Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “У аснову нашай палітыкі як нацыянальная ідэя павінна быць пакладзена галоўнае — справядлівасць”

- 11:03Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць неабходнасць у распрацоўцы і заканадаўчым замацаванні планаў па развіцці прыгарадных зямель Мінска. Пра гэта ён заявіў на нарадзе з актывам сталіцы.

“Сталіцы часцей за ўсё размешчаны ўнутры сталічных рэгіёнаў і таму натуральным чынам абмежаваны ў тэрытарыяльным росце. Гораду і Мінскай вобласці пры каардынацыі ўрада неабходна распрацаваць і заканадаўча замацаваць планы па развіцці прыгарадных зямель. Вызначыць у іх функцыянальнае прызначэнне тэрыторый з разумным заніраваннем і ўлікам інтэнсіўнасці іх выкарыстання”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка назваў асновай увязку планаў развіцця дзвюх адміністрацыйных адзінак. “Пакуль у гэтым пытанні шмат бессістэмнасці і, я нават сказаў бы, хаатычнасці”, — лічыць ён.

Ён звярнуў увагу на асаблівы статус Мінска, які з’яўляецца палітычным, эканамічным, культурным цэнтрам краіны, найважнейшым транспартным вузлом. Тут пражывае пятая частка насельніцтва Беларусі — амаль 2 млн чалавек, а па асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця Мінску належыць ад чвэрці (валавы ўнутраны прадукт) да 80 працэнтаў (прамыя замежныя інвестыцыі) агульнарэспубліканскіх значэнняў. “Калі да сярэдзіны 2000-х мы аднаўлялі горад пасля развалу СССР, то затым Мінск выйшаў на сваю траекторыю развіцця, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — За дзве з паловай пяцігодкі насельніцтва прырастала па 16—17 тысяч чалавек у год, і па колькасці мы практычна дасягнулі разумнай мяжы. Я не раз пра гэта гаварыў. Было сказана дакладна: хопіць, такімі тэмпамі Мінск развівацца ў плане насельніцтва не можа”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў сталіцы з’явіліся аб’екты, якія кардынальна змянілі ўспрыманне горада. Пабудаваны дзве спартыўныя арэны сусветнага ўзроўню, Нацыянальны алімпійскі стадыён “Дынама”, новыя станцыі метро, 14 сучасных гасцініц і гандлёвыя цэнтры. Праведзена рэканструкцыя Нацыянальнага аэрапорта, адкрыты адзін з самых вялікіх аквапаркаў у Еўропе. У Мінску таксама атрымалі развіццё самыя сучасныя медыцынскія тэхналогіі. Уведзены ў эксплуатацыю 17 буйных медыцынскіх цэнтраў і 8 паліклінік. Для сферы адукацыі пабудаваны 42 дашкольныя ўстановы і 18 школ.

“Узвядзеннем новага музея Вялікай Айчыннай вайны мы ўвекавечылі памяць аб подзвігу нашага народа. Сталіца стала пляцоўкай для міжнародных кіна- і тэатральных фестываляў. Мы прымаем дзясяткі буйных сусветных і еўрапейскіх спартыўных мерапрыемстваў. Нядаўна на дастойным узроўні правялі конкурс дзіцячай песні “Еўрабачанне”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў: некалькі гадоў назад было вырашана, што апорныя кропкі мінскай агламерацыі павінны зрушвацца ў бок гарадоў-спадарожнікаў — Дзяржынска, Заслаўя, Лагойска, Смалявіч, Фаніпаля і Рудзенска. “Аднак з 2012 года справа не пайшла далей за адзін здадзены дом у Смалявічах, — канстатаваў ён. — Яна і не зрушыцца, калі дзяржаўная праграма па вынасе вытворчых аб’ектаў правалена. А перанос запланаваных 12 прадпрыемстваў (напрыклад, “Беларускія шпалеры”, абутковая фабрыка “Прамень”, Мінскі завод ацяпляльнага абсталявання і іншыя) прыцягнуў бы ў рэгіёны рабочую сілу”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што недастаткова развіты хуткія і недарагія транспартныя зносіны з гарадамі-спадарожнікамі: “Вы ніколі не ўгаворыце чалавека туды пераехаць, калі ён будзе траціць на дарогу ад дома да работы больш за адну гадзіну”.

