Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі вырабленыя ў краіне спецыяльныя віды зімовай тэхнікі, спартыўнага інвентару і музычных інструментаў.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з некалькімі беларускімі ратракамі (снегаўшчыльняльнікі для падрыхтоўкі лыжных трас) Мінскага трактарнага завода “Беларус” МСУ-2022, МСУ-622 і МСУ-108, лёдазалівачнай машынай “Беларус” МЛ-428 і снегагенератарам СО-325, распрацаваным на прадпрыемстве “Місом ОП”.
Прэзідэнта праінфармалі аб канструктарскіх асаблівасцях машын, іх адметнасцях у параўнанні з імпартнымі аналагамі. Як яму далажылі, пакуль лакалізацыя доследных узораў ратракаў складае ад 32 працэнтаў да 59 працэнтаў. Пры серыйнай вытворчасці яна павялічыцца да 75—100 працэнтаў у залежнасці ад мадэлі.
“Галоўнае, каб гэта ўсё было беларускае. Неабавязкова рабіць на МТЗ. Да наступнай зімы гэта павінен быць чыста беларускі ратрак, гэта не праблема. Самае складанае ў вас ёсць: энергетычны сродак, кабіна, кіраванне. А ўсё астатняе — гэта элементарна, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — У гэтым годзе вы забяспечваеце неабходны аб’ём, які патрэбны біятланістам, лыжнікам, з таго, што ёсць. У будучым годзе гэтая тэхніка павінна быць выключна беларускай”.
Незадаволены кіраўнік дзяржавы і лакалізацыяй беларускага снегагенератара, а дакладней, айчыннага, толькі на 50 працэнтаў. “Тут няма на што тады глядзець. Калі вы будзеце мець такую лакалізацыю па снежных пушках, то што тут размаўляць…” — сказаў прэзідэнт.
Цана паказанага кіраўніку дзяржавы снегагенератара складае $20 тысяч, у той час як імпартных аналагаў — $30—40 тысяч. “Тое, што патаннілі, добра. Але патрэбна лакалізацыя”, — падкрэсліў ён.
Аляксандру Лукашэнку таксама прадэманстравалі лыжныя чаравікі ад Marko, беларускія лыжы і лыжаролеры, мацаванні, лыжныя палкі і мазі.
Гаворачы пра спартыўны абутак, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што некаторыя мадэлі ўжо ўстарэлі і падыдуць толькі тым, хто зрэдку становіцца на лыжы. “Але для абучэння, для спартсменаў яны не патрэбны, гэта на шкоду, — упэўнены прэзідэнт. — Але калі гэта трэба і хтосьці будзе заказваць, то рабіце. Калі не, тады нам не трэба такія чаравікі”.
Аднак класічныя варыянты чаравікаў Аляксандр Лукашэнка адобрыў. Як адзначалася, яны цалкам падыдуць для навучальных устаноў і спартсменаў-пачаткоўцаў.
Асобна прэзідэнт спыніўся ля стэнда з лыжнымі мацаваннямі. Іх выпускае маладзечанскае прадпрыемства. Як заяўляе вытворца, па якасці і функцыянальнасці мацаванні не адрозніваюцца ад замежных канкурэнтаў. Прадукцыя ўжо рэалізуецца ў Беларусі і Расіі.
“Тое, што зрабілі гэтыя мацаванні, — малайцы. Толькі не спыняйцеся. Удасканальвайцеся і абыходзьце заходнія кампаніі. Зрабіце лепш. Пакуль добрыя. Калі якасныя і будуць трымацца, як цяпер, то нічога больш не трэба, выдатнае мацаванне”, — пахваліў кіраўнік дзяржавы.
Да беларускіх вытворцаў лыж аказалася дастаткова пытанняў. Пакуль айчынны інвентар шмат у чым уступае замежнаму. Прадпрыемствы Беларусі гатовы супрацоўнічаць з замежнымі вытворцамі.
“Праз год патрэбны такія лыжы (аналагічныя Fisher. — Заўв.БелТА.), каб у нас застаўся толькі адзін сегмент — спартыўныя. Спартсменам вы, напэўна, пакуль не зробіце: гэта трэба некалькі гадоў вам працаваць. Але гэта ваша мэта, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Да наступнай зімы пакажыце “фішэраўскія” лыжы”.
Айчынныя лыжаролеры прэзідэнту прадставіў старшыня КДБ кіраўнік Беларускай федэрацыі біятлона Валерый Вакульчык. Ролікавыя лыжы з нядаўняга часу вырабляюцца ў Смалявічах.
Тое, што лыжаролеры прыдатныя для трэніровак, пацвердзіла вядомая біятланістка Алена Зубрылава. На яе думку, яны добра зарэкаменду-юць сябе ў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах і сярод аматараў спорту. Беларускі выраб збіраюцца яшчэ больш удасканаліць.
“Летам гэта ўсё павінна быць на патоку. Да наступнага сезона, каб мы ўжо карысталіся ўсюды, у спартыўных школах у тым ліку, — даручыў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба стварыць праграму, сарыентавацца, колькі трэба, каму трэба, і няхай закупляюць. Недзе мы будзем дапамагаць”.
Акрамя таго, кіраўніку дзяржавы прадставілі зробленыя ў краіне музычныя інструменты: піяніна, гітары, цымбалы, балалайкі, баян і іншыя.
“Мы дамаўляліся аб тым, што нам трэба адрамантаваць усё, што ў нас ёсць, пачынаючы ад духавых інструментаў, струнных і г.д. Мы павінны адрамантаваць і балалайку, і скрыпку, і гітару. І мы гэта павінны неадкладна рабіць. Другое — гэта вытворчасць новых інструментаў”, — нагадаў аб сваім даручэнні прэзідэнт.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што рамантавацца інструменты павінны выключна ў Беларусі. На гэтыя работы Аляксандр Лукашэнка адвёў два гады.
На заканчэнне прэзідэнту паказалі новую версію піяніна “Беларусь”. Сабрана яно ў асноўным з імпартных дэталей, але затое ў Мінску, а гэтыя работы складаюць 40 працэнтаў ад сабекошту. Кіраўніку дзяржавы сыгралі некалькі кампазіцый, каб прадэманстраваць гучанне інструмента, і ён высока ацаніў яго якасць.
“Палічыце, колькі трэба грошай на ўсё, аб чым мы гаварылі, без празмернасцей. Да першага кастрычніка скажыце. Асноўнае мы павінны вырабіць у сябе. Што трэба па імпарце пакуль закупіць — мы закупім. Але мы сабраліся для таго, каб вырабляць усё ў сябе. І дадаткова тыя інструменты, якія тут не прадстаўлены, — адзначыў беларускі лідар. — Гэтая праграма павінна быць рэалізавана працэнтаў на 90—95 ужо ў 2019 годзе”.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што праблем з фінансаваннем не будзе. Тым больш усё гэта робіцца для будучых пакаленняў.
“Гэта ўсё для дзяцей. Адчуваю, што надышоў такі перыяд, калі мы яго ўпусцім, то ніколі не дагонім. І наша нацыя з музычнай, разумнай, таленавітай ператворыцца ў паўшых людзей. Таму трэба падняць іх, падставіць ім плячо, каб яны не ўпалі ва ўзроўні. Я лічу, што няма такога народа, як беларускі, які можа ў музычным мастацтве быць на такім узроўні. Але калі не будзе інструменту, то мы звалімся ў балота. Таму мы спрабуем за гэта ўхапіцца цяпер. Адчуваю, што мы нават дзесьці крыху страцілі час”, — рэзюмаваў прэзідэнт.