Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Вы стваральнікі, павінны імі быць”

Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з актывам БРСМ, сучасным прадаўжальнікам традыцый УЛКСМ, прайшла 29 кастрычніка ў Палацы Незалежнасці.

Фота да матэрыялу: Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Вы стваральнікі, павінны імі быць”.Кіраўнік дзяржавы ў самым пачатку прызнаўся, што на ўсялякі выпадак захапіў свой камсамольскі білет на гэтае мерапрыемства. “Мы сустракаемся тут, у Палацы Незалежнасці, як сведчанне таго, што тыя юныя, маладыя людзі, якія яшчэ не сталі на ногі, недарэмна гінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны, як сведчанне павагі да працоўнага подзвігу, які здзейсніла іх пакаленне, і таго, што мы, дзякуючы ім і тым загінуўшым, зрабілі для нашай суверэннай Беларусі, стварыўшы і пабудаваўшы гэтую дзяржаву”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Стагоддзе камсамола прэзідэнт назваў знамянальнай датай для ветэранаў арганізацыі, цяперашняй моладзі, прадаўжальнікаў традыцый самага масавага маладзёжнага руху. “Бачыць вас, пераемнікаў саюза моладзі, быццам вярнуцца ў сваё юнацтва, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Гэтае свята ў мяне, як і ў многіх нашых суайчыннікаў, выклікае самыя светлыя і добрыя ўспаміны, таму што камсамол — гэта маладосць, нястрымная энергія жыцця. Час высакароднага імкнення змяніць свет да лепшага”.

“У гэтым плане сёння нічога не змянілася. Па-рознаму мы хочам гэты свет змяніць, магчыма, крыху іншымі метадамі, чым раней. Але мы хочам гэты свет змяніць да лепшага. Гэта галоўная задача нашай моладзі”, — сказаў беларускі лідар.

“Дзяржава робіць усё для захавання міру і спакою на нашай зямлі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Але ваша задача — не даць шансу нават на спробу выкарыстоўваць ваш розум, інтэлект і энергію ў разбуральных мэтах. Вы стваральнікі, павінны імі быць. Гэта ваш генетычны код, калі хочаце. Прыродай і спадчыннасцю ў кожным з вас першапачаткова закладзена вялікая ўнутраная сіла дабра. І мы, славяне, гэтым ад многіх адрозніваемся”.

Прэзідэнт канстатаваў, што ўсе факты, звязаныя з асноўнымі вехамі развіцця камсамольскага руху, не выклікаюць ніякага сумнення, іх нельга перапісаць або ўтаіць, яны назаўсёды засталіся ў гісторыі. “Але паняцці дружбы, братэрства, адзінства, любові да Радзімы, веры ў будучыню, якія сталі гімнам Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі, і праз 100 гадоў не страцілі сваёй актуальнасці. Таму, калі распаўся саюз і новыя дзяржавы перакрэслілі слаўную гісторыю камсамола, мы падхапілі яго сцяг і перадалі сваім дзецям, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Наш здабытак у тым, што толькі мы, няхай у іншым выглядзе, пад іншай назвай, захавалі нашу маладзёжную арганізацыю. Мы былі першыя, хто пайшоў гэтым шляхам. А сёння за намі ідуць і іншыя, і вялікая Расія таксама прыйшла да разумення гэтага”.

Звяртаючыся да прысутных, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сёння ён лічыць неабходным дакладна вызначыцца з роллю, якую ў Беларусі павінен адыгрываць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

“Трэба вызначыцца нарэшце з тымі напрамкамі, па якіх будзе працаваць моладзь”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

У якасці прыкладу ён прывёў студатрадаўскі рух: “Гэта цудоўная форма. З пункту гледжання таго, што моладзь, асабліва цяпер, акунаецца ў гэтую фізічную працу. І не толькі фізічную. Вучыцца зарабляць першы рубель для сябе. Вось добры напрамак, які ў добрым сэнсе слова манапалізаваны нашым саюзам моладзі”.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з’яўляюцца і новыя рухі — валанцёрскія, настаўніцтва, догляд хворых і нядужых, ветэранаў і дапамога ім. “Але трэба вызначыцца і дакладна даць сігнал нашаму грамадству, моладзі, чым вы будзеце займацца. А органам улады — нам трэба, не баючыся, сумленна і шчыра сказаць, якой уладай мы зможам надзяліць сёння моладзь, у чым яны могуць быць памочнікамі дзяржавы, у чым мы іх будзем падтрымліваць. Хоць на ўзроўні закону”, — сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што буйныя аб’яднанні, такія як рэспубліканскі саюз моладзі, з’яўляюцца і асновай грамадзянскай супольнасці, хоць пэўнымі коламі прынята адносіць да гэтай катэгорыі толькі тыя арганізацыі, якія “ваююць супраць дзяржавы”. “У свой час я дакладна адказаў на пытанне, што такое для нас грамадзянская супольнасць. Мы не развалілі маладзёжную арганізацыю. Яна ў нас ёсць. Чым гэта не апора нашай грамадзянскай супольнасці?” — дадаў кіраўнік дзяржавы.

