Аляксандр Турчын: “Якасць адукацыі залежыць ад прафесіяналізму настаўнікаў і жадання дзяцей вучыцца”

“Абсалютна ўпэўнены, што школьныя гады — лепшыя ў жыцці кожнага чалавека. Звычайна, калі вучымся ў школе, гэтага не цэнім. Усведамленне прыходзіць пазней, калі гэтых гадоў ужо не вярнуць”, — падзяліўся думкай першы намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Турчын падчас прысвечанай Дню ведаў урачыстай лінейкі ў Побалаўскай сярэдняй школе Рагачоўскага раёна.

Першы дзень новага навучальнага года для вучняў і педагогаў гэтай сельскай школы быў асаблівым і, несумненна, запомніцца надоўга. Установу наведалі высокія госці — першы віцэ-прэм’ер Аляксандр Турчын і старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей.

— Вельмі добрая традыцыя — наведваць невялікія сельскія школы ў Дзень ведаў, — адзначыў Аляксандр Генрыхавіч. — У гэты дзень неабходна расказаць дзецям пра перспектывы, якія іх чакаюць у нашай краіне, пагутарыць з калектывам, баць­камі. І гэтую традыцыю трэба працягваць.

Ён адзначыў таксама, што ў вясковых установах адукацыі пануе асаблівая душэўная атмасфера, і гэта заў­сёды прыцягвае, надоўга пакідае добрыя ўспаміны.

У Побалаўскай сярэдняй школы вялікае мінулае. Хутка яна адзначыць 150-годдзе. Летапіс установы пачаўся ў 1870 годзе з моманту заснавання царкоўнапрыходскай школы. У 1930 годзе з пачатковай яна ператварылася ў сямігодку, а 40 гадоў назад размясцілася ў новым будынку. Уявіце, колькі настаўнікаў і выпускнікоў налічваецца ў спісе гэтай школы. І кожны ўпісаў свой радок у гісторыю.

У новым навучальным годзе тут за парты селі 116 вучняў, 12 з якіх школьны парог пераступілі ўпершыню. Школа невялікая, але патэнцыял ў яе выдатны.

Як заўважыў Аляксандр Турчын, у сельскай школе больш магчымасцей для індывідуальнага падыходу да дзяцей — вучняў у класах менш, і педагогі могуць больш увагі ўдзяліць кожнаму.

— У цэлым жа якасць адукацыі больш за ўсё залежыць ад прафесіяналізму настаўнікаў і жадання юнакоў і дзяўчат вучыцца, а геаграфія школы не мае асаблівага значэння, — упэўнены першы намеснік прэм’ер-міністра.

Побалаўская школа — добрае пацвярджэнне гэтаму. У ёй працуюць 23 педагогі, 75% з іх маю ць вышэйшую і першую катэгорыю. Палова сёлетніх выпускнікоў паступіла ва ўстановы вышэйшай адукацыі. І такіх сельскіх школ у вобласці шмат, таму ўсе размовы пра тое, што ў вясковых дзяцей няма магчымасці атрымліваць трывалыя веды, не маюць пад сабой асновы.

Гэтую думку падтрымаў і старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей. Ён адзначыў, што галоўным патэнцыялам нашых школ, а значыць, і нашай будучыні, з’яўляюцца педагогі. Калі гаварыць непасрэдна пра Рагачоўскі раён, то тут працуе выдатная каманда прафесіяналаў і аднадумцаў. Менавіта дзякуючы гэтаму раённы аддзел адукацыі ўжо чатыры гады запар трымае лідзіруючыя пазіцыі па якасці адукацыі ў абласным конкурсе.

Настаўнікі Побалаўскай школы на чале з дырэктарам Ірынай Стах бачаць перад сабой новыя гарызонты і новыя дасягненні. З гэтага навучальнага года, дзякуючы ганаровым гасцям, іх школа можа выйсці на новы ўзровень. Хутка ва ўстанове з’явіцца сучасны камп’ютарны клас — сертыфікат на 15 тысяч рублёў для набыцця камп’ютарнай тэхнікі кіраўнік установы прыняла ад першага намесніка прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына.

Яшчэ адзін сертыфікат на такую ж суму калектыў школы атрымаў ад старшыні аблвыканкама. Гэтыя грошы будуць затрачаны на набыццё новага абсталявання для харчаблока ўстановы і спартыўнага інвентару. А раённыя ўлады падарылі музычную апаратуру.

Урачыстая лінейка скончылася, будучы выпускнік Мацвей Усаваў і першакласніца Алена Ільічова далі першы званок, і школьныя класы і калідоры запоўніліся дзіцячымі галасамі. У класах ішоў першы ўрок, а для гасцей дырэктар школы правяла невялікую экскурсію, паказала ўмовы, у якіх вучацца і выхоўваюцца яе падапечныя, расказала пра дасягненні вучняў і настаўнікаў.

Свой візіт у Побалаўскую сярэднюю школу першы намеснік прэм’ер-міністра завяршыў сустрэчай з выпускнікамі, на якой абмяркоўваў з хлопцамі і дзяўчатамі перспектывы атрымання запатрабаваных прафесій, магчымасці прафесійнага развіцця і кар’ернага росту ў нашай краіне.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Раісы БАРАВОЙ.