Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Відавочна неабходнасць абнаўлення агульнаеўрапейскага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі, супрацоўніцтва”

- 11:00Інфармацыйная гадзіна

З выступлення Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на пленарным пасяджэнні, прысвечаным урачыстаму адкрыццю 26–й штогадовай сесіі ПА АБСЕ

Прыехаўшы ў Беларусь, паважаныя сябры, вы зразумелі, што літаральна ўчора-пазаўчора, у гэтыя дні мы адсвяткавалі Дзень Незалежнасці. І гэты Дзень Незалежнасці адзначаецца ў дзень вызвалення Беларусі ад фашызму. Ён сімвалізуе гістарычную пераемнасць самастойнага шляху развіцця краіны, заснаванага на прынцыпах справядлівасці, сацыяльна-палітычнай стабільнасці, добрасуседства і шматвектарнасці знешняй палітыкі.

Пасля здабыцця суверэнітэту мы паставілі перад сабой мэту пабудаваць дзяржаву для народа, дзе забяспечваецца поўнае і свабоднае развіццё асобы, захоўваюцца правы чалавека.

Я хацеў бы нетрадыцыйна пачаць сваё выступленне — з рэагавання на тыя пытанні, якія ўзняты вамі, парламентарыямі. І сярод гэтых пытанняў (вельмі важныя пытанні, якія ў любой дзяржаве ёсць і якія трэба вырашаць) — правы чалавека, вяршэнства закону, дэмакратыі. Мы робім усё, каб у Беларусі было не менш іх, чым у іншых дзяржавах Еўропы.

Найважнейшым элементам сістэмнага забеспячэння ўсяго комплексу правоў і свабод грамадзян стала распрацоўка першага ў гісторыі незалежнай Беларусі Нацыянальнага плана па правах чалавека. У яго рэалізацыю максімальна шырока ўключаны дзяржаўныя арганізацыі і грамадзянская супольнасць.

Нас заклікаюць (таксама пытанне гучала) да адмены смяротнай кары. Мы гэтыя прапановы чуем. І не толькі чуем. Але супраць волі народа, пераважная частка якога на рэферэндуме выказалася за яе захаванне, ніводная дзяржава пайсці не можа, ніводная цывілізаваная еўрапейская дзяржава.

Нагадаю гісторыю: гэтыя прэтэнзіі да постсавецкіх рэспублік гучалі і раней. І многія былыя парламентарыі да вас настойвалі, каб у Беларусі выказаўся народ наконт адмены смяротнай кары. Мы як маладая суверэнная дзяржава прыслухаліся да вашых парад, вынеслі гэтае пытанне на рэферэндум і атрымалі вынік. Цяпер, каб ад гэтага адмовіцца, патрэбен час. Таму вы, калі ласка, нас не падганяйце. Мы ведаем, што гэта такое і якія вашы патрабаванні. І я ўпэўнены, што мы паступова прыйдзем да вырашэння гэтай праблемы.

Цяпер пра выбары — таксама пытанне, якое вы тут узнімалі. Апошнія гады ў нас развіваецца даволі канструктыўны дыялог з БДІПЧ АБСЕ. Для аналізу рэкамендацый бюро, дадзеных па выніках праведзеных прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў, створана спецыяльная міжведамасная экспертная група. Яе напрацоўкі будуць выкарыстаны пры далейшым удасканаленні выбарчага заканадаўства і практыкі яго прымянення. Гэтую работу мы маем намер праводзіць паступова, удумліва, без спешкі і шараханняў.

Хачу падкрэсліць, паважаныя сябры: тут не павінна быць ніякіх двайных стандартаў, калі той жа БДІПЧ патрабуе ад адной дзяржавы адно, а ад другой дзяржавы не патрабуе нічога наогул. Двайных або трайных стандартаў быць не павінна!