“Як і калі Мінгарвыканкам плануе будаўніцтва новай магістралі Мінск — Нацыянальны аэрапорт, а таксама лініі скораснага трамвая, які будзе забяспечваць хуткую дастаўку пасажыраў? Гарады-спадарожнікі, індустрыяльны парк — гэта вектары развіцця і разгрузкі сталіцы”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён пацікавіўся ў новага кіраўніцтва сталіцы, якім бачыцца вырашэнне гэтых пытанняў з улікам устаноўленага парога ў памеры 2 млн чалавек. “Праблему перанасялення можна вырашыць толькі ва ўвязцы з пытаннямі эканамічнага развіцця горада”, — падкрэсліў прэзідэнт.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за 8 гадоў эканоміка горада прырасла крыху больш як на 20 працэнтаў, аднак гэта не можа быць падставай для гордасці. “З аднаго боку, валавы рэгіянальны прадукт сталіцы на 70 працэнтаў фарміруецца ў сферы паслуг, гандлі і фінансах. З іншага — ён пакуль яшчэ рэсурсаёмісты, а прамысловыя прадпрыемствы адстаюць ад патрабаванняў сучаснага рынку і экалагічных норм. Сярэдні паказчык рэнтабельнасці не можа дасягнуць двухзначнай лічбы і вагаецца каля яе”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў прыкласці дадатковыя намаганні па стварэнні камфортнага гарадскога асяроддзя ў сталіцы. “Далейшае развіццё Мінска павінна праходзіць перш за ўсё за кошт рэканструкцыі існуючых тэрыторый, а не новага будаўніцтва. Велізарныя плошчы заняты вытворчымі аб’ектамі, якія можна выкарыстоўваць больш эфектыўна. Пачынае праяўляцца хвароба нераўнамернасці транспартнай нагрузкі. Асобныя вуліцы, развязкі проста задыхаюцца. Неабходны недарагія, але прадуманыя рашэнні. Пры гэтым замахвацца на зялёныя насаджэнні нават і не думайце!” — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама запатрабаваў выключыць практыку, калі забудоўшчыку дазваляецца адкарэкціраваць праект і не будаваць паркінгі, аб’екты сацыяльнага прызначэння, не займацца добраўпарадкаваннем. “Хіба гэта зніжае канчатковую вартасць? Эканомія ідзе у кішэнь забудоўшчыка, а нагрузка на інфраструктуру і бюджэт узрастае да крытычных значэнняў”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Звяртае на сябе ўвагу і праблема няўзгодненасці дзеянняў розных службаў на мясцовым узроўні. “На канкрэтных прыкладах гэта наогул як на далоні. Спачатку дарожнікі латаюць ямы, потым камунальшчыкі ўзрываюць асфальт і пракладваюць трубы, затым свае сеткі мяняюць электрыкі, сувязісты… і людзі ўсё гэта бачаць”, — прывёў прыклад беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка закрануў і тэму жыллёва-камунальнай гаспадаркі Мінска, якая ўяўляе сабой комплекс з самай вялікай колькасцю спажыўцоў. “Ад бездакорнасці яго функцыянавання залежаць развіццё эканомікі, здароўе і працаздольнасць людзей, настроі ў грамадстве. І ў тым ліку рэпутацыя ўлады. З пазіцыі горада многія праблемы могуць здавацца дробнымі. Але канкрэтным людзям яны прыносяць сур’ёзны дыскамфорт, з часам накопліваюцца і перарастаюць у велізарную праблему. У мэра Мінска павінна быць выбудавана эфектыўная сістэма своечасовага рэагавання”, — даручыў прэзідэнт.

Ён дадаў, што ключавая задача для Мінска такая ж, як і для ўсёй краіны, — павышэнне якасці паслуг пры адначасовым зніжэнні затрат на іх аказанне. “Напрыклад, страты цяпла знізіліся з 13 да 8 працэнтаў. Але гэта трэба праверыць. Нядрэнна, але ў той жа час мала. Страты павінны быць 5 працэнтаў і менш. Гэта будзе добры паказчык для Мінска”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы чакае ад улад Мінска бескампраміснай барацьбы з бюракратыяй і карупцыяй.

