Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Ваша задача — фарміраваць канструктыўнае грамадскае меркаванне праз своечасовую і аб’ектыўную падачу матэрыялу, шчыры і ўдумлівы дыялог з аўдыторыяй”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка высока ацэньвае ролю СМІ ў сучасным свеце, дзе на першы план выходзяць не ўзброеныя сутыкненні, а інфармацыйныя войны. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы з кіраўнікамі і калектывамі найбуйнейшых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі.

“Сродкі масавай інфармацыі адным ударам могуць падмяць так, што становіцца страшна”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Менавіта інфармацыйныя войны сталі адметнай рысай XXI стагоддзя. Сродкі масавай інфармацыі ператварылі ў зброю. І, ведаеце, гэтая зброя больш магутная, чым ядзерная. Таму што малы зарад у выглядзе нейкай навіны імгненна ахоплівае ўсю планету. І па сіле знішчальнага ўздзеяння не факт, што ядзерная зброя больш магутная”, — адзначыў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, у гэтых умовах галоўная задача, якую ставіць час, — барацьба за розумы і душы людзей. “Калі мы не авалодаем розумамі і душамі беларусаў, мы суверэнную і незалежную краіну ў такім класічным выглядзе ніколі не пабудуем”, — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт адзначыў, наколькі насычана інфармацыйная прастора. “Прэса, тэлебачанне, інтэрнэт паглынаюць наш час і запаўняюць свядомасць. Любая інфармацыя распаўсюджваецца са скорасцю гуку. І пазітыўная, і негатыўная. І ўсё гэта ператварылася сёння ў інфармацыйную вайну. І мы гэта бачым усюды”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь — выключна мірная краіна. “Ніякая агрэсія ніколі не будзе зыходзіць з нашай зямлі. Але і ў крыўду мы сябе не павінны даваць як у ваенных, так і ў інфармацыйных адносінах. Гарачай вайны быць не можа сёння. Усё пачынаецца з вас. На пярэдні план выходзіце вы — журналісты. Ваша задача — фарміраваць канструктыўнае грамадскае меркаванне праз своечасовую і аб’ектыўную падачу матэрыялу, шчыры і ўдумлівы дыялог з аўдыторыяй”, — рэзюмаваў прэзідэнт.

Гаворачы аб задачах, якія сёння стаяць перад сродкамі масавай інфармацыі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што частка з іх адлюстравана ў новым законе аб СМІ. У прыватнасці, размова ідзе аб развіцці айчыннага кантэнту на тэлебачанні. Пры гэтым сам закон, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, прызначаны “абараніць нашых людзей ад патоку неправеранай, непраўдзівай, дэструктыўнай інфармацыі”.

Паводле слоў прэзідэнта, сёння ўсё больш запатрабаванай становіцца якасная журналістыка з аўтарскай пазіцыяй, дакладнымі фактамі, глыбокай аналітыкай. “Абудзіць цікавасць, утрымаць чытачоў, гледачоў — гэта ваша задача. Разумна расстаўце прыярытэты і падумайце пра тэматычную, жанравую разнастайнасць тэлеканалаў, газет, каб прыцягнуць людзей розных узростаў і настрояў”, — арыентуе СМІ кіраўнік дзяржавы.

