Аляксандр РАДЗЬКОЎ: “Калі вучань і настаўнік знаходзяць адзін аднаго — гэта цудоўна!”

- 12:07Моя школа

Сённяшні госць праекта “Мая школа” добра знаёмы кожнаму педагогу. Ды і сістэму адукацыі Беларусі ён ведае дасканала. Больш за тое, менавіта пад яго кіраўніцтвам выстройвалася адукацыйная сістэма нашай краіны: на працягу больш як сямі гадоў ён з’яўляўся міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Сёння мы гаворым пра школу разам з першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Міхайлавічам Радзьковым.

— Аляксандр Міхайлавіч, а якая яна была, ваша школа?
— У кожнага чалавека школа асацыіруецца з дзяцінствам. Нам, пасляваеннаму пакаленню, пашанцавала, бо ў нас, у адрозненне ад нашых бацькоў, дзяцінства было. Дзяцінства, напоўненае святлом: добрымі настаўнікамі, уважлівымі бацькамі. І мае асноўныя дзіцячыя ўспаміны — аднакласнікі, вучоба, урокі, падручнікі і, безумоўна, настаўнікі. Мая школа, што ў пасёлку Красная Беларусь недалёка ад Быхава, працуе і зараз.
Прамысловым цэнтрам пасёлка быў торфазавод — дзіця першых пяцігодак, на якім здабывалі тарфакрошку і кавалкавы торф, пастаўлялі яго ў Магілёў у якасці паліва і як удабрэнне для сельскай гаспадаркі. Па тым часе рабочы пасёлак быў вельмы добраўпарадкаваны: з яслямі, дзіцячым садам, школай, сеткай магазінаў, рынкам. У нас нават была вузкакалейка, якая праходзіла па ўсіх палях, дзе здабывалі торф.
Вакол нас, дзяцей, было столькі цікавага! З аднаго боку, прамысловая аснашчанасць і інжынерная інфраструктура (торфавытворчасць была механізавана: трактары, уборачныя механізмы, машыны для сушкі торфу, прасавання і дастаўкі), з другога — цудоўная прырода: сасновыя бары і змешаныя лясы з вялікай колькасцю грыбоў.

— Але ж, відаць, жыццёвы вопыт фарміраваўся не толькі назіраннямі?
— Канечне, фарміраванне жыццёвага досведу ішло і праз спорт, і праз вучобу, і праз фізічную працу.
Як і ўсе ў пасёлку, мы мелі агарод і свойскіх жывёл (былі карова і цяля), а паколькі мой бацька, Міхаіл Мікалаевіч, служыў у міліцыі, у нас былі яшчэ і кабыла з жарэбчыкам. Безумоўна, як маглі, дапамагалі бацькам даглядаць свойскіх жывёл, касілі, палолі грады. Таксама нас далучалі і да прамысловай работы: мы дапамагалі рамантаваць чыгунку, ачышчалі палі, на якіх здабывалі торф, ад карчоў, вучыліся вадзіць трактар і аўтамабіль (нам, хлопцам, тады гэта дазвалялі).
Побач знаходзіўся аэрадром стратэгічнай марской авіяцыі. Служылі там хлопцы розных нацыянальнасцей: і армяне, і грузіны, і ўзбекі, і малдаване. І мы рэгулярна гулялі з імі ў футбол на нашым досыць добрым па тым часе стадыёне. Для пасёлка кожны футбольны матч быў святам, бо і наша каманда была моцная, і футбол любілі практычна ўсе.
А яшчэ ў нашым пасёлку была танцавальная пляцоўка, на якой ладзіліся танцы пад духавы аркестр, у якога было аж тры склады: мэтры, дарослыя і дзеці. І праз яго праходзілі амаль усе хлопцы.

— Якую ролю ў фарміраванні вас як асобы адыграла школа?
— Школа была вузлом і навучання, і выхавання. Настаўнікі, што працавалі ў школе, былі і мясцовыя, і прыезджыя. Многія ездзілі на работу з Быхава (бо што тут ехаць — 10 хвілін!).
Калектыў у школе быў вельмі творчы, вучыцца было цікава. Вельмі добра памятаю свайго першага дырэктара Д.А.Лазаковіча. Надзвычай яркі след у маёй душы пакінуў настаўнік матэматыкі Міхаіл Восіпавіч Мельнікаў, які прывіў мне любоў да матэматыкі, адчуванне гэтага прадмета. Ён “злавіў” мой інтарэс, і я, паверыўшы яму яшчэ хлапчуком, дайшоў да доктара навук. І я лічу, што менавіта гэты настаўнік вызначыў мой прафесійны шлях. Памятаю, што хлопец з нашай школы быў прызёрам Усесаюзнай алімпіяды па матэматыцы. Уявіце сабе: з сельскай школы!
Школа была, на мой погляд, самым аптымальным месцам для развіцця асобы: сельская гаспадарка (жывёла і грады), вытворчаць і ў той жа час рэгулярны рух аўтобуса, самалёты, аснашчаная танцпляцоўка з падсветкай. У штаце торфазавода нават быў садоўнік, які даглядаў дрэвы і кветкі, паліваў і падразаў іх.

