Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Уся эканамічная сістэма краіны павінна быць нацэлена на безумоўнае забеспячэнне інтарэсаў людзей”

Эканамічная сістэма Беларусі павінна быць нацэлена на безумоўнае забеспячэнне інтарэсаў людзей. Пра гэта кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў.

Прэзідэнт вырашыў абмеркаваць з членамі ўрада і іншымі ўдзельнікамі нарады пакет праектаў нарматыўных актаў. Паводле яго слоў, дакументы закранаюць шырокі спектр пытанняў і пранізваюць важныя сферы жыцця грамад­ства. “Таму да іх падпісання ўзнікла неабходнасць удакладніць, ці дастаткова абгрунтаваны гэтыя прапановы? Ці патрэбны яны наогул? Ці ёсць ва ўсіх зацікаўленых узгодненасць у іх далейшай рэалізацыі? Ці ўлічаны распрацоўшчыкамі ўсе наступствы?” — спытаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанні, нявырашанасць якіх людзі ў першую чаргу адчуваюць на сабе. “Гэта тычыцца гарантый правоў работнікаў на фінансава неплацежа­здольных прадпрыемствах. Пытанне, што называецца, з барадой. Ніякіх кампрамісаў, вядома, быць не можа, і ўся эканамічная сістэма краіны павінна быць нацэлена на безумоўнае забеспячэнне інтарэсаў людзей. Ніякага папулізму тут няма”, — заявіў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы абазначыў яшчэ адну праблему, з вырашэннем якой у краіне спазняюцца, і гэта стрымлівае развіццё грамадства. “Размова ідзе пра стварэнне стымулаў і інфраструктуры для збору, перапрацоўкі, утылізацыі тары і ўпакоўкі тавараў”, — растлумачыў ён.

Урад бачыць рашэнне ва ўкараненні дэпазітнай сістэмы абарачэння спажывецкай тары з-пад вады і напіткаў. “Калісьці я паўтарыў сваё патрабаванне да ўсіх, перш за ўсё вертыкалі выканаўчай улады: з адходамі трэба навучыцца працаваць, пачынаючы ад бою шкла, поліэтылену і іншых”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прывёў у прыклад Швейцарыю, дзе вельмі многія тавары вырабляюцца з другаснай сыравіны. “А нам што перашкаджае? Мы што, у кампактнай краіне — гэта ж не Расія — не можам сабраць адходы і перапрацаваць? Ды тое ж шкло атрымаць традыцыйным спосабам значна даражэй, а тут гатовае шкло пера­плавіў — і зноў атрымаў бутэльку, — заўважыў ён. — Не, мы чакаем, як з гэтай нафтай, пакуль смажаны певень, як у народзе кажуць, не дзеўбане ў пэўнае месца. Потым будзем гераічна шукаць альтэрнатыву, дамаўляцца і гэтак далей. Грошы пад нагамі — узяць не можам”.