На яго думку, дастаць моладзь з тэлефонаў і камп’ютараў і прымусіць чытаць газету ўжо наўрад ці атрымаецца. “Але ў такім выпадку ў інтэрнэце мы павінны прапанаваць ім нешта цікавае, правільнае і аб’ектыўнае”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што адобрыў, каб у парламенце абмяркоўвалася пытанне змяненняў у закон аб сродках масавай інфармацыі з удзелам прадстаўнікоў СМІ. “Вы павінны для сябе зрабіць гэты закон. Калі ён да мяне паступіць, я хачу, каб вы былі задаволены гэтым законам. А калі і яны, якія мне задаюць гэтае пытанне, — гэта для мяне шчасце. Няважна, што яны за мяне не галасавалі, але я прэзідэнт усяго беларускага народа, я гатовы ўлічваць усе інтарэсы”, — сказаў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што змяненні, якія плануюцца, неабходна абмяркоўваць. “Але галоўнае, каб усе працавалі ў роўных умовах, каб канкурыравалі. Нехта з вас выходзіць на экран і гаворыць адкрыта, сумленна. Усе бачаць, камусьці падабаецца, камусьці — не… А чаму хтосьці хаваецца за нейкі кручок? Чаму ён у інтэрнэце адкрыта недзе не напіша і не паставіць свой подпіс? Чаго ты баішся?” — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заклікаў усіх адкрыта выказваць сваю пазіцыю і абмяркоўваць праект змяненняў у закон. Але разам з гэтым будзе захоўвацца кантроль за тым, каб не распаўсюджвалася інфармацыя тэрарыстычнага плана і заклікі або папулярызацыя іншых негатыўных працэсаў.

Аляксандр Лукашэнка, каменціруючы перспектывы ўнясення змяненняў у Канстытуцыю, адзначыў, што, з яго пункту гледжання, частка функцый павінна перайсці ад прэзідэнта іншым галінам улады. “Лічу, што некаторыя функцыі ад прэзідэнта павінны перайсці да іншых галін улады”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Асабліва, на яго думку, трэба ўзмацніць ролю выканаўчай улады.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка лічыць, што момант для змянення Канстытуцыі яшчэ не настаў. “Ведаю дакладна, што гэты момант яшчэ не настаў”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. СМІ будуць не апошнімі сярод тых, хто вызначыць гэты час, дадаў ён.

Пры карэкціроўцы асноўнага закона краіны, перакананы прэзідэнт, важна не перакрэсліць усё тое, што ўжо зроблена, захаваць гэты здабытак, дасягненне. “Мы павінны гэта перадаць нашым дзецям і ўнукам”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў правільнасць таго, што ў свой час Беларусь не пайшла па шляху шокавых рэформ і пераўтварэнняў. “Мне ўжо вас не трэба пераконваць у гэтым. А тады мне даводзілася гэта рабіць. Усім расказваць, што не спяшайцеся, у нас свае асаблівасці, сваё жыццё. Мы будуем сваю краіну. Не трэба бегчы за Расіяй, у тым ліку па гайдараўскіх рэформах. Калі б мы па гэтай шокавай тэрапіі прайшлі, краіны сёння не было б. Без працы нічога не будзе. Ніякі рынак не выратуе”, — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў значнасць таго, што многія ў Беларусі сапраўды ганарацца сваёй краінай. “І мы не балбатнёй стварылі незалежную Беларусь, а рэальна. З намі лічацца!” — сказаў прэзідэнт.

Удзельнікі сустрэчы закранулі тэму адказнасці СМІ ў цяперашніх няпростых умовах, калі фэйкавыя навіны здольны сур’ёзна паўплываць на грамадскае меркаванне. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што з’яўляецца прыхільнікам шчырай і сумленнай палітыкі, і параіў медыя дзейнічаць такім жа чынам. “Можна адступіць ад прынцыпаў, але пройдзе час, і ён усё расставіць на месцы”, — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што СМІ, як бы гэта цяжка і складана ні было, трэба захоўваць аб’ектыўнасць. Беларусы працягваюць будаўніцтва сваёй дзяржавы, і на гэтым шляху важна захоўваць маральныя прынцыпы.

“Вельмі прашу вас і строга патрабую: зрабіце тэлебачанне лепшым. Каб карцінка была і падача матэрыялу. Каб журналіст сказаў два сказы, але трапна. Я хачу глядзець толькі свае каналы. Я вельмі нацыяналістычны ў гэтым плане”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама асабліва адзначыў, што беларускія журналісты ў няпростыя гады змаглі захаваць унутраны стрыжань. “Я лічу, што ў свеце вы лепшыя. І не страцьце гэта, — адзначыў ён. — Вы маглі, разам са мной, вядома, пасеяць поўны хаос і бардак у краіне. Але вы прытрымліваліся нейкага стрыжня. Так заўсёды ў жыцці павінна быць. Старэйшыя журналісты гэта дакладна разумеюць. Вы ад яго не адышлі, не залгаліся. Я вас не падвёў да таго, каб вы прадаваліся за капейку”.

