Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Жаданне нармальна жыць і гадаваць дзяцей, магчымасць працаваць, з цікавасцю і з карысцю патраціць заробленае павінны быць у любым кутку нашай краіны”

- 10:18Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заслухаў справаздачу ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках работы эканомікі за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту. Мерапрыемства праходзіла ў Доме ўрада.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што статыстыка вынікаў 2017 года вядома і кожны з удзельнікаў мерапрыемства, напэўна, гатовы бойка далажыць аб поспехах у сваёй сферы. “Ва ўрадзе шмат размоў аб пазітыўных зрухах. Аднак галоўная мэта цяперашняга мерапрыемства не ў тым, каб задавольвацца дасягнутымі паказчыкамі. Сёння мы павінны разабрацца з тым, што хаваецца за сярэднімі лічбамі, і даць ацэнку якаснаму боку гэтых поспехаў”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні па рэальным павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва, якія перспектывы і што ёсць у арсенале ўрада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама для забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту Беларусі з тэмпамі абавязкова вышэйшымі за сярэднесусветныя.

“Хачу зразумець: з’яўляюцца дасягнутыя вынікі пачаткам станоўчых тэндэнцый або гэта часовы ўсплёск? Што стаіць за вынікамі — цыклічнае ажыўленне, спрыяльныя знешнія ўмовы або мы выйшлі на якасна новы рост?” — спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што, на думку некаторых службовых асоб, цуду пакуль не адбылося. На паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне паўплывалі павялічаныя цэны на нафту і ажыўленне попыту ў Расіі.

“Сёння я менш за ўсё хацеў бы ўнікаць у розныя лічбы. Інфармацыя, якая мне паступае, сведчыць аб тым, што людзі паляпшэнняў пакуль не адчуваюць. Палавіна жыхароў краіны лічыць, што ў 2017 годзе сацыяльна-эканамічная сітуацыя прадоўжыла пагаршацца, каля 40 працэнтаў змяненняў не заўважылі. Зразумела, што гэта сацыялагічнае апытанне, зразумела, што гэта залежыць ад настрояў, але сацыялагічныя апытанні супастаўныя, і мы параўноўваем іх. Пры гэтым члены ўрада, мясцовыя органы ўлады захапіліся іншым — паказчыкамі і іх дасягненнем. Лічба стала важнейшай за сутнасць. Такія падыходы — гэта рашэнні аднаго дня, і людзям ад гэтага лепш не стане”, — адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што за сем гадоў сусветны ВУП вырас на 25 працэнтаў, у той жа час рост ВУП Беларусі не дацягнуў нават да 6 працэнтаў. Пры гэтым прэзідэнт перакананы, што прычыны, якімі ўрад тлумачыць такую сітуацыю, — фінансавы крызіс, кан’юнктура, з’яўляюцца проста адгаворкамі.

“Калі мы расцём павольней, чым іншыя, значыць, мы адстаём. Адстаём ад свету ў развіцці, тэхналогіях і, вядома, узроўні жыцця людзей. Але як прэзідэнта мяне хвалюе не толькі гэта. Нельга ігнараваць тыя працэсы ўнутры краіны, якія ўжо сталі ўстойлівымі. Я кажу пра міжрэгіянальнае расслаенне”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы сацыяльна-эканамічная сітуацыя на месцах была дасканала вывучана. Вынікі, якія далажылі прэзідэнту, упэўнілі яго ў неадкладным правядзенні сённяшняга мерапрыемства.

“Краіна, рэгіёны развіваюцца нераўнамерна. А дакладней, развіццё ёсць толькі ў Мінскай і з вялікай нацяжкай у Гродзенскай абласцей. Валавы рэгіянальны прадукт гэтых рэгіёнаў за мінулую пяцігодку і два гады бягучай вырас у Мінскай на 28 працэнтаў і ў Гродзенскай на 13 працэнтаў. Астатнія рэгіёны стагніруюць: за 7 гадоў Брэсцкая вобласць прыбавіла ўсяго каля 5 працэнтаў, Гомель — 3 працэнты, Віцебская — 2 працэнты, а валавы рэгіянальны прадукт Магілёўскай вобласці за 7 гадоў нават скараціўся”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што любая сур’ёзная дыферэнцыяцыя заўсёды прыводзіць да кропак расколу ў грамадстве і маштабных праблем у краіне. “Таму ўраду і аблвыканкамам пастаўлена задача: жыццё нашых людзей павінна быць аднолькава камфортным у любым горадзе і раёне. Жаданне нармальна жыць і гадаваць дзяцей, магчымасць працаваць, з цікавасцю і з карысцю патраціць заробленае павінны быць у любым кутку нашай краіны”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў урад за недастатковую работу па стварэнні высокапрадукцыйных рабочых месцаў.

