Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Трэба перамагаць! Народ стаміўся чакаць вынікаў у гэтай сферы”

- 11:09Інфармацыйная гадзіна

Развіццё спорту заўсёды было і застаецца нязменным прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі ў Беларусі. Аб гэтым на нарадзе па пытаннях развіцця летніх відаў спорту заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Галоўны паказчык — высокі спартыўны вынік. Усё астатняе — нікому не патрэбная балбатня, — падкрэсліў беларускі лідар. — Спорт не латарэя. За кожнай перамогай стаіць вялікая праца многіх прафесіяналаў — атлета, трэнера, урача, вучонага. Кожнага з вас. Вынік складваецца з вырашэння канкрэтных сістэмных пытанняў, па якіх не раз даваліся даручэнні”.

Прэзідэнт заявіў аб неабходнасці забяспечыць максімальную эфектыўнасць дзяржаўных укладанняў у галіну: “Калі вызначыліся з прыярытэтнымі відамі спорту, значыць, менавіта туды трэба накіроўваць асноўныя рэсурсы — як людскія, так і матэрыяльныя”.

“Прычым рух павінен быць сінхронным на ўсіх узроўнях і ва ўсіх аспектах: у падрыхтоўцы кадраў, спецыялізацыі спартыўных школ, інфармацыйным суправаджэнні, фінансаванні”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў былы савецкі час шмат увагі ўдзялялася ідэалогіі, імкнуліся ўздзейнічаць на найбольшую колькасць насельніцтва. “У аснове ляжала слова. Як вядома, час мяняецца. Слова нікуды не дзелася. Я лічу, што жывая размова з людзьмі — гэта найважнейшы фактар уздзеяння. Але з’явіўся новы фактар масавага ўздзеяння на людзей. Засталося толькі ўкласці ў гэта нармальную ідэалогію”, — адзначыў беларускі лідар.

“Спорт — гэта аснова ідэалогіі. Без балбатні, без размоў выходзіць адзін спартсмен або група спартсменаў (не так, як нашы хакеісты нядаўна “парадавалі” народ, што адна, што другая зборныя), і ў гонар гэтага спартсмена — лічы, усяго народа і ўсёй краіны — гучыць дзяржаўны гімн. Як гэта ўзнімае настрой людзей, вы ведаеце. Вось прычына асаблівай увагі дзяржавы і маёй асабіста да спорту”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў летніх відах спорту пакуль не той вынік, на які краіна мае права разлічваць з улікам узроўню падтрымкі гэтай сферы. Адносна дастойна выступаюць толькі каманды па веславанні на байдарках і каноэ, скачках на батуце і некаторых відах барацьбы. “Тэнісісткі нядрэнна правялі сезон, але пытанняў стала і да гэтага віду спорту не менш”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з гэтым ён звярнуў увагу, што прадстаўнікі ў такіх традыцыйна моцных для Беларусі відах спорту, як стральба, гімнастыка, лёгкая атлетыка, фехтаванне, веславанне акадэмічнае, плаванне, толькі зрэдку трапляюць на п’едэстал сусветных першынстваў. “Гульнявыя віды, мяркуючы па ўсім, наогул туды не імкнуцца. Я ўжо сказаў пра хакей. Прыкладна тое ж можна, выключыўшы БАТЭ, сказаць пра футбол”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што неабходна працаваць персанальна з кожным відам спорту, а не весці размовы аб выбудоўванні нейкай спартыўнай вертыкалі. “Надакучыла слухаць пра вашу гэтую вертыкаль. Не ў вертыкалі справа. Хопіць у нас вертыкалі і вертыкальшчыкаў”, — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся, як працуюць спартыўныя федэрацыі, старшынямі большасці з якіх выбраны вядомыя спецыялісты ў сваіх відах спорту. Ён звярнуў увагу, што нічога не перашкаджае працаваць і паказваць вынікі, але асобныя кіраўнікі федэрацый больш вырашаюць асабістыя пытанні, чым займаюцца відамі спорту.

Прэзідэнт запатрабаваў, каб для таленавітых спартсменаў абавязкова ствараліся ўсе неабходныя ўмовы і яны забяспечваліся ўсім неабходным, асабліва атлеты топ-узроўню.

Прэзідэнт нагадаў, што была пастаўлена задача забяспечыць спартыўныя школы інвентаром і абсталяваннем. “Не дай бог гэтае даручэнне не будзе выканана! — папярэдзіў прэзідэнт. — І перастаньце хадзіць у НАК за нейкімі грашыма. Іх няма. Грошай няма для тых, хто хоча забяспечыць работай проста сябе і сваіх падначаленых у федэрацыях”.

“Грошы атрымаеце для таго, каб падтрымаць трэнера, паўдзельнічаць у нейкіх міжнародных спаборніцтвах. І будзем плаціць шмат за вынік. Больш з іншымі мэтамі і просьбамі не прыходзьце. Гэта маё прынцыповае рашэнне як прэзідэнта краіны”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што грошы ў спорце ў асноўным дзяржаўныя, вызваленне ад падаткаў гэта або спонсарская падтрымка. “Самі заробіце — трацьце”, — сказаў ён.

