З дырэктарам Цэнтра міжнародных сувязей Міністэрства адукацыі А.А.Самуйлічам мы сустрэліся ў Гановеры. Некалькі груп беларускіх спецыялістаў прыехалі ў гэты нямецкі горад, каб наведаць выставу-кірмаш ДЫДАКТА.
Для кожнай групы быў распрацаваны свой маршрут на ДЫДАКТУ. Тая, у якой была я, знаёмілася з арганізацыяй профільнага навучання ва ўстановах адукацыі Францыі і Германіі, а таксама пабывала ў Еўрапейскай камісіі ў Бруселі (Бельгія). Група, у якой быў А.А.Самуйліч, вывучала асаблівасці развіцця нямецкіх універсітэтаў у кантэксце Балонскага працэсу. Іншыя — знаёміліся з сучаснымі адукацыйнымі тэхналогіямі ва ўстановах адукацыі Польшчы і Германіі.
Напрыканцы тыднёвай паездкі ўсе групы сустрэліся на выставе-кірмашы ДЫДАКТА. Дарэчы, гэта быў 15-ты, можна сказаць, юбілейны выезд беларускай дэлегацыі на знакаміты еўрапейскі форум.
Пра тое, што дае педагогам удзел у такіх маштабных мерапрыемствах, і ўвогуле пра неабходнасць прафесійнай мабільнасці мы гутарылі з А.А.САМУЙЛІЧАМ.
— Праграмы прафесійнай мабільнасці, распрацаваныя вашым цэнтрам для кожнай групы, былі надзвычай насычанымі. Хачу заўважыць, Аляксандр Аляксандравіч, што гэта вельмі граматны падыход — паказаць педагогам адразу ўвесь зрэз еўрапейскай адукацыі: і дыдактыку, і практыку, і тэндэнцыі развіцця…
— Сапраўды, мы пастараліся азнаёміць беларускіх удзельнікаў з рознымі аспектамі дзейнасці ўстаноў адукацыі еўрапейскіх краін. Вядома, можна было б арганізаваць серыю лекцый, але мы лічым, што лепш, як кажуць, адзін раз убачыць. Падчас знаходжання ў дзіцячых садках, школах, каледжах, універсітэтах, у гутарках з калегамі якраз і здабываюцца новыя веды, ідзе працэс прафесійнага ўзбагачэння.
Напрыканцы праграмы ўдзельнікі наведалі самы вядомы еўрапейскі адукацыйны форум. ДЫДАКТА — гэта ўжо своеасаблівы брэнд нашага цэнтра, які сімвалізуе неабходнасць вывучэння ўсяго пазітыўна новага, што можа выклікаць цікавасць і што можна паспяхова пераймаць.
Мы арганізоўваем паездкі на ДЫДАКТУ з 2000 года, калі выстава з рэгіянальнага мерапрыемства ператварылася ў буйны еўрапейскі форум. Там можна ўбачыць усё самае перадавое, што прапаноўваецца для сферы адукацыі (ад дашкольнай да паслядыпломнай). Магу сказаць, што многія рэчы, якія сёння ўкараняюцца ў наш адукацыйны працэс, напрыклад, тыя ж інтэрактыўныя дошкі, я ўпершыню ўбачыў менавіта на ДЫДАКЦЕ 15 гадоў назад.
Для нямецкіх педагогаў ДЫДАКТА з’яўляецца сапраўднай падзеяй. Многія з іх едуць на выставу за 500—800 кіламетраў. Яны імкнуцца набыць неабходныя для работы матэрыялы, пагутарыць са спецыялістамі, паўдзельнічаць у розных семінарах, майстар-класах, прэзентацыях новых тэхналогій. Няма сумнення, што на выставу іх ніхто не накіроўвае, гэта ўнутраная патрэба прафесіяналаў. Мы рады, што робім ДЫДАКТУ даступнай таксама і для беларускіх педагогаў.
