Уручэнне прэміі прэзідэнта “За духоўнае адраджэнне”, спецыяльных прэмій прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва, а таксама спецыяльнай прэміі прэзідэнта “Беларускі спартыўны Алімп” адкрывае Год культуры. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка 12 студзеня на цырымоніі ўручэння прэмій.
“Гэта сведчыць аб тым, што дзяржава надае вялікае значэнне развіццю такой важнай сферы, як культура, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Галоўная задача — актывізаваць інтэлектуальныя і духоўныя сілы нашага народа, падтрымаць ініцыятыву ў мэтах захавання гістарычнай спадчыны, уздыму на новы ўзровень сучаснага мастацтва і выхавання ў грамадзян любові да сваёй Радзімы”.
Як лічыць прэзідэнт, Беларусь багатая на таленты і творчыя дасягненні, якія з’яўляюцца гордасцю краіны. Яскравым пацвярджэннем гэтага стане шырокае святкаванне юбілеяў выдатных дзеячаў мастацтва: Уладзіміра Мулявіна, Максіма Багдановіча, Кандрата Крапівы, Івана Шамякіна.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што на высокім узроўні будзе праведзены і маючы адбыцца 25-ты, юбілейны, фестываль “Славянскі базар у Віцебску”, які стаў той сусветнай пляцоўкай, на якой выступаюць прызнаныя майстры і запальваюцца новыя зоркі.
Пры гэтым прэзідэнт падкрэсліў, што ў Год культуры ўвага будзе ўдзяляцца не толькі розным напрамкам мастацтва, але і духоўнаму жыццю грамадзян.
Культура з’яўляецца фундаментам, на якім фарміруецца і развіваецца любая нацыя, вызначаецца яе жыццяздольнасць і творчы патэнцыял, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
“Культура знаходзіцца ў аснове ідэалогіі дзяржаў, указваючы тыя напрамкі і мэты, на якія арыентуецца грамадства, — перакананы кіраўнік краіны. — Гэта шматгранная з’ява, якая ахоплівае многія сферы жыцця, у тым ліку працоўную дзейнасць, уладкаванне побыту, стаўленне да прыроды, навакольнага свету і роднага краю”.
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: нельга забываць аб тым, што культура — гэта і мера чалавечнасці. Без яе не могуць быць паўнацэннымі ні асоба, ні грамадства.
Паводле слоў прэзідэнта, сёння людзі маюць патрэбу ў гуманнасці, міласэрнасці, узаемаразуменні і дабраце. “Без удумлівага мудрага стаўлення да жыцця, без маральных крытэрыяў, заснаваных на шматвяковым вопыце продкаў, немагчыма пабудаваць стабільную і паспяховую дзяржаву”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што мы жывём у няпросты, вельмі трывожны час. “Я вельмі часта аб гэтым кажу, і паверце, нездарма. Вельмі глыбокі духоўны крызіс ахапіў многія краіны, — канстатаваў прэзідэнт. — Як вынік — у розных кутках Зямлі дэструктыўныя сілы робяць спробы зламаць сістэму традыцыйных каштоўнасцей. Агрэсіўныя нападкі на асновы маралі становяцца адной са злавесных прымет сучаснасці”.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што высокія тэхналогіі, нябачаная ў гісторыі скорасць камунікацый і глабалізацыя не дапамаглі людзям стаць бліжэйшымі адно да аднаго. Якраз наадварот: у нядобрых руках усё гэта ператвараецца ў сродак маніпуляцыі свядомасцю, у інструмент распальвання варожасці.
“На жаль, ужо відаць горкія плады такой палітыкі. Адхіляюцца інстытут сям’і, каштоўнасць чалавечага жыцця, сацыяльная справядлівасць. Эгацэнтрызм, усёдазволенасць і карысталюбства асуджаюць асобу і грамадства на поўную дэградацыю”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
“Яшчэ нядаўна здавалася, што свабода дзеля свабоды зробіць чалавека больш шчаслівым. Але адмаўленне ад маральных самаабмежаванняў прывяло да невырашальных супярэчнасцей, зацяжных кровапралітных канфліктаў і войнаў”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
На яго думку, бяздумнае стаўленне да навакольнага асяроддзя паставіла чалавецтва на мяжу экалагічнай катастрофы.
“Само жыццё дае нам чарговы цяжкі, але важны ўрок, — адзначыў кіраўнік краіны. — Мы павінны зразумець: тое, што не мае глыбокай маральнай асновы, ні ў якім разе не можа прынесці карысць ні людзям, ні грамадству ў цэлым. Яшчэ апостал Павел гаварыў: “Усё мне дазволена, але не ўсё карысна”.
“Сучасныя рэаліі такія, што менавіта згуртаванасць нацыі вакол сапраўдных стваральных каштоўнасцей з’яўляецца гарантыяй яе захавання і прагрэсу, духоўнага здароўя і дабрабыту”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Невыпадкова на 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН Беларусь названа сімвалам міру. “Беларускі народ умее атрымліваць урокі з мінулага, даражыць чыстым небам над галавой і спакоем у грамадстве, застаецца адданым высокім маральным каштоўнасцям і добрым традыцыям”, — сказаў кіраўнік краіны.
Прэзідэнт лічыць важным, каб дзеячы культуры і мастацтва разумелі гэта і сваёй творчасцю процістаялі бескультур’ю і іншым негатыўным з’явам, якія часта засмучаюць наша жыццё.
На думку Аляксандра Лукашэнкі, узнагароды за выдатны ўклад у развіццё культуры і мастацтва, за дабрачыннасць і актыўную дзейнасць па ахове мацярынства і дзяцінства сведчаць аб тым, якую важную ролю ў жыцці сучаснай Беларусі адыгрывае духоўнасць, маральныя і эстэтычныя прынцыпы.
“У гэтым годзе лаўрэатамі прэміі “За духоўнае адраджэнне” сталі калектывы Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра “Маці і дзіця” і Нацыянальнага мастацкага музея, дзеячы Рускай праваслаўнай і Рымска-каталіцкай цэркваў, аўтары кнігі-рэквіема “Жыць і помніць”. Спецыяльныя прэміі прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва атрымалі журналісты, вучоныя, мастакі, калектыў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
“Мы ўшаноўваем таксама лаўрэатаў прэміі “Беларускі спартыўны Алімп”. Ваша мэтанакіраванасць, воля да перамогі і працавітасць становяцца добрым прыкладам для выхавання чэмпіёнаў, якія праслаўляюць Беларусь”, — адзначыў прэзідэнт.
Ён выказаў упэўненасць, што ўсенароднае прызнанне, якое набылі лаўрэаты, стане для іх стымулам да новых дасягненняў на карысць Радзімы.