“Вельмі насцярожвае, што выкананне рашэнняў кіраўніка дзяржавы скажонае. Маё патрабаванне заключаецца ў тым, каб ствараць высока-прадукцыйныя рабочыя месцы. Яны і ёсць аснова росту, на іх можна зарабляць добрыя грошы, а не проста выплачваць зарплату, як гэта было ў снежні, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Я не ўнікаў, як урад арганізаваў выкананне майго даручэння, але вынікі нікуды не вартыя”.

Прэзідэнт канстатаваў, што высокапрадукцыйных рабочых месцаў — прыкладна 5 працэнтаў ад створаных. “А на ўзроўні райвыканкамаў, адміністрацый гарадоў, як мне далажылі, словы “высокапрадукцыйныя рабочыя месцы” нават і не чулі. Там бачаць задачу “галоўнае — трымаць і не звальняць”. Не звальняць — гэта таксама важна, чалавек павінен мець месца працы”, — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што ў канцы мінулага года правялі вялікі форум па бізнесе, прыняты пакет рашэнняў, у тым ліку стымулюючых занятасць. “Але ўжо праз два месяцы нейкія разумнікі ва ўрадзе пачынаюць дадумваць. Яны самі вырашылі, што калі чалавек у сябе займаецца нейкай прасцейшай формай самазанятасці, то паслугі ЖКГ яму трэба прад’яўляць по поўным кошце. Як вы разумееце, пайшлі скаргі наконт гэтага, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта наўмысны сабатаж рашэнняў прэзідэнта або недастатковае разуменне?”

На думку кіраўніка дзяржавы, усё гэта не лепшым чынам характарызуе эфектыўнасць работы ўрада па эканамічнай праблематыцы.

Прэзідэнт на нарадзе запатрабаваў на працягу года перасягнуць узровень сярэдняй зарплаты ў краіне ў памеры Br1 тыс.

“Я ведаю, што стаіць за гістарычна нізкім узроўнем інфляцыі і амаль тысячай рублёў у снежні. Вы ж літаральна выціснулі з прадпрыемстваў гэтую сярэднюю тысячу ў канцы года. Але дзве трэція насельніцтва практычна гэтай зарплаты не бачылі. У палавіны — ніжэйшая за 650 рублёў. А 10 працэнтаў насельніцтва краіны змаглі зарабіць не больш за 300 рублёў. Гэта жыхары ў раёнах, дзе альтэрнатывы ў плане працаўладкавання няма”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што пакуль не бачыў графіка росту зарплаты на 2018 год. “Паводле маёй інфармацыі, дасягненне і ўтрыманне ў 2018 годзе заработнай платы на ўзроўні тысячы рублёў не пацвярджае ніводная з абласцей. Гэта таксама сведчыць аб тым, што вы пакуль не здольны яе забяспечыць”, — лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён заявіў губернатарам і прэм’ер-міністру, што неабходна быць бліжэй да праблем людзей. Патрабаванне прэзідэнта ў плане павышэння зарплаты застаецца нязменным. “Я папярэдзіў ужо. Разумею, што ў снежні выйшлі прыкладна на тысячу рублёў. У студзені зарплата ўпала, зразумела, прагулялі паўмесяца практычна, адпачывалі, Новы год святкавалі. Люты — кароткі месяц. Але да канца першага квартала ваша задача — аднавіць тысячу рублёў, а на працягу года — перасягнуць гэты паказчык”, — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, павялічыць гэты паказчык трэба за кошт павышэння для катэгорыі работнікаў з нізкай зарплатай. Размова ідзе, у прыватнасці, аб настаўніках, урачах, работніках дзіцячых садоў, а таксама сацыяльнай сферы і галіне культуры.

Прэзідэнт назваў праблемай нумар адзін для насельніцтва рост цэн.

“Людзям усё роўна, якая ў нас у краіне сярэдняя інфляцыя. Яны робяць вывады па цэнах на тавары, якія купляюць кожны дзень. А там рост як мінімум на 8—10 працэнтаў за год. А калі паслугі сюды дабавіць, то і большы, а не 4,5 працэнта або 6 працэнтаў. Таму рост цэн для насельніцтва па-ранейшаму з’яўляецца праблемай нумар адзін. Маё патрабаванне да кіраўніка Нацбанка, як і 4 месяцы назад, — скарачэнне інфляцыйных чаканняў”, — сказаў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб у ходзе справаздачы была дадзена аб’ектыўная ацэнка таму, як завершаны 2017 год, зыходзячы з сутнасці яго патрабаванняў. Паводле слоў прэзідэнта, патрэбна не проста статыстыка, неабходны аналіз сітуацыі і вывады аб праблемах, якія перашкаджаюць рухацца наперад. Ён падкрэсліў, што хацеў бы пачуць выразную праграму далейшых дзеянняў урада і Нацыянальнага банка па вырашэнні пастаўленых задач і ўзнятых пытанняў.