Аляксандр ЖУК: “Абітурыенты паверылі нам. І мы зробім усё, каб яны яшчэ больш упэўніліся ў сваім выбары”

Уступная кампанія ва ўстановы вышэйшай адукацыі наблізілася да завяршэння. Універсітэты ажыццявілі набор абітурыентаў на бюджэтную форму навучання, а потым яшчэ і дадатковы набор. А сёння, 31 ліпеня, — апошні дзень, калі прымаюцца дакументы на платнае навучанне.
Нягледзячы на складаную дэмаграфічную сітуацыю, вялікую канкурэнцыю ў сістэме вышэйшай адукацыі і не вельмі спрыяльныя прагнозы, Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка завяршае прыёмную кампанію з даволі добрымі вынікамі. Тут не проста выкананы кантрольныя лічбы прыёму, але на большасць спецыяльнасцей значна ўзраслі прахадныя балы, а колькасць медалістаў у параўнанні з мінулым годам павялічылася ў чатыры разы.
Пра тое, як праходзіў сёлетні прыём і якія першакурснікі прыйшлі ва ўніверсітэт, нам расказаў рэктар БДПУ імя Максіма Танка прафесар Аляксандр Іванавіч ЖУК.

— Скажыце, Аляксандр Іванавіч, вы задаволены сёлетнім наборам?
— Так, вынікі сёлетняга прыёму ў параўнанні з мінулым годам істотна палепшыліся. Па 17 спецыяльнасцях (а набор вёўся на 25) прахадны бал быў 200 і больш, а па 11 спецыяльнасцях — вышэй за 240 балаў. Напрыклад, на “Выяўленчае мастацтва і камп’ютарную графіку” прахадны бал быў 302, на “Сацыяльную псіхалогію” — 292, на “Выяўленчае мастацтва, чарчэнне і народныя мастацкія промыслы” — 288, на “Беларускую мову і літаратуру” — 261 і г.д.
Калі параўнаць з мінулым годам, то па большасці спецыяльнасцей прахадныя балы павялічыліся на 25–67 пунктаў. Прыемна, што больш за чвэрць першакурснікаў — гэта выпускнікі ліцэяў і гімназій. Акрамя таго, сёлета мы прынялі 82 чалавекі, якія скончылі школы і гімназіі з залатым або сярэбраным медалём, а таксама сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы з дыпломам з адзнакай. Гэта ў 4 разы больш, чым летась.

— Сёлета на бюджэтныя месцы, якія пасля залічэння засталіся вакантнымі, праводзіўся дадатковы набор. Пры гэтым парог у параўнанні з асноўным патокам быў зніжаны. Скажыце, якія вынікі дадатковага набору ў вашым універсітэце?
— Рашэнне аб дадатковым наборы было адназначна правільным. У нас у выніку гэтага набору з’явіліся яшчэ тры медалісты. І, нягледзячы на тое, што парогавыя значэнні пры дадатковым наборы былі зніжаны, прахадныя балы тут аказаліся нават большымі, чым у асноўным патоку.
Мы дадаткова набіралі на дзённае бюджэтнае навучанне 68 чалавек па трох спецыяльнасцях: “Матэматыка і інфарматыка” — 26, “Фізіка і інфарматыка” — 25, “Пачатковая адукацыя” — 17. У конкурсе ўдзельнічалі 132 абітурыенты — гэта значыць, амаль 2 чалавекі на месца.
У выніку пры дадатковым наборы на “Матэматыку і інфарматыку” прахадны бал склаў 158, на “Пачатковую адукацыю” — 153, на “Фізіку і інфарматыку” — 144. Нам вельмі прыемна, што абсалютная большасць абітурыентаў (напрыклад, па матэматыцы) не толькі не апусціліся да 10 балаў, што дазвалялася пры дадатковым наборы, а маюць звыш 20 балаў. Больш за 60% абітурыентаў спецыяльнасцей “Пачатковая адукацыя”, “Матэматыка і інфарматыка” і амаль палова абітурыентаў спецыяльнасці “Фізіка і інфарматыка” маюць сярэдні бал атэстата ад 8 да 10.

