Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Трэба вызначыць напрамкі для спалучэння магчымасцей нашых краін з буйнымі міжнароднымі праектамі”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у саміце СНД, які прайшоў у сталіцы Таджыкістана горадзе Душанбэ.

Мерапрыемства пачалося з цырымоніі сумеснага фатаграфавання кіраўнікоў дэлегацый — удзельнікаў саміту.

Як адзначыў ва ўступным слове на пасяджэнні ў вузкім складзе Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон, у рамках СНД у перыяд старшынства таджыкскага боку праведзена вялікая работа па развіцці супрацоўніцтва па шырокім спектры напрамкаў. “Станоўчы характар мела супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы. У адпаведнасці з раней прынятымі ў Садружнасці дакументамі, увага таксама была ўдзелена актывізацыі культурна-гуманітарных сувязей паміж дзяржавамі — удзельніцамі СНД”, — сказаў Прэзідэнт Таджыкістана.

Прэзідэнт Рэспублікі Казахстан Нурсултан Назарбаеў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД прапанаваў прыняць меры, накіраваныя на зняцце гандлёвых бар’ераў паміж краінамі СНД.

У час пасяджэння Прэзідэнт Казахстана ўказаў на шэраг перспектыўных напрамкаў, якія пасадзейнічаюць далейшаму паглыбленню міждзяржаўных адносін, а таксама звярнуў увагу на вынікі работы па ўмацаванні і развіцці адносін паміж краінамі. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў неабходнасць умацавання эканамічных асноў СНД і прыняцця мер, накіраваных на зняцце гандлёвых бар’ераў паміж краінамі.

Нурсултан Назарбаеў адзначыў эфектыўнасць мерапрыемстваў па рэформе арганізацыі і абнаўленні канцэптуальных дакументаў Садружнасці. Ён спыніўся на пытаннях пашырэння гандлёва-эканамічных адносін і выкарыстання транзітна-транспартнага патэнцыялу ўсіх краін СНД, акцэнтаваў увагу на рэалізацыі сумесных праектаў у навукова-касмічнай галіне, у сферы лічбавізацыі і турызму.

Прэзідэнт Казахстана расказаў таксама пра магчымасці створанага ў Казахстане міжнароднага фінансавага цэнтра “Астана” і запрасіў усе краіны СНД прыняць актыўны ўдзел у яго рабоце.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на саміце заявіў, што ўзаемадзеянне ў фармаце СНД павінна быць сінхранізавана з інтэграцыйнымі працэсамі ў Вялікай Еўразіі, асабліва ў рамках Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

“Трэба вызначыць напрамкі для спалучэння магчымасцей нашых краін з буйнымі міжнароднымі праектамі, у першую чаргу з эканамічным поясам “Шаўковага шляху”. Беларусь ужо ўдзельнічае ў ім, развіваючы Кітайска-беларускі індустрыяльны парк “Вялікі Камень”, — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што стабільным адносінам паміж дзяржавамі СНД будзе таксама садзейнічаць шырокі дыялог Садружнасці з Еўразійскім эканамічным саюзам.

Кіраўнік беларускай дзяржавы прапанаваў даручыць выканаўчаму сакратару СНД Сяр гею Лебедзеву і старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Тыграну Саркісяну актывізаваць падрыхтоўку да падпісання абноўленага мемарандума аб паглыбленні ўзаемадзеяння паміж ЕЭК і Выканкамам СНД. “Гэты дакумент дасць магчымасць нашым партнёрам па Садружнасці аператыўна і ў поўным аб’ёме атрымліваць інфармацыю аб развіцці еўразійскай інтэграцыі, аб’ектыўна ацэньваць перспектывы нарошчвання супрацоўніцтва па прыярытэтных напрамках”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама падкрэсліў, што нязменным прыярытэтам членства Беларусі ў СНД застаецца ўмацаванне эканамічнага супрацоўніцтва. Пры гэтым ён адзначыў, што сусветныя рыначныя адносіны ўсё больш страчваюць прыметы цывілізаванага ўзаемадзеяння паміж краінамі. “Мы бачым, як з падачы Захаду безапеляцыйна, у аднабаковым парадку разбураецца ствараемая дзесяцігоддзямі сістэма міжнароднага гандлю. Выкарыстанне неправавых механізмаў ператвараецца ў норму і ставіць нашы эканомікі ў нестабільнае становішча”, — сказаў беларускі лідар.