Постсавецкія рэспублікі, наколькі я помню, звярнуліся ў АБСЕ: давайце, па-першае, прымем Статут АБСЕ. Дзіўна, паважаная арганізацыя сёння не мае свайго Статута. І, па-другое, калі размова ідзе пра выбарныя працэсы і яны найбольш вострыя, што выклікае сумненні ў еўрапейскіх дзяржавах, давайце выпрацуем пералік патрабаванняў па выбарным працэсе і па гэтых патрабаваннях будзем прад’яўляць прэтэнзіі або адабраць той ці іншы выбарны працэс. Але пакуль у нас і гэтага няма. І асобныя прадстаўнікі, якія да нас прыязджаюць (і на апошніх выбарах іх было больш за 600), трактуюць па-свойму выбарны працэс. Адсюль і патрабаванні розныя. Таму нам пара прыняць статутныя дакументы, асноватворныя дакументы функцыянавання нашай арганізацыі.

Мы гатовы вучыцца і вучымся, у тым ліку ў вас. Але без вокрыкаў і пануквання! Мы адкрытыя для дыялогу, мы пераймаем ваш замежны вопыт.

Упэўнены, вас не трэба пераконваць у тым, што ў нашай краіне нямала зроблена для народа. І я шчаслівы, што вы ўсе прыехалі ў Беларусь. Той, хто наогул толькі штосьці чуў пра Беларусь, каму хтосьці нешта расказваў, нехта чытаў пра Беларусь, можа, хтосьці быў тут. Добра, што вы ўсе пабываеце тут і на свае вочы ўбачыце тое, што адбываецца на гэтым кавалачку зямлі.

А гэты кавалачак зямлі — геаграфічны цэнтр Еўропы. Гэта мост, як сёння спадарыня Мутанен выказалася, паміж Усходам і Захадам. Гэта месца для вырашэння злабадзённых пытанняў. А Беларусь сёння ёсць і будзе заўсёды донарам нашай рэгіянальнай, а магчыма, сусветнай бяспекі. Гэта мы вам гарантуем.

Цяпер у нас вырашана праблема беднасці, захоўваюцца высокі ўзровень сацыяльнага забеспячэння грамадзян, мінімальны разрыў у даходах розных слаёў насельніцтва.

Кожнаму гарантавана права на атрыманне адукацыі, па даступнасці якой Беларусь не ўступае самым высокаразвітым краінам. Заўважу: самы высокі ўзровень адукацыі ў нас для грамадзян бясплатны.

Наша дзяржава ўвайшла ў лік сусветных лідараў па ўзроўні развіцця аховы здароўя і медыцыны. Кожны грамадзянін незалежна ад дастатку мае магчымасць бясплатна атрымаць любы від медыцынскай дапамогі, у тым ліку самай высокатэхналагічнай.

Актыўна развіваецца і медыйная прастора Беларусі, на якой прысутнічаюць сродкі масавай інфармацыі розных форм уласнасці і палітычных поглядаў.

Заўважу, што ў Беларусі трансліруюцца ўсе каналы — сусветныя і еўрапейскія. “Еўраньюс” у нас глядзіць кожны грамадзянін. Усе буйныя каналы Расійскай Федэрацыі цалкам трансліруюцца ў Беларусі. Нібыта маючае месца ўшчамленне свабоды СМІ ў нашай краіне — гэта клішэ з арсенала мінулага. У век інтэрнэту гэта наогул пазбаўлена ўсялякага сэнсу. А ў развіцці інтэрнэту і яго даступнасці вы нас ніколі не папракняце…

Для далейшага цывілізаванага развіцця дзяржавы беларусам трэба толькі адно — стабільнасць.

Эканоміка з’яўляецца асновай паспяховага функцыянавання любой дзяржавы. І сучасная Беларусь — гэта экспартаарыентаваная краіна, вядомая сваімі прамысловасцю, сектарам паслуг і сельскай гаспадаркай.

У кароткія тэрміны вырашана пытанне ўласнай харчовай бяспекі, выбудавана сістэма вытворчасці, якая дала магчымасць нам заняць дастойнае месца сярод экспарцёраў прадуктаў харчавання на сусветным рынку.

Выхадам на новы тэхналагічны ўзровень стане запуск Беларускай атамнай электрастанцыі, што немалаважна і для павышэння энергетычнай незалежнасці дзяржавы.