Журналісты расказалі, што пасля рэзанансных здарэнняў падчас не могуць атрымаць своечасовыя каментарыі ад кіраўнікоў адпаведных ведамстваў. Некаторыя адказваюць: “Без каментарыяў”. Збягаюць ад камер. Але ж атрымліваецца, што адразу пасля якога-небудзь здарэння яно пачынае абрастаць у сацыяльных сетках здагадкамі, якія часам не маюць нічога агульнага з рэчаіснасцю.

Аляксандр Лукашэнка згадзіўся, што такая сітуацыя не з’яўляецца нармальнай. “Гэта ненармальна, калі прэзідэнт гаворыць больш за міністра па яго тэме”, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, каб грамадскасць атрымлівала аб’ектыўную і своечасовую інфармацыю, неабходна, каб сваю пазіцыю выказвалі кіраўнікі адпаведных ведамстваў.

У ходзе размовы з прэзідэнтам адзначалася і роля прэс-службаў, якія таксама павінны хутка даводзіць да грамадскасці актуальную і важную інфармацыю.

Чыноўнікі павінны ўмець размаўляць з журналістамі і прадастаўляць ім неабходную інфармацыю, заявіў Прэзідэнт Беларусі.

“Я не ведаю, як гэта вы будзеце рабіць, але, калі я пачую або ў інтэрнэце прачытаю, што чыноўнік не размаўляе з журналістам і не прадастаўляе тую інфармацыю, якую павінен, перш за ўсё асноўным нашым журналістам і сродкам масавай інфармацыі, уносьце неадкладна прапановы аб яго замене. Таму што другі раз будзе вельмі балюча для яго”, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка Адміністрацыю прэзідэнта і Міністэрства інфармацыі.

Прэзідэнт адзначыў, што часам з-за няўмення чыноўнікаў пракаменціраваць нейкую праблемную сітуацыю гэта даводзіцца рабіць кіраўніку дзяржавы, каб расхлёбваць гэты бруд. “Калі ты прыйшоў міністрам, намеснікам, кіраўніком прадпрыемства, будзь ласкавы размаўляць з журналістамі, як ні было б цяжка і складана”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым, паводле яго слоў, і самі журналісты павінны быць больш настойлівымі, дабіваючыся каментарыяў у чыноўнікаў.

Пытанне аб узаемадзеянні з афіцыйнымі асобамі і іх адмовах часам пракаменціраваць тую ці іншую праблему ўзняла на сустрэчы з кіраўніком дзяржавы гендырэктар БелТА Ірына Акуловіч. Паводле яе слоў, кіраўнікі ўсіх рангаў і ўзроўняў павінны разумець, што, калі ў іх ёсць інфармацыя, ёй трэба дзяліцца, пакуль праблема не набыла разбуральных маштабаў.

Напярэдадні мерапрыемства ў адрас кіраўніка дзяржавы паступіла ад грамадзян пытанне аб Курапатах. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што год ці паўтара назад даручыў Адміністрацыі разабрацца з гэтым пытаннем.

“Пара заканчваць гэтую валтузню на касцях. Вы зацягнулі прадстаўленне прэзідэнту макета гэтага ўрочышча. Пакладзіце мне на стол дакументы, каб я мог зацвердзіць і мы стварылі там месца для душы. Трэба аператыўней скончыць гэта, прывесці ў парадак гэты лес, урочышча, паставіць самы просты помнік, або капліцу, або яшчэ нешта. Каб чалавек, які спачувае сем’ям і пакутуе, што загінулі людзі, прыйшоў туды, прынёс кветкі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“І мы гэта абавязкова зробім”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым прэзідэнт заўважыў, што пытанне аб Курапатах было палітызавана з самага пачатку свайго з’яўлення, такім засталося і цяпер. “Мяне гэта не задавольвала і цяпер не задавольвае, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Там загінулі людзі”.

