Аляксандр ЛУКАШЭНКА: “Знікне манапалізм, лягчэй будзе дамаўляцца і па цэнах”

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка актуалізаваў задачы па пошуку новых пастаўшчыкоў нафты і па выбудоўванні лагістыкі дастаўкі сыравіны. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў на нарадзе па пытаннях забеспячэння эфектыўнай работы нафтаперапрацоўчага комплексу краіны ў 2020 годзе і на перспектыву.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на працягу апошняга стагоддзя вуглевадароды былі і застаюцца адным з ключавых фактараў у сусветных эканамічных і палітычных адносінах.

“Асобныя дзяржавы зразумелі, што пры дапамозе вентыля на наф­тавай трубе выгадныя ім пытанні вырашаюцца значна лягчэй. Не думайце, што я намякаю тут толькі на Расію. Гэта стала нормай для дзяржаў планеты, якія маюць ад Госпада такое шчасце. На жаль, нягледзячы ні на якія ўзаемныя абавязацельствы, такая практыка стала прымяняцца і ў адносінах да Беларусі, — сказаў прэзідэнт.— Умовы пастаўкі нафты ва ўльтыматыўнай форме ўвязваюцца з іншымі праблемамі, якія жадае вырашыць краіна-пастаўшчык. Адбываецца гэта без аглядкі на дзеючую дагаворную базу і прынцыпы пабудовы нашых адносін”.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ў выніку цяпер краіна недаатрымлівае каля 1 млн т сыравіны штомесяц. “І справа тут не толькі ў тым, што нехта за вентыль хапаецца. Справа яшчэ і ў тым, што мы самі вінаватыя, што не дыверсіфікавалі ў свой час пастаўкі нафты. Манапалізм заўсёды прыводзіць да такіх вынікаў”, — заўважыў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што менавіта на нафтавай сыравіне завязаны не толькі патрэбы ўнутранага рынку паліва, але і стабільная работа хімічных і іншых прадпрыемстваў.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, нематываваныя дзеянні ў сферы паставак нафты негатыўна ўплываюць на валавы ўнутраны прадукт і даходы бюджэту, хоць задача дыверсіфікацыі крыніц эканамічнага росту стаіць перад урадам ужо не адзін год. “Разлічваю, што ў праграме на чарговую пяцігодку будзе сфарміраваны канкрэтны план, як знізіць значнасць умоў паставак нафты для фарміравання ВУП”, — абазначыў задачу беларускі лідар.

З іншага боку, як лічыць прэзідэнт, існуючая сітуацыя аказалася нават у нечым карыснай: “Мы неапраўдана зацыкліліся на некалькіх пастаўшчыках і не маем доўгатэрміновых альтэрнатыўных крыніц сыравіны”. “Нафта — не манапольны тавар, і жадаючых працаваць з намі дастаткова нават у самой Расіі. Пастаўшчыкоў трэба знахо­дзіць, з імі трэба дамаўляцца. І гэта задача нумар адзін, асабліва ў цяперашняй няпростай сітуацыі, якая склалася ў свеце, у тым ліку з нашым партнёрам-манапалістам”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што, як паведамляе сам расійскі бок, яго пастаўкі нафты ў Кітай скараціліся на трэць. “Не толькі ў Кітай. Наф­та сёння імгненна таннее. І ў такой сітуацыі гэта нам на карысць і падштурхоўвае нас да таго, каб мы маглі дамовіцца з пастаўшчыкамі. Не толькі ў Расіі, але і з альтэрнатыўнымі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь пры гэтым не ставіць пытанне так, што не будзе купляць расійскую наф­ту. “Будзем. Таму што гэтая наф­та, яе здабыча і транспарціроўка ствараліся ў тым ліку рукамі беларусаў — тых пакаленняў, за якімі мы з вамі прыйшлі. І лагістыка тут самая зручная. Але мы, вядома ж, не бу­дзем пастаянна поўзаць на каленях 31 снежня, вымольваючы гэтую наф­ту. І калі знікне манапалізм, лягчэй будзе дамаўляцца і па цэнах”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён папрасіў удзельнікаў нарады далажыць, якія вынікі ўжо дасягнуты ў гэтым напрамку і якія ёсць перспектывы.

