Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “За імпартазамяшчэнне мы возьмемся сур’ёзна”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі наведаў Добрушскі фарфоравы завод і Добрушскую папяровую фабрыку “Герой працы”.

Першапачаткова планавалася, што кіраўнік дзяржавы пабывае толькі на папяровай фабрыцы, але ён вырашыў азнаёміцца і са станам спраў на фарфоравым заводзе. Аляксандр Лукашэнка наведаў галоўную вытворчую пляцоўку, дзе яму расказалі аб відах прадукцыі, якая выпускаецца, і тэхналагічных працэсах.

“Трэба яго захаваць і своечасова падставіць плячо: калі канчаткова даб’ём, патрэбны будуць велізарныя грошы, каб яго падняць”, — сказаў Аляксандр ­Лукашэнка.

Прэзідэнт упэўнены, што прадукцыя гэтага прадпрыемства будзе запатрабавана заўсёды, таму важна, каб добрушская вытворчасць не страціла рынкі.

Як расказаў журналістам гендырэктар завода Аляксандр Вінакураў, на прадпрыемстве працуюць больш за тысячу чалавек, сярэдняя зарплата — Br725. Больш як 75 працэнтаў прадукцыі ідзе на экспарт, прычым амаль уся — у Расію. Нешта пастаўляецца ва Украіну і Казахстан, іншыя краіны. “Калі мы, напрыклад, уступім у СГА, то знімецца пошліна ў памеры 13 працэнтаў на нашу прадукцыю на еўрапейскім рынку і мы станем больш канкурэнта­здольнымі”, — адзначыў кіраўнік завода.

Паводле яго слоў, прадпрыемства заўсёды знаходзіцца ў стадыі перааснашчэння і пошуку новых тэхналогій, аднак мадэрнізацыя сур’ёзна ўплывае на рэнтабельнасць.

Кіраўнік дзяржавы ў Добрушы азнаёміўся, як ідзе будаўніцтва завода па выпуску мелаваных і немелаваных відаў кардону, які павінны былі ўвесці ў эксплуатацыю яшчэ ў 2015 годзе, але аб’ект закансерваваны.

“На сённяшні дзень у чым праблема? Што засталося?” — спытаў Аляксандр ­Лукашэнка.

Старшыня канцэрна “Беллеспаперапрам” Юрый Назараў расказаў, што завод гатовы на 90 працэнтаў. Засталося запусціць машыннае абсталяванне і завяршыць невялікія будаўнічыя работы.

“А навошта столькі грошай для гэтага (амаль $83 млн. — Заўвага БелТА.), калі ўсё ёсць?” — задаў пытанне прэзідэнт.

Як далажылі кіраўніку дзяржавы, палова гэтых сродкаў будзе выплачана аўстрыйскай кампаніі Andritz, якая зоймецца запускам машын. Беларускія прадпрыемствы не могуць самі зрабіць гэта, паколькі ў іх няма такіх кампетэнцый: такой вытворчасці раней не было на ўсёй постсавецкай прасторы. “Аўстрыйская кампанія — лідар у гэтай сферы. Яны гарантуюць, што мы атрымаем тое, дзеля чаго будуем завод”, — адзначыў Юрый Назараў.

Аўстрыйцы ў выпадку неабходнасці таксама паставяць у Добруш тэхніку. У перспектыве наладзіць вытворчасць гэтых вузлоў можна і ў Беларусі.

“Усё гэта мы павінны вырабляць у сябе, калі нам спатрэбіцца. У нас няма нафты, як у Расіі. Яны могуць купіць любыя запчасткі: ім не шкада валюты. Нам трэба валюту зарабляць, таму пажадана не вывозіць яе, — падкрэсліў Аляксандр ­Лукашэнка. — За імпартазамяшчэнне мы возьмемся сур’ёзна”.

Прэзідэнт на прадпрыемстве наведаў цэх дрэвападрыхтоўкі, энергацэнтр і цэх карданаробчай машыны, азнаёміўшыся з тэхнічным перааснашчэннем завода. Прычым тэматыка імпартазамяшчэння гучала на працягу ўсяго наведвання завода. На думку кіраўніка дзяржавы, на пляцоўках добрушскай фабрыкі, якія не выкарыстоўваюцца, можна было б арганізаваць вытворчасць упакоўкі з кардону, які ў хуткім часе будзе выпускацца на заводзе. На прадпрыемстве ўжо ёсць адпаведныя планы, іх дэталёва прапрацуюць у найбліжэйшы час. Аднак пакуль тут, на­прыклад, робяць сшыткі, а вокладкі да іх закупляюць на іншых прадпрыемствах.

“Непарадак. Усё гэта трэба рабіць у сябе. Гэта імпартазамяшчэнне”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Падчас наведвання Добрушскай папяровай фабрыкі “Герой працы” Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ­Лукашэнка заявіў, што мае намер абмеркаваць са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам работу кітайскіх падрадчыкаў, якія правалілі праекты ў Беларусі.

Падрыхтаваць спіс такіх праектаў Аляксандр Лукашэнка даручыў свайму памочніку Аляксандру Косінцу. “У мяне з Сі Цзіньпінам будзе вельмі сур’ёзная размова. Я яму ўжо неяк намякаў, а цяпер мы грунтоўна аб гэтым пагаворым. І гэтым кампаніям мала не падасца”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Сярод праектаў, якія не былі завершаны ў Беларусі кітайскім бокам, і завод па вытворчасці кардону ў Добрушы. “Тое, што завод вельмі патрэбны і ён у найвышэйшай ступені гатоўнасці, — гэта факт. Для нас гэта чарговая навука, як трэба працаваць з іншаземцамі. Аказваецца, не ўсе яны белыя і пушыстыя. Таму ні на каго не трэба маліцца. Трэба спадзявацца толькі на сябе. А калі на кагосьці і выходзім, то трэба працаваць, як працуюць усе: няхай крыху даражэй, але гэта павінны быць фірмы з добрым імем”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён паставіў задачу да снежня ўжо запусціць на заводзе вытворчасць кардону. “Гэта значыць верасень — пачатак вашага завяршэння работ, у снежні — усё, вы працуеце”, — сказаў прэзідэнт. Да гэтага часу, дадаў ён, на фабрыцы таксама трэба арганізаваць вытворчасць з кардону ўпаковачнага матэрыялу.