Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Высока цэнім нашы цесныя сувязі і нацэлены на плённае ўзаемадзеянне па ўсіх напрамках”

- 10:32Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка разлічвае на стварэнне больш магутнай гандлёва-эканамічнай базы адносін Беларусі і Казахстана. Аб гэтым ён заявіў на перагаворах у вузкім складзе з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым, які наведаў нашу краіну з афіцыйным візітам.

“Нарэшце мы пачынаем пераадольваць спад у нашых гандлёва-эканамічных адносінах. Ваш візіт паслужыць таму, каб мы маглі нарасціць тавараабарот, і ў нас для гэтага ўсё ёсць”, — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

“Нашы спецыялісты, члены ўрада, прапануюць нам варыянты. Ёсць добрыя напрацоўкі. Калі мы згодзімся з гэтымі прапановамі, гэта будзе значны крок наперад да стварэння больш магутнай гандлёва-эканамічнай базы нашых адносін”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Што тычыцца сферы палітыкі і дыпламатыі, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў поўнае супадзенне поглядаў бакоў. “Мы падтрымліваем адно аднаго ўсюды і заўсёды. Мы самыя блізкія дзяржавы. Я, прымаючы пасла Казахстана (ён вельмі шмат зрабіў для развіцця адносін), дзякаваў яму і гаварыў аб тым, што бліжэй, чым тры дзяржавы, якія стварылі Еўразійскі эканамічны саюз, сёння наогул на планеце няма. І мы павінны гэтую дружбу і наша супрацоўніцтва ўмацоўваць, падводзячы пад яго магутную эканамічную базу. Мы да гэтага гатовы”, — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Кіраўнік дзяржавы таксама заўважыў, што Нурсултан Назарбаеў заўсёды душэўна гаворыць пра Беларусь і яе народ, аддае даніну павагі беларусам за тое, што яны зрабілі, калі абодва народы жылі ў адной дзяржаве. “Цяпер мы незалежныя суверэнныя дзяржавы. І наша любоў і павага да казахстанцаў меншымі не стануць. Мы заўсёды рады таму, як развіваецца Казахстан”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён, у прыватнасці, адзначыў поспехі ў развіцці сталіцы Казахстана Астаны, яе горадабудаўнічыя дасягненні. “Сапраўды, цяперашняе пакаленне на чале з вамі збудавала помнік казахстанцам, які застанецца на вякі. Мы вельмі многае бяром у вас у будаўніцтве, шмат чаму вучымся, некаторыя элементы пераносім у Беларусь”, — сказаў прэзідэнт.

“Упэўнены, што ў Беларусі і Казахстана ёсць вялікія магчымасці для пашырэння двухбаковых сувязей. Найважнейшымі напрамкамі павінны стаць актывізацыя ўзаемных інвестыцый у вытворчасць і пашырэнне рынкаў збыту прадукцыі і паслуг. Для паспяховай работы на сусветных пляцоўках неабходна ствараць уласныя транснацыянальныя карпарацыі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. І ў нас ёсць адпаведныя такім маштабным планам рэсурсы. Больш за тое, мы адобрылі прапанову нашых урадаў па стварэнні такіх карпарацый у сферах ад адукацыі да лагістыкі”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

“Казахстан з’яўляецца для нас стратэгічным партнёрам. Мы вельмі высока цэнім нашы цесныя сувязі і нацэлены на плённае ўзаемадзеянне па ўсіх напрамках, — заявіў прэзідэнт. — Я гарантую вам: калі мы дамовіліся па нейкіх пытаннях — мы будзем свята прытрымлівацца нашых дамоўленасцей, і вы ніколі не будзеце мець з намі праблем”.

Паводле слоў прэзідэнта, бакі недастаткова выкарыстоўваюць патэнцыял навукова-тэхнічных сувязей. “Лічу важным развіццё партнёрства з Казахстанам у касмічнай сферы, напрыклад, па такіх напрамках, як дыстанцыйнае зандзіраванне Зямлі, навукова-касмічныя даследаванні, касмічная сувязь”, — адзначыў ён.