Ён канстатаваў, што ёсць некалькі версій аб трагічных падзеях, што здарыліся ў гэтым месцы. Паводле адной з іх, у Курапатах савецкія ўлады расстрэльвалі рэпрэсіраваных беларусаў, паводле іншай — там учынялі расправы над грамадзянамі немцы ў час Вялікай Айчыннай вайны. І сёння, паводле слоў прэзідэнта, ужо не так важна, хто быў віноўнікам той трагедыі, паколькі вынік адзін — загінулі людзі. “Людзі, якія там, хочуць спакою. Ім не патрэбны гэтыя скокі на касцях”, — упэўнены прэзідэнт.

Беларусам яшчэ трэба будзе зразумець ролю БНР, выказаў меркаванне Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што як гісторык па адукацыі звяртаўся да гэтай тэмы, вывучаў існуючыя меркаванні. Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да высновы, што ў Беларусі пакуль не разумеюць, што такое БНР і якую ролю яна адыграла.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, у гэтай частцы беларускай гісторыі не ўсё відавочна. З аднаго боку, стваральнікі БНР хацелі адзінства для краіны, з іншага — звярталіся па дапамогу да нямецкага кайзера. Адказваючы на пытанне, якое паступіла ад інтэрнэт-карыстальнікаў, кіраўнік дзяржавы сказаў, што размовы пра тое, каб зрабіць 25 сакавіка дзяржаўным святам, дачасныя. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пакуль ён знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта, гэтага не будзе. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі ўжо ёсць Дзень Незалежнасці. “У нас ёсць Дзень Незалежнасці. Калі б мы тады не перамаглі, то сапраўды ніякай незалежнасці не было б”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Дзень Незалежнасці ў Беларусі адзначаецца 3 ліпеня. У гэты дзень у 1944 годзе Мінск быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

На сустрэчы было ўзнята і пытанне стымулявання занятасці насельніцтва. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такая праблема ёсць не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах.

У прыватнасці, прэзідэнт сказаў, што з вырашэннем такой праблемы сутыкаюцца і ў іншых дзяржавах, напрыклад, у Расіі.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што амаль паўмільёна чалавек працаздольнага ўзросту ў Беларусі не працуюць. У іх ліку і тыя, у каго праблемы з законам. Атрымліваецца, што дзяржава поўнасцю бярэ на сябе аплату паслуг (адукацыйныя, медыцынскія, жыллёва-камунальныя).

Прэзідэнт адзначыў, што асноўная сутнасць дэкрэта № 1 у тым, каб людзі працавалі і ўносілі свой уклад у фінансаванне прадастаўленых дзяржавай паслуг, у тым ліку аховы здароўя, ЖКГ. Галоўнае ў дэкрэце № 1 — стымуляванне занятасці, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. “І гэта была мая ідэя, мне яе ніхто не падказваў”, — дадаў прэзідэнт, гаворачы аб ініцыіраванні гэтага дакумента.

Як паведамлялася, дэкрэт № 1, які кіраўнік дзяржавы падпісаў 25 студзеня 2018 года, накіраваны ў першую чаргу на актывізацыю работы органаў улады па максімальным садзейнічанні грамадзянам у працаўладкаванні, стымуляванні працоўнай занятасці і самазанятасці насельніцтва.

У гэтых мэтах дэкрэтам на ўрад ускладаюцца задачы па ўстанаўленні прагнозных паказчыкаў у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва і пераліку тэрыторый з напружанай сітуацыяй на рынку працы, ажыццяўленні маніторынгу, ацэнкі якасці і даступнасці паслуг у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва.

