Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Ваш патрыятызм — лепшы прыклад для падрастаючага пакалення”

Поспехі і дасягненні людзей ствараюць гісторыю дзяржавы. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод.

“Сёння мы з вамі сустракаемся напярэдадні нашага галоўнага дзяржаўнага свята — Дня Незалежнасці. Я з задавальненнем вітаю вас — таленавітых, працавітых, адданых сваёй справе прафесіяналаў. Людзей, чые поспехі і дасягненні ствараюць гісторыю дзяржавы, аб’ядноўваюць народ у пачуцці гонару за сваіх суайчыннікаў, фарміруюць імідж краіны — моцнай, паспяховай, стваральнай і абавязкова прыгожай”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў гэтыя дні адзначаецца 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. “Успамінаючы вялікі подзвіг народа-пераможцы, які падарыў нам будучыню, мы асабліва ўсведамляем адказнасць за тое, якой яна будзе ў нашых дзяцей і ўнукаў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Кожны наш дзень павінен быць пражыты дзеля важнай мэты — абараніць мір, за які аддавалі жыцці ў гады Вялікай Айчыннай, і захаваць працоўныя традыцыі пасляваеннага пакалення. Гэтыя традыцыі прадаўжаюцца ў нашых поспехах і дасягненнях”.

Прэзідэнт падкрэсліў, што на мерапрыемстве прысутнічаюць прадстаўнікі розных прафесій, але ўсіх іх аб’ядноўвае шчырае імкненне працаваць у імя роднай Беларусі. “Ваш патрыятызм — лепшы прыклад для падрастаючага пакалення”, — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзякаваў супрацоўнікам праваахоўных органаў, сілавых ведамстваў, воінам-інтэрнацыяналістам за вернасць абавязку і адданасць Айчыне, праяўленыя ў службе смеласць і мужнасць.

“Мы таксама ўшаноўваем работнікаў аграрнай галіны за дасягненні ў мінулым го­дзе. Няхай у гэты, няпросты з пункту гледжання ўмоў надвор’я, год будзе выніковым і ўмацуе нашу харчовую бяспеку. Дзякуй вам за вашу напружаную і важную для краіны працу”, — сказаў прэзідэнт.

Сярод узнагароджаных — супрацоўнікі кампаній “Белавія”, “Беларуськалій”, “МАПІД”, Маrkо — прадпрыемстваў, якія з’яўляюцца сапраўднымі брэндамі, вядомымі далёка за межамі Беларусі, а таксама работнікі аховы здароўя, навукі і адукацыі.

Высокіх узнагарод удастоены дзеячы культуры і мастацтва. “Сваёй творчасцю вы робіце наша жыццё ярчэйшым і духоўна багацейшым”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, гэта было прадэманстравана пры адкрыцці II Еўрапейскіх гульняў.

“Тут прысутнічаюць спартсмены і трэнеры — самыя папулярныя сёння ў краіне людзі. II Еўрапейскія гульні дораць нам нямала яркіх перамог. Мы ганарымся поспехамі нашых суайчыннікаў, ну і, вядома ж, кожны дзень чакаем новых перамог”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

На думку прэзідэнта, дасягненні кожнага, працавітасць і дысцыпліна — галоўныя ўмовы эканамічнага дабрабыту краіны, яе незалежнасці. Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды і падзякаваў усім за адданасць справе, адказнасць і высокія вынікі ў прафесійнай дзейнасці.

Для ўзнагароджаных таксама была арганізавана экскурсія па Палацы Незалежнасці.