Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Згода паміж прадстаўнікамі традыцыйных рэлігій з’яўляецца непахіснай асновай жыцця ў нашай краіне”

- 10:31Інфармацыйная гадзіна

У імя дэмакратыі вольна або міжвольна абарона правоў і свабод грамадзян падмяняецца ўсёдазволенасцю і адмаўленнем маральных асноў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з членамі Свяшчэннага сінода Рускай Праваслаўнай Царквы і Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы.

“XXI стагоддзе — эпоха глабальных трансфармацый. Гэта час прагрэсіўных тэхналогій з іх бязмежнымі магчымасцямі. Але гэтая бязмежнасць, на жаль, становіцца крыніцай многіх пагроз і ў палітычнай, і ў духоўнай сферах. Пра гэта мы вельмі шмат, больш за прызначаны па пратаколе час, гаварылі з патрыярхам, абмяркоўваючы гэтую найважнейшую праблему, — расказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы вельмі часта бачым, што ў імя нейкай уяўнай дэмакратыі вольна або міжвольна такія дзяржаўныя каштоўнасці, як абарона правоў і свабод грамадзян, падмяняюцца ўсёдазволенасцю і адмаўленнем нашых маральных асноў”.
Вынікам, паводле слоў прэзідэнта, становіцца адчужэнне, абыякавасць і нецярпімасць, якія параджаюць непрыманне людзей іншых нацыянальнасцей і веравызнанняў. Спрэчкі і рознагалоссі выліваюцца ва ўзаемны недавер, інфармацыйнае супрацьстаянне, гандлёвыя войны, узброеныя сутыкненні.

“Мноства канфліктаў — гарачых, тлеючых, замарожаных — бесперапынна забіраюць чалавечыя жыцці, сеюць боль і пакуты, параджаюць агрэсію ў розных рэгіёнах, у тым ліку ў непасрэднай блізкасці да Беларусі, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Аднак на пытанне “Як вярнуць мір людзям, якія не па сваёй волі апынуліся ў эпіцэнтры гэтых падзей?” адказу часта не бывае. А пытанне актуальнае для ўсіх і не раз станавілася прадметам дыскусій на розных, у тым ліку самых аўтарытэтных, міжнародных пляцоўках і форумах”.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь помніць трагічныя ўрокі сваёй гісторыі. “Таму мы цэнім мір, бяспеку, дружбу і ўзаемаразуменне, выступаем за адкрыты дыялог, супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне дзяржаў і народаў. Нашы ініцыятывы, накіраваныя на абарону і захаванне традыцыйных каштоўнасцей, вядомы. Частка з іх пакладзена ў аснову дакументаў ААН, рашэнняў міжнародных і рэгіянальных арганізацый”, — сказаў ён.

Візітнай карткай Беларусі як пляцоўкі для перагавораў па сітуацыі ва Украіне сталі мінскі працэс і мінскія дамоўленасці. “Мы найбліжэйшыя суседзі, брацкія, славянскія народы. І далей мы будзем рабіць усё магчымае для таго, каб на ўкраінскую зямлю хутчэй вярнуліся мір і згода. Раскол — гэта не пра нас, гэта не для нас. І мы зробім усё, я ўпэўнены ў гэтым. Час — самы лепшы лекар і суддзя, мы абавязкова будзем разам”, — заявіў прэзідэнт.

Закранаючы правядзенне ў Мінску чарговага пасяджэння Свяшчэннага сінода Рускай Праваслаўнай Царквы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта сведчыць аб высокай ацэнцы намаганняў дзяржавы па захаванні міру і згоды, развіцці міжканфесійнага дыялогу і падтрымцы канструктыўных ініцыятыў рэлігійных арганізацый.

“Беларусь за гады сваёй незалежнасці разам з праваслаўнай царквой прайшла доўгі і цярністы шлях умацавання духоўных асноў, набыцця грамадствам маральных, жыццёвых арыенціраў”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў уклад патрыярха Кірыла ва ўмацаванне ўзаемадзеяння царквы і дзяржавы, падтрыманне і развіццё духоўных сувязей брацкіх народаў Беларусі і Расіі. “Мы вельмі высока цэнім вашу пастарскую апеку і ўвагу да нашай краіны”, — дадаў ён.