“Трэба вам (кіраўніцтву горада. — Заўвага БелТА.) ва ўзаемадзеянні з Адміністрацыяй прэзідэнта па прозвішчах разабрацца, з кім вам працаваць, а з кім — не. Асабліва ў падведамных Мінскаму гарвыканкаму арганізацыях, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Вы павінны аб’явіць бескампрамісную барацьбу бюракратыі і карупцыі, паколькі адно спараджае другое”.

Ён падкрэсліў, што рэзанансныя карупцыйныя злачынствы, фігурантамі якіх перыядычна становяцца службовыя асобы рознага рангу, падрываюць аўтарытэт гарадской улады і кідаюць цень на прыстойных супрацоўнікаў. “Карупцыя — гэта дзікая несправядлівасць і ржа, якая знішчае ўсё. А гэтага “дабра” ў Мінску дастаткова. Вы ведаеце, колькі ў месцах пазбаўлення волі сёння знаходзіцца мінчан, — ад бізнесменаў да ўлады. Не хацелася, каб так было”, — заўважыў прэзідэнт.

“Трэба сфарміраваць эфектыўны апарат Мінскага гарвыканкама. Гнаць нікога не варта, але і трымаць тых, хто сябе дыскрэдытаваў і працаваць не хоча, ні мінуты нельга, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць падбору і расстаноўцы кадраў па прыярытэтных напрамках развіцця вялікага горада. Працаваць павінны толькі тыя людзі, якія могуць забяспечыць устойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё сталіцы, хутка рэагаваць на змяненні ўмоў жыцця насельніцтва”.

Прэзідэнт адзначыў, што калі атрымлівае інфармацыю, дзе недапрацоўвае мясцовая ўлада, то пачынае абурацца. “Як бы вы жылі, калі б са столі кожны дзень цякла вада і вы ставілі тазікі каля сваёй пасцелі? Гэта нармальна? Упэўнены, ніхто з прысутных у гэтай зале так не жыве. Зрабіце хаця б неабходнае для людзей там, дзе яны не могуць зрабіць”, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

У аснову беларускай нацыянальнай палітыкі павінна быць пакладзена справядлівасць да людзей. “Я нядаўна прыводзіў прыклад: у Расіі правялі сацыялагічнае даследаванне, і галоўнае запатрабаванне не на каўбасу, не на хлеб, не на бяспеку — на справядлівасць. А шмат гадоў назад я ж ад вас патрабаваў і да гэтага часу патрабую: у аснову нашай палітыкі як нацыянальная ідэя павінна быць пакладзена галоўнае — справядлівасць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Няма справядлівасці — не будзе дзяржавы. Яна пачынае разбурацца адсюль”.

Прэзідэнт адзначыў, што сталіца — гэта рэгіён, дзе пераважае высокаадукаванае насельніцтва з павышанымі сацыяльнымі, інтэлектуальнымі і культурнымі запатрабаваннямі. Ён адзначыў, што мінчане больш востра рэагуюць на фармалізм і бюракратычную валакіту, задаюць шмат крытычных пытанняў. Разам з тым яны гатовы да дыялогу, няхай не заўсёды беспраблемнага, але неабходнага.

“Ці гатовы да такога дыялогу мінскі актыў? Прадстаўнікі ўлады не павінны баяцца людзей, трэба сустракацца, размаўляць, тлумачыць, даказваць. А пры неабходнасці пераконваць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Чаму ў вырашэнні такой складанай задачы не праяўляюць актыўнасць грамадскія арганізацыі? Іх наогул нідзе не відаць. На іх варта абапірацца больш”.

І гэта задача не толькі для ідэалагічных работнікаў, паколькі сёння кожны прадстаўнік улады — ідэолаг, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. “Яго словы і справы фармі-руюць імідж дзяржавы. Ні ў якім разе нельга адрывацца ад народа: ён не будзе цярпець несправядлівасці і снабізму”, — заявіў ён.

Прэзідэнт канстатаваў, што ўзровень даверу насельніцтва мясцовай уладзе ў сталіцы самы нізкі па краіне. Паводле яго слоў, для гэтага ёсць свае прычыны: з аднаго боку, большасць мінчан мае крытычны погляд і высокія чаканні, з іншага — мясцовыя ўлады не гатовы апраўдваць гэтыя чаканні.

“Слаба падрыхтаваныя грамадскія абмеркаванні толькі ўзмацняюць нездаровы ажыятаж вакол тых ці іншых праектаў, праблем. Людзям неабходна расказваць пра планы па развіцці горада”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адно важнае пытанне — работа са зваротамі грамадзян. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта не проста выкананне патрабаванняў заканадаўства.

“Трэцяя частка зваротаў на маё імя паступіла менавіта з горада-героя Мінска, а разам з Мінскай вобласцю — палова, — расказаў кіраўнік дзяржавы. — Своечасовае рэагаванне на ўзнікаючыя, на першы погляд, малазначныя праблемы мае велізарнае значэнне. Калі не мы будзем кіраваць сітуацыяй, то яна будзе кіраваць намі. У лепшым выпадку зможам справіцца, але з пэўнымі стратамі для сябе, часам вельмі цяжкімі. У горшым — праблемамі будуць займацца іншыя. Паглядзіце, што сёння робіцца ў Францыі, багатай, развітой. Прычына — ва ўладзе”.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што больш за 25 працэнтаў насельніцтва Мінска — гэта моладзь, фарміраванне актуальнага для яе парадку дня мае свае асаблівасці. “Важна не дапусціць правалу ў выхаваўчай, ідэалагічнай рабоце, не даць запоўніць розумы танным фастфудам. Неабходна даць ім інфармацыю пра вакансіі, стажыроўкі, конкурсы, майстар-класы, бясплатныя адкрытыя лекцыі. Трэба іх уключыць у жыццё — ад спорту, працы да адпачынку, — сказаў прэзідэнт. — Трэба памятаць, што для моладзі самае важнае — гэта магчымасць для самарэалізацыі, асобаснага і прафесійнага росту. І ў горадзе павінны быць створаны самыя сучасныя ўмовы для гэтага”.

На нарадзе прэзідэнт асобна спыніўся і на пытанні супрацьдзеяння карупцыйным правапарушэнням у краіне.

“Спагнанне па пытаннях карупцыі трэба ўзмацніць. Падрыхтуйце прапановы. Мы ўзмоцнім адказнасць за карупцыйныя правапарушэнні”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што ні адзін факт карупцыі не можа застацца незаўважаным і рана ці позна вінаватых прыцягнуць да адказнасці.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што займаецца барацьбой з карупцыяй ужо на працягу многіх гадоў і нават, узначальваючы адпаведную парламенцкую камісію, меў магчымасць атрымліваць звесткі аб тых ці іншых фактах, якія нехта спрабаваў утаіць. “Звычайныя хлопцы, асабліва з МУС і КДБ, простыя лейтэнанты-аператыўнікі прыносілі мне пачкамі гэтыя дакументы. Баяліся, каб ніхто з генералаў і начальнікаў не заўважыў. За пазухай прыносілі дакументы. Дастаткова было сігналу. Потым мы самі разбіраліся. Я проста прыводжу прыклад, што немагчыма нічога ўтаіць”, — расказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што, калі яму дакладваюць аб фактах карупцыі ў адносінах да высокіх службовых асоб, ён заўсёды патрабуе прад’явіць канкрэтныя доказы, узяць з доказамі злачынства. “Толькі тады з майго ведама прымаюцца рашэнні. Гэтым самым я абараняю невінаватага чыноўніка. Таму што ўсялякае можа быць. Наедуць ні за што на адказнага, добрага чалавека, які любіць краіну. Таму я патрабую даклада па ўсіх напрамках, у тым ліку па буйных правапарушэннях. Не бывае выпадку, каб вы недзе нешта заказалі, жонка, сваякі, і заўтра-паслязаўтра гэта не было вядома. Адразу бяром на кантроль. Праз месяц усё зразумела — цэлая схема. І вось тут даравання не чакайце”, — папярэдзіў беларускі лідар.