Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “У нас ёсць дарожная карта, яе трэба строга рэалізоўваць”

Прэзідэнт Таджыкістана Эмамалі Рахмон летам наведае з візітам Беларусь. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паведаміў на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Таджыкістан у Беларусі Махмадшарыфам Хакдодам.

“У найбліжэйшы час, мы аб гэтым дамовіліся, прыедзе ў Беларусь ваш прэзідэнт. Яго ведаюць, любяць у Беларусі. І ведае не толькі, як у нас цяпер прынята гаварыць, эліта — тыя, хто займаецца палітыкай. Эмамалі Шарыпавіча добра ведае беларускі народ. Мы чакаем яго прыезду”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пакуль чакаецца, што Прэзідэнт Таджыкістана наведае Беларусь напярэдадні закрыцця ў Мінску II Еўрапейскіх гульняў. Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць развіццё двухбаковых адносін, рэалізацыю дасягнутых раней дамоўленасцей. “Ён пабудзе ў Беларусі. Няхай бліжэй пазнаёміцца з нашай краінай, яна адрозніваецца па прыродзе ад вашай: у вас больш гор, у нас іх, на жаль, няма наогул. Хоць у вас ёсць і такія мясціны, як у нас у Беларусі. Я іх бачыў, ён вазіў мяне ў гэтыя раёны, — адзначыў прэзідэнт. — Ён некалькі дзён будзе знаходзіцца ў Беларусі, і, вядома, мы з вамі павінны яго дастойна сустрэць”.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў сувязі з гэтым асабліва важна абмеркаваць пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння, ход выканання апошніх дамоўленасцей. “У нас ёсць дарожная карта, яе трэба строга рэалізоўваць — гэта выгадна і нам, і вам”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Раней краіны дамовіліся высадзіць у Беларусі сады дружбы. Пладовыя культуры з Таджыкістана ўжо ёсць у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. “Калі пойдзе гэта, вы будзеце піянерам у Беларусі па перамяшчэнні садоў крайняга поўдня, некалі вялікай краіны Савецкага Саюза, сюды, у паўночную Беларусь. Я думаю, што павінна атрымацца”, — падкрэсліў прэзідэнт.

У час сустрэчы таксама закраналася развіццё прамысловай кааперацыі паміж краінамі, у тым ліку работа зборачнай вытворчасці беларускай трактарнай тэхнікі ў горадзе Гісар. “У гэтым годзе, па-мойму, яны ўжо выпусцілі пяцьсот трактароў. Ёсць вялікі попыт у суседніх дзяржавах. Мы гатовы і далей развіваць наша сумеснае прадпрыемства ў тым плане, як мы і дамаўляліся”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Разам з пазітыўнымі прыкладамі ў двухбаковых адносінах прэзідэнт выказаў насцярожа­насць падзеннем тавараабароту з Таджыкістанам. “Над гэтым трэба МЗС і ўрадам папрацаваць, каб выраўнаваць тавараабарот паміж дзвюма краінамі. І актыўней трэба выходзіць на рынкі трэціх краін з сумеснай прадукцыяй”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Тавараабарот Беларусі і Таджыкістана ў 2018 годзе склаў $37,4 млн, скараціўшыся амаль на 13 працэнтаў. Пры гэтым беларускі экспарт дасягнуў $33,4 млн, імпарт — $4 млн. З пачатку гэтага года ўзаемны гандаль паміж краінамі таксама паказвае не лепшыя паказчыкі. У сту­дзені — сакавіку тавараабарот знізіўся да $8,1 млн, склаўшы 70,3 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года.

Беларусь пастаўляе ў Таджыкістан трактары і седлавыя цягачы, цукар, драўняна-стружкавыя пліты, дываны і падлогавыя пакрыцці, шыны. З Таджыкістана імпартуюцца сушаныя фрукты і плады, арэхі, баваўнянае валакно, баваўняная пража, тэкстыльнае адзенне.