Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “У аснову рашэнняў, што прымаюцца дзяржслужачымі, павінны быць пакладзены сумленнасць і справядлівасць як асноўныя маральныя прынцыпы”

- 10:23Інфармацыйная гадзіна

Матэрыяльнае становішча дзяржслужачых павінна расці або падаць у адпаведнасці з павышэннем або зніжэннем узроўню жыцця насельніцтва. Адпаведнае патрабаванне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка агучыў на нарадзе па праекце закона “Аб дзяржаўнай службе”.

Cёння мы паспрабуем вызначыцца, якім быць новаму закону “Аб дзяржаўнай службе”. Гэта адно з ключавых пытанняў кадравай палітыкі, паколькі эфектыўнасць і аўтарытэт усёй сістэмы ўлады шмат у чым залежаць ад узроўню падрыхтоўкі і матываванасці работнікаў дзяржаўных органаў”, — сказаў Аляксандр Лукашэн­ка.

Кіраўніцкая дзейнасць патрабуе ад дзяржслужачых высокага прафесіяналізму, адданасці сваёй краіне, строгай выканальніцкай дысцыпліны і ўважлівага стаўлення да людзей. “У аснову рашэнняў, што прымаюцца дзяржслужачымі, павінны быць пакладзены сумленнасць і справядлівасць як асноўныя маральныя прынцыпы. Новы закон павінен стварыць выразную аснову для гэтай работы”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што высокі прававы статус дзяржаўных служачых, які забяспечвае прэстыжнасць гэтай прафесіі, немагчымы без устанаўлення ў законе сацыяльна-прававых гарантый для іх. Але гэтыя гарантыі павінны строга суадносіцца з абавязкамі і адказнасцю кожнага супрацоўніка дзяржоргана.

“Даручаючы распрацаваць гэты закон, я папярэджваў усіх вас, што гэтыя пернікі, якія ў нас прынята раздаваць у любым законе ў выглядзе нейкіх сацыяльных гарантый, не павінны быць вышэйшымі за тое, чым яны з’яўляюцца, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Матэрыяльнае становішча дзяржслужачых павінна расці або падаць у адпаведнасці з ростам або зніжэннем жыццёвага ўзроўню нашага насельніцтва. Гэта ключавое”.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што адной з яго прынцыповых пазіцый па гэтым законапраекце з’яўляецца замацаванне абавязковых правіл паводзін, якія забяспечваюць строгую выканальніцкую дысцыпліну.

Законапраект “Аб дзяржаўнай службе”, які быў вынесены на нараду ў прэзідэнта, распрацоўваўся міжведамаснай рабочай групай. У яе ўвайшлі вучоныя і эксперты, якія пераважна не з’яўляюцца дзяржслужачымі. Каардынавалі гэтую работу Міністэрства працы і сац­абароны і Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў.

“Стаяла задача зрабіць дзяржаўную службу накшталт, скажам, воінскай службы, выпрацаваць дакладныя і вычарпальныя патрабаванні да яе праходжання, павысіўшы імідж дзяржаўнага кіравання ў цэлым. Як мне дакладваюць, у новым законе выбудавана цэласная сістэма дзяржслужбы. У тым ліку замацоўваюцца сацыяльна-прававыя гарантыі дзяржслужачых, суразмерныя іх абавязкам, якія максімальна набліжаны да абавязкаў ваеннаслужачых”, — адзначыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў дэталёва выкласці сутнасць кожнай з вынесеных на разгляд прапаноў і адказаць на некалькі прынцыповых пытанняў. Па-першае, наколькі актуальны законапраект і ці адпавядае ён сучасным патрэбнасцям дзяржорганаў. Па-другое, якія падыходы па фарміраванні іерархіі дзяржаўных пасад закла­дзены ў законапраекце і як будзе выбудаваны адзі­ны рэгістр дзяржаўных рангаў. “Пры гэтым пераканаўча прашу вас не перапісваць бяздумна ўсё, што было ў нашай гісторыі”, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама пацікавіўся, наколькі эфектыўна будзе вырашана задача па павышэнні прэстыжу дзяржслужбы, і папрасіў даць агульную характарыстыку этычных патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да дзяржслужачых, і мер па су­працьдзеянні карупцыі.