У сваю чаргу мясцовыя органы ўлады павінны забяспечваць індывідуальную работу з грамадзянамі на месцах пры правядзенні работы па іх працаўладкаванні і рэсацыялізацыі асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Акрамя таго, абласныя, Мінскі гарадскі Саветы дэпутатаў змогуць дадаткова накіроўваць сродкі мясцовых бюджэтаў на рэалізацыю мерапрыемстваў у галіне садзейнічання занятасці насельніцтва на тэрыторыях з напружанай сітуацыяй на рынку працы.

Дэкрэтам прадугледжаны падыход, накіраваны на стымуляванне працаздольных непрацуючых грамадзян да легальнай занятасці. Прадугледжана, што з 1 студзеня 2019 года такія асобы будуць ажыццяўляць аплату паслуг, якія субсідзіруюцца дзяржавай, па іх поўным кошце. Канкрэтны пералік такіх паслуг вызначае ўрад. Пры гэтым ключавая роля ў арганізацыі работы па выкананні норм дэкрэта адведзена мясцовым органам улады.

Беларусь павінна заставацца краінай зімовых відаў спорту, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што хутка адбудзецца вялікая нарада аб развіцці зімовых відаў спорту. Яна праводзіцца не таму, што ў гэтай сферы больш праблем, чым у летніх відах спорту. “Справа ў тым, што прайшла Алімпіяда, у зімовых відах спорту пачынаецца новы цыкл. І гэта цяпер актуальна, важна. Гэта мы яшчэ не забылі: і перамогі, і недахопы, якія ёсць. У гэты момант трэба правесці такое мерапрыемства па зімовых відах спорту, пагаварыць, як будзем жыць далей, ці будзем мы наогул зімовай краінай, ці будзем развіваць гэтыя віды. Я лічу, што мы павінны захаваць Беларусь як зімовую краіну”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Для гэтага прымаюцца ўжо адпаведныя рашэнні. Напрыклад, пачалі праектаваць новыя спартыўныя аб’екты, наладжваецца вытворчасць неабходнага інвентару. “Цяпер кожная федэрацыя разбіраецца ў сябе, як будзем жыць. Напрамкі я ўказаў”, — дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт канстатаваў, што і ў летніх відах спорту ёсць некаторыя вынікі. Напрыклад, пэўныя поспехі, няхай і нягучныя, робяць беларускія гандбалісты і валейбалісты. “Трэба планаваць, каб мы правялі (хутчэй у гэтым годзе) нараду па летніх відах спорту з улікам II Еўрапейскіх гульняў. Каб я мог пачуць кіраўнікоў наглядальных саветаў і федэрацый, што яны нам пакажуць”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, важна і трэба праводзіць масавыя спартыўныя мерапрыемствы, такія як Мінскі паўмарафон, але неабходны вынікі і ў вялікім спорце. У яго ўкладваюцца вялікія грошы, а перамогі атлетаў узнімаюць дух беларусаў. “На гэтым будуецца ўся ідэалогія”, — перакананы прэзідэнт.

Праблема забеспячэння кадрамі сродкаў масавай інфармацыі была закранута ў час сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўнікамі і калектывамі найбуйнейшых дзяржаўных СМІ краіны.

У прыватнасці, журналісты Белтэлерадыёкампаніі расказалі аб трывожнай, на іх думку, тэндэнцыі дэфіцыту журналісцкіх кадраў для тэлебачання, хоць падрыхтоўка гэтых спецыялістаў вядзецца ў краіне.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што трэба падбіраць тых людзей, якія пасля вучобы будуць запатрабаваны ў прафесіі.

