Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “У сучасных умовах, калі вялікія дзяржавы не могуць дамовіцца, важную ролю могуць і павінны адыграць іншыя краіны”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цяпер няма больш важнага пытання, чым захаванне міру на планеце. Пра гэта ён заявіў на адкрыцці сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.

“Актуальнасць гэтай тэмы падцвярджае і ўражальны склад удзельнікаў канферэнцыі, і пералік абмяркоўваемых праблем, у якім знайшлі адлюстраванне найбольш вострыя для нашага рэгіёна пытанні: ад рознагалоссяў па лініі Усход—Захад да канфлікту ва Украіне. На жаль, вымушаны згадзіцца з вывадамі апошняга даклада Мюнхенскай канферэнцыі пра тое, што наша планета падышла да краю бездані, за якой знаходзіцца глабальны канфлікт. Канфрантацыя стала адным з вызначальных фактараў развіцця міжнародных адносін, у тым ліку і ў нашым рэгіёне”, — сказаў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ўзброеныя проціборствы ідуць практычна на ўсіх кантынентах. “Тлеючы канфлікт, а па сутнасці няспынная вайна на Данбасе — гэта вайна тут, у нашай з вамі Еўропе. У нашым агульным доме”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні таксама нагадаў пра ўсё большую колькасць бежанцаў у свеце, гандлёвыя супярэчнасці паміж ЗША і Кітаем, усё больш відавочны характар рознагалоссяў паміж ЗША і ЕС — самымі блізкімі саюзнікамі, трывожную сітуацыю вакол дагавораў аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці і пра скарачэнне стратэгічных наступальных узбраенняў.

“Бездань недаверу паміж Расіяй і Захадам цяпер значна шырэйшая, чым у папярэднія складаныя перыяды навейшай еўрапейскай гісторыі. Поўным ходам ідуць маштабныя санкцыйныя і інфармацыйныя войны, іншых слоў не падбярэш”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў меркаванне, што вялікія дзяржавы страчваюць статус гарантаў стабільнасці, яны не могуць прыйсці да адзінага меркавання ні па адным з самых сур’ёзных пытанняў. “Савет Бяспекі ААН ператварыўся ў пляцоўку для высвятлення адносін. На агульнапалітычнай дыскусіі ў рамках цяперашняй, 73-й, сесіі Генасамблеі ААН кожны гаворыць пра свае інтарэсы, прэтэнзіі, заклапочанасць і мала хто — пра тое, што трэба сядаць за стол перагавораў і мяняць сітуацыю. Прытым час ідзе катастрафічна хутка. Яго практычна ўжо не засталося для вырашэння вельмі сур’ёзных і вострых пытанняў сучаснасці. Ужо не толькі сусветныя палітыка, эканоміка, але і спорт, культура, іншыя нейтральныя сферы міжнароднага супрацоўніцтва становяцца арэнай супрацьстаяння некаторых дзяржаў”, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

“Беларусь — невялікая дзяржава, але мы гатовы ўносіць сваю лепту ў вырашэнне тых ці іншых канфліктаў. Што мы, у прынцыпе, ужо робім. Але хочам адчуваць нашу большую запатрабаванасць з боку асноўных сусветных ігракоў”, — заявіў прэзідэнт.

“Прасцей кажучы, мы можам узяць на сябе адказнасць за забеспячэнне міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і кантроль на расійска-ўкраінскай граніцы, а таксама суправаджаць правядзенне выбараў на Данбасе, зыходзячы з разумення таго, што гэтыя рэгіёны з’яўляюцца неад’емнай часткай Украіны”, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

“Не спяшайцеся гэта адхіляць. Нашы прапановы заснаваны на той павазе з боку ўкраінскага народа і той пазіцыі, ролі, якую адыгрывае Беларусь з самага пачатку канфлікту, — сказаў прэзідэнт. — Мы гатовы вырашыць гэтую праблему, толькі калі будзем упэўнены, што асноўныя сусветныя гульцы хочуць міру ў нашым агульным еўрапейскім доме, калі няма зацікаўленых, каб разаграваць сітуацыю ва Украіне і зрабіць яе апорнай кропкай процідзеяння Расіі і Беларусі. Думаю, дэталізаваць не трэба”.