— Што запомнілася з дзяцінства?
— Дасюль памятаю смак марожанага, якое прывозілі ў пасёлак.
Асфальту ў нас у пасёлку не было, але калі было горача, машына палівала вуліцы. А на Кастрычніцкія святы пасыпалі дарожкі жоўтым пясочкам і ў якасці ўпрыгажэнняў ставілі елачкі. Мы жылі ў адчуванні свята.

— Ці бывала такое, што вы не выконвалі хатнія заданні?
— У нас была надзвычайная накіраванасць на вучобу. Было заведзена, што пасля школы трэба абавязкова зрабіць хатняе заданне. А яшчэ, калі ў пачатку года атрымлівалі новыя падручнікі, нам абавязкова трэба было іх прагартаць. Матэматыку, канечне, за некалькі дзён самастойна не асіліш, а вось гісторыю і геаграфію прачытвалі ад вокладкі да вокладкі.

— Што вас надзвычай уражвала ў настаўніках?
— Творчасць і адкрытасць настаўнікаў. Вось, напрыклад, Уладзімір Іванавіч Новікаў — настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Памятаю, неяк гулялі мы ў валейбол, а ён падышоў і пачаў падказваць, што і як трэба рабіць. Ну мы, безумоўна, абурыліся: “Уладзімір Іванавіч, калі вы такі вопытны, выходзьце самі і пакажыце”. І ён выйшаў і паказаў, і, канечне, у яго выйшла лепш, чым у нас. Ну, а калі ён быў на ўроку…
У класе ў нас была гітара, і кожны імкнуўся навучыцца на ёй іграць. “Во поле береза стояла” спрабавалі іграць усе. Аднойчы Уладзімір Іванавіч уваходзіць у клас, а мы, заканчваючы свае музычныя практыкаванні, перашкаджаем яму пачаць урок. Ён адзін раз зрабіў нам заўвагу, другі раз, а на трэці… прынёс пласцінку і кажа: “Я вельмі добра разумею ваша жаданне іграць, старайцеся… Але я пакажу вам арыенцір: вось ігра найвыдатнейшых гітарыстаў свету”. І мы ўвесь урок літаратуры слухалі класічную гітарную музыку. І мы не проста слухалі — ён яшчэ гэта і каментаваў. Уражанні, атрыманыя тады, былі вельмі моцныя (дарэчы, я і сёння вельмі люблю гітарную музыку). Праз некаторы час, калі ён прапанаваў нам стварыць літаратурны гурток, а потым і школьны тэатр, мы, безумоўна, пагадзіліся.
Адной з пастановак была п’еса “Алека” па паэме А.С.Пушкіна “Цыганы”. Памятаю, як шылі касцюмы, вучылі ролі (было немалаважна, каб пажаданні кіраўніка і выканаўцы таксама супадалі). А калі ставілі “Пінскую шляхту”, дык паглядзець спектакль сабраўся ўвесь пасёлак. Памятаю, там была сцэна вяселля: накрыты сталы, стаіць “віпіўка” і “закуска”. І мы настолькі ўцягнуліся ў сцэнічнае жыццё, што забыліся аднаму з аднакласнікаў, што быў у вясельнай грамадзе, “наліць”, дык з залы гледачы сталі нават падказваць: “Валерыку наліце! На Валерыка не забывайцеся!”.
Мне падабаецца, што і зараз школа ўладкавана, мне прыемна, што дырэктарам там працуе мой старэйшы брат Уладзімір, што з тых часоў (з 1977 года) захаваўся духавы аркестр, які ён заснаваў.

— А на якім інструменце ігралі вы?
— На тэнары, ёсць у духавым аркестры такі інструмент.