Сістэма адукацыі Германіі — гэта вельмі магутная індустрыя, і яна шырока прадстаўлена на ДЫДАКЦЕ. Таму ёсць выдатная магчымасць пазнаёміцца з тымі, хто працуе на перадавой адукацыйных тэхналогій, навукі і практыкі, зразумець інструменты прасоўвання адукацыйных паслуг у свеце. Так, не ўсё мы можам пераняць. Але тое, што апрабавана і даказала сваю эфектыўнасць, трэба браць на ўзбраенне.
— Беларусы 15 гадоў запар прыязджаюць на выставу-кірмаш ДЫДАКТA ў якасці гасцей. Можа, наспеў час і нам паказаць там свае дасягненні?
— Я лічу, што час сапраўды наспеў. За мяжой пра нашу сістэму адукацыі амаль не ведаюць, бо мы не прасоўваем яе ў свет. А між тым трэба гэта рабіць, нам ёсць што паказаць.
Увогуле, адукацыйны бізнес у свеце — вельмі сур’ёзная сфера дзейнасці. Па ацэнках еўрапейскіх экспертаў, штогадовы даход у галіне адукацыі складае каля 100 мільярдаў еўра. Таму нам трэба ствараць дастойны імідж нашай адукацыі і актыўна выходзіць на еўрапейскі рынак.
Узгадаю вельмі яскравы прыклад, хоць і з іншай сферы. Памятаю, як некалькі гадоў назад на вялікай мэблевай выставе ў Кёльне з’явіліся першыя кітайскія наведвальнікі. Праз год яны ўважліва ўсё фатаграфавалі і занатоўвалі. Яшчэ праз год з’явіўся першы маленькі кітайскі павільёнчык. А зараз ужо палова выставы — кітайская. Вось так, зразумеўшы, што прапаноўваецца на еўрапейскім рынку, краіна, якая ніколі не была заканадаўцам у галіне мэблі ў Еўропе, вельмі хутка выйшла са сваімі прапановамі і ўжо робіць вялікі бізнес.
Вось прыклад мабільнасці! І Кітай прытрымліваецца такой пазіцыі ва ўсіх сферах. Гэтаму трэба вучыцца.
— Я думаю, ёсць сэнс пашырыць катэгорыю ўдзельнікаў вашых праграм мабільнасці. Акрамя педагогаў, трэба вывозіць на ДЫДАКТУ нашых вытворцаў і выдаўцоў, каб яны бачылі тыя цацкі, абсталяванне, мэблю, якія вырабляюць нямецкія вытворцы для нямецкіх дзяцей, тыя падручнікі і метадычныя дапаможнікі, якія ў вялікай колькасці прапаноўваюцца нямецкім настаўнікам і вучням. Можа, гэта паспрыяе павышэнню якасці работы нашых вытворцаў і выдаўцоў?
— У Еўропе — велізарная канкурэнцыя, і там выжываюць тыя, хто робіць рэальна якасны прадукт. Таму на ДЫДАКЦЕ штогод з’яўляецца шмат новай і палепшанай прадукцыі. А права настаўнікаў і дзяцей выбіраць падручнікі вымушае выдаўцоў працаваць з аўтарамі, адбіраць найлепшыя ўзоры і даводзіць іх да дасканаласці.
— У нашай групе, што пабывала ў Парыжы і Бруселі, было даволі шмат педагогаў, якія паехалі ў адукацыйную паездку за ўласныя грошы. Я пацікавілася: ці не лепш было б паехаць у гэтыя гарады па турыстычнай пуцёўцы і прыкладна за такі ж кошт убачыць больш славутасцей. Але педагогі адказвалі, што ім цікава пабываць не толькі на нейкіх турыстычных аб’ектах, але і атрымаць новы прафесійны вопыт. Шчыра кажучы, мяне гэта ўразіла: ёсць яшчэ порах у нашых парахаўніцах, прафесіяналізм перамагае…
— Тое, што нашы педагогі, разумеючы неабходнасць эканоміі бюджэтных рэсурсаў, гатовы інвесціраваць у прафесійную мабільнасць уласныя грошы, — вельмі патрыятычна. Я б называў гэта інвестыцыйнай дзейнасцю, бо сродкі накіроўваюцца на атрыманне новых ведаў і павышэнне прафесійнага ўзроўню. Гэта трэба ўсяляк падтрымліваць.
