Не многія краіны могуць пахваліцца такой сістэмай падтрымкі мнагадзетных сем’яў, як у Беларусі, адзначыў у размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” дырэктар Іўеўскай пачатковай школы Аляксандр РАМАНЮК.
— Галоўнай падзеяй 2025 года ў самым яго пачатку стануць выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Днямі стала вядома, што свой выбар грамадзяне нашай краіны зробяць 26 студзеня. Для мяне гэты выбар відавочны: буду галасаваць за моцную і квітнеючую Беларусь, у якой шануюць чалавека працы, паважаюць прафесію педагога і падтрымліваюць усе добрыя пачынанні і словам, і справай.
Як кіраўнік установы адукацыі хачу сказаць, што школа — гэта месца пастаяннага ўзаемадзеяння не толькі з дзецьмі, але і з іх бацькамі. Імкнуся бываць на ўсіх сходах нашай бацькоўскай грамадскасці. Выбудоўваю дыялог з законнымі прадстаўнікамі вучняў не толькі як кіраўнік, але і як бацька.
У маёй сям’і падрастаюць трое дзяцей. У справе бацькоўства адчуваю моцнае плячо дзяржавы. У першую чаргу гэта істотная матэрыяльная падтрымка мнагадзетных сем’яў, якая пачынаецца з дапамогі ў будаўніцтве жылля і заканчваецца такімі бытавымі пытаннямі, як арганізацыя харчавання ва ўстановах дашкольнай і школьнай адукацыі. Не памылюся, калі адзначу, што не многія краіны сёння могуць пахваліцца такой шырокай сістэмай падтрымкі мнагадзетных сем’яў. А менавіта з сям’і пачынаецца дзяржава. Нездарма ключавой фразай нядаўняга Тыдня бацькоўскай любові сталі словы “Сям’я — аснова моцнай дзяржавы”. З акцэнтам на сям’і ў краіне будуюцца асноўныя вектары дзяржаўнай падтрымкі па многіх напрамках.
Сёлета наша ўстанова адукацыі апынулася ў эпіцэнтры стыхіі. У канцы ліпеня ў выніку шквалістых парываў ветру адна з пабудоў школы ў літаральным сэнсе засталася без даху. У той жа дзень прадстаўнікі многіх ведамстваў ацэньвалі нанесеную шкоду і абмяркоўвалі ліквідацыю наступстваў стыхіі. Пытанне было вырашана аператыўна. Ужо праз два тыдні работы былі выкананы на 90%, і аб разгуле стыхіі нагадвалі толькі здымкі ў маім тэлефоне. У самыя кароткія тэрміны кіраўніцтвам раёна і вобласці былі выдзелены сродкі на фінансаванне незапланаваных работ. Галоўнае пытанне на той момант фармулявалася такім чынам: “Што трэба ўлічваць пры выкананні работ, каб у далейшым такая сітуацыя больш не стала для нас актуальнай?”
У верасні нашы пачаткоўцы і педагогі прыйшлі ў школу, дзе фактычна нішто ўжо не нагадвала пра летні прыродны калапс. І гэта таксама важны маркер прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі.
Школа для нашых вучняў была і застаецца бяспечным месцам, з якога пачынаецца шлях да ведаў для 142 школьнікаў і 75 дашкалят. Для іх наша ўстанова становіцца па сутнасці другой сям’ёй. У далейшым яшчэ адной сям’ёй для кожнага з іх стане працоўны калектыў. Але мы ведаем, што ўсё пачынаецца з дзяцінства.
У нашым ініцыятыўным і зладжаным калектыве працуюць 34 педагогі. І нязменна паўтараю падчас тэматычных сустрэч галоўны момант, на якім важна рабіць акцэнт у выхаваўчай рабоце: павага да Радзімы пачынаецца з павагі да суседа і старэйшага чалавека.
Нядаўна мерапрыемствы шостага школьнага дня ў нашай установе прайшлі пад дэвізам “А што ты зрабіў для Беларусі?”.
Разам з педагогамі школьнікі прынялі ўдзел у акцыі “Чысты горад” і навядзенні парадку на гарадскім возеры ў цэнтры Іўя. Тым часам малодшыя вучні працавалі ў школьнай бібліятэцы — прыводзілі ў парадак кнігі нашых фондаў.
Педагогі рэалізуюць выхаваўчыя моманты і падчас урокаў. Летась творчая група настаўнікаў пачатковых класаў для абласнога метадычнага рэсурсу “Выхаванне на ўроку: рэсурсы для развіцця асобы вучняў” распрацавала адпаведныя вучэбныя модулі. Вынік гэтай работы — грамадзянска-патрыятычнае выхаванне вучняў адбываецца не толькі падчас выхаваўчых мерапрыемстваў, класных гадзін, экскурсій, а нават на ўроках матэматыкі. Напрыклад, цікавым момантам на занятках становіцца выкананне тэста, у адказах якога — знакавыя для Беларусі лічбы і даты: 9 (9 Мая), 3 (3 ліпеня), 17 (17 верасня), 1945 (год Перамогі). Адказы вучняў суправаджаюцца адпаведнымі тлумачэннямі педагога.
Згуртаванасці калектыву педагогаў, школьнікаў і іх бацькоў у нашай установе адукацыі не першы год спрыяюць сумесныя велапрабегі ва ўрочышча Стоневічы Іўеўскага раёна. Такія мерапрыемствы заўсёды аб’ядноўваюць больш за паўсотні чалавек і праходзяць на высокім арганізацыйным узроўні — у суправаджэнні ДАІ. У гэтым годзе мы сталі актыўнымі ўдзельнікамі і аналагічнага раённага мерапрыемства да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара