Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Заўсёды гатовы абараніць сваю краіну, Айчыну, гэты кавалак зямлі, на якім жыць не толькі нам, але і дзецям”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з воінскім калектывам 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння ў Мар’інай Горцы.

“Напэўна, мала такіх часцей, дзе я бываю так часта. Гэта невыпадкова. Вы — асобы атрад нашых Узброеных Сіл. Прынамсі, я так думаю, і пакуль вы не пераканалі мяне ў адваротным”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён традыцыйна папрасіў дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Андрэя Раўкова нагадаць удзельнікам сустрэчы аб палажэннях абноўленай Ваеннай дактрыны, якая ўлічвае асаблівасці сучасных войнаў і канфліктаў. “Мы тры ці чатыры разы за маю бытнасць мадэрнізавалі нашы Узброеныя Сілы, прыстасоўваючы іх да вядзення вайны ў сучасных умовах. І ў 2018 годзе была прынята новая Ваенная дактрына. Яна вызначае, як і якія войны мы будзем весці, калі раптам нам давядзецца абараняць нашу Айчыну”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Андрэй Раўкоў адзначыў, што рызыкі ўзнікнення буйнамаштабнай вайны і ўдзелу ў ёй Беларусі на гэты час мінімальныя. “Гэта малаверагодна. Больш верагодна тое, што мы вывучалі — канфлікты, лакальныя войны, якія адбываліся ў свеце, што прыводзіла да іх, тыя падводныя плыні, якія папярэднічалі гэтым канфліктам і войнам. Усё гэта вывучалася і закладзена ў Ваенную дактрыну, — адзначыў дзяржсакратар Савета бяспекі. — Сёння гаворым з поўнай адказнасцю, што проста так вайна не пачнецца. Яна пачынаецца загадзя. У першую чаргу з унутраных узброеных канфліктаў, каляровых рэвалюцый, можа, інспіраваных звонку, як гэта было ў тых канфліктах, якія мы вывучалі. Таму мы павінны да гэтага быць пастаянна гатовы”.

У сваім выступленні перад воінскім калектывам Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што брыгада ў Мар’інай Горцы асобая. “У нас ва Узброеных Сілах два такія падраздзяленні: ваша брыгада і механізаваная брыгада ва Уруччы. І ў тыя часы, калі я служыў у арміі афіцэрам, гэта былі асобыя падраздзяленні, — адзначыў прэзідэнт. — І калі мне давялося больш як дзясятак гадоў назад вызначацца і выбіраць брыгады двайнога прызначэння, я спыніўся на гэтых двух падраздзяленнях”.

“Калі мне давялося вызначацца, якія Узброеныя Сілы нам трэба, асабліва пасля 2010 года, я зразумеў, што трэба мець у запасе падрыхтаваных байцоў, часці ва Узброеных Сілах. На ўсякі выпадак, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Непажадана, вядома, каб нам давялося звяртацца да Узброеных Сіл. Але ўсякае можа быць. Прыкладам таго з’яўляюцца ЗША”.

Беларускі лідар нагадаў, што амерыканскаму прэзідэнту давялося ў некаторых штатах вывесці армію на вуліцу. “Тое, што адбываецца сёння ў ЗША, па-першае, у свеце ніхто не чакаў. Па-другое, гэта цяжкая катастрофа для ўсяго свету. Калі Прэзідэнт ЗША вытрымае гэты націск, гэта будзе добры знак і для нас. Таму што калі нахіліцца, а не дай бог, абваліцца гэтая імперыя, свету будзе несалодка”, — лічыць ён.

Гаворачы пра воінскія часці ў Мар’інай Горцы і сталічным Уруччы, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што яны добра падрыхтаваны, у тым ліку каб не дапусціць эскалацыі ўнутры краіны.

“Дзяржсакратар правільна сказаў, што ўсялякія войны цяпер пачынаюцца з вулічных пратэстаў, дэманстрацый, потым майданы. На майдан, калі сваіх няма (у нас малавата “майданутых”), іх падцягнуць збоку. Гэта прафесійныя ваенныя, бандыты, якія спецыяльна рыхтуюцца, у асноўным у рамках ПВК (прыватныя ваенныя кампаніі. — Заўвага БелТА.) па ўсім свеце, і зарабляюць вялікія грошы на правакацыях у тых ці іншых дзяржавах”, — адзначыў прэзідэнт.

Ён дадаў, што так было ў шэрагу краін, уключаючы Лівію, Ірак, Сірыю. “Стала толькі горш. Гэта кіруемы хаос”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пазней у час размовы з жыхарамі Мар’інай Горкі прэзідэнт адзначыў, што падраздзяленне — адно з лепшых ва Узброеных Сілах. “Гэта вельмі падрыхтаваныя людзі. Я меў вялікае дачыненне да таго, каб яны сталі такімі. Я чацвёрты раз у гэтым падраздзяленні”, — сказаў ён.

“Калі вам хто-небудзь скажа, што Лукашэнка тут прыехаў прымушаць ваенных на вуліцах парадак наводзіць… Хоць гэтая часць па сваёй спецыялізацыі, калі, не дай бог, дзесьці нейкі майдан, якраз можа быць задзейнічана па законе для навядзення парадку. Але пытанне не ў гэтым. Пытанне ў тым, каб мы былі заўсёды гатовы абараніць сваю краіну, Айчыну, гэты кавалак зямлі, на якім жыць не толькі нам, але і дзецям. Гэта — галоўная мая мэта”, — падкрэсліў беларускі лідар.