Аляксандр ЛУКАШЭНКА:“У нас няма іншых крыніц для жыцця, акрамя працы нашых людзей”

- 11:45Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду аб першачарговых мерах па забеспячэнні ўстойлівай работы эканомікі і сацыяльнай сферы ва ўмовах сусветнай эпідэміялагічнай сітуацыі.

На нараду ў Палацы Незалежнасці сабралася ўсё кіраўніцтва краіны: вышэйшыя службовыя асобы, губернатары і памочнікі прэзідэнта. “Мы сабраліся з вамі для таго, каб усебакова абмеркаваць пытанні забеспячэння ўстойлівай работы эканомікі і сацыяльнай сферы. Перш за ўсё, на злобу дня, сістэмы аховы здароўя і адукацыі. Нам трэба аператыўна прыняць шэраг рашэнняў па тых пытаннях, якія сёння востра паўстаюць перад намі”, — адкрыў нараду Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што літаральна за чатыры месяцы свет змяніўся да непазнавальнасці. “Саюзнікі, якія дзесяцігоддзямі адкрывалі граніцы, устанаўлівалі добрыя адносіны паміж сабой, гэтыя граніцы вярнулі за адзін дзень і разбурылі адносіны. Гэта тычыцца ўсяго свету, вы гэта бачыце. Але галоўнае — гэта людзі, тыя страты ва ўзаемаадносінах людзей, якія цяжка будзе кампенса­ваць. На гэты момант уся сусветная эканоміка знаходзіцца пад націскам яшчэ нікім не вырашанай праблемы — так званай пандэміі. Відавочна, што яна закранае і нашу краіну”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што Беларусь, краіна з экспартна-арыентаванай эканомікай, не можа поўнасцю ізаля­ваць сябе ад уплыву гэтых працэсаў, скараціць негатыўнае ўздзеянне на сваю эканоміку і звычайны жыццёвы ўклад насельніцтва. Для барацьбы з новай інфекцыяй у краіне задзейнічаны ўсе неабходныя рэсурсы, іх аб’ём адэк­ватны існуючай пагрозе, заявіў Аляксандр Лукашэнка. “Рэагуем адэкватна, але не празмерна”, — сказаў ён.

Урад прапанаваў вызначыць галіны, якія ў найбольшай ступені пацерпяць ад замаруджвання эканамічнай актыўнасці і падзення попыту. Унесены на разгляд прэзідэнта пакет мер іх падтрымкі тычыцца пытанняў падаткаабкладання, арэндных і працоўных адносін, а таксама шэрага адчувальных сацыяльных аспектаў.

“Гэта будуць рэкамендацыі губернатарам. І якім-небудзь прадпрыемствам, за якія ўрад непасрэдна адказвае. Калі мы будзем выдзяляць нейкія грашовыя сродкі для эканомікі — іх будуць дзяліць губернатары, яны гэтага патрабавалі. Яны кажуць: мы самі разбяромся — ці магазін падтрымліваць, хімвалакно, ці якое-небудзь дывановае прадпрыемства. Яны маюць рацыю, ім там больш відаць, калі мы будзем гэтыя сродкі камусьці вы­дзяляць. Мы не павінны з Мінска чайнай або сталовай лыжкай дзяліць гэтыя грошы, каму што дастанецца. Не трэба гэтым займацца. І дзякуй Богу, што рэгіёны бяруць на сябе гэтыя пытанні”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы лі­чыць, што трэба стымуляваць лю­дзей і асабліва малы бізнес да работы. “Каб тыя ж рэстараны везлі абеды на прадпрыем­ствы, не завышаючы цэны, дамоў да лю­дзей: мы ж папрасілі старых лю­дзей ся­дзець дома, а іх трэба накарміць. Ёсць многія сем’і, якія самаізаляваліся, — іх таксама трэба накарміць. І многія рэстараны пайшлі па гэтым шляху, а некаторыя сядзяць, склаўшы рукі, і чакаюць, што ім нехта нешта дасць. Ніхто нікому нічога не дасць. А калі хтосьці хоча, каб яму далі, няхай скажа: дзе гэта ўзяць? Мы што, будзем сёння забіраць у лю­дзей, якія напружваюцца, і аддаваць тым, хто сёння гультайнічае? Гэтага не бу­дзе”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка чакае ад урада выканання асноўных паказчыкаў эканамічнага развіцця.

