Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Яго гісторыя — здабытак усёй нашай краіны, яго сучаснае аблічча — падстава для агульнага гонару”

- 11:02Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 6 верасня на свяце ў гонар 1000-годдзя Брэста.

“Сёння мы разам адзначаем тысячагоддзе Брэста, аднаго з найстаражытнейшых беларускіх гарадоў, які па праве лічыцца скрыжаваннем часоў і народаў. Яго гісторыя — здабытак усёй нашай краіны, яго сучаснае аблічча — падстава для агульнага гонару”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Брэст за апошнія гады вельмі змяніўся, а ў параўнанні з савецкім перыядам яго не пазнаць. “Мне было крыху сорамна 5—7 гадоў назад, што Брэст у сваім знешнім абліччы сур’ёзна адставаў ад іншых абласных цэнтраў і Мінска”, — прызнаўся ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на фатаграфіі з космасу, зробленай беларусам Алегам Навіцкім, нач­ны Брэст нагадвае вогненную птушку, якая распасцерла крылы. “Гэты здымак нібыта адлюстроўвае лёс нашага горада. Горада, які не жадаў пакарацца захопнікам і не раз згараў, на жаль, датла, але, як міфічны фенікс, адраджаўся з попелу, становячыся яшчэ прыгажэйшым і мацнейшым”, — сказаў прэзідэнт.

Ён звярнуў увагу, што летапіс Брэста пачаўся з “Аповесці мінулых гадоў” і стаў гісторыяй характару народа, загартаванага ў барацьбе за права быць гаспадаром на сваёй зямлі, у родным горадзе, за які на працягу стаго­ддзяў змагаліся дзяржавы і народы.

“Менавіта тут не раз вырашаўся лёс усёй Еўропы, прымаліся лёсавызначальныя вердыкты, здзяйсняліся подзвігі. Мы ніколі не забудзем, як у 1941 годзе самаадданая абарона Брэсцкай крэпасці сарвала планы хуткай перамогі фашысцкай Германіі. І сёння гераічная цыта­дэль стала сімвалам подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, месцам пакланення для неабыякавых людзей з усяго свету і перш за ўсё нашай той велізарнай Айчыны”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, Брэст быў піянерам у многіх прагрэсіўных пачынаннях: першым на беларускай тэрыторыі атрымаў Магдэбургскае права, тут пабудавалі першую друкарню, дзе была надрукавана Брэсцкая Біблія. Адсюль родам першы беларускі касманаўт Пётр Клімук і “белая маланка” — алімпійская чэмпіёнка Юлія Несцярэнка. На Брэстчыне нарадзілася нямала знакамітых вучоных, мастакоў, музыкантаў, палітыкаў, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

“Тут была створана першая свабодная эканамічная зона. Яна стала прыкладам партнёрскага ўзаемадзеяння бізнесу і дзяржавы. Прыкладам паспяховай работы перспектыўных прадпрыемстваў з высокай сацыяльнай адказнасцю”, — дадаў прэзідэнт.