Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Відавочны ўклад дзяржаў БРІКС у фарміраванне гарманічных і справядлівых міжнародных адносін”

Міждзяржаўнае аб’яднанне БРІКС імкліва ператвараецца ў важную і запатрабаваную процівагу ў складаным працэсе фарміравання шматпалярнага свету. Такое меркаванне выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на сустрэчы кіраўнікоў краін, што ўваходзяць у БРІКС, з лідарамі запрошаных дзяржаў.

“Краіны, што ўваходзяць у БРІКС, не ўвязваюць супрацоўніцтва і ўзаемную дапамогу з нейкімі дадатковымі ўмовамі. Яны не імкнуцца дыктаваць сваю волю іншым дзяржавам”, — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
На яго думку, цяпер краіны БРІКС сталі лакаматывамі эканамічнага развіцця, што асабліва важна для стабілізацыі сітуацыі ў сусветнай эканоміцы. “Яны дапамагаюць іншым краінам забяспечыць посткрызіснае аднаўленне, — сказаў беларускі лідар. — Больш за тое, сёння ўсе ўдзельнікі БРІКС становяцца рэальнымі цэнтрамі інтэграцыйнага прыцяжэння ў сваіх рэгіёнах”.
“Скажу шчыра: такія падыходы і тэндэнцыі сугучныя з філасофіяй і практычнымі крокамі нашай краіны”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
“Для вядучых сусветных ігракоў відавочны ўклад дзяржаў БРІКС у фарміраванне гарманічных і справядлівых міжнародных адносін. Таму любыя спробы вырашаць сусветныя праблемы без іх удзелу — непрадукцыйныя”, — лічыць Прэзідэнт Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь высока ацэньвае прадастаўленую магчымасць для прамога і адкрытага дыялогу з лідарамі БРІКС і іншых дзяржаў, якія прымаюць удзел у форуме.
“Упэўнены, што наша сустрэча закладзе аснову для пашырэння і актывізацыі адносін паміж прадстаўленымі тут краінамі”, — сказаў ён.
“Мы даўно і паслядоўна развіваем ідэю “інтэграцыі інтэграцый” у сучасным свеце. Беларусь — гэта саюзнік БРІКС па пабудове ўзаемавыгадных і раўнапраўных адносін паміж Захадам і Усходам, Поўначчу і Поўднем без раздзяляльных ліній”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
“Беларусь можна смела прылічыць да членаў клуба сяброў БРІКС. Нам удалося выбудаваць узаемавыгадныя адносіны з усімі дзяржавамі аб’яднання”, — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу прысутных на тое, што Беларусь з’яўляецца надзейным партнёрам. “Мы не маем канфліктаў на сваёй тэрыторыі і не ствараем праблем суседзям. Стабільна гарантуем бяспеку агульных граніц, транзіт энерганосьбітаў. Эфектыўна процідзейнічаем наркатрафіку і нелегальнай міграцыі. Праводзім міралюбівую знешнюю палітыку”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.
Як лідар дзяржавы, якая старшынствуе ў 2015 годзе ў Еўразійскім эканамічным саюзе, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці беларускага боку падтрымаць спецыяльныя фарматы ўзаемадзеяння ЕАЭС і БРІКС.
Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь цэніць уклад БРІКС у падтрыманне і абарону на сусветнай арэне інтарэсаў дзяржаў з пераходнай эканомікай і краін, якія сталі на шлях развіцця. “Мы ўскладаем надзеі на зацікаўленую пазіцыю БРІКС па фарміраванні больш справядлівай міжнароднай эканамічнай і фінансавай сістэмы”, — сказаў ён.