Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Вельмі важна знайсці шляхі захавання сельскагаспадарчых і прамысловых галін нашых краін, адначасова прыняўшы ўсе меры па абароне людзей”

- 10:33Інфармацыйная гадзіна

Бягучая сітуацыя ў свеце і на постсавецкай прасторы знаходзіцца ў пастаяннай дынаміцы. Нягледзячы на гэта, відавочна, што яе ўспрыманне ў большасці краін пачынае кардынальна мяняцца, заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое прайшло ў рэжыме відэаканферэнцыі.

“Доўгія каранціны і самаізаляцыя насельніцтва выразна паказалі, што нават у звышдзяржаў няма запасу трываласці, які дазваляе ва ўмовах закрытых граніц і непрацуючых прадпрыемстваў які-небудзь значны час утрымліваць ад спаду нацыянальныя эканомікі”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ўсё часцей гучаць самыя негатыўныя прагнозы экспертаў для асобных дзяржаў і нават кантынентаў на найбліжэйшую і аддаленую перспектыву. Адной з найбольш значных праблем яны называюць пытанне забеспячэння насельніцтва прадуктамі харчавання. “Таму сёння нам вельмі важна знайсці шляхі захавання сельскагаспадарчых і прамысловых галін нашых краін, адначасова прыняўшы ўсе меры па абароне людзей”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

“Спадзяёмся, што Расія як лакаматыў нашага інтэграцыйнага аб’яднання будзе суадносіць меры, якія прымаюцца па аднаўленні эканамічнага росту, з нашымі дамоўленасцямі ў рамках саюза па забеспячэнні свабоднага доступу тавараў на рынкі краін”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб парадку дня пасяджэння, ён адзначыў, што яго галоўным пытаннем з’яўляецца прыняцце Стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. “Дадзены дакумент — гэта адначасова і план дзеянняў па паглыбленні адносін, і свое­асаблівы паваротны пункт на шляху аднаўлення і павышэння тэмпаў развіцця эканомік нашых краін”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што падрыхтоўка дакумента ішла складана, але ў цэлым бакам удалося выйсці на ўзгодненыя рашэнні па ўсіх напрамках паглыблення інтэграцыі. У сувязі з гэтым ён падзякаваў удзельнікам за канструктыўны падыход.

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што пакуль неўрэгуляваным застаецца пытанне цэнаўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку ЕАЭС.

“Неўрэгуляваным застаецца пытанне цэнаўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку ЕАЭС. З канчатковым узаемапрымальным рашэннем мы не можам вызначыцца ўжо некалькі гадоў. Прытым што актуальнасць праблемы пастаянна ўзрастае. Сёння мы павінны знайсці патрэбны нам усім кансэнсус”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Шэраг пытанняў, якія неабходна дадаткова прапрацаваць, абазначыў Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў. Ён прапанаваў не спяшацца з прыняццем гэтага знакавага дакумента, дасканала дапрацаваць і потым прыняць. Магчыма, і ў вочным фармаце.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з існуючай сітуацыяй прапанаваў адобрыць падрыхтаваны дакумент у цэлым. “Ён не мае тэрміновых да рэалізацыі прапаноў. Гэта стратэгія. Таму спяшацца няма куды, за выключэннем пункта па прыродным газе. І тое, нават калі мы прымем у такой фармулёўцы па прыродным газе рашэнне, гэта не канкрэтнае рашэнне. За ім будуць ісці канкрэтныя перагаворы”, — адзначыў беларускі лідар.

Адпаведна, было прапанавана ў цэлым адобрыць праект дакумента і адначасова адправіць на дапрацоўку, абмеркаваўшы яго ў іншым фармаце і ў іншы час. Гэтыя падыходы былі падтрыманы ўдзель­нікамі пасяджэння.

Пасля абмеркавання лідары краін ЕАЭС у асноўным адобрылі cтратэгічныя напрамкі развіцця інтэграцыі да 2025 года, але канчаткова не прынялі. Дакумент будзе дапрацаваны з улікам шэрага прапаноў бакоў.

Як патлумачыў па выніках пасяджэння старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч, у час абмеркавання і падрыхтоўкі дакумента на розных узроўнях было шмат меркаванняў. Абмяркоўваліся не толькі тыя пытанні, якія ўвайшлі ў стратэгію, але і шэраг іншых. “Тое, што ўдалося ўзгадніць, гэта кампраміс”, — сказаў ён. Адзіным неўрэгуляваным заставалася пытанне цэна­ўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку ЕАЭС. На гэтым пытанні ў тым ліку акцэнтавалася ўвага ў час выступленняў на саміце лідараў краін інтэграцыйнага аб’яднання.

Усяго ў час саміту кіраўнікі дзяржаў прынялі рашэнні па 10 пытаннях. У прыватнасці, была разгледжана заяўка Кубы на атрыманне статусу краіны-наглядальніка пры ЕАЭС. Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет вырашыў, што перад гэтым неабходна правесці дадатковыя кансультацыі з Гаванай. ЕЭК таксама было даручана падрыхтаваць абгрунтаванне для прадастаўлення Кубе статусу дзяржавы-наглядальніка.

Прэзідэнты на пасяджэнні адобрылі пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб ЕАЭС, удакладніўшы механізм фарміравання кадравага складу ЕЭК, абмеркавалі вынікі міжнароднай дзейнасці ў мінулым годзе і зацвердзілі асноўныя арыенціры макраэканамічнай палітыкі краін ЕАЭС на 2020—2021 гады. У гэтым дакуменце змешчаны сумесныя і нацыянальныя каротка- і сярэднетэрміновыя меры, накіраваныя на далейшае паляпшэнне ў краінах эканамічнай сітуацыі, стрымліванне негатыўнага ўплыву і мінімізацыю эканамічных наступстваў ад знешніх шокаў, звязаных з пандэміяй каранавіруса. У прыватнасці, прадугледжваецца аказанне крэдытнага садзейнічання Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця, сумесная работа з Еўразійскім банкам развіцця.

Прэзідэнты зацвердзілі гадавую справаздачу Еўразійскай эканамічнай камісіі за 2019 год аб стане канкурэнцыі на трансгранічных рынках і мерах, якія прымаюцца па спыненні парушэнняў агульных правіл канкурэнцыі на іх, а таксама прынялі шэраг іншых дакументаў.

Наступнае пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета плануецца правесці ў кастрычніку — лістападзе ў Мінску ў вочным фармаце. Гэтую ініцыятыву Прэзідэнта Беларусі падтрымалі астатнія ўдзельнікі пасяджэння. “З улікам старшынства Беларусі ў ЕАЭС я вельмі разлічваю на правядзенне сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў — членаў ЕАЭС у вочным фармаце і прапанаваў бы яе правесці ў Мінску ў той час, калі вы зможаце прыехаць”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што яго ініцыятыва не выключае пры неабходнасці арганізацыю пасяджэння савета ў фармаце відэаканферэнцыі да таго, як адбудзецца вочная сустрэча.