Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Усе рашэнні, якія ўплываюць на лёс Беларусі, павінны прымацца толькі ўнутры краіны і намі”

- 10:32Інфармацыйная гадзіна

4 чэрвеня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў прэм’ер-міністрам Рамана Галоўчанку, які да гэтага часу займаў пасаду старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Раман Галоўчанка мае вялікі вопыт работы на розных пасадах, у тым ліку на дыпламатычнай службе, ведае, як весці перагаворы, узначальваў ваенна-прамысловы комплекс.

“Я яго ўчора папярэдзіў, што ў нас урад — калектыўны орган. І ён — старшыня ўрада. Ён спікер гэтага ўрада. Пры галасаванні ён мае той жа адзін голас. Пры роўным галасаванні, вядома, перавага ў яго. Але, нягледзячы на гэта, ён галавой адказвае за дысцыпліну і парадак ва ўрадзе. За канчатковы вынік”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэзідэнт растлумачыў, чаму яго выбар прыпаў менавіта на Рамана Галоўчанку. “Таму што ў нас нібыта ў сельскай гаспадарцы мы нешта зрабілі, зразумелі, у якім напрамку рухацца. У сярэдзіне 90-х есці не было чаго, па талонах дзялілі прадукцыю, а сёння мы на $6 млрд прадаём гэтай прадукцыі, забяспечыўшы сябе. У прамысловасці мы таксама ведаем, што рабіць, але канкурэнцыя вельмі вялікая па нашых таварах, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — І ў прамысловасць нам трэба сур’ёзна ўнікаць і кантраляваць”.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Раман Галоўчанка на папярэдняй рабоце займаўся прамысловасцю на самым высокім тэхналагічным узроўні. “Я хачу ад яго атрымаць больш высокі тэхналагічны ўзровень у прамысловасці. Ва ўсіх сферах, дзе гэта магчыма. Ён нядрэнны арганізатар”, — сказаў прэзідэнт.

“Але, самае галоўнае, — гэта надзейны чалавек, якому можна даверыць. Які разумее, ад зямлі, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Ён надзейны чалавек, патрыёт сваёй краіны, нарадзіўся і вырас у Беларусі. Аб’ездзіўшы ўвесь свет, ён не застаўся нідзе, ні ў адной краіне. Для нас вельмі важна цяпер, каб да ўлады прыйшлі патрыёты і прафесіяналы”.

Першым віцэ-прэм’ерам назначаны Мікалай Снапкоў, а Аляксандр Субоцін зойме пасаду віцэ-прэм’ера. Старшынёй КДК назначаны Іван Церцель. Дзмітрый Крутой пераведзены на пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэн­та, а Валерый Бельскі назначаны памочнікам кіраўніка дзяржавы.

Перамены і ў міністэрскім корпусе. Новым міністрам архітэктуры і будаўніцтва стаў Руслан Пархамовіч, міністрам інфармацыі — Ігар Луцкі, прамысловасці — Пётр Пархомчык, фінансаў — Юрый Селіверстаў, ЖКГ — Андрэй Хмель.

Дзмітрый Матусевіч узначаліць Дзяржкамітэт па маёмасці, а Дзмітрый Пантус назначаны старшынёй Дзяржкамваенпрама.

“Сяргей Румас (былы прэм’ер-міністр. — Заўвага БелТА.), калі ён захоча працаваць у дзяржаўных органах і структурах, будзе працаваць. Страціць мы яго таксама не можам. Нікуды не дзенецца, працаваць будзе на краіну”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

“Румас, Мікулёнак — у сувязі з пераходам на іншую работу. Анфімаў, Дворнік — у сувязі з выхадам у адстаўку. Церахаў, Карлюкевіч, Уцюпін, Ермаловіч і Гаеў — таксама ў сувязі з пераходам на іншую работу. Яны будуць праца­ваць. Проста, час настаў зрабіць гэтую ратацыю і замену некаторых кадраў. Астатнія запрошаныя на нараду кіраўнікі дзяржаўных органаў захоў­ваюць свае пасады ў новым складзе ўрада”, — растлумачыў прэзідэнт кадравыя змяненні, якія адбыліся.

“Мы сёння здаём экзамен. Не толькі я. І не столькі я — вы. Збяромся тут, здадзім гэты экзамен — захаваем краіну. І будзем ганарыцца тым, што час выбраў нас у гэты момант і ў гэты час. Экзамен — гэта выбары Прэзідэнта Беларусі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка, назначаючы новы склад урада, арыентаваў усіх на інтэнсіўную работу для пераадолення сучасных цяжкасцей і выклікаў.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, чаму палічыў патрэбным сабраць на нараду ўсіх новых кандыдатаў, а таксама тых кіраўнікоў, якія прадоўжаць працаваць на ранейшых пасадах. “Стан спраў, што складваецца ва ўсім свеце, а значыць, і ў нашай краіне, вы ўсе ведаеце. Вялікая колькасць новых выклікаў, якія сканцэнтраваліся ў сціслы перыяд часу, патра­буюць максімальнай мабілізацыі намаганняў усіх дзяржаўных органаў і найперш урада, — сказаў ён. — Гэта мацнейшая праверка нашай стойкасці і захавання дзяржавы. Мы павінны вытры­маць гэта. І мы вытрымаем, не першы раз, і пераможам”.

Папярэдні склад Савета Міністраў пад кіраўніцтвам Сяргея Румаса прапрацаваў тры гады. “За гэты час удалося захаваць збалансаванасць у эканоміцы па большасці паказчыкаў. Сумесна з Нацыянальным банкам забяспечана ўстойлівасць на фінансавым рынку, выраслі даходы насельніцтва, рэалізаваны шэраг значных інвестыцыйных і інфраструктурных праектаў”,  — канстатаваў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што цяпер мала не дапусціць спаду эканомікі і ўзроўню жыцця людзей. “Неабходна ўмець не толькі працаваць у складаных і непрадказальных умовах, але і бачыць шляхі развіцця там, дзе іх не бачаць іншыя. А калі стаіць пытанне нашай выжывальнасці, мы ўсе павінны зразумець і ўбачыць гэтыя шляхі, — адзначыў прэзідэнт. — Выхопліваць і выкарыстоўваць кожны шанс, кожную магчымасць для руху. Для гэтага нам трэба без прыкрас ацаніць праведзеную работу: што дасягнута на сёння, а што не, сумленна адказаць на пытанне: “Чаму?”, зрабіць высновы і вызначыць увесь спектр задач, якія стаяць перад намі — і неадкладных, і сярэднетэрміновых, і стратэгічнага характару”. Асаблівую ўвагу новаму складу ўрада варта засяродзіць на вырашэнні задач, якія стаяць перад сферамі, найбольш блізкімі да людзей, — жыллёва-камунальная гаспадарка, будаўніцтва, аграрная галіна.

“Нам трэба заняцца самым сур’ёзным чынам пытаннямі рэгіянальнай палітыкі, каб падцягнуць да вялікіх гарадоў раёны, якія адстаюць ад узроўню і якасці жыцця. Прыкладна тое, што мы пачалі рабіць па Віцебскай вобласці. Гэта задача не толькі мясцовых улад. І ўраду трэба бу­дзе сістэмна вырашаць гэтую праблему. У нас жа кампактная, кіруемая краіна, — сказаў прэзідэнт. — Помніце, што ўсе прапанаваныя рашэнні павінны праходзіць праз прызму ацэнкі іх уплыву на патрэбы і запатрабаванні чалавека — дастойныя рабочыя месцы, узрастаючыя даходы, даступныя цэны на тавары і паслугі”.

