Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Трэба добраўпарадкоўваць Беларусь, нельга спыняцца”

Работы па добраўпарадкаванні краіны павінны прадаўжацца. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў у час азнаямлення з добраўпарадкаваннем і развіццём тэрыторый, якія прылягаюць да кальцавой аўтадарогі вакол Мінска.

“Напэўна, пачнём з асноўных дарог і пойдзем да граніц нашай краіны. Трэба добраўпарадкоўваць Беларусь, нельга спыняцца. Гэта наша фішка. Хто б сюды ні прыязджаў, усе ахаюць, як добра, прырода добрая. Але прыродзе трэба не толькі радавацца, не толькі жыць з ёй у згодзе — прыроду трэба і ўпрыгожваць, удасканальваць”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы аб развіцці Мінскай кальцавой аўтадарогі, прэзідэнт адзна­чыў, што “пакуль работа ідзе так сабе”. “Дзе-нідзе я, напэўна, і не бачу гэтай работы, таму што не ўсюды бываю. І сёння я хацеў бы проста вам усім абазначыць канкрэтна, якой павінна быць дарога і прыдарожныя ўчасткі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт растлумачыў, што ўдзяляе вялікае значэнне мадэрнізацыі дарог і развіццю прыдарожнай інфраструктуры, таму што гэта твар краіны. “Я часта вас крытыкую за дарогі, за парадак, іншыя напрамкі, звязаныя з нашай прыродай. Чаму сёння дарогі і перш за ўсё першая кальцавая аўтадарога? Гэта твар Мінска. Мінск — твар краіны, — звярнуў увагу прэзідэнт. — Тут госці, людзі часта ездзяць па гэтых дарогах. І справа нават не толькі ў тым, што хутка прыедзе шмат гасцей з усяго свету на Еўрапейскія гульні. Калісьці трэба было гэтую работу актывізаваць”.

Аляксандру Лукашэнку далажылі аб выкананні яго даручэнняў па падтрыманні ў належным эксплуатацыйным стане кальцавой аўтамабільнай дарогі і транспартных развязак вакол Мінска, добраўпарадкаванні і развіцці прылеглых да МКАД тэрыторый.

Прэзідэнту таксама прадэманстравалі пасажырскі транспарт, які будзе выкарыстоўвацца ў час Еўрапейскіх гульняў, у тым ліку аўтобусы МАЗ і “Нёман”, аўтамабілі Geely Atlas. Каля 320 беларускіх красовераў будуць эксплуатавацца ў час гульняў у якасці таксі для прадстаўнічых гасцей. Пасля спаборніцтваў машыны размяркуюць па дзяржаўных структурах і мясцовых органах улады, далажыў мэр Мінска Анатоль Сівак.

Размаўляючы з вадзіцелямі, кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што яму падабаецца Geely Atlas. “Добрая машына”, — ацаніў прэзідэнт. Ён дадаў, што пара развіваць і вытворчасць электрамабіляў.

Пасля Аляксандр Лукашэнка ўжо ў якасці пасажыра аўтобуса азнаёміўся з добраўпарадкаваннем кальцавой дарогі.

У ходзе азнаямлення з добраўпарадкаваннем і развіццём тэрыторый Аляксандр Лукашэнка асобна адзначыў, што да інвестараў, якія зрываюць свае абавязацельствы, неабходна прымяняць жорсткія санкцыі.

“Хачу папярэдзіць: калі з інвестарам дамовіліся, ён павінен выконваць свае абавязацельствы. Калі не — павінны быць жорсткія санк­цыі. А то ў нас так: калі не атрымалася, давайце пой­дзем да прэзідэнта — перапрафілюем. Хопіць займацца гэтым перапрафіляваннем. Не зрабіў — будзь ласкавы несці адказнасць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што тэрміны будаўніцтва і знешняга добраўпарадкавання аб’ектаў ні ў якім разе не павінны перавышаць трох гадоў. “Гэта тычыцца і дамоў, і іншых аб’ектаў, якія будуем. Што гэта за справа: вёска як вёска, вуліца як вуліца — не, нейкі інвестар узяў зямлю і развёў будоўлю на 5—7 гадоў. Машыны туды едуць — пыл, гразь. Гэта ненармальна. Калі ты хочаш пабудаваць дом або які-небудзь аб’ект — калі ласка, вось табе ўчастак, ты падрыхтуйся для таго, каб можна было будаваць (перш за ўсё фінансава), і максімум за тры гады пабудуй аб’ект, добраўпарадкуй. Унутры можаш нават не рабіць — гэта твая справа. Галоўнае, каб знешне было нармальна, добраўпарадкавана і людзям не перашкаджала”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

“Вы навядзіце парадак у Мінску і абласцях. А Анфімаву (старшыня КДК Леанід Анфімаў. — Заўв. БелТА.) трэба паглядзець не некаторыя такія даўгабуды і сяго-таго правучыць ці навучыць. Калі яны ўзялі і не хочуць будаваць — канфіскаваць гэтыя ўчасткі, каб непанадна іншым было. Глядзіце, каб у нас не было гэтага гандлю: вы выдзелілі яму ўчастак, а ён яго пачынае перапрадаваць і кішэні на гэтым набіваць. Гэтага быць не павінна. Узяў участак — ідзі будуй, не хочаш — вярні назад з пэўнай адказнасцю за тое, што ты не зрабіў таго, для чаго атрымліваў гэты ўчастак. Тут нам трэба наводзіць парадак”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Кіраўнікі вобласці і горада праінфармавалі Аляксандра Лукашэнку аб развіцці прылеглых да МКАД тэрыторый, будаўніцтве новых аб’ектаў і новых інвестыцыйных праектах. Яны заўважылі, што з боку інвестараў ёсць шэраг парушэнняў, напрыклад, зацягваюцца тэрміны будаўніцтва або яно наогул прыпыняецца. “Як толькі пачалі канфіскацыю ўчасткаў, яны сталі пачынаць будаўніцтва. Мы далі штуршок — і пайшоў рух”, — канстатаваў старшыня Мінаблвыканкама Анатоль Ісачанка. Ён расказаў кіраўніку дзяржавы аб наяўнасці свабодных пляцовак на тэрыторыі вобласці і магчымых праектах, якія могуць быць рэалізаваны там.

Такія ж праблемы ёсць і ў Мінска. На яго тэрыторыі знаходзяцца 55 пляцовак, на іх з 2014 года пабудавана 10 аб’ектаў, яшчэ 14 будуюцца і 11 праектуюцца. Астатнія патрабуюць карэкціроўкі, у тым ліку з боку гарадскіх улад. “Значыць, гэта ўжо вы вінаватыя ў тым, што запланавалі і не рабілі там нічога, а цяпер прапануеце па-новаму. Гэтага таксама дапускаць нельга”, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.