Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Вашы сумленнасць і адданасць справе захапляюць”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам розных сфер дзейнасці. Цырымонія адбылася 17 студзеня ў Палацы Незалежнасці.

Дыплом аб прысваенні ганаровага звання заслужанага работніка адукацыі ўручаны дырэктару Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і мола­дзі Надзеі Васільчанка.

“Мы ўшаноўваем працавітых, таленавітых і мэтанакіраваных лю­дзей. Людзей, чый трыумф сёння падзеліць уся краіна. Перш чым уручыць вам заслужаныя ўзнагароды, хацеў бы адзначыць, што праца кожнага з вас вельмі важная для нашай дзяржавы, вашы сумленнасць і адданасць справе захапляюць, а высокія вынікі выклікаюць пачуццё шчырай гордасці за наш народ”, — заявіў Аляксандр ­Лукашэнка.

На цырымонію ўручэння ўзнагарод у Палацы Незалежнасці сабраліся амаль 40 прадстаўнікоў практычна ўсіх найважнейшых сфер жыцця.

У ліку адзначаных дзяржаўнымі ўзнагародамі беларускія педагогі. На іх плячах, як падкрэсліў прэзідэнт, адказнасць за самае каштоўнае — будучыню краіны і ўмацаванне нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. Ордэнам Францыска Скарыны Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў першага прарэктара БДПУ імя Максіма Танка Святлану Копцаву. Дыпломы аб прысваенні ганаровага звання заслужанага работніка адукацыі ўручаны загадчыку кафедры паліталогіі юрыдычнага факультэта БДУ Сяргею Рашэтнікаву і дырэктару Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзеі Васільчанка.

“У год 75-годдзя Вялікай Перамогі неабходна ўдзяліць асаблівую ўвагу пытанням захавання гістарычнай памяці і традыцыйных маральных каштоўнасцей, выхавання падрастаючага пакалення на прыкладах гераічнага подзвігу нашага народа”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт выказаў удзячнасць работнікам вытворчай галіны: “Дзякуючы вам прадукцыя пад маркай “Зроблена ў Беларусі” высока цэніцца ў розных кутках нашай планеты. Давер людзей да якасці нашых тавараў дарагога варты, але патрабуе пастаяннай самааддачы і ўпартасці ў рабоце”. Дыплом аб прысваенні ганаровага звання заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўручыў дырэктару агракамбіната “Ждановічы” Рыгору Чуйко, заслужанаму будаўніку Беларусі — дырэктару ААТ “Мінскі прамтранспраект” Аркадзю Спаткаю.

Прэзідэнт падзякаваў за працу і беларускім вучоным. Паводле яго слоў, займаючыся навуковай і даследчай дзейнасцю, яны ствараюць тэхналагічную аснову развіцця Беларусі. Ганаровых званняў “Заслужаны вынаходнік Рэспублікі Беларусь” і “Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь” удастоены адпаведна галоўны саветнік ЗАТ “Галаграфічная індустрыя” Леанід Танін і галоўны навуковы супрацоўнік аддзела селекцыі пладовых культур Інстытута пладаводства Валерый Мацвееў.

Высокіх узнагарод і званняў удастоены дзеячы культуры і мастацтва. Аляксандр ­Лукашэнка заявіў, што творчыя праекты многіх айчынных музыкантаў, вакалістаў, мастакоў і кінематаграфістаў з’яўляюцца залатым фондам, нацыянальным здабыткам Беларусі. Ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь” прысвоена прафесару кафедры мастацка-педагагічнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Георгію Лойку. Заслужанымі артыстамі Беларусі сталі саліст Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля танца Мікалай Бабашка і акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Валерый Шушкевіч. Званне заслужанага дзеяча культуры Беларусі прысвоена члену Беларускага саюза кінематаграфістаў Веры Савінай.

“Вітаю таксама атлетаў, якія папоўнілі рады заслужаных майстроў спорту. Праслаўляючы краіну сваімі перамогамі, вы аб’ядноўваеце ўсіх нас у самым шчырым пачуцці — пачуцці нацыянальнай гордасці”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Званне заслужанага майстра спорту Беларусі прысвоена трохразоваму чэмпіёну свету, васьміразоваму ўладальніку Кубка свету, чэмпіёну свету сярод прафесіяналаў, майстру спорту міжнароднага класа па кікбоксінгу і тайландскім боксе Сяргею Скібе. Заслужанымі майстрамі спорту Беларусі таксама сталі спарт­смен-інструктар нацыянальнай каманды па падводным спорце Дзмітрый Гаўрылаў, спартсмены-інструктары нацыянальнай каманды па радыёспорце Ганна Шавяленка і Сяргей Швядко.

Асаблівыя словы ўдзячнасці Аляксандр Лукашэнка адрасаваў ваенным, супрацоўнікам праваахоўных органаў і судовай сістэмы. Любыя мэты дасягальныя, калі ў грамадстве пануюць мір, стабіль­насць і парадак, як падкрэсліў ён. У ліку ўзнагароджаных — начальнік Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Дэпартамента аховы МУС Ігар Абярэмка і следчы па асабліва важных справах упраўлення па расследаванні злачынстваў супраць асобы і грамадскай бяспекі галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Дзмітрый Васюковіч. Кіраўнік дзяржавы ўручыў ім ордэн “За службу Ра­дзіме” III ступені.

Звяртаючыся да ўсіх узнагароджаных, прэзідэнт адзначыў, што, ажыццяўляючы свае самыя амбіцыйныя планы, яны нат­хняюць суайчыннікаў на новыя здзяйсненні. “Быць лідарам у сваёй сферы — вялікая адказнасць і велізарная штодзённая праца. Дзяржаўнае прызнанне — гэта высокі давер. І я перакананы, што вы яшчэ не раз апраўдаеце яго новымі дасягненнямі на ка­рысць сваёй Айчыны”, — сказаў на заканчэнне беларускі лідар.

(Па інфармацыі БелТА.)
Фота Юрыя Арэшкіна, БелТА.