— І ўсё ж было б лепш, каб будучыя настаўнікі паступалі ва ўніверсітэт з больш высокімі баламі…
— А гэта, хачу сказаць, не такія ўжо нізкія балы, бо на ЦТ звыш 30-ці балаў набірае не больш як трэць экзаменуемых. І я лічу, што ў тых абітурыентаў, якіх мы залічылі, ёсць усе шансы стаць добрымі настаўнікамі.
Вядома, хацелася б, каб ва ўніверсітэт прыходзілі выбітныя фізікі і матэматыкі, але тут цягне на сябе коўдру ІТ-галіна. Да таго ж фізіка і матэматыка — складаныя прадметы, якія патрабуюць сістэматычнай работы. Таму зараз нашая задача — максімальна дапамагчы першакурснікам і шляхам абагульнення і замацавання школьнага матэрыялу вывесці іх на больш высокі ўзровень.
Дарэчы, гэта тычыцца не толькі фізікаў і матэматыкаў. Мы павінны ўдзяліць увагу кожнаму першакурсніку, каб ён змог адаптавацца да ўніверсітэцкай сістэмы навучання і паспяхова вучыцца.
Напрыклад, у школах Фінляндыі (а там найлепшая сістэма адукацыі) паняцця “адсталы” ўвогуле не існуе. Як толькі ў некага здараюцца негатыўныя праяўленні ў вучобе, тут жа з’яўляюцца куратар і старэйшыя таварышы, якія дапамагаюць яму ліквідаваць недахопы. Гэтак жа і нам, калі ў студэнта выяўляюцца недахопы і ён не можа справіцца сам, трэба дапамагаць. Здараецца, чалавеку не хапае волі ці ўседлівасці. Першая сесія — і яго выкінулі. Мы гэтага не павінны дапусціць, бо кожны студэнт, які прыйшоў ва ўніверсітэт, каштоўны для нас. Хоць сёння хтосьці і гаворыць: “Адвучуся, адпрацую два гады і сыду”. Але ж не факт, што сыдзе: так ён думае зараз. А пачне вучыцца, пойдзе на практыку, трапіць у добрую школу, у добры калектыў — і зразумее, як шмат цікавага навокал і як многа задавальнення прыносіць прафесія, калі раптам усё пачынае атрымлівацца. І ён можа пераасэнсаваць свае адносіны да педагогікі. Ідуць жа людзі з іншых прафесій выкладаць у школу! Цяжка сказаць: прызванне гэта, дар Божы ці штосьці іншае. Але калі ў чалавека гэта ёсць, то ён павінен гэта рэалізаваць!

— Сёлета ва ўніверсітэт прыйшла рэкордна вялікая колькасць медалістаў. Як вы думаеце, Аляксандр Іванавіч, яны выбралі педагагічную прафесію свядома ці проста скарысталіся дадзенай ім ільготай паступаць без экзаменаў?
— Магчыма, не ўсе медалісты, гэтак жа як і тыя абітурыенты, якія прыйшлі да нас у выніку дадатковага набору, у першую чаргу марылі аб педагагічнай прафесіі. Але мы пастараемся стварыць для іх атмасферу педагагічнай творчасці, арганізуем цікавае студэнцкае жыццё — і яны пранікнуцца нашай прафесіяй, звернуцца ў нашу веру.
У той жа час мы спадзяёмся, што пераважная большасць нашых абітурыентаў прыйшлі ў педагагічны ўніверсітэт свядома. Яны паверылі нам. І мы зробім усё, каб за час вучобы ва ўніверсітэце яны яшчэ больш упэўніліся ў сваім выбары.

— Матывацыя да прафесіі — гэта, напэўна, самае важнае, што павінна быць у студэнта і спецыяліста. Калі гэта ёсць, то ён будзе імкнуцца да вучобы, самаўдасканалення і развіцця. Як фарміраваць і падтрымліваць гэтую матывацыю?
— Мы прадумалі цэлую сістэму работы і абмяркуем яе ўжо на першым пасяджэнні Савета ўніверсітэта. Задумак шмат.
Па-першае, трэба пачынаць работу з абітурыентамі не ў старшай школе, а значна раней. Таму мы падрыхтавалі цэлы пакет прапаноў для раённых аддзелаў адукацыі, пачынаючы работай школ юных, школьных навуковых таварыстваў і заканчваючы падрыхтоўкай да алімпіяд і ЦТ. Аддзелы адукацыі ў сваю чаргу могуць выяўляць школьнікаў, здольных да педагагічнай дзейнасці, і праводзіць з імі прафарыентацыйную работу.
Калі ў кожнай школе знойдзецца хоць адзін матываваны да педагагічнай прафесіі абітурыент, то мы штогод зможам выпускаць тысячу педагогаў самага высокага ўзроўню. І гэта не такая ўжо складаная задача, трэба толькі ўбачыць гэтых дзяцей і правільна скіраваць.
Мы маем намер ствараць у розных школах і гімназіях краіны педагагічныя класы, а з 1 верасня адкрываем вочна-завочную педагагічную гімназію. Будзем запрашаць ва ўніверсітэт дзяцей, здольных да педагагічнай прафесіі, і праводзіць з імі майстар-класы, курсы і іншыя цікавыя заняткі.
Маладыя людзі павінны зразумець, што вучыцца ў педагагічным універсітэце цікава, а прафесія, якую яны атрымліваюць, — запатрабаваная ў грамадстве. З гэтай мэтай мы плануем стварыць вучэбна-навукова-інавацыйны кластар у галіне педагагічнай адукацыі, да якога далучацца ўсе педагагічныя ўніверсітэты, педагагічныя каледжы, гімназіі і педкласы. Кластар будзе займацца фундаментальнымі і прыкладнымі даследаваннямі ў галіне педагагічных навук, а таксама выконваць арганізацыйна-метадычныя функцыі — абнаўленне вучэбных планаў і праграм, распрацоўка інавацыйных тэхналогій падрыхтоўкі педагогаў і г.д. Акрамя таго, мы хочам адкрыць дзіцячы сад пры ўніверсітэце і рэалізоўваць там найлепшыя адукацыйныя тэхналогіі.