“Беларусь гатова падзяліцца сур’ёзнымі напрацоўкамі па беспілотных лятальных апаратах — не толькі арганізаваць пастаўкі, але і перадаць тэхналогіі іх вытворчасці, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Ведаю, што ў Казахстана да гэтых распрацовак вялікі інтарэс”.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што Беларусь можа прапанаваць партнёрам і ўласныя інавацыйныя дасягненні ў аграрнай галіне.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў Казахстану супрацоўніцтва ў ІТ-сферы і ўкараненні найноўшых вытворчых і фінансавых тэхналогій і інструментаў.

“Канкурэнтаздольнасць эканомікі залежыць ад аператыўнасці ўкаранення найноўшых вытворчых і фінансавых тэхналогій і інструментаў. У Казахстане ствараецца міжнародны фінансавы цэнтр “Астана” — будучы рэгіянальны фінансавы кластар. У Беларусі — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк “Вялікі камень”, які павінен стаць інавацыйным “горадам будучыні”, арыентаваным на высокатэхналагічны экспарт. Дарэчы, і адзін, і другі знаходзяцца на Вялікім Шаўковым шляху. Узаемны ўдзел у гэтых праектах паскорыць і ўзмоцніць інтэграцыю нашых краін у сусветную эканоміку”, — заявіў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, будзе карысна наладзіць кантакт міжнароднага фінансавага цэнтра “Астана” з Паркам высокіх тэхналогій у частцы ўкаранення самых перадавых распрацовак. “Мы з прэзідэнтам абмяркоўвалі гэтае пытанне і падтрымалі прапанову ўрадаў па стварэнні больш глыбокіх кантактаў паміж фінансавым цэнтрам і ПВТ. Мы гатовы абменьвацца тымі тэхналогіямі, якія напрацаваны ў Беларусі”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што свет ідзе ў эпоху лічбавай будучыні. “І тут нам ёсць што прапанаваць казахстанскім братам. За кароткі прамежак часу нашы праграмісты забяспечылі якасны рывок краіны ў ІТ-сферы і выйшлі на глабальны ўзровень. Прадстаўнікі Казахстана пабывалі ўжо ў Парку і змаглі азнаёміцца з беларускім праграмным забеспячэннем”, — дадаў ён.

“Пры належнай падтрымцы з боку абедзвюх дзяржаў можна павысіць эфектыўнасць беларуска-казахстанскіх вытворчасцей камунальнай і пасажырскай тэхнікі МАЗ, сельскагаспадарчых машын”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, рухавіком двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва застаецца прамысловая кааперацыя. “Мы адкрыты да павелічэння ўзроўню лакалізацыі прадукцыі, якую разам выпускаем у Казахстане, што дасць магчымасць стварыць дадатковыя рабочыя месцы”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь таксама мае намер заставацца надзейным транзітным партнёрам Казахстана. “Удзел дзвюх краін у рэалізацыі ініцыятывы эканамічнага пояса Шаўковага шляху адкрывае новыя магчымасці развіцця нашых тэрыторый, пашырэння транспартных калідораў, стварэння лагістычнай інфраструктуры для хуткай і зручнай дастаўкі грузаў паміж Еўропай і Азіяй”, — лічыць беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Казахстану аднавіць правядзенне Дзён культуры. “Важна, каб дух дружбы і ўзаемапавагі паміж народамі, які дастаўся нам у спадчыну ад Савецкага Саюза, падтрымліваўся і перадаваўся маладому пакаленню. Прапаную аднавіць правядзенне Дзён культуры. Гэта будзе садзейнічаць збліжэнню нашых грамадзян, папулярызацыі традыцый, дасягненняў і гістарычнай спадчыны”, — сказаў прэзідэнт.

