Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “У поўнай меры задаволены пазітыўнай дынамікай беларуска-аўстрыйскіх адносін”

- 11:16Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 лістапада ў Вене правёў афіцыйныя перагаворы з Федэральным прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам. Сустрэча прайшла ў вузкім і пашыраным фарматах. Аб яе выніках кіраўнік беларускай дзяржавы разам са сваім аўстрыйскім калегам расказаў прадстаўнікам СМІ.

Прэзідэнт Беларусі падзякаваў Аляксандру Ван дэр Белену за цёплы прыём і адкрытую, змястоўную размову. “Аўстрыя — найважнейшы і на­дзейны партнёр Беларусі ў нашай агульнай Еўропе. Мы надаём вялікае значэнне развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і ў поўнай меры задаволены пазітыўнай дынамікай беларуска-аўстрыйскіх адносін”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пра блізкасць падыходаў

Паводле слоў беларускага лідара, праведзеныя перагаворы зноў прадэманстравалі, што падыходы краін па асноўных праблемах даволі блізкія. “Нам цікавы аўстрыйскі вопыт у многіх сферах, які цалкам можа быць прыменены ў Беларусі”, — сказаў прэзідэнт.

Беларускі бок высока цэніць намаганні Вены, накіраваныя на навядзенне мастоў паміж асноўнымі геапалітычнымі цэнтрамі, зніжэнне напружанасці ў Еўропе і свеце. Мінск ставіць такія ж мэты ў сваёй знешнепалітычнай дзейнасці. “Канстатуем, што разам здольны ўнесці важкі ўклад у аднаўленне стабільнасці і ўмацаванне міжнароднай бяспекі. Беларусь будзе ўдзячная аўстрыйскаму кіраўніцт­ву за падтрымку нашых ініцыятыў у гэтым напрамку”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пра падтрымку на міжнародных пляцоўках

Кіраўнік беларускай дзяржавы паведаміў, што бакі дамовіліся прадаўжаць сумесную работу ў рамках міжнародных арганізацый. Беларусь падтрымае кандыдатуру Аўстрыі на выбарах у склад непастаянных членаў Савета Бяспекі ААН на 2027—2028 гады.

Прадметна абмеркавана тэматыка аховы навакольнага асяроддзя, процідзеяння негатыўным змяненням клімату. Беларусь падтрымлівае ініцыя­тыву па павышэнні кліматычных амбіцый, якая вылучана Прэзідэнтам Аўстрыі, аб неабходнасці канкрэтных дзеянняў для прадухілення глабальнага кліматычнага крызісу. “Мінск паслядоўна ў аднабаковым парадку ўзнімае для сябе планку па скарачэнні выкідаў парніковых газаў”, — заўважыў беларускі лідар.

Пра адносіны па лініі ЕС і “Усходняга парт­нёрства”

Аляксандр Лукашэнка адзначыў падтрымку Аўстрыяй намаганняў беларускага боку па развіцці адносін з Еўрасаюзам, які з’яўляецца для Беларусі другім па значнасці гандлёвым партнёрам. “А апошнім часам, у тым ліку дзякуючы актыўнай рабоце аўстрыйскага старшынства ў 2018 годзе, ЕС становіцца для нас таксама важкім палітычным і інвестыцыйным партнёрам. Толькі за апошнія два гады аб’ём фінансавай падтрымкі Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця праектаў у беларускім дзяржсектары дасягнуў 700 млн еўра”, — сказаў прэзідэнт.

Беларусь актыўна працуе з ЕС у рамках шматлікіх праграм у сферах экалогіі, энергаэфектыўнасці, уладкавання граніц, рэгулявання міграцыі, падтрымкі дзяржкіравання.

Паводле слоў прэзідэнта, Беларусь з Аўстрыяй аб’ядноўвае імкненне да развіцця “Усходняга партнёрства” як цэласнага, гібкага і эфектыўнага інструмента супрацоўніцтва ў рэгіёне, што садзейнічае ўстойліваму развіццю і бяспецы суседзяў Еўрапейс­кага саюза. Пры гэтым яно не накіравана супраць інтарэсаў трэціх краін. Беларусь актыўна ўдзельнічае ў гэтым праекце і нядаўна агучыла свае прапановы па яго развіцці пасля 2020 года.

Пра бізнес-кантакты і новыя праекты на мільярд

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі і Аўстрыі даўнія традыцыі паспяховага эканамічнага ўзаемадзеяння. Яшчэ ў часы Савецкага Саюза аўстрыйскі бізнес прысутнічаў у Беларусі. “Яскравы прыклад — удзел Аўстрыі ў стварэнні Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне, які і сёння застаецца адным з флагманаў нашай прамысловасці”, — дадаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што і ў сучаснай Беларусі аўстрыйскі бізнес займае трывалыя пазіцыі. Каля пяцісот кампаній з Аўстрыі супрацоўнічаюць з беларускімі прадпрыемствамі, амаль сто з іх у той ці іншай форме прадстаўлены непасрэдна ў Беларусі. “Гэта сведчыць аб высокім узроўні даверу аўстрыйскага бізнесу да нашай краіны. Аўстрыя даўно і трывала ўвайшла ў лік лідараў па аб’ёме інвесціравання ў эканоміку Беларусі. Капіталаўкладанні ў нашу краіну штогод вылічваюцца сотнямі мільёнаў долараў. Напрыклад, у мінулым годзе гэтая лічба склала амаль $300 млн”, — сказаў прэзідэнт.

Ён заявіў, што з удзелам аўстрыйскіх кампаній прапрацоўваюцца новыя праекты на агульную суму звыш $1 млрд.