Сёння ўсё больш педагогаў разумеюць, што, каб быць паспяховым у прафесіі, трэба мець зносіны з калегамі з іншых краін, ведаць, што робіцца ў свеце, якія падыходы выкарыстоўваюцца. Таму, арганізоўваючы кожную замежную паездку, мы стараемся даць педагогам як мага больш прафесійных ведаў.
Многія праблемы, якія мы імкнёмся вырашыць, у шэрагу краін паспяхова вырашаны, і нам трэба пераймаць іх вопыт. Зрэшты, мы разумеем, што нашы выезды за мяжу не дадуць практычную выгаду ў адзін момант. Але тое, што яны пашыраюць кругагляд педагогаў і даюць ім магчымасць з іншага боку паглядзець на сваю прафесію, — бясспрэчна. Настаўнікам, якія ведаюць розныя тэхналогіі і падыходы, прасцей знайсці шлях да кожнага дзіцяці і дасягнуць лепшых вынікаў у рабоце.
Таму, калі педагогі жадаюць удзельнічаць у прафесійнай мабільнасці, пазіцыя кіраўніка павінна быць адназначнай: не шукаць прычыны, каб не пусціць, а ствараць умовы для паездкі.
— У мінулым годзе вашым цэнтрам было арганізавана больш за сто праграм прафесійнай мабільнасці для спецыялістаў розных галін. Верагодна, вашым сувязям у Еўропе можа пазайздросціць наша Міністэрства замежных спраў?
— Так, за больш чым 20-гадовую гісторыю ў нашым цэнтры назапашана велізарная колькасць кантактаў. У нас вельмі добрая рэпутацыя за мяжой. Як пацвярджэнне маем падзячны ліст з Еўрапейскай камісіі.
Сёння мы можам прапанаваць высакаякасны інавацыйны прадукт: змястоўныя лекцыі, трэнінгі, сустрэчы з прафесіяналамі. Практычна ўсё, што патрэбна спецыялістам з любой сферы. Імкнёмся туды, дзе ўсё самае сучаснае, стараемся быць мабільнымі.
— Скажыце, Аляксандр Аляксандравіч, у вас ёсць праграмы прафесійнай мабільнасці для студэнтаў?
— Безумоўна, бо гэта адзін з найважнейшых элементаў павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў. Нашы праграмы вельмі добра дапаўняюць фундаментальную адукацыю і даюць магчымасць папоўніць тое, што нельга ажыццявіць у адукацыйным працэсе ў Беларусі.
Напрыклад, мы даўно ўзаемадзейнічаем з Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэтам. Улічваючы тое, што ў нашай краіне інтэнсіўна развіваецца лагістыка (60% перавозкі нашых грузаў ажыццяўляецца праз марскія парты), стаіць задача рыхтаваць спецыялістаў, якія маглі б эфектыўна арганізоўваць гэты працэс. У нас, на жаль, не так шмат спецыялістаў, якія маюць вопыт арганізацыі марскіх перавозак. Няма марскіх партоў, дзе можна было б на практыцы атрымаць неабходныя веды. Таму па просьбе БДЭУ мы распрацавалі шэраг праграм прафесійнай мабільнасці студэнтаў непасрэдна ў партах краін Балтыі, Польшчы, Германіі, Італіі. Дарэчы, многія спецыялісты, якія працуюць у сферы лагістыкі, звярнуліся да нас з просьбай, каб мы і іх уключалі ў гэтыя праграмы.
Трэба адзначыць, што ў праграмах прафесійнай мабільнасці зацікаўлены перш за ўсё лепшыя студэнты, якія матываваны на атрыманне ведаў і непакояцца аб сваёй прафесійнай кампетэнтнасці. Яны гатовы выязджаць за свае грошы, бо разумеюць: на рынку працы будзе важны не столькі дакумент аб адукацыі, колькі тое, што ты ведаеш і што ты ўмееш. Праграмы прафесійнай мабільнасці істотна павышаюць канкурэнтаздольнасць нашых спецыялістаў на рынку працы.