Я не планаваў падрабязна спыняцца на тэме Беларускай АЭС. Але ў адным з праектаў рашэнняў, прадстаўленых на ваш разгляд, прапаноўвалася выказаць “глыбокую занепакоенасць” тым, як мы будуем атамную электрастанцыю. Добра, што разважлівасць узяла верх і гэтае рашэнне не было адобрана. Але я хацеў тут задаць адно пытанне тым, хто ўзнімае гэтую тэму: мы што, адзіная краіна, якая будуе атамную электрастанцыю? Не. Мы што, валодаем дзясяткамі энергетычных атамных блокаў? Не!

І наогул, я разумею, Літоўская Рэспубліка часта ўзнімае гэтае пытанне. Я гэта нармальна ўспрымаю. І нядаўна літоўцам прапанаваў: слухайце, ну колькі мы будзем сварыцца з-за гэтай станцыі, давайце яе разам пабудуем і будзем эксплуатаваць як беларуска-літоўскую станцыю, каб яна забяспечвала электраэнергіяй і Беларусь, і Літву. Калі трэба — Латвію, Эстонію, Польшчу і іншыя дзяржавы. Гэта ж самы танны від электрычнай энергіі.

Мы будуем самую бяспечную электрастанцыю. Такіх блокаў будуецца па ўсім свеце мноства. Я ведаю, дамоўленасць ёсць аб прадаўжэнні будаўніцтва ў еўрапейскіх краінах, у тым ліку ў Балгарыі. Егіпет запатрабаваў будаўніцтва ад Расіі такой станцыі. У іншых краінах яны будуюцца.

Мы лічым, што гэтае пытанне палітызавана. Давайце сядзем разам, разбяромся як мае быць і знімем гэтае пытанне, не будзем смяшыць увесь свет. Нам, Літве і Беларусі, патрэбна гэтая станцыя.

І потым: у Літве доўга функцыянавала Ігналінская станцыя, працэс вывядзення якой з абароту працягваецца. Але мы ж ніколі не ўзнімалі пытанне аб тым, што яна небяспечная. Хоць мы ад гэтай старой станцыі атрымлівалі шмат негатыўных працэсаў. Ваду для ахаладжэння гэтая станцыя атрымлівала з Беларусі. І скіданне адпрацаванай вады ішло таксама ў Беларусь. Мы разумелі: патрэбен час для таго, каб вырашыць гэтае пытанне. Разумеем і цяпер.

Я гарантую вам, еўрапейцам: мы пабудуем самую бяспечную станцыю. Пасля катастрофы ў Чарнобылі не так проста было прыняць гэтае рашэнне. І мы разумеем сёння, што галоўнае пытанне — пытанне бяспекі. Тое, што хвалюе і ўсіх еўрапейцаў, і нашых суседзяў. Адкрыта скажу: мы маем намер завяршыць будаўніцтва гэтай станцыі ў тэрмін з няўхільным выкананнем норм і стандартаў, перш за ўсё МАГАТЭ.

Беларусь заўсёды была прыкладам міралюбнасці і талерантнасці.

Сёння наша краіна ўсё больш успрымаецца як полюс стабільнасці ў Еўрапейскім рэгіёне, і гэты фактар будзе толькі ўзрастаць.

Мінск стаў прызнанай перагаворнай пляцоўкай па ўрэгуляванні крызісу ў нашай суседкі, у нашай брацкай Украіне.

Цалкам мы падтрымліваем дзейнасць трохбаковай кантактнай групы і спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ ва Украіне. Мы і далей будзем рабіць усё неабходнае, каб у гэтай дзяржаве настаў мір. Мы будзем абавязкова дзейнічаць у рамках дамоўленасцей, перш за ўсё Расіі і Украіны, па гэтых праблемах. Мы ні ў якім разе не збіраемся бегчы наперадзе. Мы абавязкова будзем выконваць тое, аб чым дамаўляюцца канфліктуючыя бакі і дзяржавы, якія з’яўляюцца донарамі стабільнасці ва ўкраінскай дзяржаве.

Мы заўсёды лічылі і лічым прынцыпова важным актыўна ўдзельнічаць у рабоце АБСЕ.

Упэўнены, што пляцоўка АБСЕ можа быць выкарыстана для наладжвання дыялогу паміж рознымі эканамічнымі інтэграцыйнымі аб’яднаннямі, у першую чаргу паміж Еўрапейскім саюзам і Еўразійскім эканамічным саюзам. А таксама паміж Еўрапейскім саюзам, Еўразійскім эканамічным саюзам і Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва, якая ўсё больш набірае вагу.