Пра захаванне гістарычнай памяці

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што краіны і народы звязвае не толькі эканоміка. “Безумоўна, мы гаварылі і аб Малым Трасцянцы. Гэты лясны масіў пад Мінскам увайшоў у гісторыю як месца масавага знішчэння людзей нацысцкімі злачынцамі. Сярод ахвяр Трасцянца — больш за 10 тысяч аўстрыйскіх грамадзян, — сказаў ён. — Мы разумеем, якое вялікае значэнне мае захаванне памяці аб ахвярах халакосту для аўстрыйскага грамад­ства. Таму аказалі падтрымку ініцыятыве Аўстрыі аб устаноўцы ў мемарыяльным комплексе “Трасцянец” манумента “Масіў імёнаў” у памяць аб аўстрыйскіх грамадзянах, знішчаных там гітлераўцамі ў гады Другой сусветнай вайны”.

Аляксандр Лукашэнка выказаў словы ўдзячнасці Прэзідэнту Аўстрыі за ініцыятыву ўстанаўлення ў Малым Трасцянцы асобнага помніка загінуўшым грамадзянам Аўстрыі. “За тое, што ён паказаў прыклад адказнасці і прыстойнасці ў адносінах да тых, хто загінуў тады. Паказаў прыклад тым, хто павінен быў даўно гэтак жа зрабіць, як аўстрыйскае кіраўніцтва”, — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб важнасці прадаўжаць такое супрацоўніцтва, пашыраць кантакты навуковых і музейных устаноў, гісторыкаў, якія займаюцца тэмай Трасцянца. Ён таксама расказаў аб перадачы беларускім бокам Дому гісторыі Аўстрыі прадметаў, якія належалі аўстрыйскім грама­дзянам, забітым нацыстамі ў лагеры смерці “Трасцянец”. Нядаўна гэтыя артэфакты былі знойдзены ў час археалагічных раскопак.

Пры абмеркаванні гуманітарнай тэмы Аляксандр Лукашэнка ад сябе асабіста і народа Беларусі падзякаваў у асобе Федэральнага прэзідэнта ўсім аўстрыйцам, якія маюць дачыненне да аздараўлення дзяцей з рэгіёнаў Беларусі, што пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы. “Гэтая высака­родная дзейнасць прадаўжаецца ўжо больш як 25 гадоў і стала важным складнікам нашых дружалюбных адносін”, — сказаў прэзідэнт.

На заканчэнне ён падкрэсліў, што Беларусь шчыра зацікаўлена ў паглыбленні супрацоўніцтва з Аўстрыяй ва ўсіх сферах узаемнага інтарэсу.

“Паверце, я ведаю розныя тэндэнцыі ў ЕС у плане Беларусі. Хачу сказаць, спадар прэзідэнт, можа, не сёння, не заўтра, але паслязаўтра дакладна вы будзеце ганарыцца тым, што некалі прыехалі ў Беларусь, паглядзелі на нашу краіну, пераканаліся, што гэта не чужая для Еўропы краіна (вы аб гэтым мне гаварылі, калі былі са сваёй жонкай), і сказалі, што тут жывуць дастойныя людзі. Вы ніколі не па­шкадуеце аб гэтым. Беларусь — гэта цэнтр Еўропы, еўрапейская краіна, і яе палітыка накіравана на выключна мірныя, дружалюбныя, узаемавыгадныя адносіны не толькі з суседзямі, але і з нашымі даўнімі, праверанымі сябрамі, якой з’яўляецца ваша цудоўная і багатая краіна”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

Федэральны прэзідэнт Аўстрыі Аляксандр Ван дэр Белен у сваю чаргу адзначыў, што на перагаворах у вузкім і пашыраным фарматах быў абмеркаваны шэраг тэм. У іх ліку пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, палітычнага ўзаемадзеяння, захавання агульнай гістарычнай памяці, тэматыкі правоў чалавека.

Аляксандр Ван дэр Белен канстатаваў некаторае збліжэнне паміж Беларуссю і Еўрасаюзам, і візіт беларускага лідара з’яўляецца часткай гэтага працэсу. “Для мяне асабіста ваш візіт у Вену асабліва важны. Перш за ўсё пасля майго ўласнага візіту ў Беларусь у 2018 годзе пры адкрыцці мемарыяла ў Малым Трасцянцы”, — сказаў Федэральны прэзідэнт.

Ён закрануў і тэму гандлёва-эканамічнага су­працоўніцтва з Беларуссю, падкрэсліўшы, што для Аўстрыі важна яго пашырэнне. “І ваш візіт будзе важным момантам у паглыбленні гэтых адносін. ЕС таксама супрацоўнічае з Беларуссю ў рамках “Усходняга партнёрства”. Яно таксама заслугоўвае паглыблення”, — заявіў аўстрыйскі лідар.

Ён звярнуў увагу на ўклад Беларусі ва ўрэгуляванне канфлікту ва Украіне, прадастаўленне пляцоўкі для перагавораў бакоў. Адказваючы на пытанні журналістаў, Аляксандр Ван дэр Белен падкрэсліў, што мінскія пагадненні праклалі сцежку, па якой можна знайсці шлях да вырашэння сітуацыі.

“Мы цэнім ваш інтарэс да паглыблення адносін і хацелі б сказаць, што гэта ўзаемна. Мы будзем заставацца ў кантакце. І гэта будзе не апошні візіт у Аўстрыю і Беларусь”, — рэзюмаваў Аляксандр Ван дэр Белен.

У час афіцыйнага візіту ў Аўстрыю Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама правёў сустрэчу са старшынёй Нацыянальнага савета Аўстрыі Вольфгангам Саботкам і ў фармаце рабочай вячэры сустрэчу са старшынёй Аўстрыйскай народнай партыі дэпутатам Нацыянальнага савета Аўстрыі Себасцьянам Курцам.