“Людзі стаміліся ад вайны ва Украіне. Гэтая вайна нікому не патрэбна: ні Беларусі, ні Расіі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён лічыць самай сур’ёзнай памылкай спробы пошуку вінаватых у той час, калі вырашаецца пытанне міру на Данбасе. “Мы ні ў якім разе не павінны гэты канфлікт пакінуць нашым дзецям. Але вось шукаць вінаватых — гэтае пытанне дзецям можна пакінуць. Яны потым разбяруцца, калі захочуць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Сёння не вінаватых трэба шукаць — сёння трэба вырашаць праблему. У адваротным выпадку ўсялякія размовы пра наш агульнаеўрапейскі дом, у якім павінен быць мір і парадак, несумленныя”.

“Каб ажыццявіць гэтыя прапановы на практыцы, трэба іх абмяркоўваць за сталом перагавораў з удзелам усіх уцягнутых бакоў. І давайце будзем сумленнымі: калі ў нас не атрымаецца прыцягнуць за гэты стол Злучаныя Штаты Амерыкі, наўрад ці мы зможам дасягнуць мэты”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

“Вырашэнне ўкраінскага канфлікту — ключавое пытанне бяспекі ў Еўропе. Без яго ўрэгулявання мір на кантыненце будзе заставацца пад пагрозай”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Калі хочаце, гэта тэст на нашу здольнасць што-небудзь зрабіць, што-небудзь вырашыць і захаваць наш агульны дом — Еўропу. Калі мы не здольны вырашыць гэты (сур’ёзны, вядома) канфлікт, то мы ператворымся ў добрых перагаворшчыкаў, будзем перыядычна праводзіць “гаварыльні”, але не прыйдзем да вырашэння ніводнага з сур’ёзных пытанняў”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, на гэты момант з задачай спыніць проціборства на паўднёвым усходзе Украіны ніхто не спраўляецца: ні “нармандская чацвёрка”, ні трохбаковая кантактная група АБСЕ, ні Спецыяльная маніторынгавая місія АБСЕ ва Украіне, ні фармат “Волкер — Суркоў”.

Аляксандр Лукашэнка назваў самым жудасным той факт, што гіне мірнае насельніцтва — жанчыны і дзеці.

“Мінула больш за тры з паловай гады з моманту прыняцця ўзгодненых “нармандскай чацвёркай” мінскіх пагадненняў. Аднак поўнасцю ніводны з іх пунктаў так і не рэалізаваны. Хоць гэта не значыць, што пагадненні дрэнныя. Іх безальтэрнатыўнасць як адзінага шляху ўкраінскага ўрэгулявання прызнаецца і ў Расіі‚ і ў Еўропе, і ў ЗША”, — дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што Беларусь прыняла 160 тысяч перасяленцаў з Украіны, забяспечыўшы іх усім неабходным, аказаўшы дапамогу ў працаўладкаванні, медабслугоўванні, сацыяльнай і псіхалагічнай адаптацыі. “Словам, яны знайшлі тут сваю другую радзіму. І нам далося гэта няпроста ў нашай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі”, — сказаў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на пытанні бяспекі, рэгулярнае затрыманне на граніцы зброі, на што, зразумела, неабходны рэсурсы.

“Фактычна, канфлікт на нашай зямлі. Нават не каля нашага парога. Таму мы так занепакоены гэтай сітуацыяй”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь знаходзіцца на геаграфічным скрыжаванні Еўропы, фактычна заціснутая паміж геапалітычнымі гігантамі. “Мы не хочам апынуцца на лініі новага цывілізацыйнага разлому, на вастрыі блокавага процістаяння паміж Усходам і Захадам — гэта галоўнае. Беларусы, як ніхто іншы, ведаюць, што гэта можа ў сабе таіць. З ростам процістаяння нам прадказваюць лёс буфера, або бастыёна, паміж Расіяй і НАТА. Пра гэта гавораць і эксперты, і палітыкі”, — канстатаваў беларускі лідар.