Для студэнтаў, якія вывучаюць замежныя мовы, выезды за мяжу — гэта ўвогуле прафесійная неабходнасць. Адзін тыдзень у моўным асяроддзі можа прынесці больш карысці, чым месяц заняткаў ва ўніверсітэце. Да таго ж гэта найважнейшы фактар матывацыі, які немагчыма здабыць дома. Калі маладыя людзі пачынаюць разумець, як гэта важна, каб цябе разумелі і каб ты разумеў, — тады ўжо не трэба прымушаць іх вучыцца, рабіць мноства кантрольных работ і г.д. За мяжой у пераважнай большасці людзей з’яўляецца асабістая матывацыя да вывучэння замежнай мовы. Гэта вельмі важна.
Тое ж можна сказаць і пра будучых аўтабудаўнікоў, якім карысна паглядзець, як працуе канвеер на заводах “Мерседэс” ці “БМВ”. Мы гатовы арганізоўваць адпаведныя праграмы. У студэнтаў, якія хаця б пабываюць на вядучых прадпрыемствах, будзе зусім іншая матывацыя. Трапіўшы на беларускі завод, яны будуць ламаць галаву, як палепшыць працэс. Гэта важны фактар фарміравання спецыяліста новай фармацыі, здольнага забяспечваць інавацыйнае развіццё эканомікі.
Увогуле, замежныя стажыровачныя модулі варта было б выкарыстоўваць ва ўсіх сферах, дзе трэба сувымяраць нашу канкурэнтаздольнасць. Напрыклад, для людзей, якія працуюць у сферы абслугоўвання, прафесійна важна ведаць, як працуюць іх калегі ў суседніх краінах. Не ведаючы лепшых узораў, чалавек пазбаўлены магчымасці развівацца.
— На жаль, паездкі за мяжу дарагаватыя для многіх студэнтаў…
— Вы здзівіцеся, але перашкода не толькі і не столькі ў грашах. Сёння пытанне якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, фарміравання ў іх неабходных кампетэнцый знаходзіцца на стале ў кіраўнікоў устаноў адукацыі. На жаль, многія з іх не жадаюць выходзіць за межы мінімальных стандартаў, прыкрываючыся вучэбным працэсам. Але ж вучэбны працэс — гэта не толькі традыцыйныя лекцыі і семінары. Гэта яшчэ і інавацыйныя формы, дзе за мінімальную колькасць часу студэнты атрымліваюць максімум ведаў і дзе эфектыўна фарміруюцца іх кампетэнцыі.
Беларускія студэнты часта нават за свае грошы не могуць прайсці замежны стажыровачны модуль, таму што “вучэбны працэс”, і стыкаваць яго з праграмай мабільнасці ніхто не жадае. Я думаю, што выкладчыкі ў свой час былі пазбаўлены мабільнасці, а таму зараз баяцца яе. Баяцца, магчыма, што студэнты будуць ведаць больш, чым яны, і будуць патрабаваць стварэння лепшых умоў для навучання.
Але свет вельмі хутка развіваецца, і нам неабходна бываць за мяжой, каб мець уяўленне пра новыя трэнды. Толькі так можа фарміравацца канкурэнтаздольнасць нашай прадукцыі і нашых паслуг. Калі мы не ведаем, што робіцца ў свеце, то нам здаецца, быццам мы першыя ва ўсім, а гэта шкодна.
— Як вы думаеце, Аляксандр Аляксандравіч, наколькі здабытыя веды і вопыт выкарыстоўваюцца людзьмі ў практычнай рабоце? Які каэфіцыент карыснага дзеяння ў праграм прафесійнай мабільнасці?
— Я перакананы, што карысці ад прафесійнай мабільнасці магло б быць больш. Мы атрымліваем ад нашых партнёраў каштоўны матэрыял, кожная прэзентацыя ва ўстановах адукацыі Еўропы адкрывае доступ да новых падыходаў. Вельмі важна абагульніць гэты вопыт, перадаць яго тым, хто прымае рашэнні, каб лепшыя напрацоўкі нашых заходніх калег былі не толькі здабыткам асобных людзей, а шырока ўкараняліся ў практыку. Калі штосьці недзе атрымліваецца лепш, трэба браць гэта і выкарыстоўваць.
Галіна СІДАРОВІЧ.