Асноўнай ідэяй, якая была закладзена ў законапраект, з’яўляецца падыход да дзяржаўнай службы як да цэласнай сістэмы, што складаецца з некалькіх відаў дзяржслужбы. “На сёння ў нас разрознена рэгулююцца ваенная служба, служба ў ваенізаваных арганізацыях і дзяржаўная грамадзянская служба. Гэты праект закона сведчыць пра тое, што ў краіне павінна існаваць адзіная сістэма дзяржаўнай службы, якая аб’ядноўвае ўсе гэтыя віды. Гэта асноўны канцэптуальны пасыл, які дасць магчымасць выбудаваць далейшае прававое рэгуляванне ўсёй сі­стэмы дзяржаўнай службы”, — сказаў дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў.

Паводле яго слоў, законапраект таксама прадугледжвае ўзмацненне дысцыпліны і адказнасці дзяржслужачых. Суразмерна з адказнасцю, якая ўстанаўліваецца, замацоўваюцца сацыяльна-прававыя гарантыі і розныя кампенсацыі для іх.

“Для таго каб былі сацыяльныя гарантыі і нейкія так званыя бонусы для дзяржслужачых, неабходна паглядзець, як выконваецца службовая дысцыпліна і якая адказнасць у дзяржаўнага служачага перад насельніцтвам. Таму першае, што пачала рабочая група, — гэта распрацоўка асноўных напрамкаў, звязаных са службовай дысцыплінай, устанаўленнем агульных этычных патрабаванняў, — адзначыў дырэктар цэнтра. — У гэтым праекце ўпершыню з’явілася нарматыўнае прадпісанне, што такое службовая дысцыпліна. І гэта накшталт патрабаванняў воінскіх статутаў”.

У законапраекце, што распрацоўваецца, бу­дзе ўдакладнена, якія менавіта этычныя па­трабаванні прад’яўляюцца да службовых асоб у службовы і пазаслужбовы час. “Акрамя таго, там прапісваецца, як дзяржаўнаму служачаму трэба паводзіць сябе ў сацыяльных сетках”, — дадаў Вадзім Іпатаў.

У сваю чаргу прарэктар па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях БДУ, доктар юрыдычных навук, прафесар Вольга Чупрыс канстатавала, што над законапраектам працавала міжведамасная рабочая група, у склад якой увайшлі вучоныя і эксперты, якія пераважна не з’яўляюцца дзяржслужачымі. “Уносілі шмат практычных, тэарэтычна абгрунтаваных прапаноў, крытычна падыходзілі да ўсіх тых рэкамендацый, якія даваліся практычнымі работнікамі, вывучалі замежны вопыт”, — сказала яна.

Прэзідэнту ў час нарады ў тым ліку было даложана аб шэрагу прапаноў, якія ўзніклі на ўзроўні рабочай групы. Адна з іх тычыцца ратацыйных пасад. “Цяпер ратацыя прадугледжана ў Беларусі адносна двух відаў пасад. Гэта пракурорскія і дыпламатычныя работнікі. Аднак чаму б пра гэта не гаварыць у цэлым у сістэме дзяржслужбы для грамадзянскіх дзяржаўных служачых. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што сапраўды пра гэта трэба падумаць на перспектыву. Замежны вопыт дазваляе нам прааналізаваць ратацыйныя пасады”, — адзначыла Вольга Чупрыс.

Навуковая грамадскасць таксама ўнесла прапанову разгледзець магчымасць стварэння спецыяльнага органа кіравання дзяржслужбай, аргументуючы гэта тым, што такі орган быў бы запатрабаваны ў складанай сістэме дзяржаўнай службы. “Няхай ён будзе невялікі, кампактны, але вельмі прафесійны, які мог бы аналізаваць стан спраў у дзяржаўнай службе, нават службовыя інструкцыі, колькасць пасад, якія ёсць, — дадала эксперт. — Не кажучы пра тое, што ў практычнай дзейнасці на дзяржслужбе ўзнікае шмат праблем па аптымізацыі працэсаў, вырашэнні спрэчак, звязаных з прыёмам, звальненнем, пераводамі”.

Вольга Чупрыс таксама звярнула ўвагу на аспект, звязаны са здачай экзаменаў пры паступленні на дзяржслужбу: “Цяпер кваліфікацыйны экзамен здаюць у кожным органе. Магчыма, гэта трэба зрабіць у адзіным органе з выдачай адпаведнага сертыфіката”.

Пасля канцэптуальнага разгляду новага законапраекта “Аб дзяржаўнай службе” Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў у спакойным рэжыме дапрацаваць гэты дакумент.