“З аднаго боку, гэта дрэнна. Але з другога, калі б людзі ўлады прыйшлі да дамоўленасці не цягнуць дзяржавы Усходняй Еўропы ў розныя ваенна-палітычныя блокі, не патрабаваць пацвярджэння лаяльнасці на шкоду іх суверэнным інтарэсам, гэты рэгіён стаў бы трансгранічным поясам стабільнасці і ўзаемадзеяння”, — заявіў прэзідэнт.

“Нам кажуць, што Еўропа зацікаўлена ў суверэнітэце Беларусі. Пры гэтым асобныя нашы заходнія партнёры ў захапленні ад пазіцыі Мінска па Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, па Крыме і Данбасе. Аднак як толькі даходзіць да канкрэтных пытанняў узаемадзеяння, то ў нас, аказваецца, ёсць праблемы з правамі чалавека”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што развітая еўрапейская дэмакратыя фарміравалася стагоддзямі, а ад Беларусі і іншых постсавецкіх краін хочуць рыўка за пару дзясяткаў гадоў. “Калі рабіць гэта скачкападобна, праз націск, вынік будзе няўстойлівы. Таму мы ідзём шляхам эвалюцыі, а не рэвалюцыі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы таксама адзначыў, што ў постсавецкіх рэспубліках усё больш расце няўпэўненасць, што Захад, які актыўна папулярызуе сваю дэмакратыю, захавае яе сам. “Давайце паглядзім, што адбудзецца з дэмакратыяй у Заходняй Еўропе. Калі ўжо прагрэсіўныя немцы не ацанілі ролю Меркель у сучаснай гісторыі і спрабуюць выкінуць яе на задворкі гісторыі… — сказаў прэзідэнт. — Паглядзіце, якія працэсы адбываюцца ў вас, на Захадзе, у дзяржавах. А вы гаворыце па-ранейшаму пра нейкую дэмакратыю, нават не спрабуючы вывучыць, якія працэсы адбываюцца тут, на постсавецкай прасторы, у той жа Расіі, Беларусі, Малдове, Украіне, Казахстане і іншых рэспубліках”.

“Я часта гавару: вы хутка прыедзеце да нас вучыцца нашай дэмакратыі, таму што ў аснове яе ляжыць стабільнасць і нармальнае жыццё людзей”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Дзяўчаты ў школах не павінны баяцца хадзіць у спадніцах. Пра якую дэмакратыю тут можна гаварыць?” — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы.

“А дзе правы чалавека ў тых расстраляных у Нарвегіі (сем ці восем дзясяткаў чалавек было забіта), дзе іх правы чалавека, іх родных і блізкіх? А ён (Андэрс Брэйвік. — Заўвага БелТА.) сядзіць у трохпакаёвай кватэры і патрабуе яшчэ нейкіх правоў і прывілей”, — сказаў прэзідэнт.

“Можа, мы некалі і прыйдзем да гэтага, але не сёння. Не таму, што я гэтага не разумею. Гэтага не разумеюць нашы народы, таму трэба быць больш цярплівымі і засяроджваць сваю ўвагу на тых праблемах, якія трэба вырашаць у імя сапраўднай дэмакратыі”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што еўрапейскім элітам і бізнесу трэба звярнуць больш пільную ўвагу на інтэнсіфікацыю ўсіх складнікаў супрацоўніцтва з Беларуссю.

