Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “У нашых думках і сэрцах не павінна быць месца агрэсіі і насіллю”

- 10:09Інфармацыйная гадзіна

З такім заклікам звярнуўся 2 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій, нацыянальных аб’яднанняў і дыпламатычных місій у зале Храма-помніка ў гонар Усіх Святых, дзе адбылася закладка капсул з зямлёй з месцаў пахавання беларускіх воінаў, якія загінулі ў далечыні ад Радзімы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта самае цяжкае, калі чалавек гіне ў далечыні ад сваёй роднай зямлі, і выказаў надзею, што сучаснаму пакаленню беларусаў адплаціцца за тое, што праз гады і дзесяцігоддзі яны вяртаюць прах загінуўшых продкаў на Радзіму. Свяшчэнная зямля, палітая крывёю беларусаў у гады Другой сусветнай вайны, дастаўлена ў крыпту Храма Усіх Святых з сямі еўрапейскіх дзяржаў — Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі і Італіі. Тут яна будзе захоўвацца вечна. “Мы расцэньваем гэтую духоўную падзею як сімвалічны знак, які служыць красамоўным напамінам чалавецтву аб тым, якімі трагедыямі абарочваюцца войны для народаў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У нашых думках і сэрцах не павінна быць месца агрэсіі і насіллю. Нельга дапусціць новых крывавых канфліктаў”.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што новы ўнікальны праект па ўвекавечанні памяці землякоў знойдзе поўную падтрымку ў беларускага народа і дастойны працяг. Прэзідэнт пажадаў ініцыятарам акцыі поспеху ў іх пачынанні, якое будзе данінай павагі тым, хто аддаў жыццё за мір і спакой на зямлі. “Сам жа храм пры гэтым павінен стаць сімвалічным месцам яднання прадстаўнікоў усіх грамадска-патрыятычных сіл Беларусі незалежна ад іх сацыяльнага статусу, палітычных поглядаў, этнічнай або канфесійнай прыналежнасці”, — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падзякаваў кіраўнікам рэлігійных канфесій, паслам еўрапейскіх дзяржаў, лідарам грамадскіх аб’яднанняў і партый за ўдзел у акцыі, а таксама за дапамогу ў яе арганізацыі. “Няма больш высакароднай місіі, чым захаванне гістарычнай памяці ў імя светлай будучыні. Свой уклад у справу падтрымкі міру, згоды і парадку на беларускай зямлі можа ўнесці кожны. Усім нам патрэбны і стабільнасць, і дабрабыт”, — адзначыў ён. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што шчыра рады сённяшняй сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій, грамадскіх аб’яднанняў, дыпламатычных місій. Ён прапанаваў ім абмяняцца думкамі па актуальных пытаннях, якія іх цікавяць. Кіраўнікі рэлігійных канфесій у гутарцы з прэзідэнтам, у прыватнасці, звярнулі ўвагу на асаблівы настрой, які пануе ў беларускім грамадстве, яго талерантнасць, што дае магчымасць мірна суіснаваць людзям рознай веры.