— Якія найбольш радасныя ўспаміны звязаны ў вас са школьным жыццём?
— Вельмі радасныя ўспаміны аб мерапрыемствах, якія праходзілі ў школе. Як восеньскім лісцем упрыгожвалі залу перад асеннім балем, як упрыгожвалі ёлку перад навагоднімі святамі, удзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці. Вельмі добра запомнілася, як мяне прымалі ў піянеры, а гальштук завязваў сябра майго старэйшага брата Міша Канцавы.

— Ці гарэзнічалі вы ў школе?
— У старшых класах гарэзнічаць ужо не было як, бо ў мяне сфарміраваўся пэўны ўзровень адказнасці (як-ніяк быў сакратаром камітэта камсамола). А вось у класе трэцім-чацвёртым бывала. Перад навагоднімі святамі, як водзіцца, у школу прывезлі елку. І такая яна была духмяная, такая прыгожая, што мне чамусьці вельмі захацелася яе пераскочыць. І я, скокнуўшы, прызямліўся прама на ногі дырэктару… Ну тут ён мяне — за вуха… Так што гэты скачок запомніўся мне надоўга… Ну і, канечне, футбол…

— Я так разумею, у футбол гуляў ледзь не ўвесь пасёлак…
— Увогуле, любы футбольны матч быў падзеяй: ці то між класамі, ці то між вуліцамі. Але надзвычайным шчасцем былі матчы паміж школамі, часам нават выязныя (гэта нешта накшталт гастролей у артыстаў!).
Вуліцы ў нашым пасёлку былі з традыцыйнымі па тым часе назвамі: Школьная, Клубная, Міру. І на кожнай вуліцы наш настаўнік фізкультуры вызначаў старшага па вуліцы, які павінен быў арганізоўваць футбольныя спаборніцтвы паміж вуліцамі. У нас існаваў нават каляндар гульняў. Бывала, што бацька загадвае сена касіць (з гэтым у нас у сям’і было вельмі строга), а ў гэты час гульня (як жа не прыйсці — хлопцы не зразумеюць). І тады дамаўляліся так, каб усім было зручна, пераносілі гульні на больш позні час, але расклад не парушалі.

— Ці быў у вас у дзяцінстве вольны час?
— Практычна не было. І я лічу, што гэта правільна, бо нават лета ў дзяцей павінна быць занятае. У нашага пакалення яно было занята ў асноўным работамі па гаспадарцы (трэба ўмець пакасіць і плот адрамантаваць, пограб перад зімой пачысціць, на выпас схадзіць (памятаю, як на выпасе рукамі ў рэчцы лавілі печкуроў і, крыху пасаліўшы, іх елі — большай смакаты на свеце няма!) і коней дагледзець.

— І вы з гэтым усім умееце ўпраўляцца?
— Каб сказаць, што я ўмею, напрыклад, сталярнічаць ці прафесійна займацца доглядам коней, то наўрад ці… Але мы ўсё гэта спрабавалі рабіць: у кагосьці атрымлівалася лепш, ў кагосьці — горш. І гэтыя веды шмат у чым у жыцці потым дапамаглі.
Я ўпэўнены, што дзіця добра развіваецца, калі пастаянна занята добрай справай і бачыць, што з гэтага занятку можна будзе атрымаць карысць. Ды і школьныя настаўнікі былі скіраваны нас займаць: калі гэта быў урок батанікі — мы ішлі ў лес, урокі фізкультуры ўзімку праходзілі таксама ў лесе — каталіся на лыжах.

— Кажуць, што ў поспехах вучняў немалую ролю адыгрывае агульная атмасфера школы. Гэта так?
— Канечне. Усё жыццё ў пасёлку вярцелася вакол школы, настаўнікаў. Адразу складвалася вельмі добрая атмасфера, якая стваралася найперш настаўнікамі — іх аўтарытэтам, увагай, зацікаўленасцю… У асяроддзі дзяцей не было хамства.
Памятаю, гуляюць хлопцы ў футбол: 8 “А” з 8 “Б” класам. А наш класны, Міхаіл Восіпавіч Мельнікаў, сам прыйшоў пахварэць і з сабой прывёў нашых дзяўчат-аднакласніц. А калі прыязджала каманда вайсковай часці марской авіяцыі, то балельшчыкамі быў забіты ўвесь стадыён.
Сёння, на жаль, у маёй школе не так многа дзяцей, як тады, калі вучыўся я. Раней у кожнай паралелі было па два класы — каля 400 вучняў, мы нават не паспявалі займацца ў адну змену. Зараз там вучацца каля 100 чалавек.