Пры гэтым ён выказаў меркаванне, што прафесія журналіста — асаблівая. І вельмі важна, каб на журфак ішлі менавіта тыя, хто захоплены журналістыкай і пасля вучобы будзе працаваць у СМІ. “Калі адвучыўся, то павінен працаваць па спецыяльнасці”, — упэўнены кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт паставіў задачу вырашыць праблему забеспячэння кадрамі сродкаў масавай інфармацыі. Ён таксама падтрымаў выказаную тэлежурналістамі ідэю аб папярэдняй рабоце на ўзроўні школ з тымі дзецьмі, якія хочуць звязаць сваю будучыню з журналістыкай. Кіраўнік дзяржавы правёў паралель з ІТ-сектарам, дзе таксама сталі ўдзяляць асаблівую ўвагу падрыхтоўцы будучых кадраў для сваёй галіны. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў гэтым працэсе папярэдняга адбору важна не ўпусціць з поля зроку і таленавітую моладзь з сельскай мясцовасці.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава расказала, што цяпер прыкладна 1200 студэнтаў атрымліваюць прафесію журналіста ў 4 ВНУ. Яна лічыць, што закранутая праблема вельмі важная. Пры гэтым Наталля Качанава звярнула ўвагу, што студэнтаў не заўсёды хочуць браць на практыку. Разам з гэтым яна падкрэсліла, што ў краіне ёсць нямала магчымасцей для творчага развіцця як студэнтаў, так і журналістаў, прывёўшы ў прыклад творчыя конкурсы. Кіраўнік Адміністрацыі запэўніла, што ўзнятым у час сустрэчы пытанням падрыхтоўкі журналістаў будзе ўдзелена належная ўвага.

У сваю чаргу генеральны дырэктар БелТА Ірына Акуловіч закранула не менш важную тэму забеспячэння кадрамі рэгіянальных СМІ. Яна прывяла прыклад з вопыту работы ў тэлерадыёкампаніі “Магілёў”, якую раней узначальвала. Калі ў студэнтаў-практыкантаў пыталіся, хочуць яны атрымаць адзнаку за практыку або чамусьці навучыцца, большасць з іх адказвалі, што хочуць менавіта навучыцца. “Мне вельмі хацелася б, каб, калі гавораць пра журналістаў, не забывалі і пра рэгіянальныя СМІ. Усюды трэба аднолькава працаваць. У Магілёве, у Брэсце, у Мінску — у нас адны і тыя ж тэхналогіі, адны і тыя ж задачы. Развівацца і творча працаваць трэба ўсюды”, — падкрэсліла генеральны дырэктар БелТА.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава абавязкова павінна ўдзяляць увагу сродкам масавай інфармацыі, падтрымліваць іх.

“СМІ — гэта святое. І калі дзяржава можа трымаць у руках гэтыя СМІ — фінансуючы, падтрымліваючы і іншае, асабліва электронныя, то дзяржава гэта павінна рабіць. Гэта вельмі дзяржаўная справа. А калі прыватныя, то мы павінны так дамовіцца з прыватнікам, каб ён абавязкова выконваў сваю дамоўленасць”, — заявіў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што СМІ могуць як стварыць і падняць дзяржаву, так і ў міг яе разбурыць. “А калі мы дзяржаўнікі, мы павінны берагчы нашу дзяржаву. Іншага ў нас не будзе. І каштоўнасць наша будзе, нашага пакалення, калі мы ўмацуем сваю дзяржаву і дзецям перададзім”, — адзначыў беларускі лідар.

Звяртаючыся да прадстаўнікоў тэлеканалаў, кіраўнік дзяржавы заклікаў і далей удасканальваць работу ў гэтым напрамку. Пры гэтым прэзідэнт расказаў, што глядзіць на гэтую работу ў тым ліку прафесійным поглядам, грунтуючыся на асабістым вопыце. “Я гляджу шмат каналаў, параўноўваю гэта ўсё. Некалі я гаварыў, што ў студэнцкія гады захапляўся фатаграфіяй і быў нават загадчыкам фоталабараторыі ў студэнцкія часы”, — сказаў прэзідэнт.

“Якасць ужо лепшая. Журналісты ў нас добрыя, шчырыя. Гэта дакладна, — адзначыў беларускі лідар. — Рабіце добрае тэлебачанне. У нас ёсць аснова для гэтага. І рабіце так, каб вас людзі бачылі, цанілі і паважалі. А для гэтага ў вас павінны быць сумленнасць і справядлівасць. Тэлебачанне павінна быць сумленным, каб яно адлюстроўвала жыццё”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.