Другое пытанне, на якім акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка, — лагістыка дастаўкі. “Яго трэба адпрацоўваць не менш інтэнсіўна, чым першае. І аднымі толькі дагаворамі на транспарціроўку нафты яго не вырашыць, — упэўнены ён. — Неабходны комплексныя і сістэмныя інфраструктурныя рашэнні. Трэба прадумаць магчымасць рэалізацыі сумесных праектаў з замежнымі кампаніямі — уласнікамі сыравіны”.

“Пара канчаткова прыняць той факт, што ў энергетычных пытаннях варта разлічваць толькі на сябе, а ў крытычны момант нават найбліжэйшы партнёр будзе кіравацца толькі логікай уласных інтарэсаў”, — дадаў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі ёсць два буйныя і развітыя прадпрыемствы па перапрацоўцы нафты: заводы ў Наваполацку і Мазыры, якія выпускаюць якасную і канкурэнтаздольную прадукцыю, запатрабаваную на знешніх рынках. З улікам іх размяшчэння кіраўнік дзяржавы нагадаў аб задачы па дыверсіфікацыі паставак і магчымых маршрутах. Адзін з іх — праз Украіну па нафтаправодзе Адэса — Броды, другі — праз парты па Балтыцы.

“Рынак ёсць, добры рынак, блізкія рынкі. Але патрэбна лагістыка. Мы таксама за апошнія месяцы многае прапрацавалі па пастаўках нафты. Я ўжо сказаў, што каля 40 працэнтаў, можа, 50 працэнтаў нафты будзем па-ранейшаму купляць у Расіі (калі Расія захоча), калі канчаткова дыверсіфікуемся. А па 30 працэнтаў можам купляць з партоў Балтыкі і з Адэсы. Гэта будуць тры крыніцы. Мы поўнасцю па пастаўках нафты можам дыверсіфікавацца”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

У плане паставак з балтыйскага напрамку прэзідэнт упэўнены ў магчымасці вырашыць пытанне з паляпшэннем лагістыкі, у першую чаргу, па пастаўцы трубаправодным транспартам. “Гэта ж не праблема пабудаваць. Там, дарэчы, ёсць пара труб, якія нас задаволілі б, калі б мы іх прывялі ў парадак і дамовіліся з балтыйскімі дзяржавамі па гэтых трубах”, — сказаў беларускі лідар.

Ён таксама нагадаў, што былі вельмі сур’ёзныя заявы і намеры з боку ЗША. “З дзяржсакратаром я на гэтую тэму гаварыў — дапамагчы нам з інфраструктурай і пастаўкамі нафты. Пампеа сам прапанаваў па канкурэнтных цэнах гэтую нафту. І на Мюнхенскай канферэнцыі была заява: яны выдзелілі $1 млрд для будаўніцтва аб’ектаў лагістыкі, гэта значыць для пастаўкі нафты, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — У тым ліку мы можам разлічваць, што атрымаем ад іх зусім танныя крэдыты на будаўніцтва той жа няшчаснай трубы з Балтыкі. Недзе нам трэба пара перамычак, якія ўрад разлічвае будаваць аж тры гады. Не будзе гэтага. Паўтара-два гады, не больш! І $100—120 млн мы самі знойдзем на гэтыя перамычкі”.

“Таму трэба проста варушыцца”, — падкрэсліў беларускі лідар.

Прэм’ер-міністр Сяргей Румас у пачатку нарады далажыў, што з канца снежня мінулага года НПЗ Беларусі вымушаны праца­ваць ва ўмовах зніжанай загрузкі вы­творчых магутнасцей. “Аб’ём
пера­працоўкі нафты ў студзені — лютым 2020 года склаў 1 млн
850 ты-сяч т нафты, “Нафтан” — 892 тысячы т, Мазырскі НПЗ — 962 тысячы т”, — сказаў ён.