Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Такія форумы — гонар для любой краіны”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з першым віцэ-прэм’ерам Аляксандрам Турчыным і віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Дворнікам пацікавіўся фінансавымі вынікамі праведзеных у чэрвені II Еўрапейскіх гульняў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што правядзенне такіх форумаў з’яўляецца гонарам для любой краіны.

“Я вам даручаў, калі ў нас пачыналіся і мы рыхтаваліся да Еўрапейскіх гульняў, узяць на кантроль фінансавы бок справы. Вы ж разумееце, што гэта сур’ёзнае пытанне. Гэта мільёны долараў, якія мы патрацілі на правядзенне гэтых гульняў. І вельмі важна для любога прадпрымальніцтва або бізнесу, наколькі мы змаглі кампенсаваць гэтыя затраты, наколькі можна падлі­чыць іх”, — сказаў прэзідэнт на сустрэчы з першым віцэ-прэм’ерам Аляксандрам Турчыным і віцэ-прэм’ерам Уладзімірам Дворнікам.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэтым пытаннем былі вельмі занепакоены некаторыя грамадзяне. “Гэта ў асноўным так званая апазіцыя (ім, што ні зрабі, усё дрэнна). Яны заклапочаны, што мы не кампенсавалі, не перакрылі тыя траты, якія былі ажыццёўлены напярэдадні і ў час правядзення гэтых гульняў. Яны зусім забываюць, што такое імідж Беларусі, што такое турыстычны прыток у час гульняў, асабліва пасля гульняў, а ён павялічваецца, які даход, які прыбытак прынеслі гэтыя гульні нашым кампаніям — грамадскаму харчаванню, музеям, артыстам”, — адзначыў беларускі лідар.

“Мяне цікавіць фінансавы бок справы: што мы ў выніку гульняў атрымалі, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Пры гэтым хачу падкрэсліць: такія форумы — гэта гонар для любой краіны, таму за іх і змагаюцца. І не кожнаму аддаюць такія форумы”.

Прэзідэнт заявіў, што Беларусь заў­сёды будзе на высокім узроўні праводзіць такія буйныя міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы. Больш за тое, такія падзеі яшчэ і аб’ядноўваюць нацыю, асабліва калі свае спартсмены добра выступаюць. “І на Еўрапейскіх гульнях — малайцы, выступілі дастойна. А яшчэ больш дастойна выступілі нядаўна на чэмпіянаце свету па веславанні на байдарках і каноэ, заняўшы 1-е месца, — сказаў беларускі лідар.— Малайцы! Проста малайцы! І я для сябе адзначыў, што цяпер буду хадзіць пастаянна на іх спаборніцтвы, таму што яны дастойна на гэта адказваюць, у адрозненне ад некаторых нашых прадстаўнікоў масавых і народных відаў спорту”.

“Гэта вельмі важна. Для развіцця спартыўнага руху, важна для кансалідацыі нашых людзей. Ну і, у рэшце рэшт, мы павінны ганарыцца, што можам прыняць і правесці такія мерапрыемствы. Гэта каштуе нямала грошай, але ацаніць гэта цяжка, таму паспрабуем палічыць, што мы затрацілі, што атрымалі — там, дзе можна падлічыць”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт даручыў прадставіць да высокіх узнагарод беларускіх весляроў і іх трэнераў па выніках бліскучага выступлення нацыянальнай каманды па веславанні на байдарках і каноэ на праведзеным у Сегедзе чэмпіянаце свету.

Кіраўнік дзяржавы паставіў адпаведную задачу Адміністрацыі прэзідэнта. Пры гэтым да ўзнагарод павінны быць прадстаўлены не толькі спартсмены і галоўны трэнерскі склад, але таксама не павінны застацца ўбаку першыя трэнеры спартсменаў і радавыя трэнерскія кадры ў складзе нацыянальнай каманды. Гэта звязана з тым, што падрыхтоўка спартсменаў топ-узроўню з’яўляецца вынікам агульнай, сур’ёзнай, шматгадовай работы.

Нагадаем, беларускія спартсмены заваявалі 14 узнагарод і разам са зборнай Германіі сталі лепшымі ў агульнакамандным медальным заліку.