АБСЕ ў ліку прыярытэтаў вызначыла тэматыку эканамічнай узаемазвязанасці, спалучанасці эканомік. Мы асабліва зацікаўлены ў такім збліжэнні і называем яго “інтэграцыя інтэграцый”.

Беларусь выступае за пабудову справядлівай, прадказальнай і надзейнай гандлёва-эканамічнай архітэктуры ў Еўропе і ў цэлым на еўраатлантычнай прасторы.

Парадаксальна, але ўсеагульны запыт на эканамічную інтэграцыю неймаверным чынам спалучаецца з новымі праяўленнямі размежавання, абмежаваннямі ў гандлі і санкцыямі.

Сітуацыя сёння на ўсёй прасторы АБСЕ характарызуецца перманентным сутыкненнем інтарэсаў. Існуе дэфіцыт разумення адно аднаго па самым шырокім коле ключавых пытанняў.

На нашых вачах зноў узнікаюць геапалітычныя разломы. Абвастраюцца або тлеюць замарожаныя канфлікты, аб якіх я гаварыў. Яўна або скрыта расце напружанасць у ваеннай сферы, зноў павялічваюцца расходы на яе ўтрыманне.

На жаль, не ўдаецца знайсці агульныя падыходы і кансалідаваць намаганні ў барацьбе з тэрарызмам, некантралюемай міграцыяй і кіберзлачыннасцю.

Думаю, не будзе перабольшаннем сказаць, што з часу заканчэння халоднай вайны еўрапейская архітэктура бяспекі яшчэ не перажывала такога сур’ёзнага сістэмнага крызісу. Больш за тое, адсутнічаюць бачныя прыкметы гатоўнасці да пошуку кампрамісаў.

Відавочна неабходнасць абнаўлення агульнаеўрапейскага дыялогу па ўмацаванні мер даверу, бяспекі, супрацоўніцтва. Пры гэтым варта ўлічыць вялікі пазітыўны вопыт Хельсінкскага працэсу 70-х гадоў, які сведчыць, што дзейнічаць трэба на апярэджанне, а не прымаць рашэнні постфактум.

Усё гэта вымушае гаварыць аб актуальнасці ідэі запуску новага Хельсінкскага працэсу — шырокага дыялогу, накіраванага на пераадоленне існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі на нашай агульнай прасторы — у Еўраатлантыцы і Еўразіі.

У канцы мінулага года я ўжо вылучаў ідэю новага перагаворнага працэсу, аналагічнага “Хельсінкі”. Пры гэтым, гаворачы аб такой маштабнай падзеі ў сённяшніх умовах, трэба, што называецца, трымаць у галаве пашырэнне яе фармату. Магчыма, за кошт падключэння новых удзельнікаў. Тут я ў першую чаргу маю на ўвазе Кітайскую Народную Рэспубліку.

Магчыма, нехта лічыць, што на гэты час гэта недасягальна: вельмі розныя пазіцыі бакоў. Аднак, можа, сваё слова на карысць ідэі новага перагаворнага працэсу скажуць іншыя, не такія вялікія дзяржавы. Лічу, што работу па пашырэнні такога фармату, яго канцэптуалізацыі і арганізацыі перагаворнага працэсу трэба весці толькі сумесна.

Прапануем пачаць у рамках АБСЕ дыскусію аб неабходнасці арганізацыі новага Хельсінкскага працэсу.

У канчатковым выніку такі працэс садзейнічаў бы заключэнню вядучымі сусветнымі дзяржавамі нейкага глабальнага дакумента. Ён паставіў бы кропку ў даўно завершанай халоднай вайне, выключыўшы магчымасць яе аднаўлення і перарастання ў больш трагічную форму; абазначыў бы стратэгічнае бачанне новых канструктыўных адносін у рэгіёне АБСЕ.

Мы разумеем, што сфармуляваць ужо цяпер прымальную для ўсіх бакоў мадэль такога ўмоўнага “Хельсінкі-2” няпроста. Спачатку важна вызначыць агульныя прынцыпы, якія ўсіх задавальняюць, і мэты, накіраваныя на ўмацаванне даверу як мінімум у палітычнай і ваеннай сферах.