“Мы імкнёмся да таго, каб Еўрасаюз стаў адной з апор знешняга гандлю Беларусі, супастаўнай з Расіяй і Еўразійскім эканамічным саюзам. Інтэнсіўнае крэдытна-інвестыцыйнае супрацоўніцтва, садзейнічанне далейшай мадэрнізацыі нашага прамысловага і аграрнага комплексаў — вось тое, што нам трэба для ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што Беларусь забяспечвае надзейны, бесперабойны транзіт энерганосьбітаў. Акрамя таго, праз краіну штогод праходзіць больш за 100 млн тон розных грузаў. “І мы ніколі не стваралі праблем для заходніх партнёраў, і не будзем”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым ён звярнуў увагу на наяўнасць значных бар’ераў у гандлі з Еўрасаюзам. “А гэта ж аснова бяспекі — менавіта эканоміка, сацыяльна-эканамічныя пытанні ствараюць нестабільнасць”, — звярнуў увагу прэзідэнт.

Беларусь шмат што робіць для Еўрасаюза ў сферы бяспекі, створаны эфектыўны заслон на шляху нелегальнай міграцыі. “Нават мыш не прапаўзе праз нашы граніцы да вас. А калі б яшчэ прыстойна да нас ставіліся, то і муха не праляцела б, — вобразна выказаўся Аляксандр Лукашэнка. — І гэта мы робім за свой кошт — абараняем вас ад патоку мігрантаў”. Прэзідэнт дадаў, што Беларусь таксама актыўна процідзейнічае наркатрафіку, крыміналу, прадухіляе перамяшчэнне праз граніцу ў тым ліку радыеактыўных матэрыялаў.

“Пры гэтым мы не прэтэндуем на членства ў Еўрасаюзе і ідзём да еўрапейцаў не з працягнутай рукой. Нам заўсёды ёсць што прапанаваць партнёрам”, — дадаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што на адкрыцці летняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску ў ліпені мінулага года беларускі бок прапанаваў ідэю новага Хельсінкскага працэсу. “Тады мы нярэдка чулі, што, маўляў, Беларусь вельмі наіўная, выстаўляючы такія прапановы. Некаторыя намякалі на тое, што і не справа гэта Беларусі. Некаторымі беларуская ініцыятыва была нават успрынята як прапанова аб пераглядзе дзеючай рэгіянальнай сістэмы бяспекі, якая, дарэчы, не працуе. Хачу падкрэсліць: мы ніколі не прапаноўвалі нічога перакрэсліваць. А сёння заўважаем, што колькасць прыхільнікаў гэтай ідэі расце”, — сказаў прэзідэнт.

“Наша краіна зыходзіць з таго, што ва ўмовах, калі гэтая сістэма дае збой (яна ж не прадухіліла крывавыя канфлікты ў Еўропе, напрыклад, у Югаславіі і на Украіне), трэба прымаць меры, каб аднавіць яе эфектыўную работу, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Або замяніць, калі не атрымаецца аднавіць. Але для гэтага патрэбны дыялог усіх зацікаўленых”.

Паводле яго слоў, беларуская дзяржава выступае за інклюзіўны дыялог, нават калі няма гарантыі таго, што ён завершыцца пэўным вынікам. “Мы не прэтэндуем на манаполію гэтай ініцыятывы. Разумеем, што яе рэалізацыя залежыць ад згоды многіх, у першую чаргу ключавых гульцоў. Але ў сучасных умовах, калі вялікія дзяржавы не могуць дамовіцца, важную ролю могуць і павінны адыграць іншыя краіны”, — упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такі дыялог будзе значна адрознівацца ад таго, які быў у рамках Хельсінкскага працэсу. “Хельсінкі-2”, хутчэй, метафара для абазначэння сутнасці новага працэсу — пошуку сучасных шляхоў і спосабаў адысці ад небяспекі вялікага канфлікту. Рашэнні па выхадзе з крызісу не павінны паўтараць рэцэпты халоднай вайны, але сёння ў Еўропе няма адзінага меркавання, як павінна быць арганізавана абноўленая сістэма бяспекі”, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш прэзідэнт лічыць, што, нягледзячы на адсутнасць палітычных перадумоў для запуску новага перагаворнага працэсу, неабходна шукаць магчымасці для прапрацоўкі яго асновы, няхай спачатку на экспертным узроўні, а потым і асноўнымі гульцамі.