У аналагічным ключы Аляксандр Лукашэнка выказаўся адносна прафсаюзаў, жаночай, ветэранскай арганізацый. “Яны павінны тут (разам з маладзёжнай арганізацыяй. — Заўвага БелТА.) іграць галоўную скрыпку. Ну а той, хто хоча ў аркестры далучыцца да гэтай галоўнай скрыпкі і іграць, — калі ласка, далучайцеся, гэтае кола не закрыта. Таму нам трэба дакладна вызначыцца, якую ролю будзе адыгрываць маладзёжная арганізацыя, якія ў яе правы, улада”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з актывам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі таксама расказаў, чаму так даражыць гэтай арганізацыяй.

Кіраўнік дзяржавы сказаў, што ў яго часта цікавяцца, чаму ён такую ўвагу ўдзяляе развіццю ў краіне маладзёжнага руху.

“Скажу вам упершыню і адкрыта тое, пра што я гаварыў у самым вузкім асяроддзі. Я заўсёды гавару прагматычна: а калі заўтра са стрэльбай давядзецца паўстаць на абарону сваёй Радзімы? Я як галоўнакамандуючы хіба ж абыдуся толькі той структурай і сістэмай, якая створана ва Узброеных Сілах і міліцыі? Не. Нам давядзецца раздаць кожнаму, перш за ўсё мужыку, ды і дзяўчыне, зброю, каб абараніць, ну добра, не Радзіму, сябе і сваю сям’ю, сваіх дзяцей”, — адзначыў прэзідэнт.

“Раптам, не дай бог, канфлікт, вайна: якія ты структуры задзейнічаеш? Як было ў Вялікую Айчынную вайну? Камуністы, камсамольцы — наперад. Таму што была моцная партыйная арганізацыя, дзяржаўная ўлада ў ёй была сканцэнтравана, і маладзёжная арганізацыя. Людзі жылі, ваявалі, гінулі і прынеслі нам Перамогу, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Гэтую структуру ў цяжкую, няхай нават неваенную мінуту кіраўнік дзяржавы (не будзе мяне — будзе нехта іншы), урад змогуць задзейнічаць. Гэта каласальны рэзерв, які сёння створаны”.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы адказаў на шэраг пытанняў маладзёжнага актыву. Асаблівы акцэнт беларускі лідар зрабіў на прыродным багацці Беларусі, лясах і балотах, якія называюць лёгкімі Еўропы. “Я вырас на прыродзе, чалавек з вёскі. Для мяне гэта блізка”, — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка выказаўся ў падтрымку далейшай работы па азеляненні беларускіх гарадоў і сталіцы не толькі напярэдадні Еўрапейскіх гульняў, якія хутка адбудуцца, але і на перспектыву. Гэтаму напрамку будзе ўдзелена дадатковая ўвага і ў рамках Года малой радзімы, пад знакам якога ў Беларусі праходзяць 2018—2020 гады. “Калі я прымаў рашэнне пра тое, што гэта (2018 год. — Заўвага БелТА.) будзе Год малой радзімы, разумеў, што за год многае зрабіць не паспеем. Таму будзе тры гады. Але ў кожным годзе будзе нейкая ідэя, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Можа, працэс азелянення, адраджэння прыроды малой і вялікай радзімы стане асноўным ідэйным зместам 2019 года. У найбліжэйшы час падумаем — міністры, адміністрацыя, моладзь сваё слова скажа”.

Ад прадстаўнікоў моладзі прагучала прапанова ва ўсіх рэгіёнах Беларусі адкрыць паркі сямейных дрэў, дзе людзі маглі б пасадзіць дрэва да нейкай знамянальнай для іх сямейнай падзеі. “Цудоўная ініцыятыва. Абсалютна падтрымліваю. Чалавек прыйдзе і па плане, які будзе ў парку, пасадзіць сваё дрэўца”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прызнаўся, што сам ужо так зрабіў, пасадзіўшы дрэвы са сваімі сынамі і на тэрыторыі Палаца Незалежнасці, і жылой рэзідэнцыі.

Кіраўнік дзяржавы падтрымаў яшчэ адну прапанову — у наступным годзе правесці Рэспубліканскі форум вясковай моладзі. Такое мерапрыемства ўжо добра зарэкамендавала сябе на рэгіянальным узроўні ў Мінскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка таксама паабяцаў наведаць форум, калі паступіць такое запрашэнне.

Спецыяльна да мерапрыемства ў Палацы Незалежнасці была разгорнута выстава, арганізаваная ў форме інтэрактыўных пляцовак. Экспазіцыя была прысвечана рабоце БРСМ на сучасным этапе і тэматычна падзелена па трох напрамках: “Беларусь — крыніца натхнення”, “IТ. Крэатыўная прастора”, “Будучыню Радзімы будаваць маладым”. Прэзідэнт таксама сустрэўся з пераможцамі рэспубліканскіх маладзёжных конкурсаў і праектаў, лепшымі байцамі студэнцкіх і маладзёжных атрадаў.

Па інфармацыі БелТА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *