Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “У гэтым складаным і супярэчлівым свеце дыялог з’яўляецца галоўным сродкам зносін паміж народамі”

- 11:08Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымлівае ідэю аб наданні АБСЕ большай ролі ў вырашэнні міжнародных праблем. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з генеральным сакратаром Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Томасам Грэмінгерам.

“Вы можаце разлічваць на нашу дапамогу і падтрымку ў правядзенні любых мерапрыемстваў па лініі АБСЕ ў Мінску. Я абсалютна падтрымліваю вашу асабістую накіраванасць на рэфармаванне арганізацыі і наданне ёй большай ролі ў вырашэнні міжнародных праблем. Гэта абсалютна сугучна з нашым меркаваннем, нашымі ацэнкамі ролі і месца АБСЕ ў сучасным свеце”, — заявіў беларускі лідар.

“Беларусь, як вы ведаеце і ацанілі, заўсёды выступала і выступае за дыялог. У гэтым складаным і супярэчлівым свеце дыялог з’яўляецца галоўным сродкам зносін паміж народамі, лідарамі дзяржаў, дзяржавамі наогул. І тое, што мы сабраліся ў Мінску на антытэрарыстычную канферэнцыю, — гэта вельмі моцны сігнал для нашага рэгіёна. Мы зробім усё для таго, каб канферэнцыя, якая праходзіць у Беларусі ўпершыню, стала знакавай падзеяй і заняла дастойнае месца ў гісторыі развіцця не толькі АБСЕ”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы асабліва падкрэсліў важнасць тэматымкі міжнароднай канферэнцыі, якая праводзіцца ў Мінску пад эгідай АБСЕ і прысвечана прадухіленню і барацьбе з тэрарызмам у лічбавую эпоху. “Мы сабраліся для абмеркавання найважнейшай праблемы, якая сёння стаіць перад чалавецтвам. Тое, што мы гэта мерапрыемства праводзім тут, — гэта перш за ўсё ваша заслуга і вашага сакратарыята. І я вам за гэта ўдзячны. Тэрарызм, кіберзлачыннасць, гандаль людзьмі, нелегальная міграцыя — гэта ўсё тое, што сёння вельмі непакоіць краіны свету, і асабліва краіны нашага рэгіёна. Яны перш за ўсё церпяць ад праяўленняў такіх нечалавечых дзеянняў”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў найбліжэйшы час Беларусь таксама будзе прымаць сустрэчу асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. “Я буду рады бачыць вас тут, у Мінску, каб у рамках гэтай уплывовай канферэнцыі вы змаглі выказаць сваё меркаванне, а таксама выслухаць меркаванне многіх экспертаў і людзей высокага ўзроўню па нашых агульных праблемах. Хачу вас запэўніць, што мы, як і раней, будзем заўсёды імкнуцца да таго, каб адыграць вялікую ролю ва ўрэгуляванні канфліктаў, якія, на жаль, прысутнічаюць на нашым Еўразійскім кантыненце”, — сказаў беларускі лідар.

“Наша Беларусь і яе сталіца для вас заўсёды адкрыты. Гаварыце, што мы павінны зрабіць. Мы гатовы зрабіць больш для бяспекі на нашым кантыненце”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу генеральны сакратар Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе Томас Грэмінгер падзякаваў кіраўніцтву Беларусі за велізарны ўклад у работу АБСЕ.

Генеральны сакратар АБСЕ, у прыватнасці, адзначыў, што Беларусь з’яўляецца пляцоўкай для сустрэч Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны. “Вы арганізацыйна падтрымліваеце пасяджэнні гэтага важнага фармату, але вы таксама аказваеце вельмі важную палітычную падтрымку”, — сказаў ён.

“Беларусь адносіцца да рэдкай групы краін, якая займаецца будаўніцтвам мастоў. І гэта асабліва важна цяпер, калі рознагалоссі паміж Усходам і Захадам толькі ўзмацняюцца”, — дадаў Томас Грэмінгер.