Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Удзячны за той уклад, які вы ўнеслі ў развіццё спорту і праслаўленне нашай дзяржавы”

- 11:14Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды пераможцам і прызёрам Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульняў у Пхёнчхане.

“У гэтай зале сабраліся сапраўдныя, мужныя людзі. На зімовых Гульнях мы былі сведкамі бязлітаснай барацьбы не толькі на стадыёнах, але і ў судзейскіх кулуарах. Нават у міждзяржаўных адносінах”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што алімпійскае “золата” ў жаночай эстафеце стала для некага нечаканасцю, але не для беларускіх балельшчыкаў. “Нашы дзяўчаты — малайцы”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт адзначыў і перамогі біятланісткі Дар’і Домрачавай на наступных пасля Алімпіяды этапах Кубка свету: “Павінен сказаць табе як чалавек неабыякавы да ўсіх нашых спартсменаў, што гэта былі перамогі асаблівыя. Мне здалося, што такіх у цябе наогул не было ў кар’еры. Яны адрозніваліся ад усіх папярэдніх. У адной гонцы ты наогул паказала, як кажуць у народзе, зверскі характар, калі ў такую гару… ззаду толькі пыл слупам снежны стаяў. А апошняя гонка — мас-старт — гэта наогул была гросмайстарская гонка”.

“Я гэта кажу як прыклад таго, як трэба змагацца, але для трэнераў гэта ўрок. Уявіце, калі б Домрачава ў такой форме падышла да Алімпіяды. Там бы, напэўна, “золата” засталося толькі ў беларускай каманды. Гэта той прыклад, якога мы павінны прытрымлівацца, вучыцца”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівую ўдзячнасць кіраўнік дзяржавы выказаў параалімпійцам. “Вы проста малайцы! Я, напрыклад, не мог адарвацца ад экрана, гледзячы на ўсе вашы гонкі. Я хварэў за вас не менш, чым за нашых алімпійцаў, — сказаў ён. — Вы настолькі моцна выступалі, што цяжка ўявіць, што чалавек, які мае ўсе магчымасці, так выступіў бы”.

“Я чакаў вас тут для таго, каб павіншаваць і ўручыць заслужаныя ўзнагароды. Вельмі вам удзячны за той уклад, які вы ўнеслі ў развіццё спорту і праслаўленне нашай дзяржавы”, — адзначыў прэзідэнт.

Ордэны і медалі ўручаны за высокае прафесійнае майстэрства, выдатныя спартыўныя дасягненні і вялікі асабісты ўклад у паспяховае выступленне нацыянальных каманд.

Ордэна Айчыны III ступені з прысваеннем ганаровага звання “Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь” удастоена трохразовая параалімпійская чэмпіёнка і бронзавы прызёр зімовых Параалімпійскіх гульняў 2018 года Святлана Саханенка.

Чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па біятлоне, неаднаразовы прызёр Алімпійскіх гульняў, Герой Беларусі Дар’я Домрачава ўзнагароджана ордэнам “За асабістую мужнасць”.

Аналагічнай узнагародай і ганаровымі званнямі “Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь” адзначаны заслугі алімпійскіх чэмпіёнак па біятлоне Дзінары Алімбекавай, Ірыны Крыўко і Надзеі Скардзіна.

Ордэнам Пашаны з прысваеннем ганаровага звання “Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь” узнагароджаны параалімпійскі чэмпіён і трохразовы прызёр зімовых Параалімпійскіх гульняў 2018 года Юрый Голуб.

Медалём “За працоўныя заслугі” ўзнагароджаны двухразовы бронзавы прызёр зімовых Параалімпійскіх гульняў 2018 года Лідзія Графеева і генеральны сакратар Параалімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь Мікалай Шудзейка.

Ганаровае званне “Заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь” прысвоена трэнеру-выкладчыку па лыжных гонках сярод інвалідаў Магілёўскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву Мікалаю Шаблоўскаму.

Двухразовы сярэбраны прызёр зімовых Параалімпійскіх гульняў 2018 года Дзмітрый Лобан удастоены ганаровага звання “Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь”.

Акрамя таго, за падрыхтоўку спартсменаў высокага класа і значны асабісты ўклад у забеспячэнне выдатных спартыўных вынікаў нацыянальнай каманды Беларусі па інваспорце на зімовых Параалімпійскіх гульнях у Пхёнчхане аб’яўлена падзяка прэзідэнта шэрагу прадстаўнікоў спартыўнай сферы. У іх ліку старшыня Параалімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель, спартсмены — лідары параалімпійцаў, якія заваявалі ўзнагароды, Дзмітрый Будзіловіч і Раман Яшчанка, трэнеры-выкладчыкі Юрый Буранаў, Васіль Гаўруковіч, Інеса Казлова, Міхаіл Лебедзеў і трэнер-урач Ірына Кузьміна.

На сустрэчы з удзельнікамі зімовых Алімпійскіх і Параалімпійскіх гульняў 2018 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на працягу года-двух у Беларусі зробяць рашучы крок па стварэнні ўмоў для падрыхтоўкі лыжнікаў. “Наперадзе — міжсезонка. Трэба рыхтавацца. Я ўжо гаварыў пра тое, што мы зробім рашучы крок на працягу года-двух, каб нам на больш значны ўзровень падняць падрыхтоўку лыжнікаў у нашай краіне”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

“Мы абавязкова пабудуем так званую трубу ў Беларусі. Я хацеў бы, каб гэта было на працягу года зроблена. Ужо цяпер праводзяцца вышуковыя работы. Мы знойдзем сродкі для таго, каб узвесці гэтае збудаванне, каб нашы лыжнікі: і спартсмены, і аматары — маглі круглы год займацца на снезе”, — адзначыў прэзідэнт.

Ён таксама заявіў, што ў Мінску ўжо вызначана месца і ёсць інвестары для ўзвядзення яшчэ аднаго будынка для падрыхтоўкі лыжнікаў з трасай на 1,2 км. “Будзе зроблена ўсё для таго, каб вы маглі рыхтавацца і дастойна выступаць”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама расказаў, што даручыў наладзіць у краіне вытворчасць лыжаролераў, лыжных чаравікаў і ратракаў (гусенічны транспарт для падрыхтоўкі лыжных трас).

“Я даручыў зрабіць свае лыжаролеры старшыні наглядальнага савета (Беларускай федэрацыі біятлона.Заўв. БелТА.) Вакульчыку. Ён цяпер гэтым займаецца”, — паведаміў Аляксандр Лукашэнка.

Вытворчасцю лыжных чаравікаў для спартсменаў-пачаткоўцаў павінна заняцца кампанія “Марка”, а канструктары Мінскага трактарнага завода ўжо распрацоўваюць ратракі.

“Трэба, каб зрабілі ўсё. Калі не могуць адразу зрабіць, закупім. Але неабходна зрабіць гэта ўсё ў сябе”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў краіне сур’ёзна ўзяліся за падрыхтоўку лыжнікаў і біятланістаў. Плануецца на працягу лета паставіць у спецыялізаваныя трэніровачныя цэнтры снегавыя пушкі, ратракі і неабходны інвентар. Гэтыя пытанні кантралюе кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава.

Створаць неабходныя ўмовы для трэніровак і ў рэгіёнах. Прадумаюць таксама арганізацыю там лыжаролерных трас.

Акрамя таго, плануецца наладзіць на “Целяханах” выпуск сучасных і якасных лыж. Прэзідэнт адзначыў, што, магчыма, і сам наведае завод, каб больш падрабязна азнаёміцца з яго прадукцыяй і асаблівасцямі вытворчасці.

“Мы напярэдадні вялікай нарады ў прэзідэнта па зімовых відах спорту. Яна рыхтуецца міністрам і кіраўніком Адміністрацыі. Мы вельмі падрабязна, дэталёва разбяром тыя недахопы, памылкі і хібы, якія ў нас ёсць у зімовых відах спорту, зробім адпаведныя высновы. Ужо нямала зроблена. Ужо выбудоўваецца сістэма. Ніякіх шалёных грошай не будзе. За вынік будзем плаціць. І для падрыхтоўкі мы таксама грошай не пашкадуем”, — падкрэсліў беларускі лідар.

“Але і трэнеры, і спартсмены павінны разумець, што ўсялякія там раз’езды за мяжу: закаткі, раскаткі і іншае — гэта таксама ў мінулым. Столькі, колькі трэба ў гарах рыхтавацца, столькі і будзеце рыхтавацца. Але павінен быць вынік”, — адзначыў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама рэзка выказаўся адносна выступлення на Алімпіядзе мужчынскай каманды па біятлоне. “Такой ганьбы, як у біятлоне ў мужыкоў, у краіне быць не павінна. Тым больш што насцярожвае, мы ж зверху падаем уніз. Мяне наогул здзіўляе, калі мужык не можа на ўзроўні іншых прабегчы 10 км. А яшчэ горш — страляць не ўмее, горш за дзяўчат. Гэта што за мужыкі, што гэта наогул за падрыхтоўка і што гэта за трэнер?” — абурыўся кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, ёсць над чым працаваць і ў сферы інваспорту, нягледзячы на тое, што на Параалімпіядзе быў паказаны добры вынік. “Патрэбны добры падбор спартсменаў. І гэта справа трэнераў. Мы дамовіліся, што створым адпаведныя фонды, выдзелім сродкі. Мы таксама спартсменаў забяспечым, якіх вы адбераце для выніку, — сказаў прэзідэнт. — Але за вынік запатрабуем, інакш быць не можа. Бо будзе так, як у лыжнікаў — казкі мне расказвалі на працягу пяці гадоў. Дараслі да таго, што на адной пятлі ў здаровых мужыкоў яны прайгравалі ўжо 45 секунд. Гэта што за гонка?”

Харчаванне спартсменаў — адзін з найважнейшых складнікаў іх правільнай падрыхтоўкі, адзначыў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з чэмпіёнамі.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы заўважыў, што гэтыя пытанні не заўсёды правільна рэгулююцца дыетолагамі, трэнеры таксама не сочаць за спартсменамі. “Як яны будуць выступаць? Гэта ж ненармальна, — сказаў беларускі лідар. — Сала вам трэба трымаць на этапах Кубка свету ў халадзільніку, нармальны кавалак сала, каб вы маглі пасля старту, забегу, цяжкай трэніроўкі кавалак сала і чорнага беларускага хлеба з’есці, а не пончыкі і марожанае. Нармальнае харчаванне для спартсменаў — гэта пытанне нумар адзін”. “Вось сала — гэта самы лепшы беларускі допінг”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

На сустрэчы кіраўніка дзяржавы з чэмпіёнамі Алімпіяды і Параалімпіяды ў Пхёнчхане абмяркоўваліся нюансы падрыхтоўкі беларускіх атлетаў, аналізавалася іх выступленне на найбуйнейшых стартах чатырохгоддзя і іншых спаборніцтвах, разглядаліся розныя прапановы па паляпшэнні ўмоў для трэніровак, закупцы і вытворчасці неабходнага інвентару. Асабліва ўвага была ўдзелена ўзаемадзеянню трэнераў са спартсменамі.

Прэзідэнт адзначыў, што ўсе гэтыя пытанні будуць падрабязна абмеркаваны на нарадзе, якая рыхтуецца, па развіцці зімовых відаў спорту.