Па многіх пытаннях у дзяржаве ўжо былі прыняты неабходныя рашэнні, і новым кіраўнікам трэба неадкладна пачаць іх выкананне, а таксама сфарміраваць свае прапановы. “Я вельмі разлічваю, што праграма дзейнасці ўрада комплексна ахопіць шляхі вырашэння ўсіх пастаўленых перад краінай задач і ва ўстаноўленыя Канстытуцыяй тэрміны будзе прадстаўлена парламенту”, — адзначыў Аляксандр Лу ка шэнка.

Усе рашэнні, якія ўплываюць на лёс Беларусі, павінны прымацца толькі ўнутры краіны і самім беларускім народам, падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з новым складам урада.

“Як зрэнку вока мы павінны берагчы нашу незалежнасць і суверэнітэт. Іх эканамічны складнік — зона адказнасці нашага ўрада. У гэтай сферы нельга дапусціць ніякай страты нацыянальных паўнамоцтваў. Усе рашэнні, якія ўплываюць на лёс Беларусі, павінны прымацца толькі ўнутры краіны і намі”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў аб многіх істотных дасягненнях краіны за час незалежнасці, значных, прарыўных праектах, такіх як арганізацыя пад Мінскам высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыкла, рэалізацыя касмічных праграм, з’яўленне ў краіне ІТ-галіны. У най­бліжэйшы час у Беларусі будзе запушчаны першы блок атамнай электрастанцыі. “Атрымаем электраэнергію, і не трэба перажы­ваць, што яе няма куды дзяваць будзе — народу адда­дзім, — прапанаваў прэзідэнт. — Знойдзем мы, як знізіць кошт электрастанцыі і тарыфаў на электраэнергію”.

“Мы стварылі новую ІТ-галіну. Мы замахнуліся не проста на лічбавізацыю — на штучны інтэлект. Нас ведаюць і паважаюць у свеце. Мы зрабілі гэта і шмат-шмат іншых праектаў. А гавораць, што мы сядзелі на месцы і не займаліся новымі і найноўшымі тэхналогіямі. Можна сказаць: я магу больш. Але калі можаш больш, то пакажы грошы. Дзе ты возьмеш грошы, каб зрабіць больш?” — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Відавочны таксама дасягненні ў асваенні касмічнай прасторы. “Хто мог падумаць (у тыя гады, калі Беларусь толькі набыла незалеж­насць. — Заўвага БелТА.), што гэтая збяднелая краіна зможа пранікнуць у космас і стаць у шэраг з 20—30 касмічнымі дзяржавамі? І нас прынялі ў гэты шэраг”, — канстатаваў беларускі лідар.

Ён таксама звярнуў увагу на айчынныя распрацоўкі ў галіне ўзбраенняў і ракетабудавання. “Не ўсё было гладка і прыемна, але мы зрабілі гэта. І сёння любы, хто зробіць замах на нашу зямлю, разумее, што ракета гэтая залятае ў фортачку. Гэта высокадакладная зброя. Я ні ў якім выпадку нікому не пагражаю. Мы ні на каго не збіраемся нападаць, але маем усё для таго, каб абараніць сваю краіну, — падкрэсліў прэзідэнт. — Гэта адказ тым, хто думае, што мы тут закасцянелі і нічым не займаемся”.

Тым не менш ёсць катэгорыя людзей, якія не бачаць або не хочуць бачыць дасягненняў Беларусі. “Яны становяцца ў чаргу, недзе нехта крычыць, дэманструе нешта і гэтак далей. Праўда, на некаторых паглядзелі ў Гродне, дык яны добра ўладкаваліся. “Лукашэнка дрэнны”, а самі жывуць у палацах. Нейкая 80-гадовая жанчына крычала. Прыслалі мне фатаграфію: асабняк сына і яе асабняк на адной пляцоўцы. Чаго табе не хапае?”, — сказаў прэзідэнт.

