Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Зарплата — гэта святое, гэта асноўная крыніца даходу нашага насельніцтва, яе трэба выплачваць своечасова і забяспечваць рост”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад мясцовых органаў улады забяспечыць своечасовую выплату і рост заработнай платы ў рэгіёнах. Адпаведныя задачы кіраўнік дзяржавы паставіў, узгадняючы назначэнне кіраўнікоў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

“Паглядзіце на выплату заработнай платы. Пастарайцеся зрабіць усё, каб гэтая заработная плата была калі не дастойнай (усюды гэта не зробіш), то цярпімай, каб людзі разумелі, што сёння ў іх такая зарплата, заўтра пры пэўных умовах яна павінна быць вышэйшая. Абавязкова гэты прырост павінен быць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Але не дзеля таго, што ў нас выбары. Людзі вельмі дрэнна ўспрымаюць, калі гэта робіш з нейкай палітычнай нагоды. Гэтага рабіць нельга”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў: няхай патроху, але зарплаты, пенсіі і дапамогі ў краіне растуць. “Людзі гэта бачаць, — канстатаваў ён. — Трэба звярнуць увагу кіраўнікоў, што зарплата — гэта святое, гэта асноўная крыніца даходу нашага насельніцтва, яе трэба выплач­ваць своечасова і забяспечваць рост”.

У той жа час прэзідэнт звярнуў увагу, што гэты і наступны год у Беларусі асаблівыя: пройдуць дзве выбарчыя кампаніі. “Партыйных органаў у нас няма, КПСС няма, гэта значыць, асобна палітыкай займацца няма каму. Усё сканцэнтравана ў вашых руках на месцы. Гэта, напэўна, часткова і добра, але дзесьці ўтвараюцца і праблемы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Я вас пераканаўча прашу: арганізаваць трэба на дастойным узроўні”.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, абстаноўка ў раёнах, куды накіроўваюцца новыя кіраўнікі, у цэлым стабільная. “Людзі нас разумеюць, падтрымліваюць цяперашнюю ўладу. Не без крытыкі, хапае крытыкі. Гэта добра і правільна. Таму трэба размаўляць з людзьмі, ні ў якім разе не павінна быць ніякага націску. Пастаўцеся па-чалавечы да людзей, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Зразумела, гэта экзамен, да яго трэба рыхтавацца. Паглядзіце, можа, недзе нешта трэба падчысціць, падняць, не толькі ў аграгарадках і раённых цэнтрах — тут мы больш-менш парадак навялі і рабочыя месцы стварылі”.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў, што асновай палітыкі ўлады на месцах, як і ў цэлым у краіне, павінна быць справядлівае і сумленнае стаўленне да людзей. “Запатрабаванне на справядлівасць нікуды не адышло, яно толькі абвастраецца”, — дадаў ён.

Прэзідэнт, узгадняючы назначэнне кіраўнікоў мясцовых органаў улады, адзначыў, што плануе ў бягучым годзе наведаць паўднёва-ўсходнія раёны Магілёўскай вобласці.

“У найбліжэйшы час, нават у гэтым годзе, пабуду на паўднёвым усходзе, я планаваў ужо. Я там праляцеў, паглядзеў, але трэба сесці і грунтоўна паглядзець, як рэалізоўваецца гэтая праграма (па развіцці паўднёва-ўсходніх раёнаў Магілёўскай вобласці. — Заў­вага БелТА.). Таму сустрэнемся з кіраўнікамі і абмяркуем”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт спытаў, як рэалізоўваецца яго ўказ аб сацыяльна-эканамічным развіцці рэгіёна і адпаведная абласная праграма, разлічаная да 2020 года. Яго праінфармавалі, што, у прыватнасці, у Слаўгарадзе ўжо з’явілася некалькі новых прадпрыемстваў у сферах сельскай гаспадаркі, харчовай прамысловасці, дрэваапрацоўкі.

Кіраўнік дзяржавы таксама пацікавіўся станам спраў у іншых рэгіёнах краіны, асабліва ў плане работы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, як паднімаюцца слабыя гаспадаркі.

Прэзідэнт адзначыў, што эканоміка ў рэгіёнах абапіраецца ў асноўным на сельскую гаспадарку, таму гэтай галіне трэба ўдзя­ляць асаблівую ўвагу. Кіраўнік дзяржавы нядаўна актуалізаваў гэтыя тэмы ў час рэспубліканскай селектарнай нарады па правядзенні ўборачнай кампаніі і рабочай паездкі ў Веткаўскі раён.

“Я чытаю агляды з інтэрнэту: як заўсёды, у нас ёсць “разумныя”. Яны нават пакрытыкавалі маю заяву аб тым, што мы павінны імкнуцца да 9,5 млн т збожжа, ніжэй за 9 нельга”, — сказаў Аляксандр Лукашэн­ка. Паводле яго слоў, ёсць адпаведныя планы. “У кіраўніка Адміністрацыі гэта на кантролі, і строга будзем кантраляваць урад і, вядома ж, вас”, — папярэдзіў прэзідэнт.

Ён растлумачыў, што аграрыі ў гэтым годзе павінны са­браць амаль 700 тысяч т рапсу, прыкладна 7 млн т збожжавых каласавых і 1,7 млн т кукурузы на зерне, а таксама 300—400 тысяч т астатніх культур. У выніку атрымліваецца каля 9,7 млн т ураджаю. “А калі да зернетка ўбяром, дык можам атрымаць 10 млн т, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Усё тут падлічана. Прытым гэта запланавана ўрадам: больш за 9,5 млн т усяго — ад рапсу да кукурузы і да збожжавых, зернебабовых. Таму тут няма нічога асаблівага”.

Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў аб сваім патрабаванні ўзяц­ь пад строгі кантроль сітуацыю з падзяжом жывёлы. Ён звярнуў увагу, што ў мінулым годзе ў гаспадарках краіны загінулі 85 тысяч галоў маладняку, а гэта прыкладна 40 тысяч т ялавічыны. “Колькі мы грошай страцілі ад гэтага! Таму адсюль маё строгае патрабаванне, — сказаў прэзідэнт. — Гэта нядобра ў наш час, калі валодаем найвышэйшымі тэхналогіямі, калі навучылі тэхналагічна ўтрымліваць не толькі кароў або быкоў на адкорме, свінапагалоўе і птушку, але і паказалі, як трэба працаваць з гэтым маладняком. У нас да гэтага наплявацельскае стаўленне ў асобных гаспадарках”.

Прэзідэнт узгадніў назначэнне кіраўнікоў у Глыбоцкі, Шумілінскі, Жыткавіцкі, Кармянскі, Валожынскі, Любанскі, Капыльскі, Гарэцкі, Кіраўскі, Круглянскі, Асіповіцкі і Слаўгарадскі райвыканкамы, а таксама ў адміністрацыю Першамайскага раёна Бабруйска.