“Павінен вас запэўніць: як бы ні складвалася сітуацыя, мы будзем рабіць усё, каб у мірнай і спакойнай Беларусі не было ніколі антаганістычных сутыкненняў не толькі рэлігій, але і паміж намі, праваслаўнымі”, — сказаў беларускі лідар, звяртаючыся да членаў Свяшчэннага сінода Рускай Праваслаўнай Царквы і Сінода Беларускай Праваслаўнай Царквы.

“Будзем рабіць усё для таго, каб мы ўмацоўваліся — і наша дзяржава, і наш народ — у гэтай праваслаўнай веры. Таму я сказаў: раскол — гэта не пра нас. І мы зробім усё для таго, каб захаваць наша адзінства”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што апошнім часам ад Украіны “разыходзяцца кругі” ў розныя бакі. “Мы не можам гэтага не бачыць. Тым больш тут, у Беларусі”, — сказаў беларускі лідар.

Ён канстатаваў, што служыцелям царквы бывае няпроста, паколькі дзеянні свецкай улады розных краін часам параджаюць праблемныя моманты. “Вы — уладары сэрцаў людзей, іх духоўнасці. Я патрыярху сказаў пра тое, што прычыны, з якімі вам потым часта даводзіцца разбірацца, ляжаць у нас, гасударавых людзях. Мы з’яўляемся часам прычынамі або тымі, хто паскарае працэсы, у тым ліку негатыўныя. Напэўна, пара нам папрасіць прабачэння ў вас за тое, што адбываецца сёння ў праваслаўным свеце, у якім мы жывём”, — сказаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў да адзінства як паміж народамі, так і ўнутры праваслаўнай царквы, да супрацоўніцтва ў пераадоленні цяжкасцей. “Давайце будзем разам. Давайце будзем на ўсе гэтыя выклікі рэагаваць актыўна, але з разуменнем”, — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што цяжкасці і нягоды, якія ўзнікаюць на шляху, удасца пераадолець. “Мы ведаем галоўнае: наша сіла — у адзінстве. Сёння многім хацелася б нас раздзяліць па частках. Мы ведаем, што адбываецца з раздзеленымі народамі. Таму ў імя нашай светлай будучыні, адзінства нам трэба быць не толькі моцнымі — вуха востра трымаць, але і мудрымі. Царква заўсёды славілася сваёй мудрасцю. Упэўнены, што, грунтуючыся на гэтай мудрасці, якая стагоддзямі фарміравалася, мы пераадолеем усе нягоды”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Прэзідэнт Беларусі таксама адзначыў: “Попыт на абнаўленне сістэмы мер па ўмацаванні даверу, бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе з кожным днём толькі расце. Надышоў час звярнуцца да лепшага вопыту сусветнай гісторыі — працэсу ў Хельсінкі мінулага стагоддзя”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што пазіцыя Беларусі ў пытаннях пераадолення рознагалоссяў у еўрапейскай і еўразійскай прасторах застанецца нязменнай. “І тут, па маім глыбокім перакананні, голас царквы — адзін з найбольш магутных і ўплывовых — павінен гучаць ва ўнісон з дзяржавай”, — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што на шляху супраціўлення разбуральным тэндэнцыям сучаснасці ў дзяржавы і праваслаўнай царквы шмат агульных інтарэсаў. Найважнейшыя з іх — умацаванне хрысціянскіх жыццёвых арыенціраў, міжнацыянальнага міру, міжканфесійнага дыялогу і добрасуседства ўсіх рэлігій.

“Абарона інстытута сям’і, шанаванне бацькоў, любоў да людзей, выхаванне патрыятызму, павага да гісторыі, мовы і культуры, сумленная праца — гэта базавыя каштоўнасці, уласцівыя праваслаўю і каталіцтву, іўдаізму і ісламу, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Таму згода паміж прадстаўнікамі традыцыйных рэлігій з’яўляецца непахіснай асновай жыцця ў нашай краіне”.

Паводле яго слоў, аб’ядноўваючыся ў духоўных і маральных арыенцірах, дзяржава і канфесіі паказваюць узор высокаарганізаванага грамадства. “Наша адзінства — лепшая абарона ад знешніх і ўнутраных пагроз. Перакананы: сумеснымі намаганнямі нам удасца знайсці новыя правільныя рашэнні па пераадоленні ўсіх выклікаў сучаснасці”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.