Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Вельмі строгая фінансавая палітыка ў дзяржаве накіравана на захаванне стабільнасці”

- 11:16Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае спакой на фінансавым рынку краіны, у чым бачыць і немалую заслугу Нацыянальнага банка. Аб гэтым ён заявіў на сустрэчы са старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Паўлам Калаурам.

Гаворачы пра бягучую сітуацыю, кіраўнік дзяржавы канстатаваў спакой на фінансавым рынку і адсутнасць якіх-небудзь насцярожанасцей у сувязі з гэтым у грамадстве. “Як бы нас нехта там не крытыкаваў, тое, што было, і тое, што ёсць, — гэта неба і зямля. Можа, некаму не падабаецца, але вельмі строгая фінансавая палітыка ў дзяржаве накіравана на захаванне стабільнасці. Таму я баюся гаварыць дзякуй, тым не менш работнікі Нацыянальнага банка заслугоўваюць гэтай падзякі”, — заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што кіраўнік Нацбанка нясе персанальную адказнасць за забеспячэнне фінансавай стабільнасці. “Кіраўнікі камерцыйных банкаў ведаюць гэтыя падыходы. Старайцеся знайсці з імі агульную мову і выбудаваць бяспечную работу ў сферы фінансаў. Апошнім часам мы менш гаворым пра грошы, фінансы. Кажуць, грошы любяць цішыню. Мы прытрымліваемся гэтых прынцыпаў”, — адзначыў прэзідэнт.

Прэзідэнт прапанаваў абмеркаваць далейшыя дзеянні і падыходы Нацбанка па падтрыманні фінансавай стабільнасці, у тым ліку магчымыя навацыі. “Нацыянальны банк на гэтым этапе праз пэўны час бачыць неабходнасць узмацнення (паўнамоцтваў. — Заўвага БелТА.) у рамках сусветнай практыкі. Каб узмацніць гэтую фінансавую -стабільнасць, патрэбны нейкія дадатковыя змяненні ў нашым заканадаўстве, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Якія, я хацеў бы пачуць, каб уяўляць, што мы будзем рабіць, прымаем мы прапанову Нацыянальнага банка або не. Але тое, што мне даложана, я абсалютна падтрымліваю”.

Павел Калаур адзначыў, што ў краіне забяспечана і цэнавая, і фінансавая стабільнасць як базавая ўмова для эканамічнага росту і павышэння дабрабыту грамадзян.

Прадметам абмеркавання на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Паўлам Калаурам таксама стала правядзенне мерапрыемстваў, прымеркаваных да 25-годдзя беларускага рубля.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, дата 25-годдзя нацыянальнай беларускай валюты павінна прагучаць у грамадстве, і ён пацікавіўся прапановамі кіраўніка Нацбанка наконт гэтага.

“Хто як яе (нацыянальную валюту. — Заўвага БелТА.) называў: зайчыкам і г.д. Але я ўспамінаю тыя часы, калі ўраду, Вярхоўнаму Савету даводзілася дзейнічаць у жорсткіх умовах. Вы гэта ўсе бачылі, з чаго нам даводзілася пачынаць. Мы паступова выбудоўвалі сваю грашовую сістэму, стваралі сваю грашовую адзінку, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Сёння ўжо ніхто не кажа, што яна такая-сякая і не такая”.

Па выніках сустрэчы кіраўнік Нацбанка расказаў, што забеспячэнне макраэканамічнай збалансаванасці асабліва важна ва ўмовах выклікаў і геапалітычных нявызначанасцей у свеце. “Забеспячэнне фінансавай стабільнасці — важны элемент макраэканамічнай палітыкі ў цэлым. Гэтаму пытанню была ўдзелена сёння асаблівая ўвага. Фінансавая стабільнасць не проста ўстойлівасць у бягучым моманце банкаўскай сістэмы, іншых фінансавых пасрэднікаў, фінансавых рынкаў, плацежнай сістэмы. Гэта такі стан усіх гэтых кампанентаў, які дазваляе заставацца ўстойлівым, нават калі будуць нейкія знешнія шокі”, — адзначыў Павел Калаур.

Ён падкрэсліў, што сістэма павінна ўмець адэкватна рэагаваць на ўзнікаючыя і магчымыя выклікі, каб захаваць устойлівы эканамічны рост. “Кіраўнік дзяржавы падтрымаў ініцыятыву Нацыянальнага банка ў гэтым напрамку”, — заявіў кіраўнік Нацбанка.

Павел Калаур растлумачыў, што ўжо цяпер кіраўнік Нацыянальнага банка нясе персанальную адказнасць за забеспячэнне фінансавай стабільнасці, за рэгулятарам замацавана функцыя маніторынгу фінансавай стабільнасці. Цяпер жа прапануецца замацаваць адказнасць Нацыянальнага банка за садзейнічанне забеспячэнню фінансавай стабільнасці.

Паводле слоў кіраўніка Нацбанка, каб была адказнасць, патрэбны і інструменты. “Міжнародная практыка ведае шэраг інструментаў. Некаторыя ў нас ужо задзейнічаны. Як прыклад — абмежаванне даўгавой нагрузкі на фізічную асобу, калі бяруцца крэдыты. Гэта накіравана на тое, каб засцерагчы насельніцтва ад залішняй закрэдытаванасці. Яшчэ адзін прыклад: інструмент, які нядаўна з’явіўся, — велічыня стандартнай рызыкі. Ён будзе выкарыстаны з 1 сакавіка. Гэта таксама прызначана абмежаваць рынкі ад залішняй валацільнасці і звышрызыкоўных бізнес-мадэлей банкаў, каб не параджаць сістэмныя рызыкі”, — расказаў Павел Калаур.

“Калі мы гаворым у цэлым пра фінансавую стабільнасць, то мы маем на ўвазе, што мы павінны не параджаць, а засцерагаць ад сістэмных рызык”, — падкрэсліў ён.

Кіраўнік Нацбанка ўдакладніў, што цяпер сумесна з урадам адпрацоўваюцца адпаведныя падыходы, пасля чаго дакументы будуць унесены на разгляд кіраўніка дзяржавы.

“Для насельніцтва — стабільнае ўстойлівае і прадказальнае асяроддзе, магчымасць планаваць свае фінансы на будучыню, а для прадпрыемстваў — правільна выбудоўваць свае бізнес-планы”,— растлумачыў Павел Калаур.

Што тычыцца 25-годдзя беларускага рубля, то, як патлумачыў кіраўнік Нацбанка, да гэтай даты плануецца прымеркаваць шэраг мерапрыемстваў. У тым ліку будзе апублікавана больш інфармацыі аб этапах станаўлення нацыянальнай валюты і Нацыянальнага банка як інстытута незалежнай дзяржавы. Павел Калаур таксама нагадаў, што ў бягучым годзе ў абарачэнні з’явяцца абноўленыя банкноты наміналам 5 і 10 рублёў. Дадаткова будуць выпушчаны ў абарачэнне і некаторыя наміналы манет.

Цяпер Нацыянальны банк распрацоўвае стратэгію па павышэнні даверу да нацыянальнай валюты.