“Толькі разам мы зможам паспяхова супрацьстаяць гэтым новым выклікам. З аднаго боку, мы павінны аб’яднаць намаганні для сумеснай абароны інтарэсаў на глабальным рынку, з іншага — актывізаваць узаемны гандаль і інвестыцыі, пашыраць прамысловую кааперацыю. У цэлым адказаць кансалідацыяй і павышэннем ролі Садружнасці як рэгіянальнага гульца”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт са шкадаваннем канстатаваў, што ў бакоў у СНД адсутнічае агульнае бачанне і генеральны план развіцця Садружнасці. Не ўдалося да канца сфармуляваць тэарэтычную мадэль і стварыць практычную стратэгію эканамічнай інтэграцыі нашых краін.

“У рамках адаптацыі Садружнасці да сучасных рэалій мы пачалі рэвізію канцэпцыі далейшага развіцця СНД. Прапаную даручыць урадам абнавіць у гэтым дакуменце эканамічны блок, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Ён можа стаць ідэалагічнай асновай для больш поўнага выкарыстання навукова-вытворчага і інвестыцыйнага патэнцыялу ў рамках Садружнасці. Неабходна разумна звязаць гэта з распрацоўкай стратэгіі эканамічнага развіцця СНД на перыяд пасля 2020 года”.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, і ў канцэпцыі, і ў стратэгіі трэба замацаваць сучасныя арыенціры, вызначыць агульныя кропкі эканамічнага росту. “Лічу, што нашай Міжпарламенцкай асамблеі таксама неабходна цесна падключыцца да гэтай работы”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Міжнародны форум праходзіў у палацы “Самон” на тэрыторыі ўрадавай рэзідэнцыі. Лідары краін разгледзелі праекты дакументаў, накіраваных на далейшае развіццё супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, культурна-гуманітарнай галінах і іншых ключавых напрамках дзейнасці Садружнасці.

Пасяджэнні прайшлі ў вузкім і пашыраным фарматах.

Па выніках пасяджэння ў вузкім складзе Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці вырашана, што старшынства ў СНД у 2019 годзе прыме Туркменістан. Сустаршынямі будуць Таджыкістан і Узбекістан. Прынята рашэнне, што наступнае пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў пройдзе 11 кастрычніка 2019 года ў Ашхабадзе.

Лідары краін СНД на саміце прынялі рашэнне аб падрыхтоўцы да святкавання 75- годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў. План асноўных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і святкаванні змяшчае некалькі дзясяткаў маштабных арганізацыйных і практычных мерапрыемстваў. Перш за ўсё дакумент накіраваны на ўзмацненне сацыяльнай абароны, клопат пра ветэранаў вайны, якіх засталося крыху больш за 100 тысяч.

Асобныя раздзелы плана прысвечаны барацьбе з фальсіфікацыяй гісторыі, спробамі перапісаць гісторыю Перамогі. Таму асаблівы раздзел — гэта ўвага да моладзі, для якой дата 75-годдзя павінна стаць падставай для ўсведамлення ролі народаў Садружнасці ў агульнай Перамозе.

Плануецца выпусціць агульны для ўсіх краін СНД медаль да 75-годдзя Перамогі. Чакаецца таксама, што будзе выпушчаны зварот кіраўнікоў дзяржаў — удзельніц СНД да народаў краін Садружнасці і сусветнай грамадскасці ў сувязі з юбілеем.

Кіраўнікі дэлегацый, што прыбылі на саміт, маглі паразмаўляць і напярэдадні, абмеркаваць актуальныя пытанні ў нефармальнай абстаноўцы падчас вячэры. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на палях саміту СНД у Душанбэ правёў шэраг двухбаковых сустрэч з замежнымі лідарамі.