Ён заявіў аб намеры і далей актыўна падтрымліваць кантакты ў сферах адукацыі, культуры, аховы здароўя. “Нашы краіны могуць па праве ганарыцца вынікамі ўзаемадзеяння ў гуманітарнай сферы”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Рэалізаваны ўнікальны на постсавецкай прасторы праект па стварэнні навукова-адукацыйнага кансорцыума паміж вышэйшымі навучальнымі ўстановамі і НДІ Беларусі і Казахстана, які аб’ядноўвае больш за 40 удзельнікаў. У Беларусі вучыцца звыш 500 казахстанскіх грамадзян.

Высокімі тэмпамі развіваецца таксама супрацоўніцтва ў медыцынскай галіне. “Дарэчы, першыя аперацыі па трансплантацыі печані дарослым і дзецям у Казахстане былі выкананы з прыцягненнем беларускіх спецыялістаў”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

“Адносіны Беларусі і Казахстана сёння выйшлі на высокі стратэгічны ўзровень”, — сказаў у сваю чаргу Нурсултан Назарбаеў. Ён дадаў, што для іх развіцця няма ніякіх перашкод.

У 2017 годзе Беларусь і Казахстан адзначаюць 25-годдзе з дня ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Нурсултан Назарбаеў адзначыў, што за гэтыя гады дзве краіны, перш за ўсё намаганнямі беларускага лідара, “стварылі магутную эканамічную і палітычную базу дружбы і супрацоўніцтва”.

Прэзідэнт Казахстана падкрэсліў, што Беларусь за гады прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі стала развітой еўрапейскай краінай — ва ўсім свеце вядома беларуская сельская гаспадарка, захаваны патэнцыял машынабудавання. “У тым ліку вашай настойлівасцю сёння ў Казахстане працуюць 260 беларускіх прадпрыемстваў, на нашых прылаўках прадукцыя беларускай сельскай гаспадаркі”, — заўважыў Нурсултан Назарбаеў.

Нурсултан Назарбаеў таксама закрануў на перагаворах тэму стварэння новых мультымадальных транспартных калідораў. Ён адзначыў вялікую перспектыўнасць гэтай тэмы і прапанаваў беларускаму калегу абмеркаваць яе ў ліку іншых.

Нурсултан Назарбаеў паведаміў, што ў Казахстане працуюць 260 вялікіх вузлавых зборак беларускай тэхнікі. На перагаворах лідары дзвюх дзяржаў абмеркавалі пашырэнне кантактаў у гэтай сферы. На беларуска-казахстанскім бізнес-форуме ў Мінску былі падпісаны адпаведныя дакументы. Паводле слоў Прэзідэнта Казахстана, такія кантакты “патрэбны і выгадны абедзвюм краінам”.

Размова на перагаворах ішла ў тым ліку аб сельгастэхніцы для ўборкі збожжа. Нурсултан Назарбаеў лічыць, што гэта вельмі добрая прапанова, і падтрымлівае яе.

Закранаючы развіццё ўзаемнага гандлю, Прэзідэнт Казахстана адзначыў, што яго ўзровень павышаецца, але не адпавядае патэнцыялу краін.

Нурсултан Назарбаеў таксама падкрэсліў, што ў адносінах паміж Беларуссю і Казахстанам няма ніякіх палітычных, эканамічных, іншых праблем, што адкрывае шлях для пашырэння супрацоўніцтва.

 

* * *

Па выніках афіцыйных перагавораў кіраўнікі дзяржаў Аляксандр Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў падпісалі Дагавор паміж Беларуссю і Казахстанам аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве да 2026 года з праграмай сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва на гэты ж перыяд.

