Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Ёсць каласальны запыт грамадства на далейшае развіццё адносін і ўмацаванне традыцый дружбы і добрасуседства”

Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на пленарным пасяджэнні I Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны.

“Высокі ўзровень прадстаўніцтва рэгіёнаў абедзвюх дзяржаў гаворыць пра тое, што і ў Беларусі, і ва Украіне ёсць каласальны запыт грамадства на далейшае развіццё адносін і ўмацаванне традыцый дружбы і добрасуседства. У іх аснове ляжаць агульныя духоўныя і маральныя каштоўнасці, падабенства менталітэту нашых брацкіх народаў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт падкрэсліў, што паміж краінамі не існуе невырашальных праблем — Мінск і Кіеў заўсёды знаходзілі ўзаемапрымальныя рашэнні.

“Беларусь настроена на прадметны і канструктыўны дыялог са сваімі ўкраінскімі сябрамі па любых напрамках. Наша краіна імкнецца да шырокафарматнага супрацоўніцтва з Украінай ва ўсіх сферах у духу даверу і ўзаемнай падтрымкі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт звярнуў увагу, што не толькі эканоміка, але і цесныя гуманітарныя сувязі аб’ядноўваюць дзве краіны і іх народы. Актыўна развіваецца двухбаковае ўзаемадзеянне ў сферах спорту, навукі і адукацыі.

Кіраўнік дзяржавы закрануў у сваім выступленні балючае для Украіны і яе суседзяў, у тым ліку для Беларусі, пытанне. “Яно вельмі важнае і балючае для мяне асабіста”, — адзначыў прэзідэнт, растлумачыўшы, што яго карані ва Украіне, таму гэтая краіна для яго не чужая. “Гэта пытанне вайны і міру. Я яго закранаю, таму што яно ў апошні час вельмі палітызавана. Беларусь знаходзіцца не за тысячы кіламетраў ад канфлікту, ад гэтай вайны, дзе гінуць ні ў чым не вінаватыя людзі. Гэта зусім побач, каля нашага парога, у нашых братоў, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Мэта адна (я гэта ведаю па Прэзідэнце Украіны і, скажу шчыра, па многіх уцягнутых у гэты канфлікт) — спыніць гэтую вайну, захаваць Украіну адзінай і непадзельнай”.

“І тут мала дамовіцца, будзем шчырыя, Расіі і Украіне. Можна дамовіцца, але гэтага мала. Будзем таксама шчырыя: страчаны давер адно да аднаго. У сувязі з гэтым, каб быць абсалютна адназначным і каб пазіцыю Беларусі разумелі нашы браты-ўкраінцы і тыя, хто нас пачуе, каб не было рознага роду балбатні вакол гэтага, я хачу прама заявіць: мы гатовы ўключыцца ў гэты канфлікт там, дзе складана і дзе няма таго даверу, які павінен быць. Мы гатовы зрабіць гэта, але толькі дзеля аднаго — дзеля міру. Гэтую праблему — гэта мой пункт гледжання — павінны вырашыць мы, тры славянскія народы. Гэта наша бяда. Ні еўрапейцы, ні амерыканцы, ні нехта іншы — мы павінны вырашыць гэтую праблему, каб яна не была замарожана па прыкладзе іншых некалі гарачых кропак на постсавецкай прасторы”, — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

“Рэспубліка Беларусь гатова працаваць толькі ў рамках дамоўленасцей Украіны і Расіі, двух прэзідэнтаў. Запомніце: мы не напрошваемся на ролю міратворца або пасрэдніка. Я гэтага цярпець не магу. Калі былі ўведзены санкцыі Захаду супраць Беларусі, была маса прапаноў па пасрэдніцтве — усе былі гатовыя стаць пасрэднікам паміж Беларуссю і Захадам. Ад тых пасрэднікаў я адмовіўся, таму не прымаю ніякага пасрэдніцтва. Ніякай міратворчасці з боку Беларусі па-за жаданнем двух прэзідэнтаў быць не можа і не будзе”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу, што калі трэба ўключыць Беларусь ва ўрэгуляванне канфлікту, то яна будзе дзейнічаць, толькі зыходзячы з дамоўленасцей украінскага і расійскага бакоў. “Расіяне і ўкраінцы нам не чужыя. Гэта нашы родныя людзі”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што канфлікт ва Украіне ні ў якім разе не павінен быць пакінуты наступным пакаленням. “Гэта будзе злачынства нашага пакалення перад тымі, хто прыйдзе пасля нас”, — падкрэсліў ён.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, на Форуме рэгіёнаў у Гомелі ўкраінскі бок прымаюць вельмі цёпла, і гэта не створыш штучна. “Гэта стаўленне і маё, і мясцовых улад, і, галоўнае, беларусаў да вас. Мы за вас вельмі перажываем, — звярнуўся да ўкраінскіх гасцей прэзідэнт. — Мы хочам, каб гэтая цудоўная зямля, найбагацейшая па сваіх рэсурсах і са звышпрацавітымі людзьмі, была квітнеючай. Яна такой і будзе”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што войны заўсёды заканчваюцца — пра гэта сведчыць гісторыя. “Але чаму нам гэтыя канфлікты не скончыць хутчэй, як мага раней? — спытаў ён. — Я не мог не закрануць гэтую тэму па прычыне таго, што Беларусь з усіх бакоў уцягнулі ў гэтую праблему. І я хачу, каб вы ведалі нашу пазіцыю: мы калі і прыйдзем з поўначы да вас (я хачу, каб гэта некаторыя вайскоўцы ва Украіне пачулі), то на камбайнах, трактарах, тралейбусах і аўтобусах. Мы ніколі не прыйдзем да вас на танках”.