Прэзідэнт таксама пацікавіўся, наколькі рацыянальна загружана спартыўная інфраструктура, ці даступна яна для людзей (і перш за ўсё для падрастаючага пакалення). Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў міністра спорту і турызму аб персанальнай адказнасці за дзяржаўную ўласнасць — палацы спорту, залы і іншае, а таксама інвентар. “Галоўная задача — гэта ўласнасць, аб’екты, дзе павінны займацца спартсмены. Гэта павінна быць у ідэальным стане. У нас усюды шмат чыноўнікаў, гультаёў у палацах спорту, залах і іншых, якія нічога не робяць, нават на работу не ходзяць”, — абурыўся кіраўнік дзяржавы.

“Не будзе аб’ектаў для заняткаў спортам, загубім іх, як гэта было ў постсавецкі перыяд, потым вы прыйдзеце да мяне і будзеце зноў скардзіцца, што вам нечага не хапае”, — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу прыкласці максімум намаганняў для стварэння ўмоў па замацаванні ў краіне таленавітых спартсменаў.

“Папярэджваю катэгарычна: калі паедзе за мяжу хоць адзін здольны спартсмен, адразу ж пойдзе па вертыкалі праверка, чаму паехаў. Мы нікога трымаць не павінны, але вы павінны заключыць з кожным дзіцем (з бацькамі) дагавор. Яны тут вырастаюць чэмпіёнамі, а едуць або ад нашай бязглуздзіцы, або таму, што ім там, як вы кажаце, бабла адвалілі. Дык заплаці — гэта ў дагаворы павінна быць прапісана. Заплаці за сваю падрыхтоўку — і будзь свабодны. За гэтыя грошы мы падрыхтуем іншых”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Я гэта гавару ўжо не першы год. Але не дай бог гэта не будзе рэалізавана — мала не падасца ні старшыням федэрацый, ні наглядальным саветам, ні выканкаму НАК, ні іншым”, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларускіх спартсменаў наперадзе чакаюць два важныя і строгія экзамены — II Еўрапейскія гульні 2019 года і Алімпіяда ў Токіа ў 2020 годзе.

“На дамашніх арэнах, пры падтрымцы беларускіх гледачоў нашы атлеты проста абавязаны прадэманстраваць свае лепшыя здольнасці. Гэта тычыцца і 2020 года ў Токіа. Трэба перамагаць! Народ стаміўся чакаць вынікаў у гэтай сферы”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Гаворачы пра падрыхтоўку да II Еўрапейскіх гульняў, ён канстатаваў, што ўжо шмат зроблена, але ёсць і нявырашаныя пытанні. “Неабходна прывесці ў парадак спартыўную інфраструктуру, улічыць усе нюансы, звязаныя з лагістыкай, харчаваннем, медыцынскім суправаджэннем і захаваннем бяспекі ўдзельнікаў і гасцей гульняў, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Грошы, якія выдзяляюцца на гульні, павінны застацца ў краіне”.

Прэзідэнт запатрабаваў прадумаць усё да дробязей, паколькі да гэтага маштабнага мерапрыемства будзе прыкавана павышаная ўвага мільёнаў спартыўных балельшчыкаў, па ім будуць меркаваць аб краіне. “Але не менш важны і спартыўны вынік”, — нагадаў ён. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што II Еўрапейскія гульні будуць экзаменам для кіраўнікоў некаторых федэрацый і трэнераў.

“Хацеў бы сёння пачуць ад вас, як будзем дабівацца медалёў і вынікаў. Вашы выказванні і размовы аб тым, што вы здзейснілі нейкія подзвігі, пакіньце сабе. Адно пытанне: калі будуць вынікі?” — спытаў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб папулярызацыі спорту ў масах, прэзідэнт падкрэсліў, што ён павінен быць модным і прэстыжным захапленнем, паколькі павышае якасць жыцця, вучыць працаваць у камандзе і дабівацца поспеху. “Калі адцягнем увагу нашых малышоў і падлеткаў ад камп’ютараў, смартфонаў, то захаваем ім здароўе. Тут вялікую ролю адыгрываюць сродкі масавай інфармацыі, якія павінны падтрымліваць цікавасць да здаровага ладу жыцця”, — лічыць ён.