— На жаль, матывацыя да педагагічнай прафесіі часта не вытрымлівае сутыкнення з рэчаіснасцю, і многія людзі, якім, здаецца, сам Бог даў талент выхоўваць дзяцей, ідуць у іншыя сферы… І пра гэта абітурыенты таксама павінны ведаць.
— Разумееце, нідзе ў свеце настаўнікі не зарабляюць больш, чым фінансісты ці бізнесмены, і не ўсё вызначаецца памерам зарплаты. Жыццё настаўніка няпростае, але цікавае, бо ён фарміруе ў дзецях асобу. І калі, пакідаючы школу, яны гавораць табе “дзякуй”, гэта вельмі дорага каштуе.
Іншая справа, што трэба скарачаць функцыі, якія многія ведамствы перакладаюць на школу, загружаючы настаўнікаў. Калі я працаваў у Міністэрстве адукацыі, мы аналізавалі гэтую праблему, і магу сказаць, што ўся гэтая паператворчасць (справаздачы, запыты і г.д.) з боку міністэрства займае не больш як 20%, а ўсё астатняе прыдумваецца на месцах. Прычым вельмі шмат мерапрыемстваў праводзіцца нават не па лініі адукацыі. Усе рады перакласці свае клопаты на школу, арганізуючы мерапрыемствы, якія ў рэальнасці праводзяць настаўнікі. Але тады або даплачвайце настаўнікам за іх работу, або праводзьце свае мерапрыемствы самі.
Справа ў тым, што школа — самая арганізаваная сістэма ў рэгіёнах, і ўсе звароты з кожнай нагоды ідуць туды. Але нельга так эксплуатаваць настаўнікаў і прымушаць іх рабіць усё. Яны цягнуць гэты воз, але пры гэтым марнуюць сілы і час, якія маглі б траціць на самаадукацыю, на асабістае развіццё, на больш глыбокую падрыхтоўку да заняткаў і г.д.
Акрамя таго, я лічу, што трэба павышаць адказнасць бацькоў за выхаванне дзяцей. Сёння, калі нешта дрэнна, усе ківаюць на школу: настаўнікі вінаваты! А што ж робяць бацькі? Якая іх мера адказнасці? Над гэтым таксама трэба працаваць.

— Аляксандр Іванавіч, ідэалогія, якую вы прасоўваеце, вельмі імпануе. І вынікі сёлетняй уступнай кампаніі пацвярджаюць, што абітурыенты вам паверылі. Але гэта вялікая адказнасць…
— Сапраўды, мы ўскалыхнулі сітуацыю. І зараз нам трэба арганізаваць сваю работу так, каб студэнтам было цікава ва ўніверсітэце, каб яны пранікаліся нашай ідэалогіяй, а ў грамадстве пачаў фарміравацца культ настаўніка.
Сёння мы замахнуліся на тое, каб зрабіць новы віток у развіцці ўніверсітэта, каб тут зарадзіўся новы дух і ў змястоўным, і ў арганізацыйным плане. Мы хочам фарміраваць сучаснага настаўніка, з захаваннем лепшых традыцый педагагічнай адукацыі і адначасова самадастатковага, упэўненага ў сабе прафесіянала. Каб ён разумеў сучасных дзяцей, а яны разумелі яго і бачылі, што ён “у тэме”. Гэта выклікае давер, павагу, узаемны клопат.
Восенню наш універсітэт будзе святкаваць 100-гадовы юбілей. Гэта вельмі значная падзея (у краіне не так шмат устаноў, якія могуць пахваліцца такім узростам). І мы ідзём у новае стагоддзе з новай стратэгіяй развіцця.

— Дзякуй, Аляксандр Іванавіч, за інтэрв’ю.

 

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.