Адно з найважнейшых дасягненняў Бе­ларусі — мір і стабільнасць, аднак некаторыя і пра гэта забываюць. “Адзіная постсавецкая краіна, якая не бачыла гора. Некаторым беларусам здаецца, што гэта недзе далёка Украіну разбурылі, ідзе вайна там, адсеклі частку тэрыторыі. Недзе далёка Малдова, якую падзялілі папалам, — Прыднястроўе і заходняя частка. Забылі, як у Літве ваявалі, з боем адстойваючы незалежнасць і суверэнітэт у савецкія часы пры Гарбачове. Забылі, што сёння яшчэ палае Каўказ, армяне з азербайджанцамі ваююць, не могуць дагаварыцца. Забылі, што Грузія страціла амаль трэць сваёй тэрыторыі — спачатку Абхазію, потым Паўднёвую Асецію. Нарэшце, ніхто не ведае, як мой сябар Рахмон з кулямётам наперавес хадзіў у сталіцу Таджыкістана Душанбэ, каб навесці парадак, колькі загінула там лю­дзей, як з барадачамі змагаліся. Забылі, як былы прэзідэнт Карымаў у Андыжане падавіў путч, расстраляўшы тысячы чалавек. Усе асу­джалі яго, а калі памёр — на каленях стаялі, рыдалі-плакалі. Мы гэтага не перажылі, таму мы гэтага разумець не хочам — некаторыя. Ну, дык мы нагадаем”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ацэньваючы пройдзены этап, ён прызнаў, што некаторыя вынікі маглі быць і лепшыя. “Час і магчымасці для гэтага былі. Але былі і аб’ектыўныя прычыны, — сказаў ён. — Бяда навалілася з гэтай пандэміяй. Калі б яе не было, мы спакойна жылі б і працавалі”. Аляксандр Лу­кашэнка адказаў на папрокі тых, хто лічыць дзеянні Беларусі па барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй няправільнымі. “Нашы беларусы дзякуюць урачам, што мы змагаемся за кожнае жыццё, што ў нас на два парадкі менш смярцей, чым у такіх жа краін і нашых суседзяў. Не, трэба камень у агарод кінуць. А што не так? Што ў нас не так, як у іншых? Што мы не ізалявалі і на каранцін не адправілі беларусаў? Што мы не аб’явілі каменданцкую гадзіну? Дык сёння ўвесь свет пацвярджае, што Лукашэнка меў рацыю”, — сказаў прэзідэнт. Па яго даручэнні чыноўнікі на самым высокім узроўні пастаянна кантра­лююць развіццё эпідэмічнай сітуацыі, прымаюцца меры для захавання жыццяў людзей.

“Мы стварылі сваю краіну, дзе могуць жыць нашы дзеці. Сёння той момант, калі яе трэба адстаяць, абараніць. Вы бачыце, што нас на часткі разрываюць, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Некаторыя думаюць: вось цяпер з неба ўсё зваліцца. Глядзіце, каб у Сірыю не паехалі ваяваць і ў Лівію. І не дай бог за свае кавалкі зямлі давядзецца ваяваць, адстойваючы іх. Хачу звярнуць увагу некаторых беларусаў на гэта. Любыя рашэнні мы павінны прымаць тут, у інтарэсах беларускага народа, і ў нас ёсць усе магчымасці для гэтага”.

Сістэма дзяржаўных органаў павінна працаваць, каб забяспечваць выкананне галоўнай мэты — дасягненне ўстойлівага збалансаванага эканамічнага росту з тэмпамі вышэйшымі за сярэднесусветныя, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы назваў урад “эканамічным штабам і цэнтрам выпрацоўкі найважнейшых рашэнняў”. “Неабходна знайсці формы і інструменты, якія прымусяць усю сістэму дзяржаўных органаў забяспечваць выкананне галоўнай мэты — дасягненне ўстойлівага збалансаванага эканамічнага росту з тэмпамі вышэйшымі за сярэднесусветныя. Іншага выйсця няма. Ніхто не павінен застацца ў баку ад гэтай работы, і кожны павінен дакладна разумець сваю ролю ў гэтым працэсе”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Ён адзначыў, што ў Беларусі адкрытая эканоміка, аднак меры для абароны ўласнага рынку прымаць усё ж неабходна. “Наш унутраны рынак невялікі, але і аддаваць яго ні ў якім разе нікому нельга. Гэта тое пытанне, якое стаіць перад урадам, і той урад не вырашыў гэтае пытанне, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Спасылаліся на нейкія абавязацельствы. Паглядзіце, як Расія зрабіла. Узяла і закрыла граніцы, каб туды ніхто не ўвозіў ні салярку, ні бензін. Яна закрылася ад імпарту. Гэта што, правільна? Ды пляваць, пандэмія ўсё спіша, вось і закрыліся”.