Праўда, у час спартыўных тэлетрансляцый беларускі глядач часта бачыць пустыя трыбуны, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. “Дзе арганізатары? Няўжо цяжка запрасіць пенсіянера, даць яму бясплатны білет, інваліда туды прывесці — можа, гэта адзіная для яго радасць, дзетак запрасіць. Запрасіць, а не заганяць. Каб людзі бачылі гэтыя прыклады, як трэба змагацца, перамагаць, каб дзеці самі да гэтага імкнуліся”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў нізкую якасць падрыхтоўкі трэнерскіх кадраў па відах спорту. “Вельмі дрэнная падрыхтоўка трэнераў”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, напрыклад, нядаўняе паражэнне маладзёжнай зборнай Беларусі па хакеі адбылося не толькі па віне тых ці іншых чыноўнікаў ад спорту, але і па прычыне дрэннай работы трэнераў. “Мы прайграём тым камандам, якіх два гады назад на адным каньку абыгрывалі. Прыкра глядзець на гульню што мінскага “Дынама”, што зборных каманд. Гэта работа трэнераў”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

“Сёння трэнераў выпускаем у тры разы больш, чым іх працуе. Прыміце меры, каб, атрымаўшы адукацыю, ішоў працаваць трэнерам. Не — пазбаўляйце яго дыплома, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта такая і работа ў навучальнай установе. Там павінны быць адданыя і надзейныя людзі, калі яны прыйшлі і хочуць працаваць трэнерамі або настаўнікамі фізічнай культуры”.
Прэзідэнт прывёў даныя, што ў асобных відах спорту за апошнія 10 гадоў падрыхтавана ў паўтара-два разы больш трэнераў, чым сёння працуе. “Дзе астатнія? — паставіў пытанне беларускі лідар. — Навошта мы грошы трацім, навошта мы ім адукацыю даём?”

Ён звярнуў увагу, што маладыя спецыялісты застаюцца там, дзе кіраўнік праяўляе зацікаўленасць і стварае ўмовы для работы і жыцця. “На плячах трэнера ляжыць асноўная адказнасць за пошук, адбор, падрыхтоўку і матывацыю будучых чэмпіёнаў. З іншага боку, ствараючы для трэнера неабходныя ўмовы, трэба наладзіць эфектыўны кантроль за яго работай, за ўлікам тых, хто займаецца ў спартыўных школах”, — лічыць прэзідэнт.

Прэзідэнт Беларусі, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Аляксандр Лукашэнка лічыць, што беларускім спартсменам не хапае сілы духу на гульнявых пляцоўках. “Сёння спорт — гэта ўжо не барацьба, а вайна. Ты выходзіш, як на вайну, на пляцоўку з клюшкай або ў футбол гуляеш. Толькі тады ты можаш выйграць”, — перакананы прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы ў якасці прыкладу расказаў аб сваёй нядаўняй сустрэчы з экс-прэзідэнтам Латвіі Гунцісам Улманісам, які з’яўляецца старшынёй праўлення рыжскага ХК “Дынама”. Яны ў тым ліку абмеркавалі асаблівасці развіцця хакея ў сваіх краінах.

“Вы паглядзіце, як гуляюць рыжане, як гуляе ў іх зборная. Гэта ж дух!” — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Як расказаў яму Гунціс Улманіс, рыжскаму “Дынама” вельмі пашанцавала з трэнерам. Ён пастаянна настройвае сваіх падапечных на актыўную барацьбу, таму хакеісты стараюцца выціснуць максімум са сваіх намаганняў.
Прэзідэнт успомніў аб праведзеным у Расіі чэмпіянаце свету па футболе, на якім знакамітыя каманды прайгравалі больш слабым праціўнікам. “Праведзены чэмпіянат свету паказаў на прыкладзе тых жа расіян — ніякія былі, але дастойна выступілі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на некаторыя недальнабачныя рашэнні спартыўных чыноўнікаў. Напрыклад, на яго думку, галоўны трэнер нацыянальнай хакейнай зборнай Андрэй Сідарэнка быў дарэмна назначаны ў мінскае “Дынама”. “Я вам гаварыў: нічога вы не даб’яцеся. Ён загразнуў у гэтым клубным турніры, у яго там шмат праблем, ён зборнай не займаецца”, — канстатаваў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў, што галоўнае, чаго ён чакае ад спартыўнай сферы, — гэта вынік. На ўсіх узроўнях — пачынаючы ад спартсменаў і трэнераў, заканчваючы кіраўнікамі федэрацый і чыноўнікамі, адказнымі за развіццё спорту. “Перанясіце гэтае напружанне туды, на спартсменаў, — даручыў кіраўнік дзяржавы ўдзельнікам нарады. — Важна тое, што прысутнічаюць старшыні наглядальных саветаў, кіраўнікі федэрацый. Вы чулі гэтую размову. Майце на ўвазе, мы з вамі дамовіліся: ёсць вынік — ёсць работа”.

Пры гэтым ён акцэнтаваў увагу на неабходнасці ўдасканалення работы з перспектыўнымі спартсменамі і трэнерамі, падрыхтоўкі дастойнай змены, асабліва ў тых відах спорту, дзе Беларусь традыцыйна ўтрымлівае высокія пазіцыі. “Змена пакаленняў павінна праходзіць непрыкметна”, — лічыць беларускі лідар.

“Патрэбны вынік. Больш наўрад ці будзе грошай. Усяго тут хапае. Прытым я не прашу і не патрабую, каб вы сталі чэмпіёнамі свету ва ўсіх відах спорту. Але не павінна быць рэгрэсу ў спорце па паказчыках, па медалях”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Па матэрыялах БелТА.