Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Ваш поспех — прыклад сапраўднага патрыятызму”

- 10:42Актуально, Апошнія запісы

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 снежня ў Палацы Незалежнасці ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды работнікам розных сфер дзейнасці.

“За кожным высокім званнем, ордэнам, медалём — гісторыя чалавека. Чалавека-стваральніка, таленавітага, працавітага, адданага сваёй справе ў краіне. Менавіта такія людзі сабраліся ў гэтай зале. Тут прадстаўнікі амаль усіх сфер дзейнасці, прафесій і рангаў. Жыхары розных куткоў Беларусі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў прэзідэнта, усіх іх аб’ядноўвае агульнае імкненне зрабіць краіну больш прыгожай, багатай і паспяховай, абараніць мір і ўмацаваць суверэнітэт. “Сваімі дасягненнямі, перамогамі, добрымі справамі вы ўвайшлі ў гісторыю адыходзячага года, у гісторыю краіны. Праславілі не толькі сваё імя, але і сваю малую і вялікую радзіму”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яшчэ ўчора прысутнымі ў зале ганарыліся толькі блізкія, сябры і калегі, а сёння іх убачаць амаль усе жыхары Беларусі, пазнаюць мільёны суайчыннікаў, заўтра прачытаюць пра кожнага з іх у прэсе. “Для іх ваш поспех — прыклад сапраўднага патрыятызму, які праяўляецца ў канкрэтных справах і канкрэтных учынках”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Ордэны і медалі, а таксама дыпломы аб прысваенні ганаровых званняў кіраўнік дзяржавы ўручыў за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, смелыя і рашучыя дзеянні ў абставінах, звязаных з рызыкай для жыцця, вялікі асабісты ўклад у развіццё беларускай журналістыкі, прамысловасці, сельскагаспадарчай і будаўнічай галін, значныя дасягненні ў сферах энергетыкі, навукі, медыцынскага і сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, адукацыі, культуры і спорту.

У ліку ўзнагароджаных — лепшыя спецыялісты рэальнага сектара эканомікі. Яны прадстаўляюць прадпрыемствы, якія не толькі паспяхова вырабляюць высакаякасную прадукцыю, але і адраджаюць вёскі, займаюцца дабрачыннасцю. Так, ордэнам Айчыны III ступені ўзнагароджаны генеральны дырэктар ЗАТ “Вітэкс” Віктар Цярэшчанка, ордэнам Пашаны — генеральны дырэктар Мінскага завода колавых цягачоў Ігар Летаў.

Шэраг работнікаў быў удастоены ганаровых званняў заслужанага работніка прамысловасці, сельскай гаспадаркі, заслужаных будаўнікоў, архітэктараў, энергетыкаў. Ганаровыя званні прысвоены артыстам, дзеячам мастацтваў, культуры і навукі, работнікам адукацыі і сацыяльнай абароны, спартсменам і трэнерам.

“Мы ганарымся высокімі дасягненнямі нашых вучоных, урачоў, педагогаў у навукова-даследчай і практычнай рабоце, а таксама вынікамі важнай для дзяржавы місіі органаў сацыяльнай абароны. Захапляемся творчымі поспехамі беларускіх дзеячаў культуры і мастацтва, дастойнымі выступленнямі і гучнымі перамогамі айчынных спартсменаў”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівыя словы віншавання Аляксандр Лукашэнка адрасаваў супрацоўнікам Беларускага тэлеграфнага агенцтва, якое 23 студзеня адзначае вялікі юбілей. “Вось ужо сто гадоў яно выконвае найважнейшую місію — фіксуе і захоўвае гісторыю нашай краіны. Яшчэ адна добрая падстава ўзнагародзіць нашых журналістаў”, — заявіў прэзідэнт.

Ордэнам Пашаны ўзнагароджана вядучы рэдактар галоўнага выпуску БелТА Аліна Шрубок. Медаль “За працоўныя заслугі” кіраўнік дзяржавы ўручыў намесніку генеральнага дырэктара — начальніку цэнтра знешніх камунікацый БелТА Марце Чвей.

Высокіх дзяржаўных узнагарод былі ўдастоены і прадстаўнікі сферы адукацыі. Так, прэзідэнт уручыў ордэн Айчыны III ступені рэктару Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Уладзіміру Шымаву. Ордэнам Пашаны ўзнагароджаны дырэктар віцебскай гімназіі № 8 Раіса Грабоўская, ордэнам Францыска Скарыны — прафесар кафедры камерцыйнай дзейнасці на ўнутраным і знешнім рынках Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Генадзь Каралёнак.

“Упэўнены, што гэтыя ўзнагароды натхняць вас на чарговыя здзяйсненні, адкрыюць перспектывы далейшага прафесійнага росту, прадаставяць новыя магчымасці для творчай рэалізацыі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт таксама павіншаваў прысутных і ўсіх жыхароў краіны з надыходзячым Новым годам і пажадаў, каб ён быў такім жа плённым і багатым на добрыя справы.
НА ЗДЫМКУ: Ордэнам Пашаны ўзнагароджана дырэктар віцебскай гімназіі № 8 Раіса Грабоўская.

Фота Мікалая ПЯТРОВА, БелТА.