Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “У нас дастаткова сіл і сродкаў, каб не спыняцца, а ўдасканальвацца”

- 10:12Інфармацыйная гадзіна

У Беларусі будзе забяспечана далейшае стабільнае развіццё на аснове ўжо дасягнутых раней вынікаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 20 кастрычніка на нарадзе па актуальных пытаннях развіцця краіны, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Аляксандр Лукашэнка дакладна вызначыў параметры і крытэрыі далейшага сацыяльна-эканамічнага развіцця. Фармулюючы мэту нарады, прэзідэнт падкрэсліў: “Паспрабую зрабіць гэта сумленна і шчыра. Кожны з кіраўнікоў галін улады і вышэйшых службовых асоб — тыя, хто хоча працаваць у новым пяцігоддзі, — пры назначэнні на сваю пасаду павінен даказаць сваю здольнасць кіраваць”.
Прэзідэнт заўважыў, што з 1 студзеня пачынаецца новы пяцігадовы перыяд і ён павінен вызначацца навізной. Менавіта таму патрабаванні да новага ўрада асаблівыя. “Асабліва гэта тычыцца ўрада, Адміністрацыі прэзідэнта, Савета Бяспекі, сілавых структур. Аб галінах улады я ўжо сказаў. Па-старому працаваць будзе немагчыма, і не толькі таму, што гэтага ад нас патрабуе час, перш за ўсё гэтага ад вас буду патрабаваць я”, — падкрэсліў прэзідэнт.
Ён адзначыў, што вялікая ўвага разам з членамі ўрада будзе ўдзелена губернатарам. “Таму што самае галоўнае пытанне, ад якога залежыць суверэнітэт і бяспека краіны, — гэта эканоміка. А эканомікай у краіне займаюцца ўрад, губернатары і падпарадкаваныя ім структуры. У сувязі з гэтым вы будзеце абавязаны — усе, нават тыя, хто не назначаецца прэзідэнтам, — прадставіць канкрэтныя планы сваіх дзеянняў. Вышэйшыя службовыя асобы — да назначэння на пасады, усе астатнія — за канкрэтны перыяд”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, звяртаючыся да членаў урада, што наперадзе цяжкая і канкрэтная работа. “Схавацца за нечыя спіны не атрымаецца. Хто не можа і не гатоў — ва ўладу лепш не хадзіце”, — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што цяпер шмат дыскусій наконт будучага складу ўрада. “Урад будучага пяцігоддзя і ўсе органы ўлады ў асноўным сфарміраваны да прэзідэнцкіх выбараў. Я аб гэтым гаварыў, другія прэзідэнцкія выбары так праходзяць. Людзі павінны ведаць, хто будзе працаваць пасля выбараў, калі гэтага прэзідэнта выберуць. І наступнае, што мною было сказана: тыя, хто за гэты перыяд пакажа сваю недзеяздольнасць, з улады пойдуць. Вось таму мне трэба вызначыцца, хто будзе працаваць, а хто пойдзе. Кожны з вас павінен даказаць сваю дзеяздольнасць. Я не хачу, каб людзі гэта зразумелі так, што заўтра мы павыганяем дзяржслужачых. Не дай бог, нехта будзе зыходзіць з крытэрыяў асабістай адданасці “падабаецца — не падабаецца”, “дагадзіў — не дагадзіў”. Гэта зноў жа пытанне чыстаты нашай улады”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым кіраўнік дзяржавы перасцярог чыноўнікаў ад фанабэрыі і непаважлівага стаўлення да людзей. “Людзі вельмі скардзяцца на чыноўніцкую фанабэрыю. Мы развучыліся размаўляць з людзьмі”, — выказаў незадаволенасць прэзідэнт і падкрэсліў, што такі стыль работы з боку чыноўнікаў недапушчальны, паколькі інтарэсы і праблемы людзей павінны быць самым галоўным для ўсіх органаў улады.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў грамадстве назбіралася вялікая крытычная маса чаканняў, не задаволіць якія ўлада не мае права. Пры гэтым ён падкрэсліў, што не хоча згуляць на папулізме, які павінен быць поўнасцю выключаны з палітыкі. Людзі чакаюць змяненняў да лепшага. “І асаблівасць праведзеных выбараў можна ахарактарызаваць наступным чынам: мы вас падтрымаем і падтрымалі, але патрэбны змяненні да лепшага”, — сказаў прэзідэнт аб пажаданнях людзей. Галоўнае, паводле яго слоў, — забяспечыць рост узроўню жыцця. Тыя, хто выбіраў прэзідэнта, разлічваюць менавіта на гэта. “Я не кажу якім чынам. Усе вы павінны даць людзям работу і запатрабаваць за прадукцыйнасць працы”, — запатрабаваў кіраўнік дзяржавы.
Так, урад павінен удзяліць самую сур’ёзную ўвагу пытанням цэнаўтварэння. “Людзі вельмі незадаволены сістэмай цэнаўтварэння, і яны маюць рацыю”, — лічыць прэзідэнт. “Возьмем адно пытанне: хто ў выніку гэтага цэнаўтварэння, а яно звычайна вядзе да росту цэн (асабліва калі гэта бескантрольна), кладзе асноўныя даходы і грошы ў кішэнь. Вытворца? Як жа. Тыя, хто вырабляе тавары, атрымліваюць мізэрны прыбытак. А тыя, хто потым працуе з гэтым таварам, атрымліваюць шмат незаробленых грошай”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў удзяліць максімальную ўвагу экспарту прадукцыі. “Вельмі важным з’яўляецца пытанне росту вытворчасці і ў сувязі з гэтым — экспарту прадукцыі, якая выпускаецца. Патрабую ад вас у гэты крызісны час распісаць літаральна паштучна, калі хочаце, кожны трактар, аўтамабіль, кілаграм мяса і малака і вызначыць, куды мы іх будзем пастаўляць, хто адказны, — сказаў прэзідэнт. — Кантроль — штоквартальны, па некаторых пазіцыях — штомесячны”. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што адказ на праблемы просты: “Трэба вырабіць прадукцыі як мага больш і прадаць яе па максімальнай цане. Грошы вярнуць у краіну”.

