Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Трэба яшчэ на адну прыступку ўзняцца вышэй, выконваць заказ грамадства і эканомікі па тых кадрах, у якіх яны маюць патрэбу”

У Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь неабходна поўнасцю перавярнуць сістэму адукацыі. Аб гэтым заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка пры назначэнні Генадзя Пальчыка рэктарам гэтай ВНУ.

“Што тычыцца Акадэміі кіравання, адпачываць там не атрымаецца. Там трэба поўнасцю перавярнуць сістэму адукацыі. Перш за ўсё трэба вызначыцца, чаго мы хочам ад Акадэміі кіравання. Калі вызначымся, зразумеем, каго мы павінны рыхтаваць. Потым трэба памяняць праграмы. Там рыхтуюць і вядуць павышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў. Пад гэта патрэбны праграмы. А потым падбіраць трэба выкладчыкаў. Гэта павінны быць сапраўдныя патрыёты, хоць асаблівых прэтэнзій да выкладчыкаў ВНУ прад’явіць мы не можам, але гэта павінны быць абсалютныя дзяржаўнікі”, — сказаў прэзідэнт.

“Поўнасцю сістэму трэба перабудаваць. Я не ведаю, як там у Адміністрацыі яе спрабуюць перабудаваць, але, калі рэктар адцягнены ад гэтага і яго няма, сістэму не выбудуеш. Таму трэба дакладна разумець: цяперашні кіраўнік — гэта чалавек, які ведае эканоміку, замежную мову і можа размаўляць з любым. На гэта трэба настройваць. Значыць, трэба вывучаць больш замежную мову, запрашаць туды больш людзей з эканамічным ці юрыдычным ухілам. Калі нам трэба, каб кіраўнік валодаў паліталогіяй, значыць, трэба вывучаць гэтыя навукі”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Гэта не тое, як было ў ВПШ (вышэйшая партыйная школа. — Заўв. БелТА.) калісьці. І катэгарычна не тое, што цяпер. Мы сёння там адукацыю даём людзям дзеля адукацыі. Хто — другую, хто — трэцюю, хто — пятую… і тысячу гадоў ім гэтая адукацыя не патрэбна. Таму трэба падумаць па адборы. Дакладна вызначыцца. Калі мы будзем стацыянар пакідаць, які гэта павінен быць стацыянар. А яго, відаць, трэба пакінуць, можа, сапраўды ёсць маладыя людзі, якіх варта браць пасля школы, яны там атрымаюць адукацыю. Гэта будуць добрыя кіраўнікі. Але перш за ўсё трэба дашліфоўваць, праводзіць павышэнне кваліфікацыі цяперашніх кіраўнікоў і тых, хто ў рэзерве стаіць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што неабходна хутка перабудавацца і ўжо на 1 верасня ажыццяўляць набор тых людзей, якія сапраўды павінны атрымліваць адукацыю ў Акадэміі кіравання. “Ні ў якім разе нельга падганяць колькасць і наогул будаваць адукацыю пад тыя карпусы, якія там ёсць. Калі там нешта лішняе, трэба выключыць. Але я не думаю, што там ёсць нешта лішняе. Трэба проста сесці і падумаць разам. Гэта Акадэмія кіравання пры прэзідэнце — адзіная навучальная ўстанова, фактычна падпарадкаваная непасрэдна прэзідэнту, а мы не можам там выбудаваць сістэму адукацыі як належыць”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Разам з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў не зацягваць і з назначэннем новай кандыдатуры на пасаду старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі, на якой працаваў Генадзь Пальчык. “Я так разумею, вы падрыхтавалі сабе замену там, як вы мне абяцалі пры назначэнні. Там павінен быць вельмі прыстойны, сумленны чалавек. Вышэйшая атэстацыйная камісія — гэта кузня кадраў вышэйшай кваліфікацыі, будучых і цяперашніх вучоных. Гэта таксама вельмі важнае ведамства. Зацягваць з назначэннем у ВАК нельга”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама ўзгадніў назначэнне на пасады рэктараў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі і Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Вадзіма Богуша і Аляксандра Драгана. Ён падкрэсліў, што перад усімі трыма новымі рэктарамі стаіць вельмі сур’ёзная задача — прыўнесці нешта новае ў работу ВНУ.

“Ратацыю я даручыў даўно пачаць, таму што вельмі многія засядзеліся ўжо ў гэтых крэслах. Ужо няма таго, што патрэбна. Трэба асучасніць ВНУ. Трэба яшчэ на адну прыступку ўзняцца вышэй, выконваць заказ грамадства і эканомікі па тых кадрах, у якіх яны маюць патрэбу. Жыццё дыктуе свае ўмовы, таму патрэбны новыя людзі”, — сказаў прэзідэнт.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *