Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Усе людзі ў пагонах, асабліва камандзіры, павінны быць узорам прыстойнасці і добрасумленнага выканання службовых абавязкаў”

- 11:30Інфармацыйная гадзіна

Беларуская армія павінна эфектыўна рэагаваць на сучасныя выклікі і пагрозы. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе аб выніках праверкі Узброеных Сіл.

“Ва ўтрыманне і пераўзбраенне арміі мы ўкладваем істотныя сродкі. Войскі аснашчаюцца сучаснымі відамі баявой тэхнікі, экіпіроўкай і сродкамі кіравання. Беларусь не збіраецца ўцягвацца ў гонку ўзбраенняў, а тым больш дарэмна бразгаць зброяй. Аднак існуючае ваенна-палітычнае становішча не дазваляе цяпер выбудоўваць іншыя прапорцыі фінансавання дзяржаўных расходаў. І ў далейшым на нашу бяспеку траціць будзем столькі, колькі патрэбна. Карміць трэба сваіх салдат”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праз СМІ і грамадства, і ўсе тыя, хто цікавіцца пытаннямі бяспекі і абароны за межамі Беларусі, былі інфармаваны аб правядзенні чарговай праверкі Узброеных Сіл. “Такія праверкі па маім патрабаванні праводзяцца раптоўна для таго, каб выявіць сапраўдны стан тых ці іншых працэсаў у нашай арміі”, — сказаў ён.

У сувязі з гэтым на нараду вынесены пытанні сітуацыі ва Узброеных Сілах і магчымых праблемных момантаў. “Наша армія з’яўляецца адным з асноўных інструментаў дзяржавы па захаванні ваеннай бяспекі. Яна павінна эфектыўна рэагаваць на сучасныя выклікі і пагрозы. І гэта найважнейшае патрабаванне”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што грошы, якія ўкладваюцца ў армію, павінны даваць рэальны рост баявых магчымасцей Узброеных Сіл і павышаць абараназдольнасць Беларусі. “Недапушчальна, каб дарагая зброя выкарыстоўвалася не на поўную моц, а тым больш прыводзілася да непрыдатнасці з-за непрафесіяналізму асобных камандзіраў. Задача стаіць не проста захаваць або павялічыць ваенны патэнцыял нашай арміі, але і рацыянальна яго прымяняць, — заявіў прэзідэнт. — Размова ідзе не толькі пра ваенныя расходы. Аднымі з ключавых элементаў баяздольнасці з’яўляюцца гатоўнасць да адмабілізавання і абучанасць войскаў, асабліва афіцэраў. Наогул без салдата, афіцэра, генерала ніякая зброя ніякай арміі не дапаможа. Любой зброяй трэба ўмець карыстацца”.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, менавіта на гэтыя аспекты ён запатрабаваў звярнуць увагу пры праверцы Узброеных Сіл. “Мне далажылі пра вынікі гэтай праверкі. Выяўлена мноства розных недахопаў. І амаль усе яны абсалютна суб’ектыўнага характару. Размова ідзе пра фармалізм, бязладнасць і банальную неарганізаванасць, што для нас вельмі непрымальна і недапушчальна. Мы не настолькі багатыя, каб такім чынам несці службу ва Узброеных Сілах і распараджацца той маёмасцю, якую мы маем”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Справа не ў тым, што толькі маё патрабаванне такое строгае ў адносінах да вас. Вы ведаеце, што расслабляцца нам нельга. Таму што такое расслабленне ператвараецца ў галавацяпства і безадказнасць, а яно потым дорага каштуе дзяржаве і народу. Не дай бог, ваенны час. Вы ведаеце, што было ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Сёння мы ўжо многае ведаем, чаму, няхай нават вельмі ўзброеная, фашысцкая армія на працягу двух месяцаў, а тое і менш, прайшла праз усю Беларусь. Гэта не таму, што Беларусь дрэнная ці народ, а таму, што мы дапусцілі галавацяпства. Хто — у адпачынак, хто — туды, хто — сюды, і пра вайну забаранялі наогул размаўляць. Каб не справакаваць, не пакрыўдзіць… Уціхамірвалі. Вось і атрымалі. Таму з усяго трэба рабіць адпаведныя высновы, каб не было потым балюча”.

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што было даручана вывучыць пытанні ідэалагічнай работы ў сувязі з тым, што яна ўплывае і непасрэдна на воінскую дысцыпліну. “Дакладваюць, што ў арміі захоўваецца ўстойлівая тэндэнцыя да скарачэння колькасці правапарушэнняў. Але яны ёсць. Па такім паказчыку, як каэфіцыент злачыннасці, сітуацыя ва Узброеных Сілах лепшая, чым у цэлым па краіне (нядзіўна, як бы там ні было, усё ж такі ў арміі ідзе нейкі адбор). Адносна стабільны і стан па карупцыйных праяўленнях. Скарачаецца колькасць злачынстваў, звязаных з гібеллю асабовага складу пры выкананні службовых абавязкаў”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з гэтым ён звярнуў увагу, што ў 2017 годзе зафіксаваны значны рост фактаў нестатутных узаемаадносін. “Хацеў бы, каб мне далажылі, з чым гэта звязана. Гэта што, сапраўды такі ўсплёск непарадкаў па так званых нестатутных узаемаадносінах? Ці службовыя асобы Мінабароны і іншых кампетэнтных дзяржорганаў павысілі патрабавальнасць і пачалі ўсё гэта ўлічваць?” — паставіў пытанне Прэзідэнт Беларусі.

“Усе людзі ў пагонах, асабліва камандзіры, павінны быць узорам прыстойнасці і добрасумленнага выканання службовых абавязкаў. Гэта тычыцца як прымянення даручаных падраздзяленняў і ўзбраенняў, так і выхавання падначаленых”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён акцэнтаваў увагу, што менавіта афіцэрскаму корпусу давераны лёсы маладых людзей, з якіх яны за кароткі час павінны падрыхтаваць сапраўдных байцоў, абаронцаў Айчыны.

Ва Узброеных Сілах узровень злачыннасці за апошнія пяць гадоў у цэлым знізіўся. Каэфіцыент злачыннасці (колькасць учыненых злачынстваў на 10 тысяч чалавек) ва Узброеных Сілах у 2017 годзе склаў 21,2 (па рэспубліцы — 90,9). Разам з тым з 2017 года і да гэтага часу адзначаецца рост узбуджаных крымінальных спраў па фактах парушэнняў статутных правіл узаемаадносін паміж ваеннаслужачымі.

***

Нягледзячы на складанасць задач, якія ставіліся перад Узброенымі Сіламі Беларусі ў ходзе праведзенай з лютага па красавік бягучага года праверкі, ніводная з іх не была правалена, беларуская армія ў цэлым справілася з усім спектрам пытанняў, расказаў па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Станіслаў Зась.

“Праверка была маштабная і раптоўная, закранула тысячы ваеннаслужачых, сотні адзінак тэхнікі. Правяраліся менавіта тыя пытанні, якія патрабуюць асаблівай увагі ў сучасных умовах. Многія з гэтых пытанняў правяраліся ўпершыню. Гэта значыць, праверка не была простай ні для Узброеных Сіл, ні для тых людзей, якія на ёй працавалі. Адбыўся разбор вынікаў усёй гэтай работы. Атрымалася даволі прынцыповая і нават жорсткая размова. Таму што ёсць недахопы. Яны ў асноўным суб’ектыўнага характару”, — сказаў дзяржсакратар.

Сілы неадкладнага рэагавання

Станіслаў Зась расказаў пра праверку новага кампанента ў беларускай арміі — сіл неадкладнага рэагавання. Правяралася баявая гатоўнасць іх дзяжурных падраздзяленняў. “Гэта падраздзяленні, якія маюць высокі ўзровень гатоўнасці, — растлумачыў дзяржсакратар. — І яны абавязаны нават не праз гадзіны, а хвіліны пасля сігналу выйсці на баявой тэхніцы з усім узбраеннем для вырашэння любых баявых задач”.

Гэтыя падраздзяленні былі правераны па поўным цыкле на незнаёмай мясцовасці і ва ўмовах работы па рэальных аб’ектах. З задачамі справіліся.

Разведка

Асаблівая ўвага звярталася на сістэму баявога дзяжурства па разведцы, узровень падрыхтоўкі спецыялістаў і якасць “прадукту”, што атрымліваецца ў выніку дзяжурства, яго далейшае выкарыстанне.

Проціпаветраная абарона

У час праверкі таксама была ўдзелена вялікая ўвага баявому дзяжурству па ППА. “Наша паветраная прастора павінна быць надзейна прыкрыта ў любой сітуацыі. Таму ў кожную праверку Узброеных Сіл мы ўключаем пытанні праверкі ППА. Усяго было выкарыстана 14 кантрольных цэлей, якія запускаліся з розных напрамкаў на розных вышынях, як правіла, нізкіх, раптоўна для сістэмы ППА. Ніводная з гэтых кантрольных цэлей не засталася без уздзеяння. У цэлым сістэма працуе і справілася з задачамі. Так, ёсць недахопы і недапрацоўкі ў асобных падраздзяленнях, і сёння ішла пра гэта размова”, — адзначыў Станіслаў Зась.

Адмабілізаванне і медыцына

Яшчэ адно пытанне, якое падпала пад праверку, — сістэма адмабілізавання Узброеных Сіл. Яна правяралася шляхам фарміравання механізаванай брыгады. Практычна з нуля было сфарміравана злучэнне, прызваны з запасу амаль 2 тысячы чалавек, праведзены ўвесь цыкл фарміравання брыгады і яе баявога зладжвання. У далейшым з мэтай праверкі былі праведзены розныя вучэнні.

Паводле слоў дзяржсакратара, новым элементам праверкі з’явілася тое, што ўпершыню быў разгорнуты медыцынскі атрад, ацэнена сістэма медыцынскага забеспячэння ў баявых умовах. “Ёсць праблема, вядома. Як відаць, наспела неабходнасць пераглядаць гэтую сістэму. Прэзідэнт сёння пра гэта дакладна сказаў. Трэба адыходзіць ад савецкіх падыходаў і арыентавацца на тое, што ў нас рэальна ёсць: мы маем густую развітую сетку паліклінік і бальніц. І абапірацца трэба на гэта, а не разгортваць дзесьці дадаткова шпіталі”, — сказаў Станіслаў Зась.

Воінская дысцыпліна

На нарадзе абмяркоўвалася таксама пытанне воінскай дысцыпліны ў арміі. Па гэтай тэме свае ацэнкі выказалі генпракурор, старшыня Следчага камітэта. У цэлым было адзначана, што злачыннасць ва Узброеных Сілах зніжаецца па ўсіх напрамках. Разам з тым адзначаецца ўсплёск у 2017 годзе выяўленых нестатутных узаемаадносін і звязаных з гэтым правапарушэнняў.

“Гэта больш вынікі работы праваахоўных органаў, якія, вядома, актывізаваліся па даручэнні кіраўніка дзяржавы і выварочвалі ўсё ва Узброеных Сілах. Ды і самога Міністэрства абароны па ўсёй вертыкалі. Гэтая работа будзе прадаўжацца. Вядома, нестатутныя адносіны ў арміі ёсць. І гаварыць, што мы цяпер ужо ўсё зрабілі для таго, каб іх не было, не даводзіцца. Гэта — работа не аднаго дня і нават не аднаго года. Трэба над гэтым працаваць сістэмна і комплексна. І такая работа будзе прадоўжана”, — заявіў дзяржсакратар.