Паводле слоў прэзідэнта, урад прапануе толькі ў 2022 годзе зрабіць тое, што апрабавана яшчэ ў Савецкім Саюзе. “І ўсе эксперты, у тым ліку Адміністрацыя прэзідэнта, далі станоўчае заключэнне. Дзіўна”, — абурыўся кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгледзець некалькі прапаноў, якія “забяспечваюць устойлівасць функцыянавання асобных сфер і законнасць у іх”. Напрыклад, удасканаленне сістэмы дзяржаўнага нагляду за тэхнічным станам трактароў, прычэпаў, самаходных машын і абсталявання. “Мае патрабаванні да пытанняў гарантавання бяспекі жыцця людзей, захаванасці тэхнікі вы ўсе ведаеце. Безгаспадарчае стаўленне да тэхналагічнага абсталявання, асабліва набытага з падтрымкай дзяржавы, недапушчальна. Але, галоўнае, спраўная тэхніка — залог бяспекі людзей”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Ён назваў злачынствам, калі дарагую тэхніку, якая адпрацавала ў гаспадарцы два гады, кідаюць пад плот, як металалом.”З гэтым трэба змагацца. І не трэба тут рыначных нейкіх разважанняў. Там, дзе рынак спрацаваў, у прыватніка, яго правяраць не трэба. Трэба кантраляваць тэхнічны стан на дарогах у плане бяспекі. Не трэба ісці і глядзець на захоўванне, як ён там паставіў тэхніку, як даглядае яе: гэта яго ўласнасць, ён ведае, як з ёй абыходзіцца, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Але колькі ў нас такіх гаспадароў? Напэўна, менш за працэнт. А астатнія будуць хадзіць з працягнутай рукой і прасіць: “Дайце грошай, каб купіць трактар, таму што пасеяць няма чым”. А гэта ўпіраецца ў харчовую бяспеку нашай дзяржавы і вялікія аб’ёмы экспарту. Вось і рабіце высновы, трэба гэта кантраляваць ці не”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ствараць новыя структуры з сотнямі новых чыноўнікаў, каб “ударыць па безгаспадарчасці”, не трэба. “Лепш не ўносьце такія прапановы, — папярэдзіў ён. — У нас дастаткова кантралёраў на месцах, пачынаючы ад старшыні райвыканкама і заканчваючы начальнікам міліцыі. Я ўжо не гавару пра тых, хто непасрэдна павінен гэтым займацца: кіраўнікі і спецыялісты канкрэтных гаспадарак”.

Прэзідэнту былі прадстаўлены таксама праекты прававых актаў, накіраваныя на ўдасканаленне натарыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся меркаваннем распрацоўшчыка дакументаў, якім выступіла Міністэрства юстыцыі, і Вярхоўнага Суда наконт таго, якія дадатковыя дзеянні прапануецца зрабіць для павышэння эфектыўнасці работы натарыусаў. “Рэгуляванне сфер, у якіх дзяржава ўзаемадзейнічае з грама­дзянінам, павінна адбывацца максімальна асцярожна, — звярнуў ён увагу. — Чаго яшчэ не хапае? Ці патрэбны нам гэтыя новаўвядзенні? Або, можа, яшчэ не зжыла сябе дзеючая сістэма работы?”

Сярод дакументаў, якія былі вынесены на разгляд кіраўніка дзяржавы, — праекты ўказаў аб дадатковым стымуляванні мясцовых органаў улады, аб прапановах па ўдасканаленні працэдуры банкруцтва і абароне правоў работнікаў, аб дзяржнаглядзе за тэхнічным станам трактароў і іншай тэхнікі, аб дэпазітнай сістэме абарачэння спажывецкай упакоўкі і стымуляванні выкарыстання электрамабіляў. У ліку тэм, якія абмяркоўваліся, таксама змяненне норм бяспошліннага ўвозу тавараў фізічнымі асобамі.

Як растлумачыў першы намеснік прэм’ер-міністра Дзмітрый Крутой, распрацаваны ўказ аб дадатковым стымуляванні мясцовых органаў улады прадугледжвае прэміраванне кіраўніцтва і работнікаў гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў за дасягненне пэўных вынікаў. Дакумент, паводле яго слоў, нацэлены на разняволенне ініцыятывы на месцах.

“Думаю, гэта добрая прапанова — падтрымаць дзяржслужачых першаснага звяна, якія, як справядліва гаворыць прэзідэнт, знахо­дзяцца на перадавой. Ад іх работы зале­жыць эканамічны поспех развіцця краіны ў цэлым, — сказаў першы віцэ-прэм’ер. — Пры гэтым не прапануецца ламаць існуючую сістэму аплаты працы ў дзяржапараце. Яна сёння паспяхова функцыянуе, прадоўжыць спакойна працаваць і далей. Пытанне толькі ў тым, каб дапоўніць яе магчымасцю прастымуляваць за асобныя добрыя вынікі”.