Беларусь і Узбекістан за два гады змаглі поўнасцю абнавіць свае адносіны. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на перагаворах з Прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым у вузкім фармаце.
“Няма неабходнасці гаварыць пра тое, як мы чакалі вас. Літаральна за апошнія два гады мы з вамі поўнасцю перавярнулі нашы адносіны. Наогул, не было чаго пераварочваць, трэба было нанава іх ствараць. І за два гады мы зрабілі, на шчасце, значна больш, чым за папярэднія дваццаць пяць гадоў нашых адносін”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У той жа час прэзідэнт падкрэсліў, што тавараабарот паміж краінамі (амаль $160 млн за 2018 год) не адпавядае існуючаму патэнцыялу. Беларусь і Узбекістан, як упэўнены ён, валодаюць значна большымі магчымасцямі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што фішкай візіту Прэзідэнта Узбекістана ў Беларусь стала развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Бакі ажыццявілі шмат узаемных візітаў на рэгіянальным узроўні, арганізавалі форум, выставу узбекскай прадукцыі, Дні культуры Узбекістана. Акрамя таго, перад візітам узбекскага лідара ў Мінску быў устаноўлены бюст паэта, дзяржаўнага дзеяча Алішэра Наваі.
“Усё гэта надае вельмі сур’ёзныя грані вашаму візіту ў Беларусь. Тое, што губернатары сам-насам перагаварылі і ўжо заключылі мноства дагавораў, — гэта галоўнае. Наша справа — адкрыць дарогу. Мы яе адкрылі. Па гэтай дарозе павінны пайсці тыя, хто будзе выконваць нашы рашэнні і рэалізоўваць дарожную карту, якую зацвердзілі ўрады Узбекістана і Беларусі”, — дадаў прэзідэнт.
“Няма закрытых тэм у Беларусі, няма тых пытанняў, якія мы маглі б не вырашыць. Мы можам вырашыць любыя пытанні ўзаемна. Нашы эканомікі не перасякаюцца, мы ўзаемадапаўняльныя. Усё, што мы вырабляем, трэба ва Узбекістане. Усё, што вы вырабляеце, неабходна нам. У той прамысловай і сельскагаспадарчай рэвалюцыі, якую вы пачалі ва Узбекістане, мы, я думаю, будзем не лішнімі і сваё месца знойдзем”, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Шаўкат Мірзіёеў у час перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у вузкім фармаце адзначыў, што гэта першы ў гісторыі двухбаковых адносін візіт Прэзідэнта Узбекістана ў Беларусь і падрыхтоўка да яго была дасканалай з боку абедзвюх краін. “Ва ўсіх службах ёсць узаемнае вельмі сур’ёзнае жаданне супрацоўнічаць, — канстатаваў ён. — Цяпер трэба прайсці па тых кропках росту, дзе можам узаемадзейнічаць на перспектыву. У нас такіх вельмі шмат”.
Шаўкат Мірзіёеў адзначыў, што перагаворы з беларускім лідарам, якія прайшлі 31 ліпеня, былі вельмі змястоўнымі, давернымі. “Мы вельмі падрабязна абмеркавалі выклікі і ўсё, што адбываецца ў свеце”, — сказаў ён. На яго думку, рашэнні і дамоўленасці, дасягнутыя за 25 гадоў двухбаковых адносін, выконваюцца і даюць пазітыўны вынік. Аднак патэнцыял рэалізаваны не ў поўнай меры. “Той тавараабарот, які існуе, мы павінны нарасціць у разы, таму што для гэтага ёсць усе падставы”, — упэўнены прэзідэнт.
Адным з важных вынікаў візіту ён назваў актывізацыю прамых кантактаў паміж рэгіёнамі. “Самае галоўнае, што пачалі сустракацца нашы рэгіёны. Ім не трэба перашкаджаць, трэба дапамагаць рэгіёнам, адкрыць дарогу. Мы стварылі ім добрую базу для ўзаемных зносін”, — сказаў Шаўкат Мірзіёеў.
Прэзідэнт асабліва падкрэсліў зацікаўленасць Узбекістана ў наладжванні кантактаў з беларускімі прадпрыемствамі. “Нам вельмі патрэбна кааперацыя. Беларусь у многіх галінах за гады незалежнасці дасягнула вялікіх поспехаў. Я заўсёды гавару членам урада, міжурадавай камісіі, што трэба часцей сустракацца, каб было менш папер, а больш выніку”, — дадаў ён.
Цяпер у лідараў дзвюх краін ёсць добрая магчымасць абмяняцца меркаваннямі па шырокім коле пытанняў, у тым ліку ў міжнародным парадку дня, як адзначыў Шаўкат Мірзіёеў. Гэта мае важнае значэнне, паколькі Узбекістан знаходзіцца ў Цэнтральнай Азіі, а Беларусь размяшчаецца ў цэнтры Еўропы. “Праблемы, якія існуюць, вельмі падобныя”, — лічыць узбекскі лідар.