“Нельга ўпадаць у крайнасці. Нельга спыняць работу ключавых галін эканомікі. Жыццё паказала літаральна праз месяц-паўтара, што мы мелі рацыю. Цяпер ужо ўсе гавораць больш аб эканоміцы, як будзем жыць далей, аб тым, што 350 мільёнаў (ці тое яшчэ бу­дзе) людзей у свеце будуць галадаць. А я паўтара месяца назад рубам паставіў пытанне. Сёння ўжо ніхто не крытыкуе за гэта. Усе абдумаліся: трэба эканоміку падні­маць”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на рэкорд­ны спад цэн на нафту: яе кошт літаральна наблізіўся да нуля — такога ніколі не было. “Таму эканоміка перш за ўсё. У нас няма іншых крыніц для жыцця, акрамя працы нашых людзей”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“Згодна са справаздачнымі данымі, ВУП за першы квартал знізіўся на 0,3 працэнта. Ніякага адабрэння спаду ВУП не можа быць і не будзе, таму настройвайцеся на выкананне тых планаў, якія перад намі ёсць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Наша невялікая эканоміка, у якой няма сыравіннай падушкі бяспекі, была вымушана парыраваць адначасова некалькі ўдараў”.

Ён растлумачыў, што ў пачатку года Беларусь адчула нафтавыя абмежаванні з боку найбліжэйшага партнёра, затым адбыліся разрыў існуючых эканамічных сувязей і закрыццё граніц, а пасля пачалася барацьба з эпідэміяй COVID-19.

Прэзідэнт падкрэсліў: у гэтых умовах трэба ўтрымацца і не зваліцца па асноўных паказчыках эканамічнага развіцця, чаго б гэта ні каштавала. Гэта задача перш за ўсё ўрада. “Усімі сіламі неабходна захаваць давер людзей да эканамічнай палітыкі, якая праводзіцца. Трэба захаваць цэнавую ўстойлівасць, прынамсі, на самыя важныя для людзей тавары і паслугі. Ураду не трэба ўмешвацца ў дзейнасць Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Няхай міністр са сваімі падначаленымі прымае рашэнні. І галоўнае — мы павінны забяспечыць занятасць. Трэба стымуляваць людзей, каб яны працавалі, стымуляваць малы бізнес”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу: нягледзячы на невялікі спад ВУП, рэальныя даходы насельніцтва за першы квартал выраслі на 7,1 працэнта. “Гэта добры рост. Дай Бог па годзе гэта захаваць”, — дадаў ён.

Беларусь не стане адмахвацца ад рэкамендацый Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, але бу­дзе дзейнічаць згодна з сітуацыяй, адзначыў на нарадзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

“Генеральны дырэктар Сусветнай арганізацыі аховы здароўя ўчора прыслаў мне пісьмо і падзякаваў нашай краіне за тыя дзеянні, якія мы прымаем у барацьбе з хваробамі, — расказаў Аляксандр Лукашэн­ка. — Меры, якія прапанаваны СААЗ, павінны быць абавязкова вывучаны, нельга ад іх адмахвацца. Але калі, дапусцім, яны нам рэкамендуюць увесці меры аж да каменданцкай гадзіны, я яшчэ раз падкрэсліваю: трэба — увя­дзём, ізалюем гарады, пасёлкі і вёскі. Але хіба сёння такая праблема ёсць перад краінай? Не. Таму мы не адмахваемся ад рэкамендацый, але мы павінны, зыхо­дзячы з комплексу рэкамендацый, нашага вопыту, дзейнічаць адпаведна. Нельга дзейні­чаць наўдачу і “а давайце зробім на ўсялякі выпадак, горш не будзе”. Горш не будзе, але калі мы будзем у бальніцы трымаць здаровых людзей, то, не дай Бог, нам і ложкаў потым не хопіць”.