“Чаму іншыя краіны так абараняюць свой унутраны рынак? Яны ж нам не адкрылі яго. І нават калі мы да сваіх сяброў звяртаемся, калі хочам нешта прадаць, год-два марудзяць, пакуль мы не прадставім спіс і не пакажам, колькі, якім аб’ёмам і па якой цане мы будзем прадаваць сваю прадукцыю на іх рынках. Усе кі­руюць гэтым, — звярнуў увагу прэзідэнт. — Бяздумна аддаваць свой рынак замежным вытворцам нельга. Мае даручэнні па яго абароне папярэдні ўрад, на жаль, не выканаў, і прынцыповыя рашэнні вам неабходна прыняць у найбліжэйшы час”.

Аднак эканамічны рост павінен быць не толькі за кошт унутранага рынку, але пераважна за кошт экспарту і знешняга попыту. “Няма экспарту — няма валюты. Прычым праблему залежнасці ад рынку адной краіны трэба выра­шыць канчаткова. Мы не можам нават ад брацкай Расіі залежаць на 50—55 працэнтаў. Мы павінны дыверсіфікаваць рынкі”, — заявіў прэзідэнт. Ён нагадаў, што раней ужо былі прыняты рашэнні аб неабходнасці развіцця экспарту ў краіны блізкага і далёкага замежжа, пошуку новых рынкаў, і ў гэтым напрамку патрэбны сур’ёзныя зрухі.

Кіраўнік дзяржавы таксама чакае ад новых кіраўнікоў вырашэння праблем у прамысловай сферы. “Мінпрам так і не стаў міністэрствам прамысловай палітыкі, а па-ранейшаму працуе толькі з групай падпарадкаваных прадпрыемстваў. Гэтага мала сёння, — сказаў ён. — З-за гэтага ўпускаецца рашэнне такіх узаемазвязаных задач, як імпартазамяшчэнне і павышэнне якасці прадукцыі, якая выпускаецца. Пакуль мы не дасягнём канкурэнтнай цаны і якасці, спажывец будзе рабіць выбар на карысць замежнага тавару. Мы можам гэта зрабіць і па многіх пазіцыях навучыліся гэта рабіць. Трэба па многіх пазіцыях падцягнуць вытворчую і тэхналагічную дысцыпліну”.

У ліку найважнейшых задач для новага ўрада прэзідэнт назваў эфектыўнае кіраванне дзяржмаёмасцю. “Яна павінна прыносіць даход, але ні ў якім разе гэтая маёмасць або прадпрыемства не павінны хадзіць і патрабаваць грошы з бю­джэту. Так, бывае складана, цяжка і трэба падтрымаць. І мы падтрымаем іх. Не таму, што яны дзяржаўныя, а таму, што там працуюць нашы людзі, і яны павінны мець магчымасць атры­маць даход і ўтрымліваць сваю сям’ю”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

“Да кіравання дзяржаўнымі актывамі, перш за ўсё прадпрыемствамі, трэба падыходзіць з пазіцыі выбудоўвання эфектыўнага бізнесу. Такога, які можа канкурыраваць на сусветным рынку і прыносіць прыбытак”, — дадаў прэзідэнт.