Сярод іх можа быць аб’яднанне намаганняў у барацьбе з тэрарызмам, зніжэнне напружанасці і прадухіленне ваеннай эскалацыі, каардынацыя дзеянняў па рэгуляванні міграцыйных працэсаў, а таксама забеспячэнне кібербяспекі. Словам, мы павінны адрэагаваць на выклікі сучаснасці.

Сёння важна спыніць геапалітычнае саперніцтва ў рэгіёне, адмовіцца ад стварэння сфер уплыву і навязвання дзяржавам пэўнай мадэлі грамадска-палітычнага ладу. Усім патрэбны спалучэнне інтэграцыйных працэсаў, выключна мірнае ўрэгуляванне спрэчак.

У гэты працэс маглі б уліцца агульныя напрацоўкі ў рамках папярэдніх і цяперашніх ініцыятыў.

Калі гэта будзе падтрымана, то ўжо ў наступным годзе можна аб’явіць аб правядзенні, скажам, у 2020 годзе на пляцоўцы АБСЕ пашыранай нарады ў рамках новага Хельсінкскага працэсу і пачаць падрыхтоўку да падагульняючага саміту.

З улікам нашага вопыту, калі гэта будзе неабходна і будзе ваша адабрэнне, мы гатовы стаць стартавай пляцоўкай для пачатку гэтага працэсу. Хоць разумеем, што пытанні месца, часу з’яўляюцца асаблівай тэмай, якая патрабуе асобнага абмеркавання.

Як паказвае практыка, парламентарыі больш гібкія ў прыняцці рашэнняў і не абмежаваны рамкамі, у якіх знаходзяцца прадстаўнікі, напрыклад, выканаўчай улады.

Міжпарламенцкія кантакты з’яўляюцца тым пажыўным асяроддзем, дзе часта выспяваюць важныя канструктыўныя рашэнні, якія даюць магчымасць пераадольваць міждзяржаўныя рознагалоссі і супярэчнасці. Таму беларускі бок зрабіў усё магчымае для паспяховага правядзення сесіі і максімальна камфортнага знаходжання ўсіх яе ўдзельнікаў на беларускай зямлі.

Сустракаліся толькі што са спадарыняй Мутанен… Яна правільна сказала, што для вырашэння асобных пытанняў патрэбен час. Правільна. Толькі я ёй заўважыў, і яна пагадзілася: часу ў нас засталося няшмат, жыццё змянілася, жыццё не тое, што было ў канцы нават мінулага стагоддзя, усё спрасавана. Таму час патрэбен, але трэба разумець, што яго амаль не засталося для вырашэння вельмі важных праблем для еўрапейскага кантынента.

І яшчэ. Я як учарашні парламентарый, ваш калега разумею, што галоўнае для парламентарыяў — гэта абмяркоўваць, размаўляць, сустракацца. Вось гэта мы сёння добра засвоілі. Мы ўзнімаем пытанні, мы дэбатуем, мы размаўляем, мы разважаем. А што потым? А нічога. Дзеянняў няма! Таму, абмяркоўваючы праблемы, трэба намячаць план дзеянняў з улікам таго, што часу для гэтых дзеянняў засталося мала.

І я спадзяюся, вы выкарыстаеце гэтую магчымасць, каб падштурхнуць вырашэнне гэтых працэсаў.

Я, можа, крыху недыпламатычна і вельмі востра агаліў некаторыя праблемы, якія стаяць перад намі. Але дзе гэта зрабіць, калі не на парламенцкім сходзе, калі не перад дэпутатамі, якія ніколі не будуць замоўчваць гэтыя праблемы, будуць іх абмяркоўваць і, калі трэба, будуць дзейнічаць? Таму я і выкарыстаў гэтую трыбуну для таго, каб абвастрыць тыя праблемы і тыя пытанні, якія толькі ляжаць на паверхні. Ёсць больш глыбокія праблемы, ад вырашэння якіх нам, паважаныя сябры, еўрапейцам, нікуды не дзецца.

Я хацеў бы пажадаць усім вам, удзельнікам форуму, выніковай работы і поспехаў у вырашэнні важных задач на карысць народаў нашых краін.

Дзякуй вам за ўвагу.