— Ці памятаеце сваю першую настаўніцу?
— Мая першая настаўніца — Надзея Андрэеўна Бублікава. Яна была вельмі інтэлігентная, уважлівая і ласкавая. Аберагала кожнага вучня, старалася кожнага падтрымаць і кожнаму дапамагчы.
А майго малодшага брата Мікалая вучыў іншы настаўнік — Іван Міхайлавіч Мар’янкоў (нават сёння мужчына — настаўнік пачатковых класаў — вялікая рэдкасць, а тады…). Дык вось, калі брат правучыўся некаторы час у школе, наша маці прыйшла да настаўніка і спытала, ці гарэзнічае Коля ў школе, ён адказаў: “Жэня (так звалі маю маці), калі б ён не гарэзнічаў, гэта было б ненармальна. Хэта ж хлопец, яму трэба гарэзнічаць, рухацца…” Потым брат расказваў, што часам, калі ўсе ў класе за пэўным заняткам сціхалі, Іван Міхайлавіч мог нават прыснуць на ўроку (сям’я ў яго была вялікая, ды і гаспадарка немалая — вядома, чалавек стамляўся). І тады яго вучні, хоць і маленькія былі, сядзелі ціха, баючыся патурбаваць настаўніка.

— Што для вас стала самай вялікай школай у набыцці жыццёвага вопыту?
— На ўсім жыццёвым шляху — у школе, ВНУ, на працы — сустракаюцца людзі, да якіх прыглядаешся, ад якіх атрымліваеш падказку, як весці сябе ў складанай сітуацыі, як шукаць і прымаць рашэнне. У сям’і гэта, канечне, былі бацькі. У нашым выхаванні ўдала спалучаліся строгасць бацькі і аўтарытэт маці: у сям’і нас было пяцёра хлопцаў, і адзінае, чым маці магла ўтрымаць іх і правільна накіраваць па жыцці, — гэта адукацыя. І яна прымусіла ўсіх пяцярых вучыцца, паступіць і скончыць вышэйшыя навучальныя ўстановы. Старэйшы, Уладзімір, — дырэктар школы, наступны пасля мяне брат, Міхаіл, — заслужаны ўрач Беларусі, яшчэ двое, Мікалай і Віктар, — дырэктар школы і дырэктар ліцэя. Ніхто не здрадзіў сваёй прафесіі, усе засталіся прыстойнымі людзьмі і працуюць для людзей.
У школе — настаўнік матэматыкі Міхаіл Восіпавіч Мельнікаў, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Уладзімір Іванавіч Новікаў. Ва ўніверсітэце гэта прыклад адданасці матэматыцы Аляксей Архіпавіч Мазанік, мой навуковы кіраўнік Аляксандр Аронавіч Столяр — матэматык сусветнага ўзроўню, педагог, метадыст.
Зараз я працую ў камандзе прэзідэнта нашай краіны і гляджу, як Аляксандр Рыгоравіч маштабна асэнсоўвае сітуацыю, як ён прымае рашэнні, імкнецца выслухаць супрацьлеглую думку і ў сутыкненні думак прымусіць апанентаў знайсці пераканаўчыя доказы, а потым на аснове дыскусіі знайсці правільнае рашэнне.
Трэба заўсёды памятаць, што ў жыцці ёсць людзі, якія любяць і цэняць сваю школу, сям’ю, краіну, стараюцца зрабіць нешта і для сябе, і для іншых людзей, і для Радзімы.

— Вам шанцавала на людзей?
— Так проста ні ў чым не пашанцуе. Ты сам павінен шукаць для сябе ўзоры, прыглядацца, спрабаваць, рызыкаваць — абавязкова прыкладаць намаганні. Калі ты будзеш вучыцца ці працаваць без напружання, не будзеш ставіць перад сабой пэўныя мэты і задачы, ніколі не атрымаеш выніку. І нават калі ў цябе пры гэтым не ўсё будзе атрымлівацца, табе заўсёды дапамогуць, падкажуць, дадуць параду. Я лічу, што асноўны рухавік прагрэсу нашага грамадства — узаемападтрымка. Калі ты нечага хочаш, знойдзецца і настаўнік, і той, хто зможа дапамагчы.

— Трэба гэтага моцна жадаць?
— Так. Няма сэнсу сядзець і чакаць, што нехта прыйдзе і навучыць. Трэба самому да гэтага імкнуцца. Гэта своеасаблівы рух насустрач: і настаўніку патрэбны добрыя вучні, і вучням патрэбны добрыя настаўнікі. І калі яны знаходзяць адзін аднаго — гэта цудоўна.

Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.