Прэзідэнт дадаў, што ў Беларусі значна павялічылі патэнцыял устаноў аховы здароўя, магутнасці па вытворчасці айчынных прэпаратаў і тавараў медыцынскага прызначэння. Ён падкрэсліў: цяпер важна не перагрузіць сістэму аховы здароўя. Пакуль, паводле яго слоў, у Беларусі з гэтым спраўляюцца. “Для нас важна захваральнасць на COVID-19, але мы перш за ўсё звяртаем увагу на захваральнасць на пнеўманіі, таму што любая пнеўманія можа ўскладніцца COVID-19, як гэта часта бывае. Таму Міністэрству аховы здароўя, усёй сістэме аховы здароўя, тысячам медработнікаў трэба сканцэнтраваць сваю ўвагу на лячэнні хворых ад пнеўманіі. Пры гэтым не забываць аб тым, што ў нас ёсць іншыя хваробы”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены: краіна справіцца з праблемай каранавіруса, тым больш гэтая праблема, лічыць кіраўнік дзяржавы, становіцца ўсё больш палітычнай. “У нас прыхільнікаў, нават тых, хто спачувае, не будзе, таму што мы пайшлі супраць цячэння. Мы дзейнічаем згодна з сітуацыяй, якая ў нас складваецца, і з тым, якую маем сістэму аховы здароўя, — звярнуў ён увагу. — Мы цяпер будзем у гэтым цесным свеце сутыкацца з гэтымі віруснымі захворваннямі. І сістэму гэтую трэба ўмацоўваць — гэта адзін з урокаў. Але пра гэта мы пагаворым пасля”.

Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў не дапускаць перагібаў і не наво­дзіць паніку ў грамадстве, змагаючыся з распаўсюджваннем інфекцыі: “Мы нават дайшлі да таго, што напалохалі лю­дзей: што гэта (каранавірус. — Заўвага БелТА.) такая зараза, што ад тых, хто перахварэў, трэба бегчы, як ад пракажоных. Тыя, хто перахварэў на гэтую хваробу, — гэта наш “залаты фонд”, гэта лю­дзі, у якіх мы бяром забор крыві, робім плазму і лечым людзей. Людзям, якія перахварэлі, трэба ганарыцца, што яны выстаялі, а не баяцца, што пра іх нешта скажуць”.

На нарадзе было адзначана, што ў галіне аховы здароўя працуюць амаль 310 тысяч чалавек, агульны ложкавы фонд складае каля 100 тысяч ложкаў. У кругласутачным рэжыме працуюць лабараторыі па выяўленні інфекцый, у залежнасці ад рэгіёна забяспеча­насць тэст-сістэмамі складае да 25 дзён. Больш за тое, у краіне наладжана іх вытворчасць і яны нядрэннай якасці, звярнуў увагу прэзідэнт.

“Калі стан спраў будзе мяняцца ў горшы бок (я нічога не выключаю, перажываю ўжо за любы шорах), то мы падключым рэзервы. У нас іх дастаткова, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У лячэнні людзей павінна быць задзейнічана ўся вертыкаль улады, усе дзяржаўныя служачыя, я ўжо не гавару аб сістэме аховы здароўя. Таму разам з членамі ўрада, старшынямі аблвыканкамаў я запрасіў сюды і ўпаўнаважаных па рэгіёнах і памочнікаў прэзідэнта. Я хачу, каб поўнасцю валодалі сітуацыяй у рэгіёнах і маглі адэкватна рэагаваць, дапамагаючы сістэме аховы здароўя”.

Падводзячы вынікі, кіраўнік дзяржавы яшчэ раз адзначыў, што справіцца з распаўсюджваннем інфекцыі і яе наступ­ствамі дапаможа мабілізацыя ўсіх структур, але кожная павінна займацца сваёй справай: медыкі — ля­чыць лю­дзей, губернатары — вырашаць звязаныя з гэтым праблемы, урад — працаваць над пытаннямі эканамічнага развіцця. Прэзідэнт чакае ад усіх адказнасці, жалезнай дысцыпліны, выканальнасці і самааддачы. “Трэба працаваць сумленна ў гэты складаны час”, — заклікаў ён.