Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са спецпрадстаўніком Прэзідэнта Сербіі

- 11:19Інфармацыйная гадзіна

Беларусы вельмі цёпла ставяцца да братоў-сербаў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са спецпрадстаўніком Прэзідэнта Сербіі, намеснікам старшыні ўрада — міністрам унутраных спраў Сербіі Небайшам Стэфанавічам.

“Няма неабходнасці для якіх-небудзь уводных слоў, таму што ў нас бліскучыя адносіны з вашай краінай, інакш і быць не можа. Мы добра ведаем адно аднаго — Сербія і Беларусь. Нашы народы вельмі дружныя, у нас складваліся заўсёды вельмі добрыя адносіны, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я думаю, вы, знаходзячыся ў Мінску, яшчэ раз пераканаецеся ў тым, што мы вельмі цёпла ставімся да нашых братоў-сербаў”.

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі ведаюць, з якімі праблемамі сёння сутыкаюцца ў Сербіі. “Думаю, і вы добра ведаеце пытанні, якія нам даводзіцца вырашаць. Складана вам, няпроста і нам. Але мы жылі і будзем жыць, таму што мы славяне, мы старажытныя народы і ўмеем пераадольваць цяжкасці, калі яны ёсць, і пераадольваць іх разам”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка і Небайша Стэфанавіч падрабязна разгледзелі актуальныя пытанні супрацоўніцтва паміж краінамі, шляхі развіцця міждзяржаўных адносін.

Напярэдадні, 28 сакавіка, адбылася тэлефонная размова Прэзідэнта Беларусі з Прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі цяперашні стан і перспектывы развіцця адносін паміж Беларуссю і Сербіяй, у тым ліку шляхі павелічэння ўзаемнага тавараабароту. Пры гэтым бакі адзначылі супадзенне пазіцый краін у сферы палітыкі, па пытаннях рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня.

Аляксандр Вучыч запрасіў Аляксандра Лукашэнку зрабіць афіцыйны візіт у Сербію. Прэзідэнт Беларусі прыняў гэтае запрашэнне. Канкрэтныя тэрміны візіту будуць узгоднены па дыпламатычных каналах.

“Мы будзем сустракаць Аляксандра Лукашэнку як самага дарагога госця, і нам бы хацелася ў час гэтага візіту закрануць як мага больш і эканамічных, і палітычных тэм”, — сказаў пасля сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі Небайша Стэфанавіч.

Спецпрадстаўнік сербскага лідара падкрэсліў, што яго краіне важна развіваць эканамічнае ўзаемадзеянне з Беларуссю. Ён адзначыў, што ёсць шмат галін, у якіх краіны могуць пашырыць супрацоўніцтва, павялічыць тавараабарот і выйсці на трэція рынкі.