі важны, стаіць у шэрагу тых гарадоў, якія намі будуць вельмі сур’ёзна прааналізаваны і мадэрнізаваны. Вам трэба будзе нямала там зрабіць, і мы будзем гэты працэс падтрымліваць”, — адрэагаваў прэзідэнт.

Новага першага намесніка старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя (раней — старшыню Нясвіжскага райвыканкама) на гэтую пасаду ў тым ліку рэкамендаваў віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, з чым звязана неабходнасць пераводу з адной вобласці ў іншую.

Наталля Качанава ў сувязі з гэтым растлумачыла, што Генадзь Салавей мае вялікі вопыт работы ў сельскай гаспадарцы, шмат гадоў працаваў на пасадзе кіраўніка раёна.

“Там у нас была праблема з назначэннем намесніка па вёсцы, ды і з вёскай у нас там, напэўна, будуць пытанні па выніках гэтага года. Я ў курсе справы. Калі віцэ-прэм’ер рэкамендуе, вельмі вялікая на вас адказнасць, таму што ў Гомелі свежым вокам трэба паглядзець на сітуацыю, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Дворнік (старшыня -Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік. — Заўв.БелТА.) вельмі добра разбіраецца ў сельскай гаспадарцы. Але патрэбны свежы погляд — новыя ідэі і думкі — менавіта на поўдні краіны. Там сітуацыя зусім іншая — кліматычная перш за ўсё, ды і землі іншыя. Я вельмі чакаю ад вас вынікаў на Гомельшчыне”.

Прэзідэнт пазітыўна ацаніў і прапанову аб назначэнні Андрэя Бараноўскага на пасаду старшыні Акцябрскага райвыканкама. Да гэтага часу ён працаваў старшынёй камітэта па архітэктуры і будаўніцтве Гомельскага аблвыканкама. “Гэта станоўча, калі людзі не трымаюцца за вялікія гарады і пэўныя пасады, а ідуць працаваць на месцы. Так заўсёды было ў нас у Беларусі ў савецкі час”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Юрыю Дзеркачову, які ўзгоднены на пасаду старшыні Чачэрскага райвыканкама, кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу адрасаваў пытанні наконт яго работы ў Добрушскім раёне на былой пасадзе. “З вашага пункту гледжання, што за праблема з Добрушам з будаўніцтвам (завод мелаваных і немелаваных відаў кардону ў філіяле “Добрушская папяровая фабрыка “Герой працы”. — Заўв.БелТА.)?” — задаў пытанне беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што адпаведныя праекты, уключаючы добрушскі, павінны быць на кантролі. Сітуацыю з рэалізацыяй шэрага важных інвестыцыйных праектаў плануецца абмеркаваць у пачатку наступнага года.

“Трэба, каб мясцовыя органы ўлады акунуліся ў гэтую праблему”, — запатрабаваў прэзідэнт.

Асобна кіраўнік дзяржавы актуалізаваў і задачы перад Мікалаем Кароціным, які будзе працаваць першым намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама. На новай пасадзе ён будзе ў першую чаргу курыраваць сферу сельскай гаспадаркі. “Там вельмі шмат пытанняў. Але я ўжо гаварыў — вы ўмееце працаваць. Тое, што вы зрабілі вакол Магілёва, кіламетраў на 50—70, я параўноўваю ўжо з Гродзенскай вобласцю. Значыць, умееце працаваць. Трэба зрабіць гэта па ўсёй вобласці. Як у Гомелі па сельскай гаспадарцы, так і ў Магілёве не менш праблем”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы асабліва арыентаваў чыноўнікаў на канкрэтнае вырашэнне праблем людзей у тых ці іншых сферах, вырашэнне задач па павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва. “Я за свой перыяд прэзідэнцтва бачыў розныя народы. Якія б ні былі беларусы, лепшых за нашых людзей няма. Гэта не распешчаныя, а цярплівыя людзі, якія ўмеюць працаваць. Адпаведна і мы павінны рабіць. Мы павінны адпавядаць свайму народу. Таму стаўцеся па-чалавечы да людзей. Там, дзе трэба прымусіць працаваць кагосьці, — прымусьце. Каму трэба дапамагчы — дапамажыце”, — сказаў прэзідэнт.

“Галоўнае — гэта дзеці. Паглядзіце і сістэмы дашкольнай, школьнай адукацыі. Аздараўленне, лячэнне, піянерскія лагеры, каб будучыня нашай Беларусі была нармальнай і здаровай. Усё астатняе вы ведаеце. Эканоміка — аснова ўсяго. Будзе эканоміка, значыць, усё астатняе, што я сказаў, будзе”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.