“Мы не просімся ні пасрэднікамі, ні міратворцамі. Мы проста за вас перажываем. І калі мы нешта зможам і можам для вас зрабіць, мы гатовы. Я наогул не прымаю, калі ўкраінскую зямлю некаторыя спрабуюць выкарыстоўваць як разменную манету. Украіна заўсёды будзе магутнай, квітнеючай і адзінай, але трэба ўмець дамаўляцца. Сёння трэба спыніць братазабойчую вайну — мы да вашых паслуг”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

У сваю чаргу Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, выступаючы на I Форуме рэгіёнаў Беларусі і Украіны, адзначыў, што бачыць усе падставы для павелічэння тавараабароту з Беларуссю да $10 млрд.

Дасягненне такога ўзроўню тавараабароту ўкраінскі лідар назваў абсалютна рэальным, звярнуўшы ўвагу на значныя тэмпы росту гандлю паміж дзвюма краінамі. Пётр Парашэнка спадзяецца, што ўжо ў наступным годзе тавараабарот паміж краінамі складзе не менш як $7 млрд.

Прэзідэнт Украіны выказаў удзячнасць за тое, што дамоўленасці, дасягнутыя ў час яго папярэдняй сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы, скрупулёзна выконваюцца. Правядзенне Форуму рэгіёнаў ён назваў вельмі ўдалай ініцыятывай, якая сімвалізуе дружалюбныя і партнёрскія адносіны паміж дзвюма краінамі і рэгіёнамі, прадпрыемствамі, а галоўнае, народамі.

Пётр Парашэнка ўпэўнены, што граніца паміж Беларуссю і Украінай была, ёсць і дакладна будзе лініяй міру і дружбы, а добрыя адносіны паміж лідарамі краін, дзяржавамі і народамі будуць умацоўвацца і развівацца. Ён таксама адзначыў актыўную работу сумеснай беларуска-ўкраінскай дэмаркацыйнай камісіі.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Украіна разглядае Беларусь як стратэгічнага партнёра і прыярытэтам з’яўляецца гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва.

Кіраўнік украінскай дзяржавы назваў фантастычнай арганізаваную ў Гомелі выстаўку тэхнікі, якая вырабляецца ў Беларусі, і адзначыў, што бакі развіваюць сумесныя прадпрыемствы. Значны патэнцыял для актывізацыі супрацоўніцтва ёсць і ў аграрнай галіне.

Паводле слоў украінскага лідара, бакі дамовіліся ў найбліжэйшы час стварыць рабочую групу па ліквідацыі некаторых абмежаванняў і бар’ераў ва ўзаемным гандлі.

Прэзідэнт Украіны заявіў, што ўкраінскі горад Жытомір стане месцам правядзення наступнага Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Ён дадаў, што можна гаварыць аб пачатку традыцыі рэгулярнага правядзення такіх форумаў.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка адзначыў, што ўдзячны беларускаму боку за стварэнне ўмоў для работы мінскай перагаворнай пляцоўкі.

Кіраўнік украінскай дзяржавы расказаў, як беларускі лідар пайшоў яму насустрач у адказ на просьбу арганізаваць у Мінску перагаворы па спыненні ваеннага канфлікту. Затым — шматгадзінныя перагаворы. “У Мінску былі падпісаны дакументы, якія назаўсёды ўвойдуць у падручнікі дыпламатыі. Яны называюцца мінскімі пагадненнямі”, — падкрэсліў Пётр Парашэнка.

“Ці давяраю я Аляксандру Лукашэнку? На 100 працэнтаў. І мы пра гэта сёння гаварылі”, — заявіў украінскі лідар.

Паводле яго слоў, місія кіраўніка беларускай дзяржавы, як Беларусі ў цэлым, вельмі важная. “Трохбаковая кантактная група працуе ў Мінску. І Беларусь робіць усё што можа, каб арганізаваць гэтую работу, — сказаў Пётр Парашэнка. — Таму я хачу падзякаваць Аляксандру Рыгоравічу, беларускаму народу, Мінску”.

Пётр Парашэнка расказаў пра работу, якая праводзіцца ва Украіне па стварэнні найбольш прывабных умоў для росту дзелавой актыўнасці, развіцця эканомікі краіны. Ён таксама падзякаваў за ўмовы, што ствараюцца для ўкраінскіх прадпрыемстваў у Беларусі.