Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Усё будзе згодна з законам і ў рамках Канстытуцыі”

- 10:33Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў рабочую сустрэчу са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай.

“Першае пытанне, якое ў грамад­стве пастаянна абмяркоўваецца (і Лі­дзію Міхайлаўну ўцягваюць у абмеркаванне гэтых пытанняў), — тэрміны правядзення нашых парламенцкіх выбараў. Мы ўжо дакладна вызначыліся, што ў бягучым годзе праводзім парламенцкія выбары, а ў наступным годзе — прэзідэнцкія, нягледзячы на прагнозы некаторых “знаўцаў” аб тым, што Лукашэнка ў гэтым годзе, паколькі ціха і спакойна, хуценька правядзе прэзідэнцкія выбары, каб зноў схапіць крэсла і сесці ў яго надоўга. Гэта поўнасцю памылковы погляд. Як я і абяцаў, усё будзе згодна з законам і ў рамках Канстытуцыі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама закрануў пытанне ўтварэння выбарчых акруг. Палата прадстаўнікоў складаецца са 110 дэпутатаў, значыць, у краіне павінна быць створана столькі ж акруг. “Якая тут у нас канфігурацыя? Можа, нешта памянялася”, — выказаў меркаванне ён.

У час сустрэчы было абмеркавана фінансаванне выбарчай кампаніі. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што гэта няхай і не галоўнае, але немалаважнае пытанне. “Я заўсёды вам гаварыў пра тое, што лішніх грошай няма і нам нельга траціць лішнія грошы, паколькі мы выклікаем непрыманне ў лю­дзей. У нас людзі, дзякуй богу, свядомыя, мы іх ні ў чым папракнуць не можам, — адзначыў прэзідэнт. — Але тым не менш там будуць задзейнічаны лепшыя спецыялісты: настаўнікі, урачы — гэта наша інтэлігенцыя. Яны будуць прыцягнуты да работы, зарплату ім, вядома, у гэтыя месяцы плаціць трэба. І не шкада гэтым лю­дзям. Таму, не разбазарваючы сродкі, мы павінны вызначыцца з вамі па фінансаванні выбараў. У бюджэце такія грошы прысутнічаюць”.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь заўсёды надае вялікае значэнне міжнароднаму назіранню ў час выбарчых кампаній, аднак не мае намеру запрашаць экспертаў, каб дагадзіць некаму, і ў той жа час не будзе забараняць ім уезд у краіну.

“Я не думаю, што нам трэба перад кімсьці прагінацца і кагосьці цягнуць у краіну, запрашаць на адны і другія выбары. Але трэба дакладна даць сігнал: хто хоча — прыязджайце. Калі некаму патрэбны афіцыйны статус — мы яго запросім. Не трэба бегчы наперадзе калёс і прасіць: “Прыязджайце да нас на выбары, паглядзіце на нашы выбары”. Але нікому ўезд забараняць не будзем… Хочаш паглядзець на Беларусь, выбарчы працэс — прыязджай і глядзі. Пастулат адзін — нікому не забараняем”, — заявіў Аляксандр Лукашэн­ка.

Акрамя таго, прэзідэнт лічыць важным стварыць інфармацыйны цэнтр у час выбараў, каб члены ЦВК маглі аператыўна расказваць насельніцтву і журналістам пра выбарчую кампанію. “Я думаю, Лідзія Міхайлаўна, як звычайна, вам трэба гэты працэс узначаліць. Не толькі ў дзень выбараў, але, магчыма, і напярэдадні. Трэба вызначыць адпаведны фармат, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — Думаю, трэба задзейнічаць усіх членаў камісіі, каб яны ўдзельнічалі ў гэтым і інфармавалі насельніцтва аб ходзе выбараў, падрыхтоўцы да выбараў”.

“Я не хачу, каб нават так званая апазіцыя шукала нейкую падаплёку ў маіх словах наконт адкрытасці, сумленнасці правядзення выбараў. Нам сёння няма неабходнасці (на імідж трэба працаваць заўсёды) ужо вельмі сябе паказваць. Хто нас не ведае? Ведаюць і мяне, і ўладу, і парламент. Таму трэба роўна і акуратна падысці да выбараў, правесці іх дастойна”, — падкрэсліў прэзідэнт.

На яго думку, крытыка бу­дзе заўсёды, аднак аб’ектыўныя наглядальнікі бачаць, што выбары ў Беларусі праходзяць дастойна і дэмакратычна. “Але парадак і стабільнасць ля­жаць у аснове. Усё павінна быць згодна з законам. Як вызначылі па Канстытуцыі і законе, так мы і правядзём выбары. Яны для нашага народа, яны не для кагосьці. Хоць хацелася б захаваць твар і знешне выглядаць нармальна”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

На сустрэчы прысутнічала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што, хоць выбары і арганізоўвае ЦВК, Адміністрацыя прэзідэнта аказвае камісіі вялікую падтрымку.

Як паведамлялася, тэрмін паўнамоцтваў у парламента і прэзідэнта заканчваецца ў адзін год — 2020. Закон не забараняе праводзіць гэтыя выбарчыя кампаніі адначасова. Аднак у Беларусі склалася практыка, што выбары кіраўніка дзяржавы не сумяшчаюцца ні з якімі іншымі.

У красавіку ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў 2019 годзе ў Беларусі адбудуцца выбары ў Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі. Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, як і планавалася, пройдуць у 2020 годзе.

Як патлумачыла старшыня Цэнтр­выбаркама Лідзія Ярмошына, на су­стрэчы з кіраўніком дзяржавы яна выступіла з прапановай правесці выбары ў Савет Рэспублікі 7 лістапада, у Палату прадстаўнікоў — 17 лістапада.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць гэтыя прапановы, яшчэ раз праінфармаваць яго і падрыхтаваць адпаведныя праекты ўказаў. “Кіраўнік дзяржавы прапанаваў дапрацаваць нам гэтыя прапановы, улічыць меркаванне мясцовых улад і да наступнага панядзелка (думаю, менавіта 5 жніўня пачнецца выбарчая кампанія) прадставіць праекты ўказаў з канкрэтнымі датамі правядзення выбараў”, — сказала Лідзія Ярмошына.

Што тычыцца фінансавання выбарчых кампаній, старшыня ЦВК адзначыла, што ў Беларусі “выбары праходзяць па самых эканомных стандартах”. “Гэта і пажаданне кіраўніка дзяржавы, і насельніцтва да гэтага з хваляваннем ставіцца. Расходы на правядзенне выбараў у нас на кожнага выбаршчыка ў некалькі разоў ніжэйшыя, чым у прыгранічных дзяржаў”, — звярнула яна ўвагу.

У гэтым годзе на парламенцкія выбары плануецца выдзеліць крыху больш сродкаў, чым на праведзеныя ў верасні 2016 года выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў VI склікання. “У сувязі з павелічэннем сярэдняй заработнай платы адбылося нязначнае павелічэнне расходаў. У 2016 годзе член участковай выбарчай камісіі атрымліваў на рукі Br60, у гэтым годзе атрымае Br76”, — растлумачыла Лі­дзія Ярмошына.