Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “У нас ёсць усё для таго, каб абараніць кавалак зямлі, на якім жывуць нашы людзі”

- 12:21Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым 9 мая заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пасля цырымоніі ўскладання вянкоў да манумента Перамогі з нагоды 72-й гадавіны Вялікай Перамогі.

“У нас ёсць усё для таго, каб абараніць кавалак зямлі, на якім жывуць нашы людзі”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі ўжо трэці раз літаральна за два дзесяцігоддзі рэфармуюцца Узброеныя Сілы. “Робім высновы і атрымліваем урокі з таго, што адбываецца ва ўсім свеце, — сказаў прэзідэнт. — Свет вельмі неспакойны, ідуць войны. Мы ўважліва назіраем за тым, што адбываецца, робім вывады і ў сувязі з гэтым прыстасоўваем свае Узброеныя Сілы для абароны нашай Айчыны”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што для Беларусі вельмі важнай з’яўляецца эканоміка. “Будзе нармальна развівацца краіна — мы гарантуем мір, бяспеку і ўнутраную стабільнасць. Наш народ можа за гэта абсалютна не перажываць”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі ўмеюць атрымліваць урокі з гісторыі. “Мы нядрэнныя вучні, памятаем, што было ў нашай гісторыі, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Мы вывучылі гэтыя ўрокі і разумеем, што порах трэба трымаць сухім. Самае галоўнае — у мірны час гарматы павінны быць зачахлёны. І расчахляць іх можна толькі на вучэннях, што мы, дарэчы, і робім”.

“Галоўнае, каб у нас заўсёды было адзінства ў краіне. Будзе яно — справімся з любымі пагрозамі”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка з цеплынёй паразмаўляў з ветэранамі, пацікавіўся, якія пытанні іх хвалююць, павіншаваў з Днём Перамогі і пажадаў доўгіх гадоў жыцця. Удзельнікаў падзей Вялікай Айчыннай вайны з кожным годам становіцца ўсё менш, і, як падкрэсліў прэзідэнт, важна, каб падрастаючае пакаленне пра іх не забывала. “Моладзь неабходна трымаць у полі зроку”, — сказаў у сувязі з гэтым прэзідэнт.

У свой час у Беларусі для вучняў быў уведзены курс па Вялікай Айчыннай вайне, і гэта прыносіць свой плён, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

У размове з журналістамі прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі ўдалося прывесці ў парадак буйныя населеныя пункты, аграгарадкі. Цяпер справа за невялікімі вёскамі. “Іх трэба прыводзіць у парадак. І калі людзі будуць там жыць, мы абавязкова мадэрнізуем, адрамантуем інфраструктуру для іх, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы будзем рабіць гэта па ўсёй краіне”.

Пытанне, адрасаванае беларускаму лідару, тычылася, у прыватнасці, Віцебскай вобласці. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэты рэгіён патрабуе павышанай увагі, таму што там такіх маленькіх вёсак больш, чым у любой іншай вобласці. Кожны з такіх населеных пунктаў, у якім бывае літаральна па 3—4 дамы, аднавіць, можа, не атрымаецца. “Але трэба зрабіць усё для таго, каб нармальна жылі сем’і, у якіх ёсць дзеці. Трэба іх падвезці ў школу — значыць, будзем падвозіць”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

“Будзем усё рабіць для таго, каб гэтыя вёсачкі аднавіць, падвядзём дарогі. Мы на гэта і нацэлілі нашу праграму па развіцці сеткі мясцовых дарог”, — сказаў прэзідэнт. З гэтага года мясцовым дарогам у Беларусі будзе ўдзяляцца павышаная ўвага. Чакаецца, што на працягу 3—4 гадоў яны будуць поўнасцю прыведзены ў парадак.

Каменціруючы журналістам дрэнныя вынікі выступлення беларускіх хакеістаў на чэмпіянаце свету, прэзідэнт адзначыў, што пасля чэмпіянату прааналізуе стан спраў у гэтым відзе спорту.

“Сітуацыя ў хакеі настолькі неадэкватная, што пасля чэмпіянату свету (мы ўжо дамовіліся з трэнерамі, спартсменамі) збяромся і будзем думаць, што рабіць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У хакеі — правал, у футболе — правал, у біятлоне, дзе мы заўсёды былі наверсе, — правал. Гэтага дапусціць мы не можам. Ніхто не скажа, што мы камусьці недаплацілі або не прафінансавалі. Мабыць, проста зажраліся ў некаторых відах спорту. Таму адрэгулюем”.

“Адсутнасць дысцыпліны, скочванне на індывідуальную гульню, якой не валодае ні адзін наш хакеіст. У хакей гуляць не ўмеюць. Не, яны яшчэ ў сваёй зоне каля варот круцяць гэтую шайбу, губляюць і атрымліваюць галы”, — пракаменціраваў гульню зборнай кіраўнік дзяржавы.

“Паглядзім, што будзе далей. Зробяць высновы, пачнуць гуляць — будзем гэта прымаць. Не — значыць, мы з гэтым мірыцца не будзем, — падкрэсліў прэзідэнт.— Я чаму так востра рэагую? Не таму што спартсмен і займаюся спортам усё жыццё. А таму што спорт — гэта найвялікшая ідэалогія. Калі расіяне выйграюць у немцаў напярэдадні 9 мая, гэта ўжо нейкія палітычныя асацыяцыі. Расіяне духам ажылі. А нам якія падарункі падносяць нашы дзеячы? Глядзяць мільёны людзей, перажываюць, а ў іх такое стаўленне”.