Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Трэба быць заўсёды ўважлівымі, бачыць сваю краіну, свой народ, берагчы сваю краіну і народ”

- 11:11Выбары 2015

Для беларусаў выбары павінны стаць святам, а іншаземцы няхай ацэньваюць, як хочуць. Аб гэтым заявіў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб бягучай сацыяльна-эканамічнай і палітычнай сітуацыі ў краіне.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі з савецкіх часоў прывыклі, што выбары — гэта свята для людзей. Для таго каб сёлетняя выбарчая кампанія прайшла гэтак жа, ёсць усё. Гэта не запатрабуе ніякіх затрат — ні па лініі культуры, ні па лініі гандлю, упэўнены кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што арганізатары выбараў не імкнуцца такім чынам некага задобрыць: “Гэтага рабіць ні ў якім разе нельга. Беларусы не дурні, яны цудоўна разумеюць. Калі мы пачынаем іх залішне задобрываць, у іх з’яўляюцца пытанні навошта і чаму. Таму не трэба рабіць ніякіх глупстваў. Трэба ісці на выбары так, як ёсць, але ўлічваючы, што гэта экзамен, проста дашліфаваць усё, падцягнуць і на ўзроўні правесці, каб людзі ішлі на выбары, як на свята”.
“А ўжо іншаземцы няхай ацэньваюць, як хочуць — гэта іх справа і іх права. У іх гэта па-іншаму, нейкае шоу. Нам шоу арганізоўваць не трэба”, — дадаў кіраўнік дзяржавы. Выбары ў краіне будуць праводзіцца па беларускім заканадаўстве, па Канстытуцыі, і ніхто не мае права адступаць ад гэтых законаў, прадоўжыў ён. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў Беларусі гатовы выслухаць меркаванне Захаду наконт выбарчага права і адкарэкціраваць яго, калі прапановы будуць разумныя і прымальныя, не будуць супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству. У гэтым плане беларускі бок ужо нямала зрабіў.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка чарговы раз паўтарыў сваё патрабаванне: “Выбары павінны прайсці адкрыта, у строгай адпаведнасці з беларускім заканадаўствам і захаваннем грамадскага парадку”.
“Неабходна выканаць усе ўзятыя намі абавязацельствы, у тым ліку забяспечыць нармальную бесперашкодную дзейнасць і сваіх, і замежных наглядальнікаў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт заклікаў усіх, хто непасрэдна нясе адказнасць за арганізацыю і правядзенне выбарчай кампаніі, максімальна мабілізавацца, каб яна прайшла бездакорна.
Прэзідэнт падкрэсліў, што выбары — найважнейшая форма народнага волевыяўлення. “Гэта і ёсць сапраўдная дэмакратыя. Краевугольны стрыжань гэтай дэмакратыі — волевыяўленне народа. Яны павінны прайсці максімальна дэмакратычна, мірна, на высокім арганізацыйным узроўні, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Народ павінен адкрыта і сумленна прыйсці на выбары і прагаласаваць”.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў беларусаў прыйсці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць так, як яны лічаць патрэбным, паколькі кожны голас важны для будучага краіны. “Мы абавязаны разумець, што, выбіраючы кіраўніка дзяржавы, мы вызначаем і далейшы шлях развіцця краіны. У яго аснове — клопат аб нашых людзях, сем’ях, аб дастатку, спакойным жыцці, бяспецы”, — адзначыў прэзідэнт.
Гэтая выбарчая кампанія праходзіць у няпростых эканамічных умовах. “Усім даводзіцца эканоміць, скарачацца, зніжаць сабекошт”, — сказаў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што на гэтую праблему ў час саміту ААН звярталі ўвагу лідары вялікіх дзяржаў.
Тым не менш меры, якія прымаюцца ўрадам, не павінны негатыўна ўплываць на людзей, запатрабаваў прэзідэнт. “Зарплаты, пенсіі, іншыя сацыяльныя абавязацельствы дзяржавы з’яўляюцца прыярытэтам, як і цэны, экспарт, дэбіторская запазычанасць. Мы дасягнулі дна і ніжэй падаць проста не маем права — ужо няма куды. Таму рух павінен быць абавязкова толькі ўверх”, — сказаў ён. У час нарады кіраўніку дзяржавы было даложана аб прынятых кроках па пералічаных напрамках.
Акрамя таго, на нарадзе абмяркоўвалася палітычная абстаноўка ў краіне, настроі ў грамадстве, паводзіны грамадскіх фарміраванняў, атмасфера ў працоўных калектывах.
Яшчэ адзін блок пытанняў датычыўся гарантавання грамадскай бяспекі і правапарадку як у перыяд правядзення выбарчай кампаніі, так і пасля яе завяршэння. “Нельга дапусціць ніякіх правакацый, несанкцыянаваных акцый, супрацьзаконных дзеянняў з боку розных дэструктыўных сіл”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
“Народ ужо на прыкладзе суседзяў наеўся і правакацый, і рэвалюцый”, — дадаў ён. Паводле слоў беларускага лідара, удзел у саміце ААН даў магчымасць яму яшчэ раз пераканацца ў тым, што “ідзе жорсткая барацьба не толькі за перадзел рэсурсаў, доступ да рэсурсаў, ідзе барацьба за перадзел свету”. “Ідзе барацьба. Усе прыкрываюцца, прыгожыя словы гавораць, прапановы, заявы робяць, але падтэкстам гучыць уласны інтарэс кожнай дзяржавы, асабліва ўладных людзей, таму трэба быць заўсёды ўважлівымі, бачыць сваю краіну, свой народ, берагчы сваю краіну і народ. Мы павінны служыць гэтаму народу”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.