“Мы абмеркавалі шырокі спектр пытанняў, падпісалі шэраг дакументаў, у ліку якіх дагавор аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве паміж Беларуссю і Казахстанам. Гэты праграмны дакумент прызначаны замацаваць перспектыўныя адносіны дзвюх краін да 2026 года і адкрыць новыя магчымасці ў развіцці ўсебаковага ўзаемадзеяння. Акрамя гэтага, падпісаны міжнародныя дакументы, якія тычацца вытворчай, навукова-тэхнічнай кааперацыі, спорту, а таксама сродкаў масавай інфармацыі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

“Цяперашні візіт сімвалічны — у бягучым годзе спаўняецца 25 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. За гэты перыяд мы сталі не проста сябрамі, але і сур’ёзнымі стратэгічнымі і эканамічнымі партнёрамі. Сёння я з упэўненасцю магу сказаць, што Казахстан для нас — важны і правераны часам саюзнік як у фармаце двухбаковых адносін, так і ў рамках інтэграцыйных аб’яднанняў і міжнародных арганізацый”, — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Казахстана.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сустрэча з Нурсултанам Назарбаевым прайшла ў традыцыйна цёплай і дружалюбнай атмасферы.

Паводле яго слоў, для Беларусі Казахстан з’яўляецца адным з асноўных гандлёвых партнёраў. Па выніках студзеня — верасня 2017 года тавараабарот паміж краінамі павялічыўся амаль на 65 працэнтаў і склаў каля $0,5 млрд.

“Ёсць узаемны інтарэс захаваць і развіваць гэтую дадатную дынаміку. Я абсалютна падтрымліваю заяву Нурсултана Абішавіча, што цяперашні ўзровень тавараабароту паміж нашымі краінамі недастатковы, ён не адпавядае патэнцыялу нашых дзяржаў. Я абсалютна падтрымліваю яго прапанову прарэвізаваць канкрэтныя групы тавараў і паглядзець, адкуль ідзе ў Казахстан і Беларусь імпарт, і ці зможам мы замясціць гэты імпарт у дзвюх краінах. Мы імкнёмся да таго, каб мы зноў падняліся да ўзроўню больш за $1 млрд тавараабароту, як гэта ўжо некалі было”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама паведаміў, што з казахстанскімі партнёрамі дасягнута дамоўленасць аб рэалізацыі буйных ІТ-праектаў.

ІТ-сфера ў Беларусі развіваецца апераджальнымі тэмпамі. “Мы дамаўляемся аб дзвюх-трох буйных сумесных ідэях і праектах у гэтай частцы”, — адзначыў па выніках перагавораў Нурсултан Назарбаеў. У Казахстане ствараецца ІТ-парк, куды запрашаюцца ўсе сусветныя кампаніі. Таму міжурадавай беларуска-казахстанскай камісіі трэба над гэтым папрацаваць, сказаў Прэзідэнт Казахстана.

Лідары Беларусі і Казахстана правялі перагаворы па актуальных пытаннях міжнароднай тэматыкі. “Тут мы адзіныя ў меркаванні, разам працуем”, — падкрэсліў Нурсултан Назарбаеў.

Прэзідэнт Казахстана звярнуў увагу, што Беларусь і Казахстан маюць значную дагаворна-прававую базу, якая ў ходзе візіту папоўнілася пакетам дакументаў, сярод якіх асабліва вылучыў дагавор аб сацыяльна-эканамічным супрацоўніцтве да 2026 года. Яго комплексны характар вызначае новыя стратэгічныя арыенціры для супрацоўніцтва краін, якія маюць намер паступова і магутна пашыраць яго ў інтарэсах народаў, адзначыў Прэзідэнт Казахстана.

Беларусь і Казахстан у ходзе афіцыйнага візіту Нурсултана Назарбаева таксама заключылі міжурадавыя пагадненні аб вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі арганізацый абаронных галін прамысловасці і аб супрацоўніцтве ў галіне сродкаў масавай інфармацыі.

Падпісаны дагавор аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Нацыянальнай акадэміяй навук Казахстана.

У ліку падпісаных дакументаў таксама план супрацоўніцтва паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Казахстана на 2018—2019 гады, праграма супрацоўніцтва ў сферы фізічнай культуры і спорту паміж Міністэрствам спорту і турызму Беларусі і Міністэрствам культуры і спорту Казахстана на 2018—2019 гады, мемарандум аб узаемаразуменні па культурным супрацоўніцтве паміж Міністэрствам культуры Беларусі і Міністэрствам культуры і спорту Казахстана.