Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Заклікаем аднавіць шырокі дыялог па пытаннях міжнароднай бяспекі”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім выступленні на саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы ў Бішкеку зрабіў акцэнт на мірных ініцыятывах і глабальных пагрозах бяспецы.

Кіраўнік дзяржавы спыніўся на асобных аспектах, найбольш актуальных для Беларусі. Ён, у прыватнасці, выказаў заклапочанасць у сувязі з глабальным палітычным і эканамічным процістаяннем паміж вядучымі сусветнымі дзяржавамі, адзначыў фактары, здольныя нанесці сур’ёзны ўрон усёй існуючай сістэме міжнароднай бяспекі.

Аляксандр Лукашэнка згадаў аб спыненні дзеяння Дагавора аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці, назваўшы гэта неапраўданым і небяспечным. Таму Беларусь выступіла з прапановай прыняць шматбаковую палітычную Дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. “Бачым у гэтай ініцыятыве магчымасць аднаўлення даверу ў рэгіёне”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Актуальнай застаецца і яшчэ адна беларуская ініцыятыва аб аднаўленні шырокага дыялогу па пытаннях міжнароднай бяспекі. “З улікам горкіх урокаў гісторыі Беларусі мы таксама заклікаем аднавіць шырокі дыялог па пытаннях міжнароднай бяспекі па аналогіі з Хельсінкскім працэсам. Накіраваць яго на пераадоленне існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі на агульнай прасторы ў Еўра-Атлантыцы і Еўразіі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу беларускі бок гатовы да больш дэталёвага іх абмеркавання ў фармаце АДКБ. “Тым больш сёння, калі на фоне разбурэння механізмаў кантролю над узбраеннямі мы фіксуем паэтапнае нарошчванне ваенных патэнцыялаў, пашырэнне ваеннай інфраструктуры ў еўрапейскім рэгіёне. Па сутнасці, размова ідзе аб адкрытай, а галоўнае беспадстаўнай мілітарызацыі заходніх рубяжоў зоны адказнасці АДКБ”, — падкрэсліў беларускі лідар.

За апошнія гады групоўка НАТА, якая ўключае кантынгент ЗША, у суседніх з Беларуссю краінах вырасла ў разы. Пры гэтым канцэнтрацыя баявой тэхнікі і асабовага складу адбываецца ў непасрэднай блізкасці ад граніцы Беларусі. Акрамя таго, побач праводзяцца буйнамаштабныя шматнацыянальныя вучэнні альянсу.

“Новая гонка ўзбраенняў нам не па­трэбна”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пры гэтым актуальным рызыкаўтваральным фактарам застаецца высокая ступень напружанасці ў міжнародных адносінах. Іншай тэндэнцыяй апошняга часу стаў рост пратэснага руху і масавых беспарадкаў у шэрагу краін, у тым ліку стабільных. Нестабільнасці дабаўляюць факты санкцыйнай палітыкі, якая праводзіцца ў абход міжнароднага права, гібрыднае знешняе ўздзеянне.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, рэгіянальныя ўзброеныя канфлікты, у тым ліку тлеючага характару, застаюцца адной з асноўных крыніц палітычных, ваенных і тэрарыстычных пагроз, нелегальнай міграцыі, незаконнага транзіту зброі. У гэтым кантэксце ён спыніўся на сітуацыі ва Украіне, на ўсходзе якой пяты год ужо прадаўжаецца ўзброенае процістаянне, гінуць людзі, сярод якіх і мірныя жыхары.

Беларусь вітае прагрэс, які намеціўся ў пытаннях выканання мінскіх пагадненняў, і пачатак канструктыўнага дыялогу ў рамках трохбаковай кантактнай групы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя вакол зоны адказнасці АДКБ і на планеце ў цэлым істотна відазмяняецца. “Перакананы, што наша арганізацыя павінна адэкватна і своечасова рэагаваць на новыя выклікі і пагрозы, дэталёва і комплексна аналіза­ваць сітуацыю, выпрацоўваць адпаведныя прапановы і ініцыятывы, — сказаў беларускі лідар. — З’яўляючыся важным механізмам захавання бяспекі ў еўразійскім рэгіёне, АДКБ павінна паступальна пашыраць знешнепалітычны напрамак, умацоўваць свой міжнародны аўтарытэт”.

Прэзідэнт таксама выказаўся за ўмацаванне міжнароднага аўтарытэту АДКБ, пашырэнне яе ўзаемадзеяння з іншымі арганізацыямі. Гэтаму ў тым ліку можа паслужыць рэалізацыя прынятага па ініцыятыве Беларусі рашэння аб юрыдычным афармленні статусу “партнёра” арганізацыі, а таксама “наглядальніка” пры АДКБ. Прыцягненне да дзейнасці арганізацыі надзейных саюзнікаў у першую чаргу магло б садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці калектыўных намаганняў у барацьбе з тэрарызмам, наркапагрозамі, у захаванні ваеннай бяспекі.

У Бішкеку была агучана яшчэ адна ініцыятыва Беларусі. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў сферы захавання ваеннай бяспекі дзяржаў — членаў АДКБ, разам з планамерным развіццём ваеннага сегмента арганізацыі захоўваецца актуаль­насць выхаду на прамы і раўнапраўны дыялог з Паўночнаатлантычным альянсам. Гэта асабліва актуальна з улікам таго, што гэтыя дзве ваенна-палітычныя структуры адказваюць за захаванне бяспекі на прасторы ад Ванкувера да Уладзівастока. У той жа час, напрыклад, паміж АДКБ і АБСЕ ідзе рэгулярны і кан­структыўны дыялог.

Неабходна больш цесна працаваць і з ААН, лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі бок таксама лічыць мэта­згодным нарошчваць антытэрарыстычны патэнцыял АДКБ.

Асабліва падкрэслена, што сярод прыярытэтных напрамкаў дзейнасці АДКБ павінна трывала замацавацца захаванне інфармацыйнай бяспекі. Існуючыя пагрозы бяспецы ўказваюць на неабходнасць пашырэння міждзяржаўнага супрацоўніцтва і павышэння ўзаемнага даверу ў інфармацыйнай сферы. У сувязі з гэтым Беларусь прапануе сфарміраваць пояс лічбавага добрасуседства, накіраваны на разрадку напружанасці ў інфармацыйнай сферы, устанаўленне агульных правіл адказных паводзін бакоў у віртуальнай прасторы.