Працягваючы тэму рэформ у эканоміцы, прэзідэнт падкрэсліў, што яны будуць накіраваны на ўдасканаленне ўжо існуючага, а не на яго ломку: “Рэфармаваць будзем, удасканальваючы тое, што ёсць”. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што няма і не будзе грошай на тое, каб дашчэнту ламаць нешта, а потым гераічна аднаўляць. “Гэта зусім не значыць, што мы спынімся і застынем, — сказаў прэзідэнт. — Сістэма толькі тады здольна жыць і выжываць, калі яна пастаянна знаходзіцца ў руху і ўдасканальваецца”. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка дадаў: “У нас дастаткова сіл і сродкаў, каб не спыняцца, а ўдасканальвацца. І ў гэтым сутнасць нашых рэформ.
Прэзідэнт таксама перасцярог ад беспадстаўнага скарачэння колькасці працуючых на буйных прадпрыемствах. Паводле яго слоў, да гэтых пытанняў трэба падыходзіць вельмі акуратна і абдумана. “Людзей, якія хочуць працаваць, выкідаць на вуліцу ніхто не мае права. Атрымаеце за гэта крымінальную адказнасць”, — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Што тычыцца павышэння пенсійнага ўзросту ў Беларусі, то гэтае пытанне будзе вырашацца толькі з улікам меркавання людзей. Паводле слоў прэзідэнта, некаторыя прапануюць цяпер прыняць рашэнне наконт гэтага. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што людзі самі павінны вызначыцца, ці неабходна ў найбліжэйшы час уносіць такія змяненні. Ён нагадаў, што яшчэ ў перадвыбарны перыяд гаварыў аб тым, што пенсійны ўзрост давядзецца павышаць. “Нам трэба яго павышаць, але людзі гэтага не хочуць, таму ў нас у краіне невялікія пенсіі. Мы сёння маем той пенсійны фонд, які маем”, — падкрэсліў прэзідэнт. На яго думку, у любым выпадку пытанне павышэння пенсійнага ўзросту можа “вырашацца праз людзей”. “Мы павінны параіцца з імі, будзем іх пераконваць, прасіць іх згоды”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. “Мы папросім у іх падтрымкі, — дадаў прэзідэнт. — Пагодзяцца — правядзём змяненні. Не — значыць, не”.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што выканальніцкая дысцыпліна застаецца пытаннем нумар адзін, паколькі без яе немагчыма рэалізаваць ніводнае мерапрыемства.
Прэзідэнт запатрабаваў ад чыноўнікаў аптымізацыі колькасці працуючых у падпарадкаваных ім дзяржструктарах і за кошт перш усяго гэтага правесці павышэнне зарплаты.
Прэзідэнт Беларусі патрабуе таксама ад чыноўнікаў выключыць паператворчасць і бюракратызм. “Паператворчасць павінна быць выключана цалкам, — упэўнены кіраўнік дзяржавы. — Не дай бог, мне паскардзяцца, што хтосьці з вышэйстаячых патрабуе лішняй, незразумела якой інфармацыі або запрашэння да размовы на нарады, часам бескарысныя, — крыўдуйце на сябе. Дні вашы ва ўладзе будуць злічаны”. Звяртаючыся да членаў урада, Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў: “Не перашкаджайце людзям працаваць. Гэта тычыцца ўсіх — і ў эканоміцы, і ў дзяржструктурах, і ў праваахоўных органах, а таксама ў арміі. Ніякіх лішніх званкоў, патрабаванняў інфармацыі і лішніх скліканняў у цэнтр для таго, каб правесці нейкія нарады. Наконт гэтага мною прыняты рашэнні, прашу іх выконваць”. “Нарады — толькі ў пазарабочы час, — запатрабаваў прэзідэнт. — Лепш едзьце на вытворчасць і там вырашайце пытанні”.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што адкрываецца новая старонка ў развіцці нашай дзяржавы і мы разам павінны адкрыць гэтую старонку — сумленна, прынцыпова, адказна. “Наперадзе нас чакаюць вельмі сур’ёзныя выпрабаванні, — папярэдзіў прэзідэнт. — Неабходна забяспечыць не толькі далейшае развіццё, але і захаванне суверэннай незалежнай краіны, якую мы з вамі стварылі”. Як лічыць Аляксандр Лукашэнка, на разварушванне часу няма. Усе сілы і энергію трэба пераключыць на вырашэнне самых актуальных пытанняў.
Менавіта таму на праведзенай нарадзе былі заслуханы службовыя асобы, якія знаходзяцца на ключавых дзяржаўных пасадах. Галоўным пытаннем абмеркавання быў стан і перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. Урад прадставіў сваё бачанне далейшага развіцця рэспублікі. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пачатая размова будзе прадоўжана.